Калектыўная творчая справа як спосаб з’яднання класнага калектыву  

- 13:10Классный час

 

Таццяна БАТУРА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Навасёлкаўская базавая школа”
Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Тэрмін “КТС” (калектыўная творчая справа) быў уведзены ў педагогіку ў сярэдзіне мінулага стагоддзя для абазначэння сумеснай арганізаванай дзейнасці вучняў дзеля стварэння пэўнага творчага прадукту. І ў рэарганізаванай сучаснасці нам немэтазгодна адмаўляцца ад гэтай формы, якая апраўдвае сябе і дазваляе атрымаць з’яднанне класнага калектыву.

Такая інтэрактыўная форма садзейнічае з’яднанню ўдзельнікаў, развівае здольнасці, дысцыплінуе. Я як класны кіраўнік часта выкарыстоўваю КТС у выхаваўчай дзейнасці і аддаю перавагу дэкаратыўна-прыкладному накірунку, калі вучні маюць магчымасць непасрэдна працаваць рукамі, развіваючы дробную маторыку. Мы рэалізуем творчыя праекты, інакш кажучы, ствараем хэнд-мэйд прадукты.

Напачатку варта ўзгадаць асноўныя моманты арганізацыі, якія неабходна вытрымліваць. На падрыхтоўчым этапе адбываецца аб’ява і рэклама будучай справы. Я расказваю, да чаго мы прымяркоўваем сваё мерапрыемства і даю рэкамендацыі, што набыць. Другі, асноўны этап, уяўляе сабой непасрэдна працоўную дзейнасць. Часта яна не абмяжоўваецца адным заняткам, а расцягваецца на больш, часам дзеці бяруць з сабой дамашняе заданне. На заключным этапе адбываецца прадстаўленне (рэалізацыя) вынікаў: уручэнне на святочным канцэрце, фотасесія, удзел у конкурсах.

Канечне, традыцыйнымі і распаўсюджанымі аб’ектамі працы з’яўляюцца святочныя паштоўкі: навагоднія, да 8 Сакавіка, Дня маці, Дня абаронцаў Айчыны, валянцінкі. Спосабаў іх афармлення існуе мноства. Можна выкарыстоўваць падручныя матэрыялы (шкельцы, паперкі, сурвэткі, крупы), а можна набыць у спецыялізаваных магазінах гатовыя аздабляльныя аксесуары. Выкарыстоўваючы падказкі настаўніка, інфармацыю з інтэрнета і ўласную фантазію, дзеці з захапленнем займаюцца стварэннем маленькіх шэдэўраў. І атрымоўваюцца душэўныя падзелкі.

Самабытным падарункам стане навамодны тапіарый – імітацыя шарападобнага дрэўца. Тапіарыі бываюць тэматычнымі: па порах года, вясельныя, навагоднія і г.д. Калі мы выбіраем вясеннія, то аздабляем шарык (спрасаваную паперу, абвязаную ніткамі) актуальнымі кветкамі. Калі ж надыходзіць Новы год, то ў ход ідзе адпаведная святочная атрыбутыка: ёлачныя цацкі, галінкі, выявы святочных персанажаў. Гатовы шар прымацоўваем да ствала і ўстанаўліваем у аснову.

У якасці сувеніраў блізкім ды і сабе мы таксама спрабавалі шыць аксесуары для кухні: прыхваткі, сеты. Элементарныя тэкстыльныя матэрыялы і мінімум швейных навыкаў дазвалялі стварыць карысныя і прыемныя рэчы, якія спатрэбяцца любой гаспадыні.

Актуальнымі і запатрабаванымі сталі самаробныя бутаньеркі да Дня Перамогі. Чырвоныя і зялёныя стужкі, лісты фаамірану, ніткі і шпількі пасля немудрагелістага чарадзейства ператвараліся ў прыгожы святочны атрыбут. Мы забяспечылі бутаньеркамі ўсіх жадаючых работнікаў школы і вучняў.

Бадай, самым маштабным праектам стала падрыхтоўка з маімі дзевяцікласнікамі падарункаў настаўнікам на выпускны вечар. Мы займаліся гэтым на працягу амаль усяго навучальнага года. У якасці сувеніраў выбралі падстаўкі пад гарачае, якія выконвалі з непатрэбных CD-дыскаў. Яны атрымалі другое жыццё ў якасці асновы падстаўкі, якая з двух бакоў пакрывалася вацінам і тканінай, а потым гэты “сэндвіч” злучаўся касой бейкай. Працэс выхаду гатовага прадукту быў нескладаным, але марудным і карпатлівым. Зняцце мерак, лекала,выкрайка, абшыўка, падлік, упакоўка… Дзеля дасягнення большай эфектыўнасці падзялілі паміж сабой аперацыі. Кожны выбраў справу, якая ў яго атрымоўвалася зручней. Вучні жартавалі, што мы наладзілі цэлы прамысловы цэх. У выніку на выпускным вечары здзівілі сваімі крэатыўнымі і карыснымі падарункамі.

Нават банальныя зімовыя забавы на свежым паветры ператвараюцца ў КТС. Вельмі займальна гуртам пабудаваць снежныя замкі-крэпасці ці фігурку снегавіка. Мы не прапускалі магчымасці падчас камфортнага надвор’я правесці такім чынам класную гадзіну.

Правядзенне КТС дазваляе захаваць лепшыя традыцыі культуры побыту і працоўнай дзейнасці, скіраваць дзяцей на фарміраванне творчых кампетэнцый. Такая інтэрактыўная форма прадугледжвае сумесны пошук вырашэння пастаўленых задач разам з праяўленнем індывідуальнасці кожнага ўдзельніка.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий