Вучні для настаўніка — крыніца энергіі

- 16:23В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 31 Гродна Марыя Кулак рыхтуе алімпіяднікаў і прымае ўдзел у рабоце журы на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, выступае з лекцыямі перед педагогамі ў ГрАІРА і называе сваіх вучняў на вы.

Марыя Іосіфаўна скончыла Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Дачка ваеннаслужачага стала і афіцэрскай жонкай, таму прыйшлося пакалясіць па гарадах: Омск, Томск, Ханты-Мансійск, Новы Урэнгой. У 1993 годзе сям’я пераехала на Гродзеншчыну, з таго часу па сённяшні дзень М.І.Кулак нязменна працуе ў гродзенскай школе № 31.

У практыцы педагога шмат прыкладаў, калі яна дзялілася сваім вопытам. На працягу пяці гадоў чытала лекцыі для сваіх калег у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. З 2007 года Марыя Кулак рыхтуе групы навучэнцаў да ўдзелу ў раённым, абласным і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Яна нязменны член журы першых трох этапаў алімпіяды і нават аднойчы была ў журы заключнага этапу. Вопытнага педагога заўсёды запрашаюць у журы на навуковыя канферэнцыі. Значны ўклад яна ўнесла ў работу школы маладога філолага, якая працавала ў Кастрычніцкім раёне Гродна. Адораныя матываваныя школьнікі атрымлівалі там прафесійную дапамогу творчых педагогаў, у тым ліку і пры падрыхтоўцы да алімпіяд. Сёння ў профільнай групе па рускай мове ў педагога займаюцца 15 школьнікаў.

Педагог ганарыцца сваёй навучэнкай Юліяй Скаўронскай, якая ў 2015 годзе заняла 1-е месца на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, а ў 10 і 11 класах станавілася прызёрам Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Марыя Кулак і яе вучаніца Юлія Скаўронская сталі стыпендыятамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

М.І.Кулак прыняла ўдзел у распрацоўцы вучэбных модуляў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу Беларусі, падрыхтаваўшы 7 відэаўрокаў. Яшчэ 7 урокаў былі запісаны на пляцоўцы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і да стварэння ў краіне адзінага рэсурсу.

— Для мяне як педагога вельмі важна зразумець і данесці да дзяцей думку аб тым, што руская мова і літаратура — гэта адно цэлае, — пераканана Марыя Іосіфаўна. — Мы не проста педагогі рускай мовы і асобна — літаратуры. Пачынаючы працаваць з пяцікласнікамі, імкнуся данесці да іх гэтую думку. Гэта не значыць, што на ўроках я проста выкарыстоўваю літаратурныя творы. Мова і літаратура — агульная катэгорыя славеснасці, якая патрабуе пранікнення ў мову як у крыніцу маўлення. І гэтае маўленне, як правіла, адлюстроўваецца ў літаратуры. Неяк я рыхтавала выступленне на форум русістаў на тэму “Урокі славеснасці як прынцып павышэння творчай актыўнасці дзяцей”. Важна не толькі навучыць школьнікаў правілам, як іх выкарыстоўваць, але і ствараць моўны прадукт, пісаць тэксты, і нават каб тая прамова, якую яны выкладваюць у сацыяльныя сеткі, адпавядала не толькі граматыцы, але і моўнаму славеснаму афармленню. 

Педагог заўважае, што дзеці сёння няпростыя, яны цікавыя, але і складаныя. Часам цяжка знайсці падыход да кожнага. Cітуацыю поспеху на ўроку настаўніцы ўдаецца стварыць, калі яна выкарыстоўвае літаратуру. 

— Я стараюся называць вучняў на вы. Не лічу, што гэта дыстанцыя. Кожны малады чалавек сам бачыць у сабе асобу, і я хачу гэтую асобу ў іх культываваць, каб яны не толькі паважалі сябе, але і разумелі, што кожная асоба павінна несці адказнасць за сябе, сваю вучобу, учынкі. Зварот да іх на вы — гэта першапачатковая павага да любой думкі, пункту гледжання вучня. Я прыслухоўваюся да іх, але парадак на ўроку і дысцыпліна павінны быць, — упэўнена М.І.Кулак. 

Што да выкарыстання тэхналогій на ўроку, настаўніца лічыць мэтазгодным прымяняць асобныя з іх у межах рэалізацыі пэўнага эксперыментальнага праекта. 

— Нашым дзецям сумна, калі настаўнік працуе па адной тэхналогіі, напрыклад, крытычнага мыслення ці індывідуальнага асобаснага падыходу. Мне здаецца, сучасны педагог павінен валодаць рознымі магчымасцямі і тэхналогіямі, якія дапамагаюць дасягнуць пэўнай мэты. Калі гэтая тэхналогія працуе на дасягненне выніку, то можна яе выкарыстоўваць.

Напрыклад, у мяне на ўроку можа быць не адна тэхналогія, а элементы розных, якія арганічна ўплятаюцца ў тэму, задачы ўрока, — расказвае Марыя Іосіфаўна.

М.І.Кулак шчыра радуецца, калі яе вучні выбралі прафесію педагога. Магчыма, і яна ўнесла ўклад у іх выбар. Шмат выхаванцаў ужо працуюць настаўнікамі рускай мовы, выкладаюць іншыя прадметы, пайшлі ў журналістыку.

Педагогіку выбрала і старэйшая дачка Марыі Іосіфаўны. Сёння Кацярына Бабко працуе настаўніцай матэматыкі ў той жа школе, што і мама. Філалогію выбрала і малодшая Надзея, скончыўшы факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, працуе ў газеце “Гродзенская праўда”.

Настаўніца з амаль 30-гадовым педагагічным стажам Марыя Кулак прызналася, што ніколі не пашкадавала, што выбрала такі шлях. На ім сустрэла шмат таленавітых людзей, творчых навучэнцаў. Ды і дзеці ніколі не даюць сумаваць, таму што яны, на думку настаўніцы, вечная крыніца энергіі.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий