Хто такі філосаф, што такое філасофія і чаму яна неабходна сучаснаму чалавеку — дакладна ведае кандыдат філасофскіх навук намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ілья Мікалаевіч Калядка.
Яму ўсяго толькі 30 гадоў, і ўжо 15 з іх доўжыцца яго раман з філасофіяй. Пачалася любоў да гэтай навукі ў старшых класах сярэдняй школы № 7 Слуцка (сёння гэта гімназія № 2) з гісторыі і грамадазнаўства і настаўніцы Алены Адамаўны Аржынскай. Дзякуючы цікавым урокам і пільнай падрыхтоўцы, юнак неаднаразова прымаў удзел у прадметных алімпіядах. Лёгка паступіў на аддзяленне тэалогіі гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. “Па першай адукацыі я спецыяліст у галіне рэлігіязнаўства. Але ў час вучобы, дзякуючы доктару філасофскіх навук Міхаілу Аляксандравічу Слямнёву, мая цікавасць была прыкавана да філасофіі, тым больш яна і тэалогія блізкія па змесце і праблематыцы, — расказаў І.Калядка. — А яшчэ на мой выбар прафесійнага шляху паўплываў тата Мікалай Сяргеевіч Калядка, які пэўны час быў дырэктарам адной са слуцкіх школ, а зараз — выкладчык каледжа”.
Пасля Ілья Мікалаевіч накіраваўся ў магістратуру, праўда, БДУ. “З 2015 года пачынаецца мой прафесійны шлях у філасофію ўжо на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. Там вялікі ўплыў на мяне аказаў мой навуковы кіраўнік прафесар Анатоль Ізотавіч Зелянкоў. З паступленнем у магістратуру склалася і кола маіх навуковых інтарэсаў, якія тычыліся праблем сацыяльнай філасофіі, сацыяльнай дынамікі, філасофіі цывілізацыі, праблем развіцця грамадства. Таму і магістарская дысертацыя, якую я паспяхова абараніў у 2015 годзе, мела характэрную назву “Філасофія крызісу як феномен культуры постсучаснасці”. У ёй я даследаваў і вывучаў складаныя пераходныя крызісныя этапы развіцця грамадства”, — адзначыў Ілья Мікалаевіч.
У далейшым яго акадэмічная кар’ера некаторы час была звязана з работай на пасадзе навуковага супрацоўніка Цэнтра філасофска-метадалагічных і міждысцыплінарных даследаванняў Інстытута філасофіі НАН Беларусі. І гэта стала трыгерам, каб канчаткова вызначыцца з далейшым кар’ерным шляхам. У 2015 годзе ён паступіў у аспірантуру на кафедру філасофіі і метадалогіі навукі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Сацыяльная філасофія”. “З гэтага моманту пачынаецца актыўная навукова-даследчая дзейнасць. Тры гады навучання ў аспірантуры дазволілі азнаёміцца з філасофскімі таварыствамі Беларусі і Расіі ў час шматлікіх сумесных праектаў, — прыгадаў выкладчык. — Праблематыка маіх навуковых даследаванняў была звязана з пераходнымі этапамі развіцця грамадства, праблемамі яго трансфармацыі і мадэрнізацыі. У 2020 годзе я абараніў кандыдацкую дысертацыю “Феномен крызісу ў сацыякультурным развіцці сучасных грамадстваў” і атрымаў вучоную ступень кандыдата філасофскіх навук”.
Ілья Калядка:
“Задача выкладчыка — не проста зацікавіць філасофіяй, а прывіць студэнтам культуру мыслення”.
Дарэчы, у сваёй кандыдацкай І.Калядка паспрабаваў даць навукова-філасофскае абгрунтаванне такому феномену, як крызіс: “Мы часта чуем, што любы крызіс для чалавека і грамадства небяспечны. Аднак у той жа час крызіс утрымлівае ў сабе не толькі патэнцыял разбурэння нечага старога, але і сілы, магчымасці для нараджэння нечага новага, крэатыўнага і творчага. І тым самым ён становіцца пэўным механізмам развіцця грамадства і культуры. Крызісы здараюцца не проста так, яны заўсёды дапамагаюць нарадзіцца новым каштоўнасцям і стратэгіям развіцця грамадства. Крызісы — крыніцы не толькі забыцця і заняпаду, але і спрыяльных канструктыўных трансфармацый грамадства. Таму асноўная ідэя, якая закладзена і абгрунтавана ў маёй дысертацыі, звязана з выяўленнем такой дваякай прыроды крызісу”.
Зараз Ілья Мікалаевіч працягвае даследаваць крызісную праблематыку і, нягледзячы на сваю высокую занятасць на пасадзе намесніка дэкана, займаецца навуковымі даследаваннямі. “З 2021 года я з’яўляюся кіраўніком сумеснага праекта з расійскімі калегамі па даследаванні спадчыны вядомага філосафа і вучонага Вячаслава Сцёпіна, які ўдзяляў вялікую ўвагу праблеме выклікаў цывілізацыі, што і мне вельмі блізка”, — дадаў кандыдат філасофскіх навук.
З 2018 года Ілья Калядка выкладае спецыяльныя дысцыпліны для студэнтаў-філосафаў і студэнтаў прыродазнаўчанавуковых і гуманітарных факультэтаў БДУ. Адна з любімых — агульны курс “Філасофія”, які ён чытае і на іншых спецыяльнасцях і факультэтах БДУ. “Філасофія чытаецца не для філосафаў, і задача выкладчыка — не проста зацікавіць гэтай навукай, а прывіць студэнтам культуру мыслення, прадставіўшы яе неабходным кампанентам як універсітэцкай адукацыі, так і асобаснай культуры. А заадно паказаць, як з дапамогай філасофіі можна, так бы мовіць, пракачаць свой розум і развіць мысленне, якое з часам стане больш гнуткім, сістэмным і рацыянальным, з’явіцца здольнасць да крытычнай рэфлексіі — ацэнкі тых ці іншых падзей, з’яў і г.д. У сучасным інфармацыйным грамадстве, дзе шмат розных маніпуляцый, важна ўмець глядзець на свет больш рацыянальна, узважана і ўмець ацэньваць інфармацыю”, — падкрэсліў ён.
Ілья Мікалаевіч перакананы, што іх нешматлікае філасофскае таварыства — унікальнае, бо ў яго складзе заўсёды людзі матываваныя і зацікаўленыя. “Мы працуем не толькі са студэнтамі, але і са старшакласнікамі ў школе юнага філосафа, стараемся ім паказаць, што філасофія — гэта цікава і захапляльна, бо людзі, якія вывучалі яе, будуць прымаць узважаныя рашэнні і тым самым уплываць на развіццё грамадства, — дадаў выкладчык. — Філасофія — не рэтраградная дысцыпліна. Сёння філосафам быць зусім не сорамна, а вельмі нават карысна. Мы заўсёды рады юнакам і дзяўчатам, якія цікавяцца філасофіяй, стараемся ім дапамагчы спазнаць яе, каб у будучыні яны маглі прыйсці на наш факультэт філасофіі і сацыяльных навук, дзе, прынамсі, рэалізуецца адзіная ў краіне акадэмічная падрыхтоўка прафесійных філосафаў”.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега Ігнатовіча