Вясновыя песні. Інтэграваны (бінарны) урок у 3-м класе (вучэбныя прадметы “Беларускае літаратурнае чытанне” і “Музыка)

- 19:48Методичка, Начальная школа. Сценарии

 

Алена ТАМІЛА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “НПК Ліпнішкаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Інтэграваны падыход да навучання

У апошні час назіраецца ўзмацненне ўвагі да праблемы інтэграцыі і ўстанаўлення міжпрадметных сувязей у працэсе навучання. Інтэграцыя – гэта аб’яднанне ў адзінае цэлае разрозненых частак, зліццё ў адным вучэбным матэрыяле абагуленых ведаў з розных абласцей навукі.

У практыцы пачатковай школы аптымальным варыянтам выкарыстання міжпрадметных сувязей можа быць правядзенне інтэграваных урокаў. Такія ўрокі суправаджаюцца адкрыццямі і знаходкамі, таму становяцца цікавай формай работы для навучэнцаў.

У пачатковых класах інтэграцыя носіць калектыўны характар, г. зн. “крыху пра ўсё”. Інтэграваць на ўроку можна любыя кампаненты педагагічнага працэсу: мэты, прынцыпы, змест, метады і сродкі навучання. Можна саставіць адзін вялікі ўрок з міні-урокаў, пабудаваных на матэрыяле другіх дысцыплін.

Урок з выкарыстаннем міжпрадметных сувязей – урок, у які эпізадычна ўключаецца матэрыял другіх прадметаў, але пры гэтым захоўваецца самастойнасць прадмета са сваімі мэтамі, задачамі, праграмай і структурай.

Інтэграваны ўрок урок на базе адной дысцыпліны, другая выступае ў ролі дапаможнай; урок, у якім уклад дысцыплін з адной адукацыйнай вобласці аднолькавы; урок, на якім вучэбныя дысцыпліны групуюцца вакол пэўнай вучэбнай праблемы.

Бінарны ўрок – урок, у якім удзельнічаюць некалькі настаўнікаў, якія вядуць розныя прадметы, што дазваляе паказаць узаемасувязь прадметаў.

Прапаную вашай увазе план-канспект інтэграванага (бінарнага) урока, які быў праведзены А.М.Таміла, настаўнікам пачатковых класаў сумесна з Т.І.Палтарак, настаўнікам музыкі, ў рамках раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў.

 

Інтэграваны (бінарны) урок у 3-м класе
(вучэбныя прадметы “Беларускае літаратурнае чытанне” і “Музыка)

Тэма: “Вясновыя песні”.

Мэта: стварэнне ўмоў для асэнсавання навучэнцамі сваёй прыналежнасці да беларускай нацыі, яе культурных каштоўнасцей.

Задачы:

– пазнаёміць са зместам народных песень-вяснянак, узбагачаць слоўнікавы запас лексікай народных паэтычных твораў;
– развіваць уменне вызначаць настрой, мастацкія словы і галоўную думку ў песнях-вяснянках;
– пашырыць уяўленні навучэнцаў пра характэрныя асаблівасці веснавых каляндарна-абрадавых песень, удасканальваць камунікатыўныя, выканальніцкія і слухацкія музычныя ўменні;
– выхоўваць цікавасць да нацыянальнага песеннага фальклору.

Форма ўрока: урок-кактэйль.

Вучэбна-дыдактычнае забеспячэнне: падручнік “Літаратурнае чытанне, ч. 2, 3 клас” (аўтар М.В.Жуковіч), тры шклянкі (дзве з сокам), саломінка для кактэйля, памяткі па літаратурным чытанні, тэставае заданне.

Метадычнае забеспячэнне: інфармацыйна-камунікацыйная тэхналогія, элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, гульнявыя прыёмы.

 

 Ход урока

 І Арганізацыйна-матывацыйны этап

Вучні пад музыку ўваходзяць у клас. Становяцца каля сваіх парт і спяваюць музычнае прывітанне.

Вучні:

Сонейка ўстала,
Дзетак прывітала

Настаўнік музыкі (далей – НМ):

Я таксама вас вітаю,
На занятак запрашаю.

Вучні:

Мы таксама вас вітаем,
На занятак запрашаем.

Настаўнік чытання (далей – НЧ).

Ты гатова, дзетвара?
Пачынаць урок пара?
Ціхенька сядайце і не размаўляйце!
Будзем зараз працаваць, будзем веды набываць!

НЧ. Пакажыце, калі ласка, з якім настроем вы будзеце працаваць. Калі вы гатовы да работы, то пакажыце мне раскрытую далонь (“сонейка”), а калі хвалюецеся ці няўпэўнены ў сабе – сціснуты кулак (“хмарка”). Цяпер падзяліцеся сваім сонейкам з сябрам, працяніце яму руку. Гэта будзе азначаць “У нас усё атрымаецца!”.

Сёння мы правядзём не звычайны ўрок, а ўрок-кактэйль. Што гэта значыць? Мы возьмем урок беларускага літаратурнага чытання (першая шклянка з вадой) і змяшаем яго з урокам музыкі (другая шклянка з вадой). Атрымаецца кактэйль, а на мове педагогікі – інтэграваны ўрок (трэцяя шклянка). Я спадзяюся, што наш кактэйль будзе смачным. А каб гэта было сапраўды так, на працягу ўрока мы з вамі будзем дабаўляць у кактэйль новыя інгрэдыенты.

Дарагія мае дзеці! Паважаныя госці! Я з задавальненнем запрашаю ўсіх “пакаштаваць” урок-кактэйль, у склад якога ўваходзяць беларуская літаратура і музыка, а ў першую чаргу наша родная, мілагучная, беларуская мова.

Дарослым я жадаю прыемнага апетыту-прагляду, а вучням премнага апетыту – плённай работы.

 

ІІ Этап падрыхтоўкі да актыўнага і свядомага засваення вучэбнага матэрыялу

1 Вызначэнне тэмы. Мэтапакладанне

НЧ. Прапаную вам прачытаць словы, запісаныя на кветках і тым самым даведацца тэму ўрока (звонкія ручаі, птушыны спеў, маладая траўка, клейкія лісточкі, белыя воблакі, цёплае сонейка, першацветы).

НЧ. Урок-кактэйль, які мы будзем “каштаваць”, носіць назву “Вясновыя песні”, гэта значыць, што мы пазнаёмімся з народнымі песнямі-вяснянкамі, навучымся вызначаць настрой, мастацкія словы і галоўную думку гэтых песень.

НМ. Развучым і выканаем беларускую народную песню “Вясна красна, адкуль прыйшла”, паспрабуем выканаць эпізод вясенняга абрада.

 

2 Моўная размінка

НЧ. Каб мова наша была правільная, выразная, эмацыянальная, мы як заўсёды правядзём моўную размінку.

Практыкаванне на дыханне: “Насякомыя”: уявіце, што вы камарык, які толькі што прачнуўся ад зімовага сну. Удыхніце, і выдыхаючы, цягніце гук. З-з-з-з… гук можа аддаляцца і набліжацца. “Лётайце”, пакуль хопіць паветра.

НМ. Давайце паспрабуем гэта практыкаванне выканаць пад музыку. Гук “З” мы праспяваем на два музычныя гукі. Паслухайце. (Настаўнік выконвае. Затым вучні паўтараюць за настаўнікам)

НЧ. Практыкаванне на дыханне “Павуцінка”: уявіце, што каля вас лётае павуцінка, вам захацелася пагуляць з ёй. Пры дапамозе выдыхаемага паветра, вы перашкаджаеце павуцінцы апусціцца на зямлю.

НЧ. Артыкуляцыйнае практыкаванне: “Сумна-весела”: уявіце, што вам сумна і крыўдна (губы “банцікам”). Раптам вас нехта рассмяшыў, а ваш рот расцягнуўся ва ўсмешцы.

НМ. Такое практыкаванне вельмі добра можна выканаць пад музыку. Слухайце ўважліва. Калі гучыць вясёлая музыка, вы ўсміхаецеся, а калі сумная – вы сумуеце.

НЧ. Практыкаванне ў інтаніраванні: сказ “Прыйшла вясна” прачытаць з жалем, здзіўлена, упэўнена, абыякава, радасна.

НМ. Тэкст “Прыйшла вясна” мы праспяваем. Паслухайце. (Настаўнік выконвае, вучні паўтараюць.)

 

ІІІ Этап засваення новых ведаў

1 Падрыхтоўка да першаснага ўспрыняцця тэксту

НЧ. З абуджэннем прыроды ад зімовага сну нашы продкі імкнуліся з дапамогай абрадаў прыспешыць прыход вясны. З гэтай мэтай спальвалі на вогнішчы або тапілі ў рэчцы пудзіла Зімы, па вуліцах і полі насілі выявы сонца, вадзілі карагоды, спявалі песні. Незамужнія дзяўчаты, дзеці ішлі на высокі ўзгорак і пачыналі спяваць. А дзе ўзгоркаў не было, спявалі ўзабраўшыся на стрэхі дамоў. У суседнім сяле, пачуўшы звонкія і прыгожыя песні, таксама пачыналі гукаць вясну. Атрымлівалася перагукванне моладзі з суседніх вёсак. У вяснянках правілі вясну паспрыяць гаспадару на полі, прагрэць зямлю, паліць яе спорнымі дажджамі і буйнымі росамі, аблашчыць ціхімі вятрамі. Жанчыны выпякалі з цеста фігуркі жавароначкаў і частавалі імі дзяцей, бо лічылася, што вясну прыносяць з выраю на крылах птушкі. Сама вясна ва ўяўленні земляроба паўставала ў вобразе прыгожай дзяўчыны. Апранута яна была ў зялёны сарафан, на галаве – вянок з розных кветак, у руках – букет.

НМ. Асобную групу веснавых каляндарна-абрадавых песень складаюць карагодныя. Гэтыя творы вельмі разнастайныя па дынаміцы, тэмпе і рэгістры. Розныя спосабы дзеяння ў карагодзе, якія імітуюць працоўныя працэсы або гульні, звязаны з індывідуальным і калектыўным выкананнем. Я вам прапаную паслухаць твор, а затым і адказаць на некалькі пытанняў.

Слуханне песні-вяснянкі, адказы на пытанні.
– Хто выконваў гэту песню? (Жанчыны, дзеці)
– У якую пару года яе звычайна спявалі? (У пачатку вясны)
– Якія жаданні і мары спевакоў выказаны ў песні? (Жадаюць наступлення цяпла, бо холад ужо надаеў; мара пра хуткае ажыўленне прыроды ад зімовага сну; хуткі прылёт птушак)

2 Слоўнікавая работа

Рубрыка “Слоўнік” у падручніку с. 32

3 Работа з песняй “Вясна красна, адкуль прыйшла”

1) Успрыманне на слых песні-вяснянкі.
2) Самастойнае чытанне твора.
3) Аналіз зместу па пытаннях.

– Якія спадзяванні ўскладаў народ на прыход вясны? (людзі спадзяваліся на цёплае надвор’е)
– Якія словы вяснянкі ўказваюць на тое, што з надыходам вясны пачнуцца палявыя работы, вынікам якіх будзе добры ўраджай хлеба? (Маладзіцам – па сярпочку, маладзіцы – жыта жаці)
– Якія словы песні жадаюць вольнага жыцця дзяўчатам? (Красным дзеўкам – па вяночку, красны дзеўкі – на вулічку, красы дзеўкі – гулі, гулі)
– Як у песні вясна адносіцца да дзяцей? (Малым дзеткам – па яечку)
– А як адносіцца да старасці? (З павагай, шкадуе іх: старым бабкам – па кіёчку)
– Такім чынам, у вяснянцы беларусы характарызуюцца як працавітыя, вольныя, мудрыя людзі.

4) Адпрацоўка выразнага чытання песні па асобах: словы спевакоў клас чытае разам, словы вясны – па чарзе “ланцужком”.

 

Фізкультпаўза для вачэй

 

НМ. Вы вельмі дакладна разглядзелі тэкст песні-вяснянкі “Вясна красна, адкуль прыйшла”, а для таго каб у вас склалася яшчэ больш глыбокае ўяўленне пра беларускую народную творчасць, давайце мы гэты твор навучымся спяваць і выканаем яго так, як гэта рабілі нашыя продкі. Паслухайце твор (Настаўнік выконвае. Далей ідзе развучванне вяснянкі)

 

ІV Этап замацавання і сістэматызацыі ведаў

1 Драматызацыя

НМ. У народзе кажуць: “Народную песню трэба іграць”. Давайце ўзнавім дух народнай песні, выканаем яе ў складзе фрагмента абраду. (Размяркоўваюцца ролі. Выдаюцца атрыбуты. Вучні знаёмяцца з дзеяннем і рыпеціруюць твор з атрыбутамі)

2 Выкананне тэствага задання

НЧ. Я думаю, што “кактэйль ведаў”, які вы “каштавалі” на ўроку, прыйшоўся даспадобы. Прапаную вам успомніць, што ўваходзіла ў яго склад, і выканаць тэставыя заданні.

Абвядзі кружком літару з правільным адказам:

1. Да якога жанру адносіцца твор “Вясна красна, адкуль прыйшла”

Б) верш
В) песня

2. Што прынесла вясна людзям у песні-вяснянцы?

Ю) добрае надвор’е
Я) цёплае лецейка

3. Што прынесла вясна дзецям у песні-вяснянцы?

С) яечка
Т) цукерачку

4. Каму вясна падарыла па вяночку?

М) маладзіцам
Н) красным дзеўкам

5. У якую групу веснавых каляндарна-абрадавых песень уваходзіць твор?

А) карагодныя
Б) лірычныя 

(Праверка тэста па ключы: ВЯСНА)

 

V Этап падвядзення вынікаў урока і рэфлексіі

НЧ. Наш урок-кактэйль заканчаваецца. Ці даспадобы ён вам прыйшоўся? Што было “найсмачнейшае”? Хацелі б вы яшчэ “пакаштаваць” такі ўрок? (Адказы навучэнцаў)

Рэфлексія. Прыём “Пяць пальцаў” 

– На пачатку ўрока вы паказалі мне сваю раскрытую далонь –“сонейка”. З дапамогай гэтых сонейкаў прапаную закончыць наш урок.

М (мезенец): якія веды я сёння атрымаў?  
Б (безыменны): што я сёння рабіў і чаго дасягнуў?
С (сярэдні): якім быў мой настрой?
У (указальны): каму я сёння дапамог?
В (вялікі): што я зрабіў дзеля захавання роднай мовы?  

Урок закончаны. Усім дзякуй!

Музычнае развітанне. Вучні пад народную музыку выходзяць з класа.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий