Адвага і гонар

- 10:41В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Ужо трэці з пачатку гэтага навучальнага года ваенна-­патрыятычны клуб адкрыўся па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, Міністэрства ўнутраных спраў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Заняткі ў клубе “Адвага” будуць праходзіць для навучэнцаў Маскоўскага раёна сталіцы на базе вайсковай часці 5529.

Праграма заняткаў распрацавана сумесна з педагогамі сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак”. Падлеткаў чакае знаёмства з гісторыяй беларускай арміі, тактычная і фізічная падрыхтоўка, заняткі па стральбе і медыцынскай падрыхтоўцы, заняткі з кінолагам. Таксама прадугледжаны экскурсіі па месцах воінскай славы. Усё гэта напоў­ніць вольны час школьнікаў карыснымі справамі, дапаможа сфарміраваць уменні і навыкі, неабходныя для службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

“Успамінаю свае школьныя гады. Амаль увесь вольны час мы з хлопцамі праводзілі з ваенруком, у ціры або ў кабінеце пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Выязджалі на зборы ў воінскія часці, ведалі, чым жыве армія. У нас не ўзнікала пытання, слу­жыць ці не служыць, як і не ўзнікала пытання, хто павінен абараняць Айчыну. Сёння важна актуалізаваць тэму ваенна-патрыятычнага выхавання і тэму абароны Айчыны. І вельмі правільна, што ў сістэму па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення ўключыліся воінскія часці. Важна, каб да гэтай практыкі далучыліся іншыя міністэрствы і ведамствы, таму што пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання — гэта не толькі пытанні сістэмы адукацыі. Гэта дастаткова сур’ёзная грамадская праблематыка. І тут павінны прыкласці намаганні ўсе ўдзельнікі выхаваўчага працэсу”, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця клуба міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Акрамя святочнага канцэрта для гасцей мерапрыемства ў “Ранку“ была арганізавана выстава вопыту ўстаноў адукацыі Маскоўскага раёна па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Напрыклад, сярэдняя школа № 209 — неаднаразовы пераможца гарадской і рэспубліканскай “Зарніцы”. Сярэдняя школа № 83 з гонарам носіць імя Георгія Канстанцінавіча Жукава і традыцыйна праводзіць шэраг мера­прыемстваў (у тым ліку міжнародных) памяці вялікага палкаводца. У сярэдняй школе № 67 дзейнічае музей знакамітага Батальё­на беларускіх арлянят. У сярэдняй школе № 206 паспяхова працуе аб’яднанне па інта­рэсах “Пагранічнік”. А ў сярэдняй школе № 170 — Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.
Багатая палітра сталічнага вопыту па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі дапоўнілася яшчэ адной яркай фарбай — клубам “Адвага”.

Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий