Не адна ваенная навала пракацілася па беларускай зямлі, пакідаючы папялішчы і руіны, а ў людскіх сэрцах – гора, слёзы, пакуты, смерць. Дваццатае стагоддзе застанецца ў нашай гісторыі як адно з самых трагічных, і найперш таму, што гітлераўскі фашызм у гады Другой сусветнай вайны забраў мільёны чалавечых жыццяў. Вялікая Айчынная вайна з’явілася гіганцкім паядынкам дзвюх непрымірымых варожых сіл, дзвюх процілеглых філасофій – гуманізму і чалавеканенавісніцтва.
Сёлета адзначаецца 77 гадоў з Дня Перамогі ў вайне з фашысцкай Германіяй, але мы зноў і зноў вяртаемся да балючых, крывавых гадоў, дзе ўзрываюцца снарады, гінуць дзеці, дзе спаленыя хаты і вёскі, скалечаныя целы і душы. Жахлівы час! Жахлівыя парадкі!
На ўроках, прысвечаных тэме вайны, запрашаю вучняў паўдзельнічаць у дыспуце і адказаць на пытанні: “Ці згодны вы, што мінулае вучыць нас, як жыць сёння? Якую памяць пакінула Вялікая Айчынная вайна на нашай зямлі?”
Хочацца нагадаць некаторыя шчырыя выказванні старшакласнікаў, якія па-сапраўднаму вярэдзяць душу. “Вайна для нас сёння – не толькі боль і горыч мінулага, гэта наша гісторыя, наша памяць. Ужо мінула 77 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна, але подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, нашага народа, які здабываў Перамогу, неўміручы, бессмяротны, застанецца ў вяках і будзе шанавацца нашчадкамі” (Элеанора Стрэшка, 11-ы клас). “Над намі цяпер блакітнае, мірнае неба. І гэта не падарунак лёсу. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды змагаліся за тое, каб мы былі шчаслівыя. Няшмат засталося тых, хто не шкадуючы сябе, крок за крокам праз усе страты, боль, смутак набліжаў Перамогу. І яна прыйшла да нас з яркай, непаўторнай вясной. Гэта свята са слязьмі на вачах” (Дзіяна Конан, 11-ы клас). “Дзякуй за тое, што на світанні мы чуем песні жаўрукоў, а не выбухі бомбаў, што радуемся цудоўным краявідам прыроды, што нашы вочы свецяцца шчасцем, вялікі і нізкі паклон салдатам Вялікай Айчыннай вайны, яе ветэранам”. (Кірыл Дзежыц, 10-ы клас).
Беларуская літаратура ішла дарогамі вайны, вобразна кажучы, стала ў баявыя шарэнгі, набліжала Перамогу. Палымянае мастацкае слова зрабілася адным з магутных сродкаў змагання з ворагамі. Змагаліся празаікі, паэты, змагаліся і іх творы. Яны, нібы салдаты ў баі, баранілі Радзіму.
Вайна наклала глыбокі адбітак на творчасць Кузьмы Чорнага, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава і іншых класікаў нашай літаратуры. У іх вачах полымя вёсак, што гарэлі, крыкі і енкі людзей, што гінулі ў агні, няўцямнасць і безабароннасць дзяцей, якіх адрывалі ад мацярок і кідалі ў гэтыя страшныя вогнішчы ці пускалі па іх кулямётныя чэргі. Убачанае і перажытае імі адгукаецца ўнутраным балючым водгукам у несмяротных творах.
Янка Брыль – таленавіты пісьменнік, адзін з самых шаноўных мастакоў слова, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Суровая праўда пра крывавую бойню, жахлівыя сцэны пранікаюць да сэрца і розуму тых, хто бярэ ў рукі яго кнігі.
Непаўторныя апавяданні “Адзін дзень”, “Маці”, “Меmento morі” надоўга застануцца ў памяці вучняў. Лейтматыў – трагедыя народа ў гады вайны, услаўленне духоўнага хараства чалавека, яго маральны выбар у экстрэмальных сітуацыях.
У працэсе ідэйна-мастацкага аналізу твораў юнакі і дзяўчаты шчыра і адкрыта разважаюць пра тое, якой цаной у гады вайны заваяваны мір на зямлі, якія маральныя запаветы пакінулі сваім нашчадкам тыя, хто адстаяў незалежнасць Радзімы, яе свабоду, выкрываюць пачварнасць фашызму і вайны ўвогуле.
Вывучэнне творчасці Янкі Брыля садзейнічае выхаванню ў школьнікаў станоўчых маральных якасцей і адказнасці за свае ўчынкі.
З вялікай цікавасцю і азартам чытаюць дзесяцікласнікі раман Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”. Гэты раман пра моц духу і патрыятызм зусім маладых людзей, украдзенае вайной дзяцінства і маленства, разбураныя чалавечыя гнёзды, спусташальныя маральныя вынікі сусветных бойняў.
Перад вачыма чытачоў-падлеткаў разгортваюцца трагічныя лёсы Волечкі Нявадавай і Кастуся Лукашэвіча, героя-пакутніка Сымона Ракуцькі, легендарнага Нявады. Цяжка нават уявіць сабе, якія невымерныя пакуты, слёзы, боль, гора яны перажываюць. Вайна для іх – гэта цяжкая душэўная траўма, балюча-вярэдлівы стан на ўсё жыццё.
Дзякуй яму, мастаку, што ён раскрыў сапраўдны твар вайны, якая не ведае літасці і нясе змрок і ўсеагульнае разбурэнне, што захаваў гістарычную памяць беларускага народа.
Рыгор Барадулін адносіцца да пакалення паэтаў-бязбацькавічаў, дзяцей вайны, якія “выраслі пад гарматнымі стваламі”.
Вечнай застаецца для яго памяць вайны. Памяць даўжынёю ў жыццё. І гэта зразумела: “вораг крыжачыў” родны небасхіл, дзіцячую радасць і смех забрала блакада, не хацелася верыць, што бацька не вернецца дахаты. Патрыятычныя вершы “Бацьку”, “Палата мінёраў”, “Яліна цвіце” прасякнуты праўдзівасцю і глыбокім смуткам.
З пустым рукавом
сын вярнуўся дамоў,
А маці, як яблыня, белая
з гора…
Хай порахам толькі
запахне ізноў,
Вы ўчуеце, хлопцы,
з палаты мінёраў!
Гэта плач і праклён ёй, ненавіснай і ненажэрнай вайне, гэта і рэквіем абпаленаму, знявечанаму дзяцінству, калекам, удовам, сіротам. Таму вершы паэта пра вайну ўспрымаюцца сёння як мужны і суровы роздум пра трываласць тых маральных асноў, на якія павінны абапірацца дзеці; гучыць напамін і запавет сучаснікам захоўваць вольнай родную зямлю: каб не свісталі кулі, каб зязюлі не стамляліся лічыць гады шчаслівага жыцця. Паэт выказвае хвалюючыя пачуцці не толькі болю і смутку, але і высокай, удзячнай вечнай памяці пра тых, хто абараняў свет і жыццё.
Васіль Быкаў. Ён стаў сведкам самага жудаснага відовішча на зямлі – вайны. Пісьменнік-франтавік, які стаяў у сантыметрах ад смерці, цудам уратаваўся з-пад гусеніцы падбітага фашысцкага танка, выжыў, каб расказаць жывым праўду пра жахлівую, страшэнную вайну. І ён мае права на такую жорсткую і бязлітасную праўду, як ніхто іншы. Ён яе выпакутаваў на вайне, перажыў сам, калі ратаваўся ад пякельнага агню снарадаў і куль. Гэта наш нацыянальны герой, які ўславіў беларусаў ва ўсім свеце.
Яго аповесці “Сотнікаў”, “Знак бяды”, “Альпійская балада”, “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Абеліск” і іншыя гучалі і гучаць як набат, як папярэджанне пра трагедыі, якія могуць спасцігнуць чалавецтва на зямлі.
Праўда і сутнасць вайны раскрываюцца аўтарам праз невымернасць людскіх страт, чалавечы боль і пакутлівы суд памяці.
Творы яго заўсёды будуць вучыць падрастаючае пакаленне быць праўдзівымі, уважлівымі і спагадлівымі да людскіх бед і няшчасцяў. У сваіх аповесцях ён здолеў давесці да маладога пакалення, да ўсіх нас наступную неаспрэчную ісціну: адкрыта і праўдзіва можна пісаць пра асобна ўзятага чалавека, пра ягоны боль, сумненні і перажыванні, пра вострую неабходнасць выбару, які гэтаму чалавеку належыць зрабіць – самому. А таму ўздзеянне яго несмяротных твораў на свядомасць чытача можна параўнаць з электрашокавай тэрапіяй – чымсьці вельмі балючым, але карысным і патрэбным.
Дзявятага мая зноў прагрыміць Салют Перамогі, а ў памяці і дагэтуль жывыя пакуты ваенных гадоў і бязмерная мужнасць беларускага народа. Вайна. Няхай яна будзе праклята, гэта вайна.
Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”