Па імені абраза

- 10:10В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Крыніца “Крупецкая” знаходзіцца ў Мінску на праспекце Пераможцаў, 82, у мікрараёне Вяснянка, у паркавай зоне, на тэрыторыі былога маёнтка Крупцы. Бадай, гэта самая вядомая святая крыніца ў Мінску. Здаўна лічылася, што вада з яе дапамагае ад розных захворванняў, у тым ліку ад хваробы вачэй.

Згодна з паданнем, у месцы, дзе знаходзіцца крыніца, у 1612 годзе адбылося цудоўнае з’яўленне іконы Божай Маці, якая атрымала назву “Крупецкая”. У гонар абраза пабудавалі капліцу, куды і змясцілі знойдзеную святыню. З часам Крупецкая ікона праславілася як цудадзейная.

У 1856 годзе па ініцыятыве мінскага губернатара Шклярэвіча на месцы старой капліцы пабудавалі вялікую царкву і асвяцілі яе ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Але, паколькі храм быў драўляны і не ацяпляўся, богаслужэнні тут здзяйсняліся толькі летам. Каб веруючыя мелі магчымасць круглы год пакланяцца цудадзейнаму абразу, пачынаючы з 1884 года штогод ікону 14 кастрычніка хрэсным ходам пераносілі ў Мінск у Крыжовую царкву архіерэйскага падвор’я, а 19 мая вярталі назад у Крупцы. Традыцыі гэтых урачыстых хрэсных ходаў былі спынены ваеннымі і рэвалюцыйнымі ўзрушэннямі пачатку ХХ ст. Тады ж і царкву ў Крупцах закрылі, а ў 1936 годзе яна была разбурана. Крупецкая ікона Божай Маці была згублена…

А вось крыніца працягвала вабіць да сябе людзей — веруючых і хворых. Да яе прыязджалі нават здалёк, сяліліся на кватэрах і хадзілі прамываць вочы.

З 1992 года пачалася дзейнасць па адраджэнні Свята-Пакроўскай царквы і святой крыніцы. Спачатку праваслаўнае брацтва ў імя Архістратыга Божага Міхаіла, створанае пры Мінскай епархіі, пабудавала капліцу Пакрова Прасвятой Багародзіцы і ўсталявала двухметровы васьміканцовы крыж. Пазней быў асвечаны невялікі храм у гонар Крупецкай іконы Божай Маці. Тут ля алтара, у ківоце, змешчаны спіс са старажытнага цудадзейнага абраза Прасвятой Багародзіцы (першая палова ХІХ ст.), у 1993 годзе перададзены ў дар са Спаса-Праабражэнскага храма пасёлка Ракаў. Цяпер побач з Крупецкай царквой узнесліся Свята-Пакроўскі храм і званіца, якія сталі ўпрыгажэннем сталіцы.

22 чэрвеня 2006 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт асвяціў крыптавы храм у гонар Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх, а ў наступным годзе, у Светлую Сядміцу Вялікадня, быў асвечаны і галоўны прастол Пакроўскага храма.

Алена ХАРАШЭВІЧ

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий