Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”
Мэты: выклікаць цікавасць да свята, стварыць святочны навагодні настрой.
Матэрыял і абсталяванне: навагодняя ёлка, званочкі, снежкі, кошык, снежны ком, мех з падарункамі.
Папярэдняя работа: гутарка пра Новы год, пра традыцыі святкавання, развучванне вершаў, танцаў і песень.
Дзейныя асобы: дарослыя – вядучы, Снягурка, Зайчык, Дзед Мароз, Баба-Яга; дзеці – Воўк, Вавёрка.
Ход ранішніка
Зала мае выгляд святочна ўпрыгожанага зімовага лесу. Гучыць навагодняя музыка. Дзеці ўваходзяць у залу.
Вядучы:
Добры дзень усім вам, шаноўныя! Адгадайце маю загадку.
Белым пухам замяло
I палеткі, і сяло.
Мост праз рэчку хутка ляжа.
А што гэта, хто адкажа?
(Зіма)
1-е дзіця:
Закружыліся сняжынкі
Нізка, нізка над зямлёй.
Ціха лётаюць пушынкі
Незлічонай чарадой.
2-е дзіця:
Быццам тыя матылёчкі,
Весяляцца нездарма –
Адамкнула ўсе замочкі
У небе ім сама зіма.
Песня: “Зіма”
З’яўляецца Снягурка.
Снягурка:
Прывітанне вам, сябры!
Што там робіцца ў двары!
Тут так цёпла, тут так суха,
А знадворку – завіруха!
Завіхаюцца вятры,
Завываюць на двары…
А ў вас, я бачу, свята.
Ці запросіце да вас?
Дзеці:
Так, запросім!
Снягурка:
Будзем разам святкаваць,
Будзем танчыць ды спяваць!
Песня “Зімовы карагод”
Снягурка:
А цяпер, дзеці, мы з вамі пагуляем у гульню са званочкамі.
Гульня “Хутчэй падымі званочак”
Дзеці сядаюць. У пакой забягае Зайчык, хаваецца за ялінку.
Заяц:
Вой, ратуйце мяне!
Вой, хавайце мяне!
За мной мароз бяжыць,
Памарозіць мяне!
Снягурка:
Не хавайся, зайка, выйдзі!
Не дамо цябе пакрыўдзіць!
Патанцуеш з намі разам,
Дык сагрэешся адразу!
Танец “Полечка”
Заяц:
Гэтак цёпла стала мне!
Зараз трохі адпачнем!
Дзеці садзяцца.
Вядучы:
У цёмным лесе надвячоркам
Шэры воўк сустрэў вавёрку.
Вавёрка:
Прывітанне, шэры нос!
Воўк:
Прывітанне, руды хвост!
Ты куды?
Вавёрка:
Да зайкі ў госці!
Воўк:
Што ж мяне ён не запросіць!
Я галодны – няма сіл!
Вавёрка:
Ты жа моркву не ясі!
Воўк:
Ёсць там страва мне пад густ!
Вавёрка:
Што – гарэхі? Ці капуста?
Ці грыбочкі? Прызнавайся!
Воўк:
Я люблю гасцінных зайцаў!
Заяц:
А я не баюся ў лесе нікога!
Мне, зайцу касому, усюды дарога!
Гатовы я выйсці і супраць ваўкоў:
У лесе зімовым хапае сняжкоў!
Гульня “Снежкі” (выцягваецца кошык са сняжкамі, дзеці шпурляюць сняжкі)
Заяц:
А ці ведаеце вы, дзеці, што пад Новы год заўсёды адбываюцца незвычайныя прыгоды? Вось і сёння, мне здаецца, штосьці павінна адбыцца. Але мне ўжо пара, да пабачэння, дзеці.
Снягурка:
Ёсць у мяне
І вясёлы падарунак,
І салодкі пачастунак.
Дзед Мароз яго прынёс!
Усе гукаюць:
Дзед–Ма–роз!
Пад музыку выходзіць Дзед Мароз.
Дзед Мароз:
Нехта клікаў тут мяне. Мне не падалося?
Вядучыя і дзеці:
Не!
Дзед Мароз:
Добры дзень, дзеці,
Добры дзень, госці,
Мы сустракаем сёння свята,
Няхай пануе шчасце ў хаце.
У святочны гэты час,
Віншую шчыра вас
Са святам! З Новым годам!
Ну-ка, з вамі пагуляем, станавіцесь у карагод!
“Гульня-карагод з Дзедам Марозам”
Дзеці сядаюць.
Вядучы:
Дзядуля Мароз, трэба запаліць агеньчыкі на навагодняй ёлцы.
Дзед Мароз:
Правільна! Толькі як жа яны запальваюцца, ніяк не магу ўспомніць!
Снягурка:
Трэба сказаць чарадзейныя словы.
Святочныя агеньчыкі,
Гарыце ўсё ярчэй!
Свята навагодняе
Сёння ў дзяцей!
Агеньчыкі не запальваюцца.
Вядучы:
Дзядуля Мароз, што такое? Ні адзін агеньчык не запаліўся!
Пад музыку выскаквае Баба-Яга.
Баба-Яга:
I не запаляцца! I не запаляцца!
Дзед Мароз:
Ты хто? Гэта яшчэ чаму не запаляцца?
Баба-Яга:
Я Баба-Яга! А таму не запаляцца, што гэтыя чарадзейныя словы ажно залеташнія! А чарадзейныя словы гэтага года я ў Снягуркі толькі што выцягнула і з’ела!
Дзядуля Мароз:
Як гэта, з’ела?!
Баба-Яга:
А вось так! (Паказвае, як яна ела словы, і са смехам хаваецца за ёлкай )
Снягурка:
Што ж нам рабіць, дзядулечка?! Няўжо свята не адбудзецца?!
Дзед Мароз:
Ну што ты, унучачка! Адбудзецца, абавязкова адбудзецца!
Снягурка:
Але ж я не памятаю чарадзейных слоў!
Дзед Мароз:
А мы абыдземся і без іх!
Снягурка (радасна):
Праўда, дзядулька?!
Дзед Мароз:
Праўда, унучачка! Трэба толькі, каб дзеці расказалі мне некалькі вершаў пра Новы год, і тады агеньчыкі на нашай елачцы запаляцца абавязкова!
Вядучы:
Чулі, дзеці, што трэба рабіць?! Дапаможам!
Дзеці чытаюць вершы.
Дзед Мароз:
Ну, малайцы, дзеці! Парадавалі старога! А цяпер я паспрабую ўсё ж запаліць агеньчыкі на нашай ёлачцы (Пляскае ў далоні).
Раз, два, тры –
Ёлачка, гары!
Агеньчыкі не запальваюцца.
Снягурка:
Дзядулечка! Трэба ж усім разам гэтыя словы гаварыць.
Дзед Мароз:
Ты глядзі! Забыўся! А ну, давайце ўсе разам!
Усе разам паўтараюць чарадзейныя словы, на ёлачцы запальваюцца агеньчыкі.
Вядучы:
Ну вось, нарэшце наша ёлачка запаліла свае святочныя агеньчыкі! А мы за гэта для яе навагоднюю песню заспяваем.
Песня “На санках зімовых”
Баба-Яга:
Раз, два, тры! Ёлка, не гары! Раз, два, тры! Ёлка, не гары! (Агеньчыкі па-ранейшаму гараць, Баба-Яга злосна тупае нагой.)
Вядучы:
А зараз, дзеці, я адкрыю вам адзін сакрэт. Спадзяюся, Дзядуля Мароз за гэта на мяне не пакрыўдзіцца.
Пачуўшы слова “сакрэт”, Баба-Яга пачынаець падслухоўваць.
Вядучы:
А сакрэт вось у чым. У Дзядулі Мароза ў вялікай торбе шмат падарункаў, якія ён вам прынёс. (Баба-Яга падкрадаецца бліжэй) Але, каб атрымаць падарунак, трэба крышачку папрацаваць.
Баба-Яга:
Што? Працаваць? Не-не, гэта не для мяне (выбягае з залы).
Снягурка:
Вось як мы правялі Бабу-Ягу, болей не будзе нам перашкаджаць.
Дзед Мароз:
Ну-ка, дзеці, не сядзіце,
Вясёлы танец пакажыце.
Танец “Белая зіма”
Дзед Мароз:
Засталося нам толькі падарункі знайсці ды павіншаваць усіх, хто сабраўся ў гэтай зале, з Новым годам.
Снягурка:
Дзядуля, а дзе падарункі? Хіба ты іх у лесе згубіў?
Дзед Мароз:
Ой, хіба…, але нічога, ёсць у мяне цудоўны снежны ком, і вялікая сіла ў ім.
Дружна скажам: “Раз, два, тры, падарункі прынясі!”
Ідзе з комам за дзверы, выносіць падарункі.
Раздаюць падарункі.
Дзед Мароз і Снягурка:З Новым годам, сябры! З новым шчасцем! Да пабачэння!