Ганарыцца адукацыяй

- 10:01В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Пасяджэнне калегіі па выніках дзейнасці сістэмы адукацыі краіны ў 2021 годзе і пастаноўцы задач на 2022-­і прайшло ў Міністэрстве адукацыі. У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік прэм’ер-­міністра нашай краіны Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм’ер адзначыў магутнасць беларускай сістэмы адукацыі. “Ад яе залежаць усе сферы нашай жыццядзейнасці, калі хочаце, функцыянаванне дзяржавы ў цэлым. Ад таго, наколькі камфортныя ўмовы мы створым для дзяцей, як мы іх падрыхтуем у дзіцячым садзе, як яны скончаць школу і якімі спецыялістамі стануць, залежыць развіццё ўсіх сфер і галін. Гэта самая буйная сістэма ў краіне — 7,5 тысячы ўстаноў, больш як 3 млн навучэнцаў і 415 тысяч выкладчыкаў, настаўнікаў, прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу”, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Ён падкрэсліў, што беларуская адукацыя цэніцца і да нас прыязджаюць вучыцца з-за мяжы. “Усё накіравана на тое, каб зрабіць адукацыйны працэс запатрабаваным у краіне, каб мы ганарыліся нашымі адукацыйнымі праграмамі і развівалі іх, як гэта было заўсёды. Па экспарце адукацыйных паслуг у мінулым годзе мы выйшлі на параметры амаль 100 мільёнаў долараў. Гэта сведчыць пра ўзровень нашай адукацыі і пра жаданне замежнікаў атрымліваць адукацыю ў нашай краіне. Таму мы развіваем і прафесійную адукацыю. Усе гэтыя элементы будуць запатрабаваны, і мы будзем рыхтаваць кадры для дружалюбных Беларусі краін”, — сказаў Ігар Петрышэнка.

Адказваючы на пытанне пра планы і задачы сістэмы адукацыі ў Год гістарычнай памяці, віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што ў гэты знамянальны перыяд пэўныя задачы стаяць не толькі перад сістэмай адукацыі, але і перад усімі сферамі, перад кожным грамадзянінам нашага грамадства.

“Урадам зацверджаны адпаведны план па Годзе гістарычнай памяці, а таксама галіновыя планы, у тым ліку на ўзроўні Міністэрства адукацыі, — сказаў Ігар Петрышэнка. — Новыя элементы і факты, звязаныя з генацыдам беларускага народа, якія былі выяўленыя за апошні час, адразу ж аператыўна ўкараняюцца ў адукацыйныя стандарты, праграмы. І мы ўсё гэта развіваем. Сістэма адукацыі, як ніякая іншая, уцягнута ў гэты працэс. Больш за тое, Міністэрства адукацыі з’яўляецца каардынатарам усёй работы па патрыятычным выхаванні”.

Віцэ-прэм’ер нагадаў, што ў Беларусі па даручэнні кіраўніка дзяржавы рашэннем урада зацверджана праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва. “Галоўны каардынатар гэтага працэсу — Міністэрства адукацыі, і ў гэтым працэсе ўдзельнічае вельмі вялікая колькасць грамадзян нашай краіны”, — дапоўніў ён.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец агучыў журналістам задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі на найбліжэйшую перспектыву. “На кожным узроўні сістэмы адукацыі сёння ёсць і поспехі, і ў той жа час пэўныя пытанні і праблемы. Калі гава­рыць пра ўстановы дашкольнай адукацыі, то па краіне іх дастатковая колькасць. Але пытанне крокавай даступнасці застаецца яшчэ нявырашаным. З боку міністэрства мы прапануем шэраг падыходаў, якія дазволяць шмат у чым вырашыць гэтую праблему. Гаворачы пра ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, тут мы бачым, што ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў павінен пастаянна расці. Увядзенне цэнтралізаванага экзамену з 2023 года дазволіць нам зрабіць поўны і ўсебаковы аб’ектыўны аналіз паспяховасці нашых навучэнцаў па матэматыцы, рускай або беларускай мове”, — сказаў Андрэй Іванец.

Паводле яго слоў, вельмі важна, што Беларусь інтэгравана ў міжнародныя адукацыйныя праграмы. “У такую, напрыклад, як PISA, якая дазваляе правесці ацэнку ўзроўню адукацыйных дасягненняў нашых вучняў. Вынікі праведзеных міжнародных незалежных даследаванняў паказваюць, што мы ўваходзім у топ вядучых краін свету, — адзначыў міністр. — Вельмі важнае пытанне падрыхтоўкі кадраў у галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Тут мы чакаем, што сумесная работа з заказчыкамі кадраў, арганізацыя дзейнасці рэсурсных цэнтраў дазволяць нам істотным чынам павысіць прывабнасць рабочых прафесій. На ўзроўні вышэйшай адукацыі сур’ёзна стаіць пытанне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, практыка-арыентаваных спецыялістаў. Чырвонай ніткай праз усю сістэму адукацыі праходзяць пытанні выхавання патрыётаў нашай краіны”.

Адказваючы на пытанне пра пашырэнне адукацыйных магчымасцей для расійскіх студэнтаў, міністр сказаў, што з расійскімі партнёрамі развіваецца вельмі цеснае супрацоўніцтва. “Мы плануем, што ў найбліжэйшы час правядзём сумесную калегію двух міністэрстваў. І тут, вядома, нам ёсць што абмеркаваць”, — сказаў Андрэй Іванец. А затым падкрэсліў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы ствараецца адзіная адукацыйная прастора. “І тут пытанні інтэграцыі не толькі вышэйшай адукацыі, але і іншых узроўняў. Мне здаецца, што ў сучасных рэаліях гэтае пытанне становіцца ўсё больш актуальным”, — лічыць міністр.

Андрэй Іванец адзначыў высокі ўзровень школьнай адукацыі і разам з тым засяродзіў увагу на наяўнасці шэрага пытанняў, звязаных з прэстыжам педагогаў. “Мы абавязкова ў гэтым годзе вернемся да пытання прыняцця Этычнага кодэкса педагога”, — сказаў Андрэй Іванец.

Міністр падкрэсліў: “Мы павінны разумець, што сёння педагог павінен займаць дастойнае месца ў грамадстве. У яго ёсць абавязкі не толькі перад навучэнцамі і іх баць­камі, але і ў цэлым перад грамадствам. У той жа час у кожнага з нас ёсць адпаведныя абавязкі ў адносінах да педагогаў. Мы павінны ставіцца да іх паважліва, беражліва, таму што гэта тыя людзі, якія выхоўваюць нашых дзяцей і ў цэлым нашу краіну”.

Дырэктар ліцэя Наваполацка Ірына Дземянкавец адзначыла, што для старшакласнікаў падрыхтаваны сучасныя падручнікі. Сёння навучэнцы 10—11 класаў вучацца па падручніках з абноўленым зместам і інтэрактыўнай дыдактычнай часткай. Усё гэта дазваляе арганізоўваць цікавыя і пазнавальныя заняткі. Акрамя таго, Ірына Уладзіміраўна спынілася на адметнасцях арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсу ў сваёй установе адукацыі, адзначыўшы актуальнасць наладжвання сувязей з універсітэтамі.

Дырэктар Капыльскага дзяржаўнага каледжа Анатоль Пяткевіч гаварыў пра развіццё сваёй установы. У навучальнай установе ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў для арганізацый аграпрамысловага комплексу, перапрацоўчай прамысловасці, гандлю, будаўніцтва, грамадскага харчавання. Усе выпускнікі ўстановы запатрабаваны на рынку працы.

З 2006 года каледж пачаў ажыццяў­ляць прыём асоб з АПФР. Гэта юнакі і дзяўчаты з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю. Навучанне вядзецца па кваліфікацыях “агароднік”, “швачка”, “тынкоўшчык”, “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” па адукацыйнай праграме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якая забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага). У залежнасці ад запытаў рынку працы спецыяльнасці вар’іруюцца. Акрамя таго, у каледжы дзейнічаюць бізнес-кампанія, Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва.

Начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Анатоль Наскоў гаварыў пра патрыятычнае выхаванне і напрамкі дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. На Брэстчыне і ў самім Брэсце вядзецца сур’ёзная работа ў гэтым кірунку. За значны ўклад у патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, рэалізацыю праекта “Варта памяці Брэсцкай крэпасці”, актыўны ўдзел у міжнародным міратворчым руху калектыў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста ўдастоены прэміі “За духоўнае адраджэнне”.

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дзяніс Дук падзяліўся вопытам арганізацыі дыялогавых пляцовак ва ўніверсітэце, якія дапамагаюць у арганізацыі патрыятычнага выхавання моладзі. “Такія пляцоўкі даюць магчымасць студэнтам задаваць пытанні і атрымліваць на іх адказы ад розных экспертаў, што вельмі важна пры фарміраванні іх грамадзянскай пазіцыі”, — падкрэсліў рэктар.

Усе ўдзельнікі калегіі маглі пазнаёміцца з выставай адукацыйных дасягненняў. У прыватнасці, да ўвагі былі прадстаўлены інтэрактыўныя навінкі вучэбнай літаратуры, лічбавыя рэсурсы ў сістэме прафесійнай адукацыі, дасягненні Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ.

Закончылася пасяджэнне калегіі ўзнагароджаннем лепшых прадстаўнікоў сістэмы адукацыі па выніках 2021 года.

Больш падрабязна чытайце пра гэта ў наступным нумары “Настаўніцкай газеты”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий