У сталічнай школе з’явіўся сад для насякомых

- 23:42МИНСК, Регионы

Назіраць за прыродай дзівосна і пазнавальна. Як усё зладжана, размеркавана ў гэтай жывой карпарацыі. Хто сказаў, што пераважная большасць насякомых – шкоднікі?! Вось у сталічнай сярэдняй школе № 21 для жучкоў і павучкоў стварылі нават цэлы сад, аздобіўшы ўрбаністычны каларыт дружным гудзеннем пастаяльцаў лугоў і лясоў.

Сад для насякомых – гэта як магчымасць не парушаць законы прыроды (адныя змагаюцца з другімі), так і паляпшэнне экасістэмы прышкольнай тэрыторыі шляхам якаснага апылення раслін. У трох- і чатырохпавярховых апартаментах ужо ва ўсю абжыліся чорныя садовыя мурашкі, якія павышаюць урадлівасць глебы і паядаюць лічынкі шкоднікаў, зялёныя конікі, якія знішчаюць кляшчоў, а таксама важнейшыя апыляльнікі кветак – пчолы і осы. Сад быў бы пазбаўлены эстэтычнага ўбрання без увішных узмахаў лёгкакрылых матылькоў, таму каля нашай школы часта можна назіраць, як крапіўніца ласуецца нектарам.

– З садам для насякомых з цікавасцю знаёмяцца і вучні, і дарослыя, што завітваюць у школу, – расказвае аўтар ідэі, настаўнік хіміі Таццяна Кунай. – Актуальнасць такога праекта відавочная: да павышэння ўзроўню экалагічнай культуры сёння варта ставіцца адказна і адначасова крэатыўна. Наш праект дазволіў збалансаваць шырокі асартымент раслін і павялічыць біяразнастайнасць на прышкольным участку.

Божая кароўка, журчалка, залатавочка, вухавёртка і іншыя насякомыя маюць пакоі ў сваіх гатэлях, аздобленыя рознымі прыроднымі багаццямі: карой, сенам, шышкамі, каменнем, пяском. Аўтары пастараліся, каб умовы пражывання для насякомых былі максімальна набліжаны да натуральных. Восенню домікі ў садзе будуць сустракаць позіркі юных даследчыкаў, нашых вучняў, якія, мы ўпэўнены, узрадуюцца такому суседству. А пакуль у адных гасцей сад для насякомых выклікае замілаванне, другія спраўна цытуюць “Муху-Цакатуху” Карнея Чукоўскага, узгадваючы імяніны галоўнай гераіні.

Спадзяёмся, рэалізацыя біяпраекта будзе матываваць юных натуралістаў да больш глыбокага спасціжэння прыродных таямніц і спрыяць экалагічнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

 

Галіна ГУЗОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий