Ветэран, педагог, асоба

- 14:22В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

За плячыма ветэрана педагагічнай працы Анатоля Якаўлевіча Малахава амаль пяцьдзясят гадоў плённай дзейнасці ў сістэме адукацыі Магілёва. За сваю працоўную біяграфію ён прайшоў шлях ад настаўніка да дырэктара школы. І на любой сваёй пасадзе Анатоль Якаўлевіч заўсёды быў шчыра зацікаўлены лёсам падрастаючага пакалення.

— Умяне самога была нялёгкая жыццёвая дарога. Менавіта таму заўсёды стараўся аказваць усялякую падтрымку кожнаму свайму вучню, — расказаў А.Я.Малахаў.

Лёс у Анатоля Якаўлевіча насамрэч быў няпросты. Як і ў многіх дзяцей вайны, яго дзяцінства не было шчаслівым.

— Памятаю, як у самым разгары лета 41-га мы праводзілі баць­ку на фронт. У той час я яшчэ не ўсведамляў, што такое вайна. У канцы чэрвеня ў Магілёве пачалася эвакуацыя. Вывозілі абсталяванне фаб­рык, заводаў. З’язджалі рабочыя, спецыялісты, простыя людзі. Мая маці таксама прыняла рашэнне эвакуіравацца. Мы былі на вакзале ці то ў Оршы, ці то ў нейкім іншым горадзе, калі раптам пачалася бамбёжка… Тады я і адчуў, што вайна — гэта страшна. На вакзале была жудасная паніка, блытаніна, адусюль раздаваліся плач і крыкі… У гэтай мітусні мы згубіліся. Я застаўся са старэйшай сястрой Жэняй. Маму і яшчэ адну сястру мы з ёй тады так і не знайшлі, — успамінае А.Я.Малахаў.

Разам з сястрой Анатоль Якаўлевіч вярнуўся ў Магілёў, перажыў усе падзеі гераічнай абароны горада.

— Нямецкая авіяцыя бамбіла і абстрэльвала амаль штодня. Кожны дзень бесперапынна гарэлі дамы, будынкі, склады… Удары бомб не шкадавалі нікога. Гінулі дзеці, жанчыны, старыя… На ўчастку сваёй хаты мы выкапалі акоп, у якім хаваліся падчас бамбёжак. Абаронцы нашага горада праяўлялі неверагодную стойкасць і мужнасць, стрымліваючы наступленне, але ў канцы ліпеня Магілёў быў захоплены. Акупанты ўстанавілі новыя парадкі. За любое непадпарадкаванне пагражаў расстрэл. Для мяне сапраўдным узрушэннем стала забойства стрыечнага брата прама на нашых вачах. Такі ж лёс напаткаў маіх дзядзькоў, некаторых суседзяў-мужчын. Фашысты неверагодна зверствавалі, — уздыхаючы, гаворыць ветэран.

Ваенныя гады пакінулі вельмі цяжкі след у душы Анатоля Якаўлевіча. З акупіраванага Магілёва ў 1943 годзе ён разам з сястрой быў сагнаны ў Германію. Там трапіў у канцлагер, а пасля стаў рабом у аўстрыйскага фермера.

— Вестку аб перамозе мы сустрэлі з вялікай радасцю. Больш шчаслівых эмоцый зведалі, вярнуўшыся дадому і сустрэўшыся там з роднымі. Нейкім цудам у гэтай страшнай вайне ўсім членам нашай сям’і ўдалося выжыць, — расказаў А.Я.Малахаў.

Першы раз Анатоль Якаўлевіч пайшоў адразу ў трэці клас. На той момант яму было ўжо 12 гадоў. Нагнаць упушчанае дапамагалі бацькі-педагогі.

— Школу я скончыў паспяхова і вельмі хацеў стаць ваенным лётчыкам, але не прайшоў па медыцынскіх паказаннях. Тады скіраваў свой выбар на Магілёўскі педагагічны інстытут. Тут натхніў прыклад бацькоў, — адзначыў А.Я.Малахаў.

У далейшым педагогіка стала для Анатоля Якаўлевіча не проста прафесіяй, а любімай справай. Сферы адукацыі ён прысвяціў звыш 46 гадоў свайго жыцця. Будучы і педагогам, і дырэктарам школы, працаваць А.Я.Малахаў заўсёды стараўся з індывідуальным падыходам да навучэнцаў. У кожным дзіцяці ён бачыў асобу, ставіўся да кожнага вучня з дабрынёй і любоўю, імкнуўся дапамагчы раскрыць здольнасці, вучыў дзяцей верыць у сябе і дабівацца пастаўленай мэты. Тая штодзённая нялёгкая праца сёння ўдастоена падзякі сотняў выпускнікоў, якія не забываюць свайго настаўніка.

А.Я.Малахаў:

«У педагогіцы не павінна быць выпадковых людзей. Якасна вучыць, духоўна выхоўваць можа толькі той настаўнік, які робіць гэта з душой».

Адметна, што ў педагагічнай працы Анатоль Якаўлевіч імкнуўся ўдзяляць павышаную ўвагу не толькі навучанню, але і выхаванню.

— Падрастаючае пакаленне трэба гадаваць патрыётамі сваёй Радзімы, закладваць у дзіцячую асобу маральныя каштоўнасці і ідэалы. Наш Прэзідэнт не так даўно сказаў, што школа — гэта храм. Цалкам згодны. Менавіта так і павінна ўспрымацца навучальная ўстанова. Але таксама прытрымліваюся думкі, што ў школе вельмі многае зале­жыць ад настаўніка. Таму ў педагогіцы не павінна быць выпадковых людзей. Якасна вучыць, духоўна выхоў­ваць можа толькі той настаўнік, які
робіць гэта з душой, — перакананы
А.Я.Малахаў.

Сваё меркаванне ёсць у Анатоля Якаўлевіча і наконт грама­дзянска-патрыятычнага выхавання. Ён упэўнены: каб не страціць сённяшнюю моладзь, трэба не толькі ўкараняць у работу сучасныя падыходы, але і не забывацца пра традыцыйныя.

— Раней выхаванне патрыётаў пачыналася з калектывізму. Так трэба рабіць і сёння. Патрыятычнае выхаванне немагчыма пабудаваць толькі на апавяданнях. Павінны быць яшчэ цікавыя і неабходныя справы, якія аб’ядноўваюць дзяцей і дарослых агульным клопатам і калектыўнай дзейнасцю, — падкрэсліў А.Я.Малахаў.

…Ужо больш за 17 гадоў Анатоль Якаўлевіч на заслужаным адпачынку. Сёння галоўная яго радасць — дзеці і ўнукі. Ён беражліва гартае сямейныя фота­альбомы і гатовы бясконца расказваць пра іх заняткі і захапленні.

У вольны час А.Я.Малахаў вя­дзе актыўны лад жыцця: рэгулярна гуляе, чытае кнігі. А яшчэ ён асвоіў камп’ютар і нават карыстаецца сацыяльнымі сеткамі.

Глядзіш на Анатоля Якаўлевіча і думаеш: колькі ж душэўнай цеплыні і невычэрпнай энергіі ў гэтым светлым цудоўным чалавеку! І значна, што ён нястомна накіроўвае яе ў важнае рэчышча. А.Я.Малахаў уваходзіць у гарадскі Савет ветэранаў педагагічнай працы. Нягледзячы на салідны ўзрост, ён наведвае навучальныя ўстановы, вядзе творчую работу па захаванні педагагічнай спадчыны, выкарыстанні яе ў практыцы работы сучаснай школы. Перыядычна сустракаецца Анатоль Якаўлевіч і з навучэнцамі. Расказвае мола­дзі ўсю праўду пра вайну, заклікае да захавання гістарычнай памяці. На прыкладзе ўласнага жыццёвага шляху ветэран стараецца сфарміраваць у маладога пакалення пачуццё гордасці за сваю краіну і імкненне рэалізоўваць свае здольнасці на яе карысць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий