Плённай працай — да якасці адукацыі

- 13:28В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць у Чавускім раёне Магілёўскай вобласці. Аб важкіх дасягненнях адукацыйнай галіны рэгіёна, значнасці інавацыйнай дзейнасці і ўсебаковай падтрымкі педагогаў, а таксама перспектыўных планах на будучыню расказаў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Дзяніс Уладзіміравіч НІКІФАРАЎ.

— Дзяніс Уладзіміравіч, завяршаецца першае вучэбнае паўгоддзе. Якім яно было для сферы адукацыі раёна?

— Гэты час прайшоў у плённай працы па захаванні якасных паказчыкаў па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці. Асабліва эфектыўная работа была праведзена па ўкараненні ў навучальных установах ідэй інклюзіі. Мы стварылі рэгіянальную мадэль спецыяльнай адукацыі, адкрылі 2 інклюзіўныя класы, 17 класаў інтэграванага навучання, 11 інтэграваных і 1 спецыялізаваную вучэбную групу.

Першыя дзве чвэрці бягучага навучальнага года былі насычаны і шэрагам дасягненняў нашых вучняў. Яны заваявалі 59 прызавых дыпломаў рознаўзроўневых творчых і інтэлектуальных конкурсаў. Вельмі годна выступіла каманда раёна на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. Па яго выніках у нас адзін пераможны і чатыры прызавыя дыпломы. Акрамя таго, навучэнцы паспяхова ўдзельнічалі ў дыстанцыйных алімпіядах, розных спартыўных спаборніцтвах.

— Нядаўна завяршыўся другі этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Як праявілі сябе чавускія школьнікі?

— Дзякуючы выразна выбудаванай сістэме работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, другі тур алімпіяды прайшоў зладжана і вынікова. Па рашэнні журы 28% удзельнікаў былі адзначаны дыпломамі. Найбольшую колькасць дыпломаў і пахвальных водгукаў атрымалі навучэнцы сярэдніх школ №№ 1 і 2 райцэнтра, а таксама Гарбавіцкага, Сласцёнаўскага і Ваўкавіцкага вучэбна-педагагічных комплексаў.

Вельмі паспяхова выступілі на алімпіядзе вучні настаўніка геаграфіі сярэдняй школы № 1 Чавусаў П.А.Кнігі. Пяць прадстаўленых ім удзельнікаў атрымалі дыпломы. Вызначыліся таксама настаўніца нямецкай мовы Ваўкавіцкага ВПК М.Я.Гулімава, настаўніца англійскай мовы гарадской сярэдняй школы № 2 Л.У.Ліпская, настаўнік працоўнага навучання Сласцёнаўскага ВПК С.І.Аршаўскі.

— За любымі дасягненнямі вучняў заўсёды стаіць асоба настаўніка. Як арганізавана работа ў плане метадычнай дапамогі педагогам, матывацыі іх на прафесійны рост?

— Нашы настаўнікі пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку. Добрай падтрымкай у гэтай справе ім заўсёды служыць раённы вучэбна-метадычны кабінет. Акрамя таго, у кожнай навучальнай установе існуюць свая метадычная служба, метадычныя аб’яднанні па профілях. Уся гэтая структура ў нас выбудавана ў шырокую метадычную сетку, кожнае звяно ў якой узаемазвязана і дапамагае належным чынам забяспечваць суправаджэнне адукацыйнага працэсу. Мы стараемся ісці ў нагу з часам, быць у курсе змяненняў, новаўвядзенняў у адукацыі. Развіццю прафесійнага майстэрства педагогаў спрыяе цэлы спектр метадычнай вучобы. Для іх рэгулярна арганізуюцца майстар-класы, семінары-практыкумы, круглыя сталы, тэарэтычныя семінары, конкурсы, творчыя справаздачы. Адметна, што асаблівая ўвага ў гэтай дзейнасці ўдзяляецца падтрымцы маладых настаўнікаў. У нас дзейнічаюць школа маладога педагога, праблемныя і творчыя групы. Гэтыя супольнасці ў комплексе з традыцыйнымі метадычнымі аб’яднаннямі прыносяць станоўчы эфект. Сёння 78% педагагічных работнікаў раёна маюць вышэйшую адукацыю, 64% з іх — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

— А што наконт падтрымкі ініцыятыў, дзейсных прапаноў педагагічных калектываў?

— Распаўсюджванню перадавога педагагічнага вопыту, вядзенню эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ўдзяляецца асаблівая ўвага. Мы ўсяляк падтрымліваем педагогаў-наватараў. Гэта дае свой вынік. На цяперашні момант у раёне дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па ўдасканаленні работы педагогаў у падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяд, па выкарыстанні ў навучанні ІКТ. У навучальных установах актыўна займаюцца ўкараненнем інавацый. За апошнія гады ў раёне назіраецца ўстойлівы рост колькасці рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, што рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі. Важна, што педагагічныя калектывы не ста­яць на месцы: ажыццявіўшы адзін эксперыментальны праект, заўсёды імкнуцца да новых ідэй.

— Якія планы ў аддзела на будучыню?

— У найбліжэйшай перспектыве будзем прадукцыйна працаваць над удасканаленнем дасягнутага. Плануем далей развіваць матэрыяльную базу навучальных устаноў. Так, у найбліжэйшы час у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адкрыецца новая харэаграфічная зала. Хутка ў нас з’явіцца чарговы дзіцячы дом сямейнага тыпу. Наогул, будзем працягваць усебакова паляпшаць якасць адукацыі з улікам сучасных тэндэнцый.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий