Цеплыня і душэўнасць — кожнаму

- 11:15Персона

Вопыт Ашмянскага раёна ў падтрымцы маладых спецыялістаў дастойны пераймання. Так званая замацаванасць пачынаючых педагогаў тут дасягае 87 працэнтаў. І гэта лепшы паказчык на Гродзеншчыне, ды і ў краіне, напэўна, таксама.

Па дарозе ў Ашмяны спрабавала разгадаць, у чым сакрэт такога поспеху. Па факце ўсё аказалася і проста, і складана адначасова. Поспех — у людзях. Іх прафесіяналізме, самаадданасці і душэўнасці. Тут апякуюць кожнага маладога настаўніка.

Індывідуальны падыход

В.С.Вербіловіч.

Стварэнне ўмоў для замацавання маладых спецыялістаў на Ашмяншчыне — у прыярытэце. Як заўважыла начальнік упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлана Баркоўская, у рэгіёне даўно склалася сістэма падтрымкі, у аснове якой — індывідуальны падыход. “Трымаем на кантролі кожную праблему пачынаючага настаўніка. Усе спецыялісты аддзела адукацыі заўсёды з імі на сувязі. Гэта, канечне, няпроста, але ў аснове даверу — чалавеч­насць і цеплыня. А ў нас з усімі даверлівыя адносіны, што ўмацоўвае прафесійныя сувязі”, — адзначыла Святлана Мікалаеўна.

“Так, без увагі ніхто не застаецца. Дапамагаем парадай, справай, тлумачым усе сацыяльныя выгоды для маладых спецыялістаў, расказвам пра заробкі. А іншы раз даво­дзіцца проста супакоіць, таму са­дзімся і разбіраемся ў праблеме. Гэта жыццё, і ўсе мы людзі, — падключылася галоўны спецыяліст упраўлення (адказвае за кадры) Лілія Малашкевіч.

За пяць гадоў ва ўстановах адукацыі Ашмянскага раёна пачалі працаваць 192 маладыя спецыялісты (45 прыбылі ў 2021 го­дзе). “Колькасць выпускнікоў, якія прыбылі ў раён (і вучыліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі), застаецца на даволі высокім узроўні — ад 42% да 69%. Больш за 80% маладых педагогаў, якія штогод пачынаюць свой прафесійны шлях, з’яўляюцца ўраджэнцамі раёна. А ў 2020 годзе гэтая лічба дасягнула 100%”, — працягвала Лілія Іванаўна.

Прафілізацыя і мэтавая падрыхтоўка

Як адзначылі ва ўпраўленні адукацыі, самым дзейсным механізмам падрыхтоўкі педагагічных кадраў з’яўляецца навучанне выпускнікоў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Ва ўпраўленні адукацыі Ашмянскага райвыканкама традыцыйна праводзіцца субяседаванне з выпускнікамі школ і іх законнымі прадстаўнікамі, якія хочуць паступаць на ўмовах такой падрыхтоўкі.

“За пяць гадоў заключана 108 дагавораў на мэтавую падрыхтоўку з установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (у 2021 годзе — 20). У мінулым годзе мэтавыя дагаворы заключаліся па найбольш запатрабаваных у раёне спецыяльнасцях: матэматыка, інфарматыка, дашкольная адукацыя, замежная мова. Мэтанакіравана ў гэтым плане працуюць у Кальчунскай сярэдняй школе, выпускнікі якой штогод паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці. У 2019 годзе 2 з 11 выпускнікоў паступілі па мэтавых накіраваннях і яшчэ тры — на педспецыяльнасці, у 2020 годзе — 4 з 13, у 2021 — 4 з 8 выпускнікоў выбралі педагагічны напрамак. Калі яны вяртаюцца ў раён і размяркоўваюцца па школах, то атрымліваюць грашовую падтрымку і жыллё, калі неабходна”, — расказала Л.І.Малашкевіч.

Павышэнню прэстыжу педагагічнай прафесіі са­дзейнічае функцыянаванне педагагічных класаў. “З 2016 года ва ўстановах адукацыі раёна арганізавана работа профільных груп педагагічнай накіраванасці ў пяці ўстановах адукацыі (36% ад агульнай колькасці), што дазваляе павялі­чыць працэнт паступлення выпускнікоў школ на педагагічныя спецыяльнасці. Штогод больш за 20% выпускнікоў паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на пед спецыяльнасці. Гэта дазваляе забяспечыць раён кадрамі — выхадцамі з раёна.

Паспяховасць навучэнцаў і педагогаў педкласаў пацвярджаецца ўдзелам і перамогамі ў форумах і фестывалях. Летам мінулага года чатыры прадстаўнікі нашых профільных груп педнакіраванасці сталі ўдзельнікамі профільнага лагера “Прафстарт”. Неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі і дыпламантамі фестывалю педкласаў, які праводзіцца на педагагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Наведваем педагагічны форум “ПедСТАРТ” для настаўнікаў, якія выкладаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, прымаем удзел у алімпіядзе ГрДУ імя Янкі Купалы па псіхалогіі”, — падключылася да размовы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Ганна Амбражэвіч.

Сетка школ для пачынаючых

Асаблівае месца ў рабоце з маладымі настаўнікамі займае метадычная работа. Як адзначыла загадчыца РВМК Вольга Барысенка-Рабко, у раёне арганізавана работа некалькіх школ для маладых спецыялістаў.

Д.Г.Дорняк.

“У нас працуюць школы для пачынаючых настаўнікаў “Я — дэфектолаг”, школа маладога настаўніка, класнага кіраўніка, школа маладога педагога для выхавальнікаў устаноў да­школьнай адукацыі. Арганізавана работа клуба “Савет узаемадапамогі” для педагогаў сацыяльных, педагогаў-псіхолагаў. У рамках кожнай школы працуюць кірункі “Малады спецыяліст — маладому калегу”, “Вопытныя педагогі — маладым”. На кожным метадычным аб’яднанні маладым настаўнікам удзяляецца асаблівая ўвага”, — падкрэсліла Вольга Іванаўна.

Яна ж сочыць за своечасовасцю павышэння кваліфікацыі маладых спецыялістаў. Праз курсы павышэння кваліфікацыі маладыя настаўнікі Ашмяншчыны праходзяць рэгулярна. Яны ўдасканальваюць свае прафесійныя кампетэнцыі як арганізатары, класныя кіраўнікі, вывучаюць асаблівасці прафесійнага і асобаснага росту педагагічных работнікаў, асвойваюць сучасныя падыходы да рэалізацыі асноўных напрамкаў выхавання навучэнцаў.

Выхавальнікі груп прадоўжанага дня вывуча­юць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групе прадоўжанага дня, а педагогі дадатковай адукацыі — сучасныя падыходы і праектаванне дзейнасці педагога дадатковай адукацыі. Усіх цікавіць прафесійная самарэалізацыя маладога педагога, асаблівасці арганізацыі ўрокаў па сваім прадмеце, таму раённы метадычны кабінет пастаянна арганізуе прадметныя метадычныя пасяджэнні.

“Штогод маладыя спецыялісты прадстаўляюць наш раён на абласным фестывалі “Прызванне — педагог” для маладых спецыялістаў. Акрамя таго, у нас даўно існуе штогадовы раённы конкурс “Адкрыццё”, які праводзіцца для маладых спецыялістаў. Мы ўсімі сіламі стараемся падтрымліваць таленты нашых пачынаючых настаўнікаў. І вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна за падтрымку ўсіх ініцыятыў і за тое, што знаходзіць час для ўдзелу ў розных мерапрыемствах. Гэта вельмі важна, бо дае магчымасць нашым маладым настаўнікам адчуваць сябе запатрабаванымі”, — адзначыла В.І.Барысенка-Рабко.

Натхненне — у вучнях

Апісаная сістэма работы з маладымі настаўнікамі знайшла сваё пацвярджэнне пры знаёмстве з імі ў навучальных установах.

Першая сустрэча адбылася ў Ашмянскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе працуе Валянціна Вербіловіч. Валянціна Станіславаўна ўжо вырасла з катэгорыі маладога спецыяліста, але яе прафесійны шлях дакладна дэманструе тую зладжаную работу, якая вядзецца з пачынаючымі настаўнікамі. Як адзначыла дырэктар цэнтра Ірына Буйніцкая, калі Валянціна Станіславаўна толькі да іх прыйшла, то нават дзяцей пабойвалася. Але падтрымка адміністрацыі, парады калег, іх чалавеч­насць і душэўнасць дапамаглі дзяўчыне раскрыцца.

П.Л.Тармасевіч.

У адзін выдатны момант яна адчула сябе педагогам, да якога выхаванцы звяртаюцца па параду, пераймаюць уменні і вопыт. Ужо некалькі гадоў Валянціна Станіславаўна выкладае графіку, жывапіс, кампазіцыю (а некаторых паспяхова рыхтуе да паступлення ў профільныя навучальныя ўстановы). Акрамя таго, у цэнтры яна развівае дэкаратыўна-прыкладную дзей­насць — папяровую пластыку, разьбу па гіпсе. Работы яе выхаванцаў перамагаюць у самых розных конкурсах, што натхняе на далейшае развіццё і ўдасканаленне.

У сярэдняй школе № 3 Ашмян працуе маладая настаўніца біялогіі Дзіяна Дорняк. Дзіяна Генадзьеўна — выпускніца гэтай школы. І на маё пытанне “Як вам працуецца ў роднай школе?” адказала, што вельмі камфортна. Яшчэ вучаніцай Дзіяна захапілася біялогіяй дзякуючы сваёй настаўніцы намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Алене Кумпіцкай. Менавіта Алена Анатольеўна стала прыкладам для дзяўчыны. Цяпер яны калегі і Алена Анатольеўна з’яўляецца дарадчыкам маладой настаўніцы.

Дзіяна Генадзьеўна працуе другі год, але за гэты час паспела прая­віць сябе прафесіяналам. Яе вучні — удзельнікі і пераможцы даследчых канферэнцый раённага ўзроўню. Свае ўрокі маладая настаўніца будуе па класічных канонах, разам з тым спрабуе выкарыстоў­ваць сучасныя тэхналогіі. Прынамсі, і ёй, і яе вучням падабаюцца даследчыя праекты, у аснове якіх — мясцовы матэрыял. “Назіраць за біялагічнымі працэсамі і афармляць атрыманыя даныя, як сапраўдныя навукоўцы, — вельмі цікава! Гэта натхняе і павышае матывацыю”, — заўважыла маладая настаўніца. Яшчэ Дзіяна Генадзьеўна з’яўляецца класным кіраўніком 10 класа. “Нягледзячы на некаторыя цяжкасці, мне вельмі падабаецца быць настаўніцай”, — рэзюмавала Дзіяна Дорняк.

Павел Леанідавіч Тармасевіч працуе настаўнікам фізікі ў Гальшанскай сярэдняй школе. Педагагічная дзейнасць маладому настаўніку вельмі падабаецца. “Важна правільна выбудаваць адносіны з дзецьмі. Вучням часам няпроста маладога хлопца ўспрымаць адразу як настаўніка. Тут усім патрэбен час: і мне, і ім. У выніку мы справіліся”, — заўважыў Павел Леанідавіч.

Насамрэч дзеці вельмі любяць маладых настаўнікаў. Яны іх натхняюць сваёй бадзёрасцю і аптымізмам. Акрамя таго, маладыя педагогі імкнуцца выкарыстоўваць перадавыя педагагічныя тэхналогіі і сучасныя формы навучання. Павел Леанідавіч таксама імкнецца быць сучасным настаўнікам, таму на яго ўроках выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — звыклая з’ява. “Магчымасці камп’ютараў, тэлефонаў з інтэрнэтам пашыраюць кругагляд вучняў, асабліва калі трэба зразумець складаную фізічную з’яву”, — лічыць настаўнік. І з ім цяжка не пагадзіцца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий