“Нам трэба вучыць не столькі веданню, колькі бачыць сваё няведанне; вучыць не правільным адказам, а ўменню задаваць пытанні; вучыць адкрываць самога сябе, а значыць, выходзіць за свае межы і глядзець на сябе вачыма іншых людзей”. Гэтыя словы рэктара БДУ, доктара педагагічных навук, прафесара Андрэя КАРАЛЯ вельмі трапна ілюструюць яго навуковую школу. Сёння мы гутарым пра эўрыстычнае навучанне на аснове дыялогу, што вядзе да адкрыцця сябе і свету.
— Эўрыстыка — методыка, якая спрыяе адкрыццю раней невядомага. Андрэй Дзмітрыевіч, раскажыце, як гэта працуе на практыцы? Чаму важна не проста атрымаць веды, а прыйсці да іх?
— Жыццё ўскладняецца, і ў ім няма гатовых адказаў і шаблонаў. У той жа час традыцыйная адукацыя стаіць на перадачы вучням правільнай шаблоннай інфармацыі. “На ўваходзе” ўсім даюць аднолькавую інфармацыю і хочуць пачуць яе ў адказах. І чым вышэйшая адпаведнасць таго, што трансліравалася, таму, што вучань сказаў “на выхадзе”, тым вышэйшую адзнаку ён атрымлівае. Але ж усе навучэнцы розныя, са сваімі культурна-гістарычнымі, фізіялагічнымі, інтэлектуальнымі асаблівасцямі. Ды і ў эканоміцы расце запыт на спецыялістаў з гнуткім розумам, мабільных, здольных прымаць нестандартныя рашэнні.
Эўрыстыка дапамагае чалавеку стварыць уласную сістэму ведаў. Пры вывучэнні той ці іншай тэмы ён ставіць мэту, даследуе рэчаіснасць (а не інфармацыю ў падручніку) і на гэтым этапе атрымлівае свой першасны суб’ектыўны прадукт у выглядзе эсэ, складзенага алгарытму, карты ці мадэлі, якія ў далейшым параўноўвае з культурна-гістарычнай спадчынай. У гэтым “дыялогу-параўнанні” і адбываецца адкрыццё новых ведаў. Але не толькі! Заўсёды маюць месца і ўнутраныя змяненні: чалавек нарошчвае пазнавальныя, крэатыўныя, арганізацыйна-дзейнасныя якасці. У працэсе пошуку ён адкрывае і самога сябе.
Зараз мы ў БДУ актыўна ўкараняем у вучэбны працэс тэхналогію эўрыстычнага навучання, якая дазваляе вучыць усіх аднолькава, але па-рознаму. Выкладчыкі ідуць у аўдыторыю з пасылам не даць студэнтам гатовую інфармацыю, а арганізаваць іх актыўнасць. Такі тып адукацыі мяняе чалавека, павышае прадукцыйнасць яго працы, закладвае патэнцыял для асобаснага і прафесійнага росту.
— Эўрыстыка ўзыходзіць да самога Сакрата — гэта навучанне з дапамогай навадных пытанняў. Пры такім метадзе ўзрастае роля асобы выкладчыка, настаўніка. Але наколькі магчымы глыбокі дыялог у сучаснай аўдыторыі?
— Па-абывацельску эўрыстыку называюць метадам атрымання схаваных ведаў у вучня. Але эўрыстыка — гэта не метад, а дыдактычная сістэма (проста метадам немагчыма дасягнуць чаканага выніку). Важна, каб гэта стрыжнем прайшло праз усю адукацыю, пачынаючы ад сэнсаў і мэт, зместу адукацыі (падручнікі, вучэбныя планы, праграмы), а потым ужо формы, метады, тэхналогіі, крытэрыі ацэньвання. Гэта дыдактычная сістэма, якая адказвае на тры класічныя пытанні: навошта, як і што вучыць.
Сакрат ставіў у аснову не адкрыццё навакольнага свету, а адкрыццё самога чалавека. Любая дыдактычная эўрыстыка (няважна, каму з аўтараў яна належыць) мае на ўвазе адкрыццё, якое робіць сам вучань. І ўжо зыходзячы з разумення сябе, свайго прызначэння ён спасцігае навакольны свет. А не наадварот, як гэта робіць традыцыйная сістэма.
Мы часта звязваем эўрыстыку з крэатыўнасцю. Але што такое крэатыўнасць? Умоўна кажучы, гэта здольнасць бачыць два бакі адной далоні.
Калі мы можам разглядаць рэч ці з’яву з супрацьлеглых бакоў (а можна глядзець пад многімі вугламі), тады мы крэатыўныя. Калі мы бачым толькі палову — мы шаблонныя. Сакрат сваімі пытаннямі падводзіў суразмоўніка да меркавання, якое было супрацьлеглым зыходнаму, і даваў чалавеку магчымасць самому прыйсці да адваротнага бачання свайго ж пачатковага тэзіса. Такім чынам адкрывалася ісціна.
У Сакрата, калі верыць вядомаму Дыягену Лаэрцкаму, былі два вучні, якія мелі супрацьлеглыя філасофскія погляды. Антысфен — ад зін з заснавальнікаў школы кінікаў, прапаведаваў аскезу, адмаўленне ад усялякіх уцех. І калі ў яго спыталі, што яму дала філасофія, ён адказаў: “Яна навучыла мяне гутарыць з самім сабой”. А другі вучань — Арыстып, які паклаў пачатак школе геданістаў-кірэнаікаў, — на пытанне, што яму дала філасофія, адказаў: “Яна навучыла мяне размаўляць з іншымі людзьмі”.
Мець зносіны з сабой і мець зносіны з іншымі людзьмі — гэта тое, што заключана ў цяперашняй сістэме на аснове дыялогу, у якой працую я. Праз пытанні, найперш да самога сябе, мы прыходзім да разумення і неабходнасці задаваць пытанні знешняму свету.
Праз параўнанне свайго з чужым
— Відавочна, гэта добрая сістэма, з вельмі старажытнымі каранямі. Але, Андрэй Дзмітрыевіч, чаму яна не атрымала шырокага распаўсюджання? Занадта складаная або не ўсім дадзена?
— Вядома, яна не масавая. Масавасць спалучана з інфармацыяй і з лёгкасцю. А лёгкае тое, што ляжыць на паверхні. Эўрыстыка прымушае не столькі пашырыць сваю прысутнасць у знешнім свеце, колькі паглыбіцца ў сябе, адкрываць сябе. Гэта заўсёды складана.
Калі разглядаць з пункту гледжання арганізацыйных пытанняў, то спачатку мы павінны навучыць выкладчыка гэтай тэхналогіі. Прычым яна не дае шаблонаў, якія можна ўзя ць і прымяніць. Каб быць крэатыўным, выкладчык сам павінен навучыцца мяняцца, умець ствараць заданні ці прапаноўваць фрагменты заняткаў, якія дазволяць вучыць усіх аднолькава, але па-рознаму і раскрыць кожнага вучня.
Напрыклад, я лёгка прыдумваю эўрыстычныя заданні, але здараецца, што нейкае заданне складваецца за тыдзень. Але яно такое, што б’е не ў брыво, а ў вока. Такое рамяство не можа быць оптам ці ў розніцу расфасавана і ў зручным выглядзе пададзена спажыўцу. Магчыма, у гэтым і хаваецца адказ на ваша пытанне.
Ёсць праўда і ў тым, што сёння, калі бра ць агульнасусветны ўзровень, наймальніку не патрэбна шмат крэатыўшчыкаў, больш запатрабаваны выканаўцы. Я прывяду прыклады сістэм развіццёвага навучання, якія ў многім папярэднічалі з’яўленню сучасных дыдактычных эўрыстычных сістэм. Селестэн Фрэнэ, Марыя Мантэсоры, Рудольф Штайнер, якога называлі выбітным містыкам ХХ стагоддзя… Прапанаваныя імі сістэмы навучання так ці інакш былі арыентаваны на работу з унутраным светам, а не са знешнім. Ставілася задача менавіта вырасціць веды, а не даць іх вучню. Але сёння ў Францыі школ сістэмы Селестэна Фрэнэ ўсяго 5—7%. І гэта тычыцца ўсіх інавацыйных сістэм навучання — яны не сталі масавымі. Вядома, справа не ў фінансах і не ў тым, што гэта складана тэхналагічна (хаця гэта, сапраўды, складана). Мне ўяўляецца, што на рынку працы больш запатрабаваны спецыялісты, гатовыя дзейнічаць рэпрадуктыўна. Таму і распаўсюджанасць сістэм, якія рыхтуюць крэатыўшчыкаў, здольных браць адказнасць за свае рашэнні, не масавая.
— Вы сказалі, што эўрыстыка як сістэма павінна пранізваць увесь вучэбны працэс, а з іншага боку яна не для ўсіх. Як гэта можна спалучыць у вышэйшай школе?
— Эўрыстыка не з’яўляецца нейкім антыподам традыцыйнай сістэмы. Цалкам могуць існаваць і адна, і другая сістэма, бо нельга 100% людзей зрабіць творцамі. Але адна справа, калі табе падаюць гатовую “страву“ — бяры і спажывай! І тады асобасныя якасці, такія як крэатыўнасць, здольнасць ставіць мэты, аналізаваць, рэфлексаваць, запатрабаваны ў мінімальнай ступені. Так, мы развіваем памяць, мысленне, але па вялікім рахунку не выпрацоўваем у сабе адказнасці за стварэнне сваіх уласных ведаў. Эўрыстыка таксама абапіраецца на дасягненні чалавецтва, але яны выступаюць на другім этапе. На першым — сітуацыя адкрыцця, адкрыцця вучнем самога сябе і навакольнага свету. Вось і ўся розніца. Калі вучань сам складае план эксперымента, пачынаючы з пастаноўкі мэты і сэнсавага ўзроўню, ён ужо ўключаецца ў працэс стварэння свайго прадукту. Пазней супастаўляе ўласны прадукт з дасягненнямі чалавецтва — і эўрыка (знайшоў)! Менавіта ў гэтым параўнанні свайго з чужым і праяўляецца дыялагічнасць: мы вучымся весці дыялог, задаваць пытанні, выходзіць за межы свайго першапачатковага бачання. Вядома, для гэтага патрэбны намаганні, але вынік таго варты.
Паводле звестак Расійскага індэкса навуковага цытавання, прафесар А.Д.Кароль з’яўляецца адным з лідараў Беларусі па індэксе Хірша ў галіне “Народная адукацыя. Педагогіка”. Гэта найбольш цытуемы беларускі вучоны ў галіне педагогікі ў адпаведнасці з Google Scholar.
За 20-гадовую навукова-педагагічную практыку А.Д.Караля праз майстэрні эўрыстычнага навучання прайшлі дзясяткі тысяч вучняў і студэнтаў, тысячы педагогаў і выкладчыкаў. Пад яго кіраўніцтвам вучацца аспіранты і дактаранты.
За апошнія чатыры гады курс “Методыка навучання праз адкрыццё: як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава” прайшлі больш за 500 выкладчыкаў універсітэтаў і каледжаў. Вынікам удзелу сталі метадычныя распрацоўкі заняткаў, камплекты заданняў. На гэты час у актыве выкладчыкаў БДУ больш за 1000 метадычных распрацовак па розных дысцыплінах.
У пошуку цішыні
— Атрымліваецца, што, каб навучыцца шукаць хуткія і нестандартныя, а галоўнае, самастойныя адказы, трэба ўмець задаваць пытанні. Чаму гэта складана?
— Я лічу, што ёсць адзіны ўзрост у жыцці чалавека — гэта маленства (узрост “чамучак”), калі дзеці не захламлены знешняй інфармацыяй, праяўляюць шчырую зацікаўленасць і задаюць шыкоўныя пытанні. Я добра памятаю пытанні ад навучэнцаў пачатковай школы: “Чаму мы не бываем бессэнсоўнымі?”, “Веды — гэта пытанне ці адказ?”, “Ці можна не ведаць нічога?”… І гэта не нейкія там адораныя, а звычайныя дзеці. Іх здольнасць быць творцамі, быць супастаўляльнымі з Сусветам (прынцып падабенства Мікракосма і Макракосма, які нават ва ўсіх рэлігіях праходзіць скразной лініяй) якраз і ўвасабляецца ў дыдактычнай сістэме эўрыстыкі.
Калі выкладчыкі і студэнты ўцягваюцца ў працэс, то разумеюць, што самы першы этап — гэта адкінуць усё лішняе, чужое. Тады натуральным чынам адчыняюцца дзверы да свайго Я і з’яўляюцца пытанні.
Сістэма развівае здольнасць да запытальнасці, да пастаноўкі мэты, рэфлексіі. Чалавек знудзіўся па свайму (я бачу гэта па студэнтах і выкладчыках, і не толькі ў БДУ), бо вакол засілле чужога шуму. Вельмі часта, каб стварыць сваё, патрэбна маўчанне. Не ў прамым, а ў светапоглядным сэнсе — адгарадзіць сябе ад усяго нанесенага звонку.
— Лёгка было ў часы Сакрата: сядзі сабе, разважай… А як у бурным гарадскім жыцці стварыць вакол сябе такую неабходную цішыню?
— Намаганнямі! А што да Сакрата, то, як казаў класік, часы заўсёды аднолькавыя. Так, рытм жыцця паскараецца, аб’ёмы інфармацыі ў свеце падвойваюцца кожныя 18 месяцаў. Гэтая гонка прымушае нас быць адначасова ў самых розных месцах. Хаця яшчэ Платон папярэджваў: нельга адначасова мець зносіны са многімі людзьмі, бо гэта гібель дыялогу. І калі зводзіць зносіны да простай камунікацыі (а такога становіцца ўсё больш), то гэта прывядзе да страты чалавека. Як толькі нам бракуе часу, мы становімся чэрствымі, не чуем іншых людзей (эмпатыўна) і, робячы выснову крыху далей, не чуем саміх сябе. Наша ўнутраная прастора ператвараецца ў кропку. А кропкі, як вядома, аднолькавыя. Значыць, і людзі атрымліваюцца аднолькавыя. Напоўненыя шаблонным зместам, яны не могуць генерыраваць сваё — і гэта немагчымасць выйсці за свае межы, параўнаць сябе з іншымі людзьмі. Калі побач чалавек, які адрозніваецца ад мяне, я магу паглядзець на сябе яго вачыма. А калі ён такі ж, як і я, што я магу ўбачыць?!
Эўрыстыка якраз і дае магчымасць мець зносіны з самім сабой і адкрыць сябе. Так, гэта складана: выкапацца са знешніх намеценых гурбаў і паглядзець, хто ты ёсць. Але калі мы не будзем гэтага рабіць, мы ніколі сябе не зразумеем. А ў Сакрата, дарэчы, таксама было мноства праблем. Ён вучыў думаць нестандартна, выходзіць за межы традыцый і шаблонаў. Таму ў філосафа было многа ворагаў. Яго абвінавачвалі ў непавазе да багоў і нават у разбэшчванні юнацтва, бо лічылі, што ён падрывае асновы дэмакратыі Афін. А ў выніку прыгаварылі да смяротнага пакарання. Таму не варта вінаваціць час, магчымасць мець зносіны з сабой ёсць заўсёды. Важна толькі разумець, як гэта рабіць і навошта.
— Андрэй Дзмітрыевіч, у БДУ дзейнічае міжуніверсітэцкі партал крэатыўнай адукацыі. У вас ёсць аўтарскі курс па эўрыстыцы. І я чула вельмі добрыя водгукі пра яго. Раскажыце, калі ласка, пра змест гэтага курса і вашы асабістыя ўражанні.
— У БДУ ў мяне адзін вочны курс, але мне даводзілася праводзіць іншыя курсы, іх было ўжо каля паўтара дзясятка. Усе яны тэматычныя і арыентаваны на метадычныя рэчы, напрыклад, уменне складаць эўрыстычныя заданні ці інтэрнэт-заняткі, а таксама філасофскія і культуралагічныя.
Ва ўніверсітэце штогод праводзіцца курс “Тэхналогія эўрыстычнага навучання ў вышэйшай школе” і “Як вучыць усіх аднолькава, але па-рознаму”. Ён арганізацыйна-дзейнасны, заснаваны не на пасіўным успрыманні інфармацыі, а на стварэнні свайго, не на слуханні, а на дзеянні. Гэта заўсёды больш складана, таму што людзі прыходзяць не сядзець, а працаваць.
На кожным з этапаў (курс складаецца з чатырох семінараў) удзельнік займаецца пастаноўкай мэты, потым, зыходзячы з выступлення вядучага, атрымлівае заданне і распрацоўвае ўласны кантэнт. Пазней гэты кантэнт абмяркоўваецца ў групе, дапрацоўваецца і, нарэшце, праводзіцца рэфлексія. На выхадзе атрымліваецца прадукт, створаны самім чалавекам у адпаведнасці з пастаўленай ім жа мэтай. Гэта не нейкі шаблон, які заўсёды адрозніваецца ад таго, чаго насамрэч хоча чалавек, а выключна ўласны набытак. Гэта знешні бок працэсу. А ўнутраны бок — тое, наколькі мяняецца сам чалавек, яго кагнітыўныя, крэатыўныя, арганізацыйна-дзейнасныя здольнасці, наколькі лепш ён задае пытанні, рэфлексуе. Гэта тое, што дае магчымасць самарэалізавацца. Так, на маім курсе няпроста, эмоцыі зашкальваюць, здараюцца нават слёзы. Аднак гэта не проста белетрыстыка, а праяўленні зносін з самім сабой. Такая самарэалізацыя дарагога вартая, адсюль — матывацыя і жаданне дзейнічаць.
Такі курс не можа быць масавым. Немагчыма сабраць стадыён і ўсім зрабіць аднолькава добра, каэфіцыент карыснага дзеяння будзе нізкі. Значна важней, каб вядучы ўдзяліў увагу кожнаму чалавеку. Таму на семінар запрашаецца да 50 удзельнікаў. Па выніках выкладчык распрацоўвае свой комплекс па прадмеце ў выглядзе дапаможніка, фонду ацэначных сродкаў, інтэрнэт-заняткаў. Ён запускае сам сябе ў вельмі цікавае плаванне. І студэнты атрымліваюць ад яго магутны імпульс. Так працуе сістэма. Так з’яўляюцца вучэбныя праграмы, падручнікі, стандарты. Не зверху, а ад самога чалавека.
— А асабіста вы што атрымліваеце ад дыялогу з выкладчыкамі?
— Як вядучы я знаходжуся ў тых жа рамках і таксама стаўлю перад сабой мэты. Мая мэта — стварыць такое асяроддзе, дзе кожны мог бы сябе раскрыць. Па-другое, у зносінах я лепш пазнаю выкладчыкаў. Вядома, гэта не першачарговая, а хутчэй пабочная мэта. Для мяне як для кіраўніка, вучонага вельмі важна, каб прарастала тое, што сапраўды сёння патрэбна ў соцыуме.
Кухня адкрыццяў
— Андрэй Дзмітрыевіч, давайце падагульнім. Як працуе ідэальная кухня адкрыццяў?
— На першым этапе даецца магчымасць правесці свой эксперымент, выканаць адкрытае заданне, на якое няма адназначнага адказу. Колькі вучняў — столькі адказаў, і кожны будзе абапірацца на ўласны вопыт. Важна, што тут ёсць асобасна значны кампанент, які павышае матывацыю. А матывацыя, як вы ведаеце, — праблема на любой ступені адукацыі. Вучань (школьнік, студэнт) часта не разумее, навошта яму вялізны акіян інфармацыі. І калі даецца магчымасць стварыць штосьці сваё (даць уласную версію, прыдумаць слоган і інш.), гэта прыбірае бар’ер адчужэння паміж вучнем і адукацыйным асяроддзем.
На другім этапе ідзе параўнанне з культурна-гістарычным аналагам, з напрацоўкамі чалавецтва па канкрэтнай тэме. А далей — абагульненне. Вектар скіраваны ўжо не на вучня: мы не даём яму штосьці, а вырошчваем у ім сваё бачанне праз уласнае пазнанне. У той сістэме, дзе я з’яўляюся аўтарам і распрацоўшчыкам (эўрыстычнае навучанне на аснове дыялогу), дыялог будуецца на дамінанце пытанняў вучня.
Пытанне — гэта ўвогуле ўнікальная рэч. Гэта выхад за ўласныя межы, спосаб супаставіць сябе з навакольным светам, лепш пазнаць сябе. Пытанне значна глыбей характарызуе і фарміруе асобу, чым адказ. Адказ асацыіруецца з шаблонам, пытанне — з творчасцю.
Сёння такая сістэма навучання вельмі важная, і яе трэба развіваць. Інакш на выхадзе мы атрымаем маналагічных вучняў. Ісціна знаходзіцца не ў галаве аднаго чалавека, а ў дыялогу людзей. На многія пытанні няма гатовых адказаў, вучань і настаўнік павінны шукаць іх разам. Так і фарміруецца ўменне арыентавацца ў сітуацыі нявызначанасці.
Мне часта на семінарах задаюць пытанне: а ці не вымушаем мы вучняў вынаходзіць веласіпед? Не, эўрыстыка — гэта іншае. Дапамагаючы вучню праектаваць дзеянні, мы вучым яго ствараць сваё. І не факт, што вынікам будзе той самы веласіпед. Гэта можа быць куды больш сучасная і дасканалая канструкцыя.
Галіна СІДАРОВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА