Фальклорная спадчына, як сродак фарміравання светапогляду вучняў пачатковых класаў

- 9:45Методичка, Начальная школа. Идеи

 

Алена БАГДАНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа п. Юбілейны”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Я імкнуся да таго, каб заняткі прыносілі радасць маім вучням, былі эмацыянальнымі, змястоўнымі, прадугледжвалі розныя віды работ, актывізавалі самастойны пошук. Менавіта таму вельмі часта звяртаюся да беларускай фальклорнай спадчыны і выкарыстоўваю яе ў працэсе адукацыі і выхавання вучняў пачатковай школы.

Я лічу, што беларускі фальклор адыгрывае значную ролю ў патрыятычным, ідэалагічным і культурным аспекце, развівае пачуццё грамадскай свядомасці і свядомасці нацыянальнай.

Усё пачынаецца са слова… Ва ўсе часы фальклорныя творы вучылі дзяцей любові да Радзімы. У тым ліку і да малой радзімы, да таго месца, дзе чалавек упершыню ўбачыў свет. Фальклорныя творы вучылі любові да роднага слова, шанаваць бацькоў i Бацькаўшчыну.

Так, у беларускіх народных казках заўсёды ўcхваляліся лепшыя чалавечыя якасці: працавітасць, дабрыня, сціпласць, жаданне дапамагаць людзям (4-ы клас, беларускія народныя казкі “Ад крадзенага не пасыцееш” і “Андрэй за ўсіх мудрэй”, у 3-м класе: “Недалікатны сын”, “Зайздросны дзядзька”, “Лёгкі хлеб”…). А яшчэ, уменне любіць і ахвяраваць сабой дзеля высакароднай мэты (“Стары бацька”, 4-ы клас). Нельга не заўважыць у казках і захапленне прыгажосцю прыроды, яе хараством (беларуская народная казка “Музыка-чарадзей”, 4-ы клас).

У многіх казках апісваецца імкненне людзей зрабіць свой край яшчэ больш прыгожым і шчаслівым. Наш народ заўсёды асуджаў гультайства, злосць, жорсткасць, зайздрасць, глупства, нежаданне вучыцца новаму, залішнюю ганарлівасць, непаважлівае стаўленне да іншых людзей. Шаноўнае стаўленне да зямлі-карміцелькі, імкненне не рабіць зло – усё гэта закладзена ў лепшых творах нашага народа.                                                

Казкі выхоўваюць чалавека на працягу ўсяго жыцця. Яны прымушаюць задумацца, наводзяць на разважанне, падказваюць чалавеку пэўны шлях.

Далёка не сакрэт, што прыказкі і прымаўкі падтрымлівалі і мацавалі духоўнае і маральнае аблічча народа. Менавіта яны, як і казкі, песні і загадкі, перадаваліся з пакалення ў пакаленне. У вуснай народнай творчасці змешчаны думкі, да якіх прыйшоў народ праз векавы вопыт. І зараз, на сваіх уроках ці пазакласных мерапрыемствах, мы карыстаемся гэтым “бяздонным багаццем”.         

У сваёй рабоце я выкарыстоўваю прыказкі пра адносіны да Радзімы, да людзей, пра ўзаемаадносіны ў сям’і. Напрыклад, на ўроках беларускай мовы ў 2-м класе дзецям прапануецца даць тлумачэнне наступным прыказкам: “Праца – крыніца багацця”, ”Не збярэш з поля камення, не атрымаеш насення”. На ўроках беларускай літаратуры да кожнага раздзела падабраны свае прыказкі.

Вусная народная творчасць у падручніку М.В.Жуковіча (3-і клас, другая частка) прадстаўлена ўжо вядомымі вучням раней калыханкамі, забаўлянкамі-пацешкамі, казкамі, песнямі. Цяжка не заўважыць, што прынцып “навучаць, забаўляючы” вельмі добра прасочваецца ў гэтых фальклорных творах.

Калыханкі я выкарыстоўваю для навучання ўтварэнню аднакарэнных слоў (кот – коцік – каток – коця – каточак і г.д.). Я лічу, што калыханкі – эфектыўны сродак фарміравання фанематычнага ўспрымання (працяглае выдзяленне галосных гукаў, павольны тэмп, просты рытміка-інтанацыйны малюнак і інш.), паўторы фанем, гукаспалучэнняў і гукаімітацый. Калыханкі садзейнічаюць хуткаму запамінанню слоў і іх форм, словазлучэнняў, знаёмяць з новай лексікай.

Фальклорныя песні, калыханкі, пацешкі, прымаўкі, скорагаворкі эфектыўна выкарыстоўваць для фарміравання граматычнага ладу маўлення, у навучанні дзяцей утварэнню аднакарэнных слоў, у развіцці фанематычнага слуха, бо ў іх змяшчаюцца гукаспалучэнні-наігрышы, якія паўтараюцца ў розным тэмпе і з рознай інтанацыяй.

З усяго вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што фальклор выконвае наступныя функцыі: эстэтычную, выхаваўчую, пазнавальную. Эстэтычная і выхаваўчая функцыі фальклору заключаюцца ў тым, што ён фарміруе ў дзяцей мастацкі густ, выпрацоўвае ўменне шанаваць і разумець прыгожае. Пазнавальнае значэнне фальклору заключана ў тым, што гэта спосаб знаёмства дзіцяці з навакольным светам. Усё гэта робіць творы вуснай народнай творчасці эфектыўным сродкам навучання і выхавання малодшых школьнікаў.

Такім чынам, безумоўна, вусная народная творчасць з’яўляецца добрым матэрыялам, які ўяўляе сабой скарбонку твораў, што аказваюць вялікі педагагічны і выхаваўчы ўплыў на дзяцей, фарміруюць яго светапогляд.

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий