Шматузроўневая сістэма

- 14:30В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Рэспубліканскі круглы стол “Аб стане і развіцці бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, які праходзіў на базе Лошніцкай гімназіі, стаў вялікай пляцоўкай па абмеркаванні забеспячэння кадрамі адукацыйнай галіны. 

Станоўчыя моманты

У рабоце круглага стала прынялі ўдзел міністр адукацыі Андрэй Іванец, начальнікі галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, прадстаўнікі рэктарскага корпуса, НІА, АПА, кіраўнікі педагагічных каледжаў і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх функцыянуюць класы педагагічнай накіраванасці.

Ключавой стала размова пра сучасны стан бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў нашай краіне, як зрабіць яе максімальна эфектыўнай, што яшчэ неабходна, каб павысіць прывабнасць настаўніцкай прафесіі. Акрамя таго, ішла гаворка пра сістэму работы з маладымі спецыялістамі, удзел прафсаюзных арганізацый у падтрымцы маладых педагогаў і павышэнні прэстыжу прафесіі. Асаблівая ўвага была прысвечана арганізацыі і функцыянаванню педагагічных класаў — галоўнаму матывуючаму звяну ў падрыхтоўцы педкадраў.

“Мы назіраем пэўныя станоўчыя моманты ў прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі. Вучні 10—11 класаў ахвотней выбіраюць профільныя педагагічныя класы. Сёлета адбудзецца другі выпуск спецыялістаў, якія ў статусе абітурыентаў былі падрыхтаваны ў агульнай сярэдняй адукацыі ў педкласах”, — падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец. 

Эксперты адзначылі, што ў краіне склалася адкрытая шматузроўневая сістэма падрыхтоўкі педагагічных работнікаў. Яна забяспечвае ўзровень кваліфікацыі працуючых педагогаў, які адпавядае сучасным дасягненням навукі і практыкі. Захоўваецца пазітыўная тэндэнцыя павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў.

У сістэме дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі працуе амаль 173,3 тысячы педагагічных работнікаў. У сегменце вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых занята 19,7 тысячы выкладчыкаў. Больш за 9 тысяч з іх маюць навуковую ступень і амаль 8 тысяч — вучонае званне.

Кіраўнік галіновага ведамства звярнуў увагу на актуальную задачу, якая стаіць перад сістэмай адукацыі на сённяшні дзень. Гаворка ідзе пра замацаванне педагагічных кадраў на месцах. Міністр перакананы, што менавіта школа павінна рыхтаваць якасных абітурыентаў, а не сістэма прыёму ва УВА ісці на ўмовы спрашчэння экзаменаў, каб выканаць кантрольныя лічбы прыёму.

У 2021/2022 навучальным годзе функцыянуе 556 педагагічных класаў, у якіх вучацца 5102 навучэнцы. У параўнанні з 2020/2021 навучальным годам колькасць педагагічных класаў узрасла на 73, а навучэнцаў у іх — на 859 чалавек. У цэлым, як было адзначана ў ходзе круглага стала, коль­касць педагагічных класаў стабільная, а іх размеркаванне па абласцях і сталіцы раўнамернае.

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук адзначыў, што штогод трэць выпускнікоў педагагічных класаў, высока матываваных на педагагічную прафесію, працягваюць навучанне ва ўніверсітэтах. У прыватнасці, у 2021 годзе 696 выпускнікоў педагагічных класаў паступілі на педспецыяльнасці, 206 з іх сталі студэнтамі БДПУ. Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што засваенне зместу праграмы факультатыўных заняткаў “Увядзенне ў педагагічную прафесію” і ў цэлым спецыфіка навучання ў профільных педагагічных класах дазваляюць навучэнцам рабіць усвядомлены выбар будучай спецыяльнасці педагагічнай накіраванасці.


Вопыт рэгіёнаў

Рэгіянальным вопытам падрыхтоўкі педкадраў падзялілася рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціна Багатырова. Яна адзначыла, што такая сістэма падрыхтоўкі педагогаў павінна найперш арыентавацца на патрэбы сваёй вобласці. Ва ўніверсітэце вялікую ўвагу ўдзяляюць падрыхтоўцы навуковых педкадраў. Тут рэгулярна абараняюцца кандыдацкія па педагагічных напрамках. Адна з праблем, якую агучыла рэктар, — стратэгічнае планававанне ў падрыхтоўцы кадраў. Увесь час ідзе пошук адказу на пытанне, як падрыхтаваць матываванага абітурыента? Ва ўніверсітэце штогод праводзіцца каля 200 прафарыентацыйных мерапрыемстваў для школьнікаў. Акрамя таго, пры ўніверсітэце нядаўна адкрылі ліцэй, што таксама паспрыяе падрыхтоўцы матываваных абітурыентаў. 

Начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома гаварыў пра вопыт стварэння і дзейнасць педкласаў на Віцебшыне. У мінулым годзе 30 працэнтаў выпускнікоў такіх класаў паступілі на педспецыяльнасці. Праблема рэгіёна — сур’ёзнае старэнне педкадраў. “Поспех у вырашэнні праблемы магчымы толькі пры агульным узаемадзеянні педкалектываў, якія будуць накіроўваць вучняў у педагогіку, універсітэтаў і каледжаў, якія займаюцца падрыхтоўкай кадраў”, — заўважыў начальнік упраўлення. У Віцебскай вобласці не хапае настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, замежнай мовы, фізічнай культуры. На сёння ў школах Віцебшчыны працуе больш за 100 студэнтаў старшых курсаў.

У Мінскай вобласці з педкадрамі таксама існуюць пэўныя праблемы. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко адзначыў, што ў цэлым установы адукацыі Міншчыны забяспечаны педагагічнымі кадрамі. Штогод колькасць маладых спецыялістаў павялічваецца. Разам з тым настаўнікаў не хапае. “Цяпер у вобласці ёсць патрэба ў настаўніках фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага профіляў, пачатковых класаў, выхавальніках, педагогах-псіхолагах і сацыяльных педагогах, таму на пасяджэнні выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення было вырашана, што ўпраўленні па адукацыі будуць весці пільны адбор навучэнцаў пры арганізацыі профільных педагагічных класаў. Акрамя таго, трэба праводзіць шырокую інфармацыйна-тлумачальную работу з навучэнцамі і іх бацькамі”, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. 1015 дзяцей цяпер вучацца ў педкласах Мінскай вобласці.

Сістэма дадатковай адукацыі дарослых на прыкладзе Гродзенскага рэгіёна была прадстаўлена рэктарам Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Святлана Сяргейка гаварыла пра шматвектар­насць і гібкасць сістэмы павышэння кваліфікацыі. “Якасць адукацыі не можа быць вышэйшай за якасць працы педагогаў”, — заўважыла яна. 

У завяршэнне Андрэй Іванец падкрэсліў, што прысутныя стаяць ля вытокаў падрыхтоўкі спецыялістаў, якія будуць рабіць краіну багацейшай, паляпшаць якасць жыцця беларускага народа. “Не выпадкова мы выбралі падрыхтоўку педагагічных кадраў тэмай нашай размовы. Бо менавіта правільна вывераная пазіцыя педагагічнай адукацыі, яе ўстойлі­васць у агульнай сістэме адукацыі, нацэленая на забеспячэнне апераджальнага характару падрыхтоўкі высокакваліфікаваных, канкурэнтаздольных педагагічных кадраў, гатовых да ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці, да асобаснага і прафесійнага ўдасканалення на працягу ўсяго жыцця, даюць неабходныя вынікі і зрухі да развіцця ўсёй сістэмы адукацыі ў нашай краіне”, — сказаў міністр.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий