Вялікае бачыцца на адлегласці

- 12:00В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Мала пра каго з педагогаў сучаснасці можна па адным запыце знайсці столькі ж звестак, колькі пра віцябляніна Міхаіла Волкава. Разам з тым кожная сустрэча з гэтым неардынарным чалавекам — важны жыццёвы ўрок, адзначаны новымі ведамі, адкрыццямі, нечаканымі сюжэтнымі паваротамі і крыху зайздрасцю да вучняў, якім пашчасціла займець у школьныя гады такога настаўніка.

Прыцягальная, мэтанакіраваная, вельмі харызматычная асоба, эрудзіраваны, уважлівы суразмоўнік з выдатным пачуццём гумару, майстар найвышэйшага ўзроўню ў прафесіі — здаецца, Міхаіл Мікалаевіч адной прысутнасцю структуруе вакол сябе прастору, што настройвае на творчы падыход і грунтоўнае, удумлівае вывучэнне зададзенай тэмы. З ім цікава як абмеркаваць найноўшыя тэндэнцыі ў адукацыі, пытанні методыкі выкладання прадмета, так і падзяліцца думкамі аб гісторыі і сучаснасці, мастацтве і спорце, паспрачацца, калі погляды не супадаюць. Прычым, напрыклад, у размове аб паэзіі трэба быць гатовым пацвер­дзіць меркаванне спасылкамі на арыгіналы: любімых аўтараў апанент з лёгкасцю працытуе, а памяць у яго сапраўды матэматычная. У сістэме жыццё­вых каардынат Міхаіла Волкава відавочны моцны ўплыў сямейнага выхавання. Ён мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, адметнае аналітычнае стаўленне да падзей і заўсёды адкрыта іх выказвае. Нязменныя прынцыповасць, добразычлівасць, сумленнасць настаўніка — арыенцір для вучняў. Што тычыцца галіны спорту, то да каго прыслухацца, як не да візаві з салідным вопытам спартсмена і трэнера па боксе? Зрэшты, азначанаму віду спорту мы, як ні дзіўна, абавязаны з’яўленнем у адукацыйнай прасторы маладога настаўніка матэматыкі, які хутка стаў зоркай першай велічыні.

— Вырас я на Аршаншчыне ў сям’і франтавікоў, — расказвае Міхаіл Мікалаевіч. — Патрыятызм, любоў да Радзімы, адданасць выбранай справе для мяне не проста словы — гэта, можна сказаць, закладзена на генетычным узроўні. Маці да 75 гадоў працавала ўчастковым урачом-педыятрам. Вялікую Айчынную вайну яна, выпускніца медінстытута, сустрэла ў Ленінградзе. Скончыла курсы пры Ваенна-медыцынскай акадэміі імя С.М.Кірава, а перамогу сустрэла капітанам медслужбы. Старэйшы брат таксама быў урачом. Бацька з 1941 года ваяваў з фашыстамі, з 1943-га — у партызанскім атра­дзе асобага прызначэння пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Мядзведзева на Заходняй Украіне. У тым жа атрадзе служыў легендарны разведчык Герой Савецкага Саюза Мікалай Кузняцоў — і бацька з ім быў знаёмы па дыверсійнай групе, нават у карты гулялі, хіба што прозвішчаў а­дзін аднаго не ведалі. У мірны час працаваў на заводзе “Чырвоны змагар”, нярэдка браў мяне на сустрэчы з баявымі сябрамі ў Роўна. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 Оршы мне маці параіла пасту­паць у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. Паступіў, але не атрымалася пайсці ў інжынеры. Справа ў тым, што я захапляўся боксам. Неяк трапіў на першынство рэспублікі ў Віцебск: чэмпіёнам не стаў, затое прыцягнуў увагу заслужанага трэнера БССР Абрама Брына. Той запрасіў трэніравацца — я падумаў і пагадзіўся. Толькі спатрэбілася нанова паступаць! Сфера выбару была — любы віцебскі інстытут. Медыцынскі адразу выкрэсліў, бо ў сям’і былі ўрачы і я бачыў, як брат вучыўся, — не маё. Ветэрынарыя не вабіла. Тэхналагічны — зноў не варыянт, чарчэнне не дужа падабалася. Заставаўся педагагічны імя С.М.Кірава, на тым і спыніўся. У спорце потым перайшоў да заслужанага трэнера СССР Валерыя Кандраценкі.

У 1992 годзе ў камандзе Міхаіла Мікалаевіча з’явіліся першыя 4 пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, у 1994 годзе — першы пераможца-міжнароднік. Потым менш за 10 пераможцаў на рэспубліцы штогод у яго ўжо не было, рэкорд — 19 чалавек.

Падчас вучобы будучы наватар аб настаўніцкай дзейнасці ўвогуле не думаў, хаця і лёгка знаходзіў агульную мову з дзецьмі. У інстытуцкіх выкладчыкаў было іншае меркаванне: вопытныя метадысты разгледзелі патэнцыял і прафесійна ўзяліся за яго раскрыццё. Дзякуючы Марыі Драбкінай, здольны студэнт азнаёміўся са спадчынай вядомага рускага метадыста Сямёна Шохара-Троцкага, чыю работу “Метода мэтазгодных задач” паклаў у аснову ўласнай педагагічнай практыкі. Марыя Яфімаўна падказвала, як адаптаваць методыку пачатку ХХ стагоддзя да сучасных рэалій, выбудоўваць першыя адкрытыя ўрокі — між іншым, на іх збіраліся нават выкладчыкі.

— Далей мяне накіравалі ў Высоцкую сярэднюю школу Аршанскага раёна, — працягвае Міхаіл Волкаў. — Выкладаў матэматыку, удзельнічаў у эксперыментальнай дзейнасці, узначальваў раённае аб’яднанне маладых настаўнікаў. У 1982 годзе на старонках навукова-метадычнага часопіса “Матэматыка ў школе” мае вынікі назвалі лепшымі ў Савецкім Саюзе. Вопыт абагульнілі, мне прысвоілі званне “Настаўнік-метадыст”. Адначасова я зай­маўся трэнерствам, на працягу 6 гадоў вёў у Оршы секцыю па боксе. Між тым лёс імчаў на новы віраж: у 1984 годзе мяне запрасілі на пасаду інспектара ў аблана. Жонка з Віцебска, таму перспектыва пераезду падалася прывабнай. Аднак два дні адпрацаваў і сказаў, што больш не змагу: маё прызванне — вучні, настаўніцтва. Нажыў немалыя праблемы. У гарадскіх школах усюды адмаўляліся прымаць на работу і ў Высокае вярнуцца — ніяк, бо маё ранейшае месца было занята. Дзякуй інспектару па матэматыцы Галіне Івашчанка і толькі прызначанаму дырэктару новай віцебскай школы № 37 (зараз гімназія № 8) Лізавеце Ілляковай, якія аб’ядналіся і пайшлі насуперак указанню зверху. Лізавета Мікалаеўна літаральна ўзяла за руку, прывяла ў гарадское ўпраўленне адукацыі і паставіла кіраўніцтва перад фактам: “Гэты хлопец мне патрэбны”.

Міхаіл Волкаў — настаўнік матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны, Чалавек года Віцебшчыны, дэлегат ІІІ, ІV, V і VI Усебеларускіх народных сходаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання.

Дзве работы Міхаіла Волкава адзначаны дыпломамі І ступені Акадэміі педагагічных навук СССР. Не кожны вучоны мог ганарыцца падобнымі ўзнагародамі за распрацоўку тэм і вопытам, рэкамендаваным да ўкаранення па ўсім Савецкім Саюзе. Велізарнай папулярнасцю карысталіся майстар-класы педагога, яго наватарскія метады экспанаваліся з 1988 па 1991 год на ВДНГ СССР у раздзеле “Навука і адукацыя”. У 1992 годзе ў камандзе Міхаіла Мікалаевіча з’явіліся першыя 4 пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, у 1994 го­дзе — першы пераможца-міжнароднік. Потым менш за 10 пераможцаў на рэспубліцы штогод у яго ўжо не было, рэкорд — 19 чалавек. Віцебскую каманду красамоўна празвалі воўчай зграяй: вучняў Волкава паважалі, асцерагаліся, рыхтаваліся і найчасцей не маглі перамагчы прадстаўнікі не толькі вядучых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны, а гарадоў і раёнаў. На сёння вынік настаўніка складае 211 падрыхтаваных пераможцаў рэс­публіканскіх і 19 — міжнародных (сусветных) алімпіяд, уключаных у адпаведны пералік Мінадукацыі. Не пакідаючы месца работы ў Віцебску, разам з Уладзімірам Шыцько і яго калектывам педагог прайшоў ад вытокаў да фенаменальнага поспеху яшчэ адной легенды айчыннай адукацыі — Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для адораных і таленавітых дзяцей з сельскай мясцовасці Віцебскай вобласці. Міхаіл Волкаў — настаўнік матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, заслужаны работнік адукацыі Рэс­публікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны, Чалавек года Віцебшчыны, дэлегат ІІІ, ІV, V і VI Усебеларускіх народных сходаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання. Пасля заканчэння тэрміну дэпутацкіх паўнамоцтваў вярнуўся ў гімназію № 8, дзе ўзначаліў матэматычны цэнтр.

— Набіраю ў групу навучэнцаў з кожнага класа, хто сур’ёзна цікавіцца матэматыкай, імкнецца ўдасканаліць веды, — тлума­чыць настаўнік. — Найперш вучу дзяцей ду­маць — доказным разважанням, аналізу прычынна-выніковых сувязей. Не патрабую завучвання фармулёвак, а фармірую ў вучняў унутраную патрэбнасць у розных відах разумовай дзейнасці пры рашэнні задач. Гэта дапамагае ім паспяхова выступаць на матэматычных алімпіядах і іншых конкурсах. Большасць маіх выпускнікоў дасягнулі немалых вышынь і так ці іначай звязалі жыццё з матэматыкай. Напрыклад, 9 сталі дактарамі навук і амаль 37 — кандыдатамі навук. Калі б пачынаў жыццё па новай, абавязкова пайшоў бы ў настаўнікі матэматыкі.

…Яны зусім розныя, Міхаіл Волкаў і яго вучні, але на занятках у іх аднолькава га­раць захапленнем вочы. Для новага пакалення гімназістаў, як і раней, педагог — непарушны аўтарытэт: яго паважаюць, яму давяраюць, прыслухоўваюцца да меркаванняў і разваг. Толькі ўсё ж наўрад ці сённяшнія навучэнцы задумваюцца над каштоўнасцю таго, што дзень за днём шчодра аддае ім любімы настаўнік. Усведамленне гэтага прый­дзе пазней, у самастойным дарослым жыцці. Вялікае бачыцца на адлегласці.


Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий