Святлана ПРАСТАКЕВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія г. Ляхавічы”,
Брэсцкая вобласць
Вядучы 1:
Быць беларусам –
Гэта значыць
Свайго ні гуку не забыць,
Усё чужое перайначыць,
Каб Беларусі вечнай быць!
Вядучы 2:
Быць беларусам –
Гэта значыць
Вясёла з сумнай долі кпіць,
Да Бога сцежку верай значыць,
Нагбом з карца надзеі піць.
Вядучы 1:
Быць беларусам –
Гэта значыць
За родны край згараць на дым…
Вядучы 2:
Па-беларуску чуць і бачыць
На гэтым свеце і на тым.
Рыгор Барадулін
Вядучы 1:
Пачынаем паэтычную гасцёўню “Быць беларусам…” Што гэта значыць? Любіць свой край, паважаць людзей, што тут жывуць, і, канечне, шанаваць родную мову.
Вядучы 2:
Што можа зрабіць беларус для сваёй мовы? Толькі адно – размаўляць на ёй! Альбо спяваць!
Песня “Малітва” на словы Янкі Купалы.
Вядучы 1:
Родныя гукі…
З гукаў – родныя словы…
Са словаў – песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.
Кандрат Крапіва. “Дзед і Баба”. Інсцэніроўка.
Вядучы 1:
Баек многа не бывае.
Кандрат Крапіва. “Ганарысты парсюк”.
Вядучы 1:
Народ здаўна ведаў, якія рысы характару трэба выхоўваць у дзяцей, якія жыццёвыя погляды на жыццё прывіваць ім.
Вядучы 2:
Але ўсё мяняецца. І сёння некаторыя дарослыя выхоўваюць дзяцей з дапамогай грошай. Што з гэтага можа атрымацца? А вось паслухайце…
Ніл Гілевіч. “Казка без канца – для школы і для дому – пра Дзіму Ласунца і пра бабулю Домну”.
Вядучы 1:
Я не ганю землі чужыя, –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Вядучы 2:
Так карцела – сляза закіпала, –
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк…
Вядучы 1:
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
Вядучы 2:
Хіба душы свае не лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс праз вякі народ?
Вядучы 1:
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць…
Вядучы 2:
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
Вядучы 1:
Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае…
Вядучы 2:
… – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць…
Рыгор Барадулін. “Трэба дома бываць часцей”.
Вядучы 1:
Так, трэба дома бываць часцей. А што нас чакае дома? Канечне, пачастунак!
“Кулінарнае лірычнае адступленне” з паэмы Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”.
Вядучы 1:
“Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы ‒ бедны чалавек”, – лічыў Якуб Колас.
Вядучы 2:
“Чалавек з зямлёй зрастаецца, як дрэва: ссячы дрэўца – засохне, адбяры ў чалавека зямлю – згіне”, – пісаў Янка Купала.
Алесь Разанаў. “Дрэвы”.
Вядучы 1:
Ёсць адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга.
Вядучы 2:
Любіце гэтую святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна.
Ніл Гілевіч. “Крумкач”.
Вядучы 1:
Не цалавала рук
нікому я ў жыцці,
Табе ж, мая зямля,
Я цалавала б ногі…
Вядучы 2:
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы – як чароўны лек.
Вядучы 1:
За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім –
Вядучы 2:
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты – мой, я – твой: усюды і ва ўсім!
“Паэтычнае лірычнае адступленне” з паэмы Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”.
Вядучы 1:
Шануй чужое аж да пакланення,
Вядучы 2:
… сваё любі да самазабыцця.