Роднае слова — гаючае і пяючае

- 16:09В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Напярэдадні Дня роднай мовы давайце звернем увагу на філолагаў — спецыялістаў, якія ведаюць усе асаблівасці мовы, яе правілы, структуру, заканамернасці і гісторыю. А заадно высветлім, дзе можна атрымаць філалагічную адукацыю і кім працуюць спецыялісты з такім дыпломам.

Штогод мы адзначаем Дзень роднай мовы 21 лютага. Міжнародным гэтае свята стала ў 1999 годзе па рашэнні ЮНЕСКА. Зараз у нашым рознагалосым свеце налічваецца каля шасці тысяч моў, аднак палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы. Гэтае свята стала нагодай кожнаму задумацца пра лёс той, адзі­най, якую мы завём матчынай. Беларуская мова ўнікальная: жывая, мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная, самабытная і адметная, моцная, распаўсюджаная і, што вельмі важна, абароненая заканадаўствам. Але пры гэтым няма гарантыі, што ў хуткім часе яна не трапіць у спіс моў, гатовых знік­нуць. Каб гэтага не здарылася, шмат намаганняў прыкладаюць настаўнікі і выкладчыкі, мова- і літаратуразнаўцы, лінгвісты і філолагі. Калі і вы любіце праца­ваць са словам, але не ведаеце, куды скіравацца, каб удаскана­ліць свае філалагічныя веды, чытайце ўважліва наш артыкул, і адказы самі знойдуцца.

Флагман філалагічнай навукі

Філфак БДУ — галоўны і самы вялікі факультэт краіны па падрыхтоўцы філолагаў. “Філфаку БДУ больш за 80 гадоў, ён адзін з самых шматлікіх факультэтаў універсітэта. Зараз у нас вучыцца каля 1,5 тысячы беларускіх і замежных студэнтаў, — падкрэсліў дэкан факультэта Сяргей Аляксандравіч Важнік. — Нашы студэнты атрымліваюць адукацыю па 6 спецыяльнасцях: гэта традыцыйныя руская і беларуская філалогія, рамана-германская, усходняя (кітайская), класічная філалогія і славянская. Прычым па славістыцы з намі могуць параўнацца толькі Маскоўскі ўніверсітэт імя М.В.Ламаносава і Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. А таму філфак БДУ — гэта вядучы славістычны цэнтр ва Усходняй Еўропе”.

І хоць паступіць у БДУ вельмі складана, затое пасля яго выпускнікі з лёгкасцю рэалізоўваюць сябе ў самых розных сферах. “У сярэдніх і вышэйшых установах адукацыі, органах кіравання, лагістыцы, навуковых цэнтрах кшталту Акадэміі навук, літаратурных музеях, рэдакцыях газет, радыё і тэлебачання, турыстычных кампаніях і г.д., — патлумачыў Сяргей Аляксандравіч. — Сёлета ўступная кампанія пройдзе без змяненняў, з усімі яе нюансамі можна азнаёміцца на сайце нашага факультэта. А вось у 2023 годзе мы пачнём прымаць абітурыентаў яшчэ і па выніках прадметнай алімпіяды. Спадзяёмся, што філфак БДУ і далей будзе заставацца флагманам філалагічнай навукі нашай краіны”.

Навучыць вучыцца

Калі ж вы марыце не проста дасканала вывучаць мовы, а і перада­ваць свае веды будучым пакаленням, то вам дарога на філфак БДПУ імя Максіма Танка. Ён заўсёды быў перадавым у філалагічнай і педагагічнай адукацыі, а яго выпускнікі — шматлікія вядомыя народныя паэты, вучоныя, культурныя дзеячы. Сёння там на дзённай форме навучання — каля 500 сту­дэнтаў, якія вучацца па чатырох спецыяльнасцях: “Беларуская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура”, “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”, “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская, кітайская)”. Трэцяя частка студэнтаў — замежныя навучэнцы з Кітая і Турк­меністана.

— Наш факультэт уні­версальны, паколькі мы вучым студэнтаў як роднай мове, так і замежным (кітайскай, англійскай). Жыццё педагога шматграннае і цікавае, таму, думаю, людзі, якія да нас прыходзяць, невыпадковыя, многія з іх — выпускнікі педкласаў. Яны мэтанакіравана выбіраюць нас, маючы ўяўленне пра педагагічную прафесію. Да таго ж яны маюць ільготы пры паступленні. Напрыклад, медалісты залічваюцца без экзаменаў па субяседаванні, — адзначыла намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Алена Паўлаўна Жыганава. — Але радуе тэндэнцыя, што студэнты, якія паступаюць па агульным конкурсе, таксама маюць вельмі высокі бал, таму паступіць да нас з нізкім балам стала немагчыма. Хацелася б, каб да нас прыходзіла больш ра­зумных і моцных людзей, гатовых працаваць з дзецьмі, выхоўваць іх, умець наладжваць зносіны з імі, перадаваць свае веды, вучыць і вучыцца — карацей, тых, хто будзе гарэць прафесіяй. Таму што вывучыць можна ўсё, а вось навучыць вучыцца дадзена адзінкам. Чакаем менавіта такіх людзей.

Перспектыўная спецыяльнасць у Брэсце

Калі ж вы, наш сёлетні абітурыент, не збіраецеся пакараць сталіцу, аднак маеце вялікае жаданне стаць філолагам, то раім звярнуць увагу на абласныя ўніверсітэты.

— Вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна — вельмі прэ­стыжна, і пра гэта свед­чыць вялікая колькасць замежных студэнтаў з Туркменістана, Кітая, Славакіі, — не без гонару расказаў намеснік дэкана філалагічнага факультэта па вучэбнай рабоце Валянцін Мікалаевіч Смаль. — Мы запрашаем абітурыентаў на такія спецыяльнасці, як “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”, “Беларуская філалогія” і “Руская філалогія” з напрамкам “Літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць”. Сёлета будзе адкрыты набор на вельмі перспектыўную спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя”, яе выпускнікі змогуць працаваць у прэс-службах, рэкламных агенцтвах, СМІ, розных міністэрствах і ведамствах. Каб паступіць да нас, неабходна добра здаць ЦТ па беларускай альбо рускай мове, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве. Мы вельмі чакаем творчых, ініцыятыўных, рознабаковых — тых, з кім будзе цікава працаваць і ствараць новыя праекты.

Філфакаўская сям’я Гродна

На філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы можна авалодаць спецыяльнасцямі “Руская і беларуская філалогія”, “Сучасныя замежныя мовы” і “Рамана-германская філалогія”.

— Многія студэнты свядома выбіраюць наш універсітэт. Пра гэта сведчыць той факт, што летась да нас пры­ехалі абітурыенты з усіх абласных цэнтраў краіны. Кожнага студэнта мы вядзём, як дзіця, усе 4 гады навучання. Цёплы і сямейны клімат склаўся на рускай і беларускай філалогіі, — пераканана дэкан факультэта Святлана Віктараўна Ганчар. — Другі год у нас працуе лічбавы кабінет абітурыента, дзякуючы якому мы ўжо з верасня працуем з абітурыентамі, кансультуем іх, яны пытаюцца пра розніцу паміж спецыяльнасцямі, пра ўнутраныя экзамены, балы і г.д. Рэдка здараецца, што да нас прыносяць дакументы абітурыенты, якіх мы ўвогуле не ведаем. Магчыма, таму мы і становімся адной вялікай філфакаўскай сям’ёй.

На рытарычнае пытанне, навошта сёння патрэбны філолаг, С.В.Ганчар адказала так: “Ролю філалагічнай адукацыі прынята неда­ацэньваць у грамадстве. Аднак пры тым, што сёння мы ўсё больш і больш перахо­дзім на камп’ютарныя сістэмы, ніхто не адмяняў прыгожай і пісьменна пастаўленай мовы. Чалавека ад жывёлы адрознівае мова, а там, дзе мова, — там філолагі. Словам можна і параніць, і выле­чыць, і натхніць, а наша задача — навучыць такім словам, а таксама патлумачыць усю магутнасць і небяспеку гэтага інструмента. Філолагі бу­­дуць неабходны заўсёды, хто б і што ні гаварыў. І нават калі пэўныя функцыі будуць аўтаматызаваны, то гэта дазво­ліць нам рэалізоўваць больш шырока свой творчы патэнцыял”.

Філфак — цудоўная стартавая пляцоўка для кар’еры ва ўсіх сферах, дзе шануецца слова.

“Загавары, каб я цябе ўбачыў” 

Дарэчы, для жадаючых атрымаць вышэйшую філалагічную адукацыю пасля заканчэння педагагічных каледжаў па скарочаным тэрміне таксама знойдуцца варыянты ў беларускіх універсітэтах. Адзін з іх прапаноўвае Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. На яго філфаку таксама рыхтуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства, камп’ютарнай філалогіі, літаратурнага рэдагавання і выкладчыкаў замежных моў.

— Нашы студэнты ат­рымліваюць двайную ква­ліфікацыю, якая пашырае магчымасці для працаўладкавання. Напрыклад, установы адукацыі атрымліваюць універсальнага спецыяліста, які валодае дзвюма мовамі. Нашы студэнты могуць рэалізаваць і свой навуковы патэнцыял у 5 навукова-даследчых лабараторыях, удзельнічаючы ў канферэнцыях і семінарах, публікуючыся ў выданнях, — паведаміла дэкан філалагічнага факультэта Алена Мікалаеўна Палуян.

Па яе словах, філалогія патрэбна для таго, каб гаварыць правільна, валодаць мовай і культурай маўлення: “Загавары, каб я цябе ўбачыў” — сцвярджалі ў старажытнасці. Валоданне мовай стварае як індывідуальны, так і сацыяльны партрэт чалавека. І, канечне ж, чалавек любой прафесіі павінен валодаць мовай, правільна выказваць свае думкі, а гэтаму якраз і вучаць філолагі”.

У Віцебску — аб’яднаныя словам

А вось у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя
П.М.Машэрава два гады назад філалагічны факультэт аб’ядналі з гістарычным і атрымаўся факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый. Зараз там на шасці спецыяльнасцях вучацца больш за тысячу беларускіх і замежных студэнтаў, аб’яднаных любоўю да гісторыі і слова.

— Ведаць мову і гісторыю — гэта значыць валодаць інфармацыяй і ўмець правільна карыстацца ёю. Канечне, мы не IT-сфера, але тым не менш для сучаснай школы, як сярэдняй, так і вышэйшай, патрэбны нашы спецыялісты. А таму калі вы вырашылі звязаць сваё жыццё з філалогіяй, здавайце добра тэсціраванне і прыходзьце да нас. Мова, літаратура, лінгвістыка, гісторыя, грамадазнаўства — рэчы, без якіх ні адзін дасведчаны сучасны чалавек не зможа абысціся, — упэўнены дэкан факультэта Сяргей Уладзі­міравіч Нікалаенка.

Дзе не хапае філолагаў?

У школах і ва УВА, там заўсёды неабходны спецыялісты, якія добра ведаюць свой прадмет і ўмеюць улюбіць у яго іншых. Некаторыя паспяхова рэалізоўваюць сябе ў якасці вучоных, даследуючы мову і літаратуру. Прычым часта навуковая дзейнасць спалучаецца з выкладаннем ва ўніверсітэтах. У сваю чаргу рознабаковыя асобы, якія не толькі любяць мову, але і разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях, могуць стаць спецыялістамі па камп’ютарнай філалогіі і, напрыклад, займацца складаннем і апісаннем электронных слоўнікаў. Многія філолагі становяцца выдатнымі журналістамі, рэдактарамі, пісьменнікамі, сцэнарыстамі, карэктарамі, перакладчыкамі, кнігавыдаўцамі, рэкламнымі агентамі, менеджарамі і г.д. — тут галоўнае, сапраўдная зацікаўленасць справай і наяўнасць здаровых амбіцый, і ўсё атрымаецца!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
antonenkava@nastgaz.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий