Ніна КОТ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 1 г. Жыткавічы”,
Гомельская вобласць
Сёння адукацыя ператвараецца ў працэс бесперапыннага развіцця чалавека, яго ведаў і навыкаў. Мы ўпэўнены: чалавек будучага павінен быць асобай інтэлектуальна-творчай. Менавіта таму калектыў дзіцячага сада № 1 Жыткавіч арганізуе спецыяльную работу педагогаў па фарміраванні інтэлектуальна-творчай дзіцячай дзейнасці.
Як жа сумясціць творчасць і інтэлект у дзейнасці дзіцяці дашкольнага ўзросту, як зрабіць сумесную дзейнасць педагога і выхаванца інтэлектуальна-творчай? Дапамог нам у гэтым метад гульнёвай праблемнай сітуацыі.
У працэсе фарміравання інтэлектуальна-творчай асобы гэты метад выступае ўмовай узнікнення і развіцця гульнёвых узаемаадносін нас, дарослых, і выхаванцаў, ён з’яўляецца асноўным структурным элементам адукацыйнага працэсу.
Праблемны складальнік сітуацыі праяўляе ў нашых выхаванцаў цікавасць да дзейнасці, матывацыю да яе. У іх узнікаюць пазнавальныя пытанні, жаданне вырашыць гэтую сітуацыю, даведацца нешта новае і атрымаць мастацкі “прадукт” сваёй працы.
Разгледзім прастору дзейнасці інтэлектуальна-творчага характару з прымяненнем метада гульнёвай праблемнай сітуацыі на занятку гуртка па дзіцячым ручным ткацтве.
Удзельнікам гуртка пастаўлена задача: пляценне сонейка з нітак. Гэты спосаб для выхаванцаў знаёмы і не прадстаўляе цяжкасцей. Ускладняем іх дзейнасць праз увод гульнёвай праблемнай сітуацыі: каралева Нітачка просіць зрабіць сонейка ў халодных і цёплых каляровых танах. Умова дзіцячай дзейнасці адразу набывае другі сэнс.
Дзіця плануе сваю дзейнасць, зыходзячы з праблемнай сітуацыі. Спачатку дзеці выяўляюць сумесна з дарослым тое, што ім невядома і знаходзяць сувязь паміж вядомым і невядомым (асноўныя колеры мы ведаем, а вось якія з іх адносяцца да цёплых ці халодных таноў – не ведаем). Пачынаецца цікавы працэс інтэлектуальнага пошуку, а разам з гэтым праходзіць інтэлектуальнае станаўленне асобы дзіцяці. Для гэтага ў арсенале педагога ёсць разнастайныя сродкі: электронныя адукацыйныя рэсурсы, мадэліраванне і доследы з матэрыяламі.
На занятку гуртка дзеці разам з выхавальнікам выткалі лоскут ільнянога палатна. Ён атрымаўся дабротным, натуральнага льнянога колеру. І зноў прымяненне метада гульнёвай праблемнай сітуацыі дазволіла ўключыць выхаванцаў у інтэлектуальна-творчы працэс эксперыментавання і даследавання. У гэтай дзейнасці яны сталі юнымі даследчыкамі і працавалі над гіпотэзай: ці можна пафарбаваць ільняную тканіну, але не сінтэтычнымі фарбамі, а натуральнымі, прыроднымі.
Вынікам нашай даследчай дзейнасці стала інтэлектуальна-творчая дзейнасць, у працэсе якой нашы выхаванцы з дапамогай педагога змаглі пазнаеміцца і прааналізаваць літаратуру па тэме, вылучыць з яе веды пра ролю фарбаў у жыцці чалавека і спосабы іх атрымання, а яшчэ адзін вынік – перамога ў раённым конкурсе. Юныя даследчыкі самастойна падбіралі расліны, з якіх шляхам доследаў і эксперыментаў атрымалі раслінныя фарбы.
І вось – цуд! Гіпотэза даказана. А льняное палатно афарбавалася расліннымі фарбамі, атрыманымі з цыбульніку, караняплода бурака, ягад журавін і чарніц, зеляніны пятрушкі. З гэтай тканіны была пашыта вопратка для лялькі Нітачкі.
Увядзенне гульнёвай праблемнай сітуацыі ў адукацыйную галіну “Выяўленчае мастацтва” праз дзіцячы дызайн дазволіла нам правесці з выхаванцамі сярэдняй групы цікавую дызайнерскую работу. А каб дзеці змаглі натхніцца на новую ідэю, педагог разгарнула гульнёвую сітуацыю: SMS ад лялькі, якая марыць прыняць удзел у конкурсе прыгажосці.
У працэсе творчага пошуку і калектыўнай работы лялька атрымала прыгожае адзенне і незвычайныя аксесуары, а юныя дызайнеры вучыліся пераадольваць цяжкасці, спалучаць сваю дзейнасць з гульнёвым партнёрам, ацэньваць вынікі сваёй творчай працы.
Вось такая мэтанакіраваная работа педагагічнага калектыву, дзякуючы ўвядзенню ў адукацыйны працэс метада гульнёвай праблемнай сітуацыі, дае значны вынік па фарміраванні інтэлектуальна-творчай асобы нашых выхаванцаў.