Для Таццяны Кавалько прафесія стала творчасцю

- 11:27Персона

Педагог, настаўнік рытмікі і танцу, кіраўнік творчага аб’яднання па інтарэсах сярэдняй школы № 3 Навагрудка Таццяна Кавалько знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку.

Творчасць – гэта і ёсць яе прафесія. Ствараць сцэнічныя вобразы, ставіць танцавальныя нумары, сваімі рукамі шыць касцюмы для выступлення, аздабляць іх вышытымі ўзорамі, і самае галоўнае – вучыць усяму, што ўмееш, іншых. Ствараць прыгожае, несці дабро, паднімаць настрой, дапамагаць сваёй творчасцю людзям адкрываць лепшае, што ёсць у кожным з нас, – адказная справа, якую ўзяла на сябе педагог.  

Таццяна Аляксееўна скончыла ў 1989 годзе Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча па спецыяльнасці культурна-асветніцкая работа. Першыя пяць гадоў па заканчэнні ўстановы працавала дырэктарам Кашалеўскага цэнтральнага Дома культуры, а пасля прыйшла ў сярэднюю школу № 3 Навагрудка, дзе працуе ўжо 26 гадоў. Выдатнага педагога ведаюць не толькі ў школе, Таццяну Аляксееўну запрашаюць быць харэографам агульнагарадскіх святаў і прадстаўленняў. З павагай ставяцца калегі, вучні, нават тыя, што даўно скончылі школу, бацькі вучняў.

Педагагічнае майстэрства Таццяны Аляксееўны грунтуецца на прафесіяналізме, высокім культурным узроўні і багатым педагагічным вопыце. Яна валодае індывідуальным стылем навучання, умее рэалізаваць не толькі свой творчы патэнцыял, але і раскрыць усе таленты сваіх вучняў. Сакрэт асабістага поспеху настаўніцы схаваны ў яе чалавечых якасцях: быць лідарам, валодаць дарам вядзення дыялогу з дзецьмі і калегамі, мець актыўную жыццёвую пазіцыю, быць крэатыўнай, матываванай да пошуку і засваення новых тэхналогій, стварэння ўласных метадаў і прыёмаў навучання, заахвочваць астатніх на няспыннае развіццё.

На думку Т.А.Кавалько, навучанне ў сучаснай шоле – гэта супрацоўніцтва, сумесная дзейнасць педагога і вучня. Настаўнік і вучань з’яўляюцца партнёрамі ў навучальным працэсе. Відавочна, што такі чалавек, такая яркая асоба здольна аказаць уплыў на іншых, стаць цікавай для сваіх вучняў. Валодаючы харэаграфічным майстэрствам, уменнем складання і пастаноўкі танца, дзе мастацкі вобраз ствараецца з дапамогай умоўных выразных рухаў, педагог паказвае вучням, якім чынам мастацтва танцу адлюстроўвае жыццё ў яго самых разнастайных праявах.

Пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксееўны ў школе створаны творчыя аб’яднанні па інтарэсах для дзяцей розных узростаў: “3-джыкі” (2-і клас), “Непаседы” (3-і клас), “НоваDance” (5-ы клас), “Грацыя” (8-ы клас).

 

Для дасягнення высокіх вынікаў, лічыць настаўніца, самае важнае – зацікавіць дзяцей, паказаць важнасць, сфарміраваць разуменне таго, што і з якой мэтай, яны робяць. Таму для кожнай узроставай групы падбіраецца свая тэматыка, своеасаблівыя харэаграфічныя нумары.

Значнае месца ў прафесійнай дзейнасці педагога адведзена патрыятычнаму выхаванню моладзі. Таццяна Аляксееўна ведае, як выклікаць пазітыўныя духоўныя адносіны да гістарычнага гераічнага мінулага нашай краіны, культуры беларускага народа, роднай прыроды. За доўгія гады плённай працы была пастаўлена вялікая колькасць сцэнічных нумароў.

Танец “Прывітальная” знаёміць нас з самабытнай непаўторнай культурай Беларусі. Дзеці танцуюць з ручнікамі. Яны ведаюць, што, з’яўляючыся важным атрыбутам, ручнікі на працягу ўсёй гісторыі суправаджалі наш народ у розныя моманты жыцця: ад нараджэння да смерці. “Беларуская танцавальная” кампазіцыя знаёміць з традыцыйнымі народнымі танцамі беларусаў.

 На жаль, ёсць і трагічныя моманты ў гісторыі Радзімы. Вялікая Айчынная вайна, якая забрала жыццё кожнага трэцяга беларуса, заўсёды ў сэрцах нашых суайчыннікаў, як балючы напамін пра тыя страшныя гады. Харэаграфічны нумар “Хатынь” нагадвае пра ўсе спаленыя беларускія вескі, пра загінуўшых у іх бязвінных жыхарах: дзяцей, жанчын, старых.

Прыемна, калі праца прыносіць не толькі задавальненне, але і вынікі: шматлікія ўзнагароды, прызнанне калег і вучняў. У 2002 і 2011 гадах педагог узнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта. У 2013 годзе атрымала Грамату архіерэя Навагрудскай епархіі найсвяцейшага архіепіскапа Гурыя за плённае супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой. У 2004 годзе адзначана Ганаровай граматай Упраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту.

Але ж не толькі асабістыя дасягненні адлюстроўваюць высокае педагагічнае майстэрства Таццяны Аляксееўны, а яшчэ і тыя ўзнагароды, якія атрымліваюць яе вучні. Штогод выніковым становіцца ўдзел у раённых і абласных конкурсах, рэгіянальных фестывалях.

Асабліва запамінальным стаў удзел танцавальнай групы “НоваDance” у раённым этапе агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Харэаграфічная творчасць” у малодшай узроставай групе. Была праведзена значная папярэдняя работа па пастаўноўцы харэаграфічнага нумару, вырабе сцэнічных касцюмаў. Членаў журы не пакінуў абыякавымі танец “Хітрыя мышы”. Бадзёры настрой, зліццё музыкі і пластыкі, гарэзы-“мышы”, якія весела і бесклапотна гуляюць, – усё гэта нагадвае пра светлае і сонечнае дзяцінства. І, як вынік, – 1-е месца. На абласным этапе анлайн-конкурса гэты ж танцавальны нумар заняў 3-е месца.

У Таццяны Кавалько заўсёды безліч цікавых ідэй. Прадумаць фасоны, набыцць тканіны, пашыць сукенкі, спадніцы, кашулі – на любімую справу не шкадуе ні асабістага часу, ні ўласных сродкаў. Яркія касцюмы, запамінальныя вобразы, непаўторныя сцэнічныя нумары даўно сталі візітнай карткай педагога. 

Быць у цэнтры ўвагі, паказваць на ўласным прыкладзе паводзінамі, адзеннем, пазітыўным настроем, станам душы, як трэба жыць, тварыць, любіць сябе, жыццё, сваю прафесію – вось сапраўднае мастацтва, і гэтым мастацтвам Таццяна Аляксееўна валодае спаўна.

 

Дар’я КАРАВАЙ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Навагрудка”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий