Ахова працы і бяспека жыццядзейнасці ў Поразаўскай сярэдняй школе школе – у надзейных руках

- 9:50ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна пытаннямі аховы працы і бяспекі жыццядзейнасці займаецца Яўгенія Савіцкая. Больш за пяць гадоў таму педагог стала выкладаць ва ўстанове адукацыі факультатыўны курс “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. І сёння Яўгенія Міхайлаўна паспяхова працягвае работу па гэтым накірунку.  

Першае, на чым засяродзіла ўвагу – афармленне кабінета, дзе цяпер размешчаны стэнды па абавязковых напрамках, накоплены багаты матэрыял па мностве тэм, дзе створаны ўмовы для арганізацыі навучальнай дзейнасці школьнікаў, а настаўніку лёгка і зручна выкарыстоўваць розныя сродкі навучання. Адначасова кабінет АБЖ з’яўляецца і лабараторыяй Яўгеніі Міхайлаўны: дапамагае ёй у падрыхтоўцы да заняткаў, стымулюе пошукі новых эфектыўных прыёмаў выкладання, палягчае назапашванне і сістэматызацыю метадычных матэрыялаў. Шэсць устаноўленых камп’ютараў падключаны да лакальнай сеткі. Дырэктар школы Ларыса Паплаўская ўпэўнена: “Сёння неабходна, каб кожны настаўнік па любой школьнай дысцыпліне мог падрыхтаваць і правесці ўрок з выкарыстаннем ІКТ. Гэта дае магчымасць вучню працаваць у сваім тэмпе, а настаўніку – аператыўна пракантраляваць і ацаніць вынікі навучання”.

Яўгенія Міхайлаўна лічыць, што поспех выкладання залежыць ад выкарыстання нагляднасці і практычных метадаў. Нагляднасць у кабінеце АБЖ прадстаўлена ў поўным аб’ёме. Менавіта таму кабінет Поразаўскай сярэдняй школы быў прызнаны лепшым не толькі ў Свіслацкім раёне, але і адзначаны дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе агляду-конкурсу на лепшы кабінет АБЖ.  

Памяшканне для заняткаў служыць у школе таксама абсталяваным месцам для выхаваўчай работы. Па меркаванні Яўгеніі Міхайлаўны, бяспека напрамую датычыцца духоўна-маральнага выхавання, таму многія мерапрыемствы, якія яна праводзіць, накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў уяўленняў пра маральныя асновы грамадства, развіццё сумленнасці, суперажывання, даверу і іншых якасцей, выхаванне дабрыні, міласэрнасці, справядлівасці, сціпласці, фарміраванне норм паводзін (ветлівасці, тактоўнасці, чалавечай годнасці, павагі да старэйшых, захаванне правіл этыкету). У 2018 годзе па выніках абласнога конкурсу метадычных матэрыялаў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў Яўгенія Савіцкая была ў ліку пераможцаў.

Шмат увагі настаўнік разам са сваімі калегамі надае падрыхтоўцы творчых работ навучэнцаў для ўдзелу ў розных этапах рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей”; з васьмі работ, прадстаўленых навучэнцамі Поразаўскай школы на раённы этап конкурсу, шэсць удастоены прызавых месцаў і прымуць удзел у абласным этапе.

Для настаўніка АБЖ галоўны конкурс года – гэта “Школа бяспекі”. На працягу чатырох гадоў навучэнцы Поразаўскай сярэдняй школы – у радах пераможцаў раённага і абласнога этапаў, а ў 2019 годзе – і рэспубліканскага. Падрыхтоўкай удзельнікаў займаецца Яўгенія Міхайлаўна. Настаўніку дапамагаюць мэтанакіраванасць, асабістыя ўменні ў аратарскім майстэрстве і публічным выступленні, жаданне перадаць навучэнцам свае здольнасці і магчымасці, імкненне да перамогі.

На раённым конкурсе “Школа бяспекі – 2022” поразаўскія навучэнцы паказалі добрыя веды па АБЖ і прадэманстравалі артыстызм. Пераможцамі сталі Паліна Дуброўская (дыплом І ступені), Дамініка Якіменка (дыплом ІІ ступені), Ілля Шкулепа (дыплом І ступені), Максім Анісеня (дыплом ІІ ступені), Валерыя Гойлік (дыплом ІІІ ступені). На абласным этапе конкурсу Ілля Шкулепа заняў ганаровае трэцяе месца, атрымаў заслужаную грамату, медаль і прызы ад арганізатараў конкурсу.

Ва ўстанове адукацыі шмат увагі надаецца стварэнню здаровых і бяспечных умоў працы для работнікаў. І тут правая рука дырэктара –Яўгенія Міхайлаўна. Адпрацавана сістэма забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя членаў калектыву ў працэсе працоўнай дзейнасці, якая ўключае прававыя, сацыяльна-эканамічныя, арганізацыйныя, санітарна-гігіенічныя і іншыя мерапрыемствы і сродкі. Менавіта таму Поразаўская сярэдняя школа прызнана пераможцам сярод арганізацый невытворчай сферы першага этапа штогадовага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы.

Найвышэйшая каштоўнасць – гэта людзі і іх здароўе. Дзякуючы мэтанакіраванай і сістэматызаванай рабоце настаўніка і калектыву па стварэнні спрыяльных умоў для дарослых, дзяцей і падлеткаў, у школе не дапушчаны няшчасныя выпадкі з удзелам работнікаў і навучэнцаў.

Прыклад Яўгеніі Савіцкай – гэта прыклад добрасумленнасці ў выкананні абавязкаў і імкнення ўнесці асабісты ўклад у развіццё ўстановы.

 

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий