Каля шасці месяцаў застаецца да новага навучальнага года. Адказныя бацькі будучых першакласнікаў загадзя паклапаціліся пра падрыхтоўку сваіх дзяцей да школы.
Сёння асаблівай папулярнасцю карыстаюцца школы ранняга развіцця, як прыватныя, так і дзяржаўныя, адкрытыя пры ўстановах адукацыі. Пра работу адной з іх мы гутарым з педагогам дадатковай адукацыі гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе Вольгай ШЫДЛОЎСКАЙ.
— Вольга Яўгенаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Як сталі настаўнічаць у школе ранняга развіцця “Эрудыт”?
— У дзяцінстве я не была самым паслухмяным і руплівым дзіцем, затое дакладна ведаю, што гэта быў шчаслівы і вясёлы перыяд майго жыцця. Менавіта таму, сталеючы, я вельмі не хацела развітвацца з дзяцінствам. А дзе ж яшчэ, як не сярод дзяцей, можна заставацца дзіцем? Пры гэтым мне хацелася ўдасканальвацца, даказаць найперш самой сабе, што я змагу стаць добрым настаўнікам. Тым больш што ў мяне перад вачамі быў выдатны прыклад таго, якім павінен быць сапраўдны педагог, — гэта мая першая настаўніца Ірына Віктараўна Дашкевіч. Менавіта яе вобраз добрай, клапатлівай, мудрай і ўважлівай да дзяцей настаўніцы з’яўляецца для мяне ўзорам для пераймання.
У педагогіцы я больш за 20 гадоў. Мне вельмі пашанцавала стаць часткай творчага педагагічнага калектыву гімназіі і сустрэць тут дзівосных, таленавітых, захопленых сваёй справай людзей. Я вельмі ўдзячна ўсім калегам, хто дзяліўся са мной сваім вопытам і дапамагаў мне. Значную ролю ў маёй прафесійнай дзейнасці адыграў яшчэ адзін цудоўны чалавек — наша завуч Жанна Пятроўна Чарвяк. Менавіта яна шмат гадоў назад паверыла ў мяне, падтрымала, навучыла працаваць, паказала шляхі да самаўдасканалення. Яна адкрыла для мяне дзверы школы ранняга развіцця “Эрудыт” і дала зразумець, што для творчасці няма меж.
— Якія заняткі праводзяцца ў “Эрудыце”? На што яны накіраваны?
— У нашай школе ранняга развіцця праводзяцца заняткі па навучанні грамаце, матэматыцы, логіцы і творчасці. Усё навучанне накіравана на ўсебаковае развіццё асобы дзіцяці, яго каштоўнасных уяўленняў аб навакольным свеце, асобасных якасцей, пашырэнне кругагляду, інтэлекту.
Для фарміравання цікавасці да навучання грамаце заняткі праводзяцца ў займальнай форме з выкарыстаннем гульнявых навучальных прадметаў, вучэбна-дыдактычнага матэрыялу, казак, маўленчых гульняў.
На занятках дашкольнікі знаёмяцца з казачнымі героямі, дапамагаюць ім пераадолець цяжкасці. Разам з тым, узаемадзейнічаючы з героямі казкі, дзеці спазнаюць шматгранны свет мовы, у іх фарміруецца патрэба авалодаць мовай, удасканаліць сваё маўленне, развіваецца творчае мысленне, а таксама яны вучацца разважаць, аналізаваць, рабіць высновы, прымаць правільныя рашэнні. Вельмі важна вучыць дзяцей кантраляваць свае дзеянні, узаемадзейнічаць адно з адным у калектыве, слухаць і чуць дарослага, бачыць свет вачыма іншага чалавека.
— Ці карыстаецца школа папулярнасцю?
— Безумоўна, наша школа ранняга развіцця “Эрудыт” карыстаецца вялікай папулярнасцю. Спрацоўвае сарафаннае радыё. Кожны год мы набіраем па 4 групы. Многія дзеці з “Эрудыта” прыходзяць да нас у 1 клас. Яны ўжо ведаюць адно аднаго, настаўнікаў, для іх ужо звыклая атмасфера ў гімназіі, у іх ёсць база пачатковых ведаў, таму перыяд адаптацыі ў 1 класе ў гэтых дзяцей праходзіць значна лягчэй.
— Вольга Яўгенаўна, ці змянілася штосьці з адменай уступных экзаменаў у гімназію?
— Безумоўна, змяненні значныя. Раней уступныя экзамены дапамагалі сфарміраваць класы з больш матываваных і ўсебакова развітых дзяцей. Гэтыя дзеці першапачаткова былі больш дапытлівыя, нацэленыя на поспех, лёгкія на пад’ём.
З іх атрымліваліся класы з загадзя больш высокім патэнцыялам і выніковасцю. З такімі дзецьмі можна было хутчэй і лягчэй асвоіць больш складаны матэрыял, рабіць адкрыцці, ставіць эксперыменты, рэалізоўваць праекты… Паміж такімі дзецьмі заўсёды была здаровая канкурэнцыя.
Зараз дзецям па-ранейшаму ўдзяляецца шмат увагі і прапаноўваюцца розныя шляхі для навучання і развіцця, але колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія цікавяцца, хочуць і могуць удзельнічаць у розных мерапрыемствах і раскрываць свае таленты, значна знізілася.
Змяніліся і бацькі, якія прыводзяць дзяцей у гімназію. Калі раней зацікаўленыя і мэтанакіраваныя бацькі былі гатовы дапамагаць сваім дзецям, падтрымлівалі настаўніка і былі яму апорай, то зараз многія мамы і таты не лічаць патрэбным удзельнічаць у вучэбнай дзейнасці сваіх дзяцей, забываючы пра тое, што залогам паспяховага развіцця, навучання і выхавання дзіцяці з’яўляецца ўзаемадзеянне трох бакоў: настаўнік — вучань — бацькі.
— Згодна з новым Кодэксам аб адукацыі, бацькі могуць аддаць у школу дзіця, якому яшчэ не споўнілася 6 гадоў. Як бацькам даведацца, ці гатова яно да навучання?
— Сталасць і гатоўнасць дзіцяці да навучання ў школе вызначаюцца па некалькіх аспектах — фізіялагічным, пазнавальным і псіхалагічным. Усе віды гатоўнасці павінны гарманічна спалучацца ў дзіцяці. Калі нешта не развіта або развіта не ў поўнай меры, то гэта можа паслужыць прычынай з’яўлення праблем пры навучанні ў школе.
Пры паступленні ў 1 клас установы адукацыі дзіця павінна быць фізічна развіта. Для праверкі гэтага крытэрыю бацькі праводзяць поўнае абследаванне дзіцяці ў дактароў, якія і даюць заключэнне аб яго гатоўнасці да навучання ў школе. Таксама важны псіхалагічны аспект гатоўнасці дзіцяці, які ўключае ў сябе інтэлектуальную, асобасную, сацыяльную і эмацыянальна-валявую гатоўнасць. Дзіця павінна быць камунікабельным, талерантным, разумець маральныя аспекты, умець кантраляваць свае эмоцыі і дзеянні, разумець, чаму яно ідзе ў школу, мець цікавасць да атрымання новых ведаў. Не менш важны пазнавальны аспект гатоўнасці дзіцяці да школы. Будучы першакласнік павінен валодаць пэўным комплексам ведаў і ўменняў, якія спатрэбяцца для паспяховага навучання ў школе. Да 6—7 гадоў у дзіцяці павінны быць развіты ўвага, памяць, мысленне, дробная маторыка, маўленне, разуменне асноў матэматыкі, сутнасці навакольнага свету.
— Ці павінна дзіця ўмець чытаць (пісаць) пры паступленні ў школу?
— Згодна з праграмай дашкольнай адукацыі, у дзіцяці да 6—7 гадоў павінны быць сфарміраваны элементарныя матэматычныя ўяўленні (лічэнне да 20, веданне лічбаў, рашэнне простых задач, веданне геаметрычных фігур…), уяўленне пра мову (гук, літара, склад, слова, чытанне складоў і простых слоў і інш.), а таксама павінны быць сфарміраваны навыкі пісьма (уменне маляваць узоры, лініі, розныя фігуры, пісьмо друкаванымі літарамі і інш.). Але, як я ўжо казала раней, гэта толькі частка паказчыкаў таго, што дзіця гатова да пачатку навучання ў школе.
— Вольга Яўгенаўна, якая сістэма работы склалася ў вас па падрыхтоўцы дзяцей да школы?
— Нашы заняткі складаюцца са своеасаблівых этапаў, пераадольваючы якія мы з дзецьмі спазнаём свет гукаў і літар. Вядучай дзейнасцю дашкольнікаў з’яўляецца гульня, таму менавіта ў гульнявой форме пабудаваны ўсе заняткі.
Спачатку дзеці трапляюць у казку, дзе знаёмяцца з казачнымі героямі, дапамагаюць ім у складаных сітуацыях, спазнаюць навакольны свет, вучацца слухаць аповед настаўніка, весці гутарку, адказваць на пытанні. Менавіта праз казку дзеці знаёмяцца з гукам і літарай. З дапамогай казачных герояў дашкольнікі выконваюць розныя заданні, вучацца думаць, супастаўляць, параўноўваць. Для гэтага выкарыстоўваецца шмат наглядна-дыдактычнага матэрыялу: гэта і карта горада Азбукі, і домікі гукаў, карткі, магнітны алфавіт, і вучэбныя дапаможнікі, цацкі і інш.
На занятках прымяняю шмат практыкаванняў, гульняў, заданняў, накіраваных на развіццё маўлення (даскажы слоўца, складзі аповед па малюнку, прыдумай працяг казкі), увагі (знайдзі літару, вызнач лішняе, знайдзі памылкі), памяці (развучванне вершаў, скорагаворак, пераказ).
Важным этапам у асваенні мовы з’яўляецца навучанне перадачы гуку на пісьме літарай. Запамінанне вобраза літары праводзіцца праз розныя прыёмы: маляванне літары ў паветры, друкаванне літары ў вучэбным дапаможніку, хованкі з літарай, засяленне літары ў домік, выраб літары з розных матэрыялаў (лепка, аплікацыя, канструяванне) і г.д.
Пасля знаёмства з літарай дзеці пераходзяць на наступны этап пад назвай “Склад і слова”. У розных гульнях дашкольнікі вучацца ўтвараць і чытаць склады і словы, ператвараць адно слова ў іншае. Героі казак прапануюць дзецям мноства займальных заданняў, рэбусаў, загадак.
Асаблівая ўвага на занятках удзяляецца развіццю дробнай маторыкі. Дашкольнікі асвойваюць розныя штрыхоўкі, абвядзенне па контуры фігур, малююць узоры па шаблонах, выкладваюць літары з палачак, пацерак, кубікаў, ствараюць вырабы, аплікацыі, калажы. Таксама не абыходзім увагай фізічнае развіццё дзяцей.
— Як вы прыйшлі да напісання аўтарскіх вучэбна-дыдактычных дапаможнікаў?
— Шмат гадоў назад, калі я толькі пачынала працаваць у “Эрудыце”, было вельмі мала матэрыялу, з дапамогай якога можна было б вынікова праводзіць заняткі па навучанні дзяцей грамаце. Таму даводзілася па крупінках збіраць матэрыял, аналізаваць, якія прыёмы, практыкаванні, гульні лепш дапамагаюць вырашаць розныя праблемы пры навучанні грамаце. Такім чынам узнікла ідэя напісаць першы вучэбны дапаможнік “Навучанне грамаце дзяцей 5—7 гадоў”.
Потым, разумеючы, што дзеці лягчэй успрымаюць рэчаіснасць праз прызму казкі, праз гульню, я вырашыла ўпісаць усё навучанне ў казачны кантэкст. Так быў распрацаваны метадычны дапаможнік па правядзенні заняткаў па навучанні грамаце. Наступным этапам стала распрацоўка вучэбнага дапаможніка па чытанні “Навучанне чытанню дзяцей 5—7 гадоў”, які знаёміць дзяцей з літарамі і словамі. Не засталося ўбаку і пісьмо. Мной распрацаваны пропісі “Я пішу сам”, “Чароўная пропісь-капірка. Літары, склады, словы”, якія ўтрымліваюць трэніровачныя практыкаванні для паспяховага авалодання дзецьмі навыку пісьма.
Работа па навучанні і выхаванні дзяцей абавязкова будзе працягвацца, узнікне яшчэ мноства ідэй, знаходак, задум па паляпшэнні якасці навучання, якія неабходна будзе толькі ўвасобіць у жыццё. Бо ў творчасці няма меж!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.