Несумненна, у нашым грамадстве менавіта дзеці заўсёды былі і застаюцца тымі, хто лічыцца найбольш неабароненым, уразлівым і залежыць ад паводзін і рашэнняў, якія прымаюць дарослыя. Толькі па віне дарослых дзеці могуць трапіць у эпіцэнтр спантанных і стыхійных бедстваў, стаць аб’ектамі маніпуляцый і ахвярамі фізічнага, сексуальнага ці эмацыянальнага гвалту.
Дзіця, якое аднойчы перажыло ці працягвае жыць у крызіснай сітуацыі, у прыватнасці, у сям’і, дзе адбываецца гвалт, ужо ніколі не будзе такім, як раней: насілле разбуральна ўплывае на яго эмацыянальны і псіхічны стан.
Як убачыць такіх дзяцей і чым могуць дапамагчы настаўнікі ў школе, растлумачыла педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя Максіма Танка Ірына Міхайлаўна КОСЦІНА.
— Ірына Міхайлаўна, нягледзячы на сваю відавочнасць, з’ява дамашняга гвалту і сёння адмаўляецца: яе больш камфортна замоўчваць, чым прызнаваць. Магчыма, не хапае нейкіх удакладненняў на заканадаўчым узроўні?
— Тлумачэнне такой з’явы, як сямейны гвалт, можна знайсці ў законе аб асновах прафілактыкі злачынстваў. У ім гвалт тлумачыцца як наўмысныя дзеянні фізічнага, псіхалагічнага, сексуальнага характару аднаго з членаў сям’і ў адносінах да іншага члена сям’і. Такія дзеянні парушаюць правы, свабоду, законныя інтарэсы і выклікаюць фізічныя ці псіхічныя пакуты. Наяўнасць тлумачэння насілля з’яўляецца вельмі важнай і пацвярджае ідэю аб тым, што дамашні гвалт — гэта не абстрактная рэч, яна мае прававую аснову.
Важна таксама ведаць, што, у адпаведнасці з шэрагам даследаванняў і назіранняў спецыялістаў, дзіця або падлетак, які з’яўляецца сведкам гвалту, пакутуе гэтак жа востра і мае тыя ж паводзінскія рэакцыі, як і дзіця, якое з’яўляецца непасрэдна ахвярай гвалту.
— Ці можна вылучыць асаблівасці паводзін дзяцей, што выхоўваюцца ў сем’ях, дзе адбываецца гвалт?
— Так, можна. Давайце разгледзім гэта на наступным прыкладзе. Настаўнік скардзіўся на паводзіны хлопчыка. Калі ён павінен быў зрабіць заўвагу, часам строга павышаючы голас, дзіця ўскоквала з месца і крычала: “Вы не маеце права! Не падыходзьце да мяне! І наогул, пакіньце мяне ў спакоі!” Многія настаўнікі сутыкаюцца з такімі сітуацыямі ў школе, калі паводзіны навучэнца разглядаюцца як дзёрзкія і непаважлівыя да старэйшых. Разам з гэтым папярэджанні аб наступствах, запіс у дзённіку, тлумачальныя размовы пра тое, як паводзіць сябе ў школе, застаюцца неэфектыўнымі. У гэтым прыкладзе, як аказалася, хлопчык тое самае, што і настаўніку, крыкнуў бацьку, які ў п’яным стане кідаўся з кулакамі на яго і маці. Паводзіны, якія былі ўспрыняты дарослымі як дзёрзкія і непаважлівыя, былі рэфлексам, спробай абараніць сябе.
Разуменне таго, што некаторыя праяўленні ў паводзінах дзіцяці з’яўляюцца рэакцыяй на перанесены стрэс, дазваляюць выкладчыкам і практыкуючым псіхолагам аказваць кваліфікаваную дапамогу, а не пагаршаць праблему. Важна ведаць, што паводзіны дзяцей могуць значна мяняцца. Гэта дапамагае ім справіцца са стрэсам, перажыць псіхалагічную траўму, мець магчымасць захаваць сваю цэласнасць, свой вобраз, адэкватную самаацэнку, знізіць трывогу. У псіхалогіі вылучаюць шэраг змяненняў у паводзінах, якія называюцца механізмамі псіхалагічнай абароны.
Гвалт тлумачыцца як наўмысныя дзеянні фізічнага, псіхалагічнага, сексуальнага характару аднаго з членаў сям’і ў адносінах да іншага члена сям’і. Такія дзеянні парушаюць правы, свабоду, законныя інтарэсы і выклікаюць фізічныя ці псіхічныя пакуты. Дамашні гвалт — гэта не абстрактная рэч, яна мае прававую аснову.
— Па якіх прыкметах настаўнікі могуць западозрыць, што, магчыма, перад імі дзіця, якое падвяргаецца гвалту?
— Як правіла, такое дзіця можа мець цяжкасці ў размеркаванні і ўтрымліванні ўвагі, што важна ў вучэбным працэсе. Такі навучэнец часта пераключаецца з аднаго дзеяння на іншае, здаецца вельмі рухавым. Часам яго памылкова пачынаюць лічыць гіперактыўным. Здараецца і так, што дзіця выглядае спакойным, але аддаленым, як быццам лётае ў аблоках. Такія паводзіны могуць выклікаць раздражненне дарослага, дзіця могуць памылкова лічыць недастаткова матываваным да вучобы ці лянівым. А на самай справе менавіта неспакой можа перашкаджаць школьніку засяродзіцца на вучобе: стрэс запускае працэсы, якія не даюць выкарыстоўваць адвольную ўвагу, што ўплывае на паспяховасць у вучобе.
Некаторыя дзеці, якія выхоўваюцца ў сем’ях, дзе практыкуецца гвалт, не імкнуцца да ўзаемадзеяння з іншымі: яны ізаляваныя, замкнёныя ў сабе, слаба праяўляюць даследчую актыўнасць, не спрабуюць новага, не эксперыментуюць. Яны схільныя да аўтаагрэсіі і не выказваюць свае пачуцці іншым людзям. Характарызуючы такіх дзяцей, кажуць, што яны інтраверты. Знешне паводзіны такіх дзяцей могуць быць зручнымі: яны не ствараюць у школе відавочных праблем. Аднак за такімі паводзінамі часта хаваюцца немагчымасць звярнуцца па дапамогу, сорам, адсутнасць даверу да людзей. Такія дзеці маюць патрэбу ва ўвазе не менш, чым больш актыўныя, якія прыцягваюць да сябе ўвагу непрымальнымі ўчынкамі.
Таксама дзіця, якое падвяргаецца гвалту, можа паводзіць сябе агрэсіўна. Напрыклад, яно прыпісвае іншым непрыязныя жаданні і намеры. Часам здаецца, што зусім бяскрыўдныя дзеянні выклікаюць у дзіцяці незразумелую агрэсіўную рэакцыю. Такая рэакцыя можа тлумачыцца тым, што дзеці, якія часта назіраюць гвалт, пачынаюць чакаць яго ў любы момант. Яны пачынаюць успрымаць навакольны свет варожа настроеным да іх. Так фарміруецца мадэль абарончых паводзін: увесь час прысутнічаюць абвостранае адчуванне пагрозы і схільнасць рэагаваць агрэсіўна на звычайныя сітуацыі. У выніку нават жарт, які на першы погляд выглядае бязвінным, здольны выклікаць моцны гнеў дзіцяці і ўспрымаецца ім як абраза, а тон абурэння здаецца крыкам. Усё гэта можа падштурхнуць да сур’ёзнага канфлікту.
— Ці могуць прычынай агрэсіўных паводзін дзяцей быць паказальныя паводзіны аднаго з бацькоў, назіранне за тым, хто з’яўляецца суб’ектам гвалту?
— Безумоўна, адна з прычын агрэсіўных паводзін школьніка — гэта навучанне. Напрыклад, мама гаворыць, што сын стаў падобным да бацькі, замахваецца на яе.
Увогуле, шырока вядомым спосабам навучання якім-небудзь паводзінам з’яўляецца сістэматычнае назіранне за узорам. Часта ў сем’ях, дзе растуць агрэсіўныя дзеці, можна заўважыць вялікую распаўсюджанасць агрэсіўных праяўленняў менавіта з боку дарослых. Паводзіны бацькоў уяўляюць сабой мадэль агрэсіі. Пастаянная прысутнасць дзіцяці ў сітуацыі гвалту стварае шэраг эфектаў: па-першае, дзіця як сведка гвалту вучыцца паводзінам, якія раней маглі быць яму не ўласцівымі. Па-другое, дзіця, якое назірае гвалтоўныя і агрэсіўныя дзеянні з боку бацькоў, можа несвядома або свядома мяняць свае погляды і пастаўленыя ім самім абмежаванні да падобных паводзін. Па-трэцяе, дзіця прывыкае да гвалту, яго наступстваў і да прыкмет чужога болю і перастае разглядаць агрэсію як асаблівую, крайнюю форму паводзін. У такім выпадку дзіця можа выглядаць эмацыянальна жорсткім, з нізкім узроўнем эмпатыі да іншых.
Другім важным механізмам навучання з’яўляецца падмацаванне, якое ўзмацняе пэўныя паводзіны. Прыклад падмацавання можна знайсці ў сітуацыі, якая даросламу здаецца зусім звычайнай. Дзіця прыцягвае да сябе ўвагу толькі дрэннымі ўчынкамі, бо добрыя лічацца нормай і не выклікаюць цікавасці навакольных. Педагог можа сказаць, што такое дзіця паводзіць сябе спакойна, паслухмяна, таму не трэба лішні раз звяртаць на яго ўвагу. А яшчэ можа быць так, што, са слоў настаўніка, ён падчас урока шмат часу ўдзяляе дзіцяці, супакойваючы яго. І зусім мала часу застаецца на апытанне іншых вучняў. Менавіта так дзіця атрымлівае своеасаблівае заахвочванне ў выглядзе ўвагі да сябе з боку дарослых, калі робіць нешта дрэннае.
Прывяду яшчэ адзін прыклад такога падмацавання ў класе. Адзін з навучэнцаў часта крыўдзіў то аднаго, то другога аднакласніка. Паўплываць на яго дзеянні было складана. Таму настаўніца гаварыла, што дзеці самі вінаваты, бо правакуюць яго, і менавіта па гэтай прычыне дзіця здзяйсняе няправільныя ўчынкі. Менавіта так дзіця-агрэсар атрымлівала дазвол на свае гвалтоўныя паводзіны, а астатнія дзеці — пачуццё віны за тое, што іх крыўдзяць.
Дзеці, якія выхоўваюцца ў сем’ях, дзе практыкуецца гвалт, не імкнуцца да ўзаемадзеяння з іншымі: яны ізаляваны, замкнёныя ў сабе, слаба праяўляюць даследчую актыўнасць, не спрабуюць новага, не эксперыментуюць. Яны схільныя да аўтаагрэсіі і не выказваюць свае пачуцці іншым людзям.
Увогуле, у большасці выпадкаў тэма гвалту замоўчваецца, хаваецца або ігнаруецца, таму педагогам складана зразумець, што стаіць за непажаданымі паводзінамі. Варта ўважліва ставіцца да таго, як паводзіць сябе дзіця, і спрабаваць выявіць прычыны такіх паводзін.
Няўдалыя спосабы ўздзеяння на паводзіны дзіцяці часта пагаршаюць праблему, а пагрозлівы тон, запалохванне і выказванні кшталту “турма па табе плача” могуць быць зусім не эфектыўнымі. Падобныя рэакцыі, наадварот, умацоўваюць негатыўныя паводзіны, пагаршаючы псіхалагічны і эмацыянальны стан школьніка. Такое стаўленне можа быць апошняй кропляй для нервовага зрыву і суіцыдальных учынкаў. Важна памятаць, што дзіця заўсёды мае права на павагу, як бы яно сябе ні паводзіла.
— Ірына Міхайлаўна, ці можа вопыт гвалту апраўдаць негатыўныя паводзіны дзіцяці?
— Так, з дрэннымі паводзінамі не абавязкова трэба мірыцца. Траўматычны вопыт гвалту не апраўдвае, але тлумачыць негатыўныя паводзіны дзіцяці. Але не ўсе выпадкі парушэння паводзін — гэта вынік гвалту ў сям’і, і не ўсе выпадкі гвалту прыводзяць да фарміравання негатыўных паводзін. Прычынамі парушэння паводзін дзіцяці, якое пакутуе ад гвалту ў сям’і, з’яўляюцца вынікі складанага ўзаемадзеяння неспрыяльнага сацыяльнага асяроддзя і асобы.
Сацыяльнае асяроддзе дзіцяці мае вялікае значэнне і можа быць вырашальным фактарам змірэння з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Многія, магчыма, ужо заўважалі, што не ўсе дзеці, якія пацярпелі ў выніку гвалту ў сям’і, становяцца дызадаптыўнымі ці здзяйсняюць сацыяльна непрымальныя ўчынкі. У многім паводзіны дзяцей залежаць ад таго, як да іх ставіцца асяроддзе.
Калі педагогі сутыкаюцца з праблемай негатыўных паводзін дзіцяці, ім можа быць неабходна кансультацыя калег, псіхолага, метадыста. Не трэба ігнараваць магчымасці атрымання прафесійнай падтрымкі. Дарэчы, спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі гатовы аказаць супервізарскую дапамогу спецыялістам, якія сутыкнуліся з тэмай гвалту ў сям’і. Мы заўсёды можам дапамагчы і будзем рады супрацоўніцтву, бо ўсе разам працуем дзеля самага важнага — дабрабыту дзяцей.
Гутарыла Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА