Пацыент ні жывы ні мёртвы, а… штучны! Такімі пацыентамі запоўнена лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў у Гомельскім медыцынскім каледжы. На манекенах, якія выглядаюць і паводзяць сябе, як жывыя, навучэнцы адточваюць свае навыкі.
Развіццё важнае для любой установы адукацыі. А для ўстановы, якая рыхтуе медработнікаў, важнае асабліва, бо вымяраецца яно ў чалавечых жыццях. І таму радасна, што ў медыцынскіх каледжах сёння ёсць тэхналогіі, здольныя эфектыўна вучыць і здзіўляць.
Спачатку медыцынскія прыгоды
Год назад у каледжы была адкрыта лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў. У штодзённым жыцці яе называюць сімуляцыйным цэнтрам, бо тут сапраўды можна трапіць у сімуляцыю самых розных медыцынскіх прыгод. Лабараторыя з’явілася ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.
Лабараторыя займае практычна цэлы паверх у каледжы. Яна падзелена на 4 тэматычныя модулі — асобныя памяшканні, дзе сабраны вучэбныя матэрыялы па пэўным кірунку. У сваю чаргу кожны модуль падзелены на дзве зоны — тэарэтычную, дзе навучэнцы атрымліваюць заданне, абмяркоўваюць яго, а ў канцы аналізуюць сваю работу, і непасрэдна рабочую, дзе і пачынаецца самае цікавае.
Апынуўшыся ў першым модулі “Тэрапія. Сястрынская справа ў тэрапіі”, быццам трапляеш у палату сапраўднага аддзялення бальніцы. Тут размешчаны бальнічныя ложкі, а на іх — пацыенты. Пацыенты не сапраўдныя, аднак часам пачынаеш у гэтым сумнявацца. Робаты-сімулятары вельмі падобныя да чалавека — не толькі па памерах і форме, але і навобмацак — скура вельмі рэалістычная. Ды і паводзяць яны сябе, як людзі, — імітуюць фізіялагічныя рэакцыі чалавека на розныя маніпуляцыі, якія праводзяць медработнікі.
Гэтыя манекены выкарыстоўваюцца для адпрацоўкі навыкаў сястрынскага догляду. Навучэнцы могуць трэніравацца выконваць безліч маніпуляцый: можна ўзяць мазкі з зева і носа, кроў для лабараторных даследаванняў, паставіць клізму ці катэтар, увесці лекавыя сродкі, прамыць страўнік, пакарміць праз назагастральны зонд. І манекен рэагуе, як і цела чалавека. Напрыклад, калі катэтар устаноўлены правільна, то праз яго пацячэ вадкасць. Дарэчы, для такога роду маніпуляцый манекену можна “мяняць пол”. Таксама навучэнцы вучацца на гэтых манекенах прафілактыцы пролежняў і правядзенню ранішніх гігіенічных працэдур цяжкахворым пацыентам. “Пацыенты” пры гэтым важаць нямала, што дапамагае трэніравацца беражліва пераварочваць, перамяшчаць хворых людзей.
Ёсць тут і трэнажоры — асобныя часткі цела. Напрыклад, рука, на якой навучэнцы трэніруюцца браць кроў з вены. І зноў жа — максімальная рэалістычнасць: педагогі, якія ўжо маюць вопыт забору крыві ў чалавека, адзначаюць, што вены муляжа зроблены настолькі праўдападобна, што пры праколе сасуда адчуванні такія, як пры праколе сценкі сасуда чалавека.
Выратаваць Антона
Зоркай наступнага модуля “Хірургія і траўматалогія, рэаніматалогія” з’яўляецца робат-манекен для адпрацоўкі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі з сістэмай кантролю. Калі з ім працуюць навучэнцы, то на некаторы час здаецца, што ты глядзіш кіно, — гэтую працэдуру нярэдка паказваюць у кінастужках. У манекена рухаецца галава, шыя, сківіца. Падчас вентыляцыі лёгкіх у яго рэалістычна ўзнімаецца грудная клетка. Акрамя эфектнага выгляду, манекен яшчэ і надзвычай функцыянальны — сістэма кантролю выводзіць на экран вынікі паслядоўнасці дзеянняў, глыбіні кампрэсіі сэрца і вентыляцыі дыхальных шляхоў. Гэта вельмі важна, каб навучэнец мог адчуць, напрыклад, з якой сілай трэба націскаць на грудную клетку. Бо калі націскаць занадта моцна, то можна зламаць рэбры, а калі націскаць слаба, то рэанімацыя можа аказацца неэфектыўнай.
“Таварыш па палаце” ў гэтага манекена — манекен Антон. Так ён названы ў тэхнічным пашпарце, і гэтае імя прыжылося. Яго яшчэ можна было б назваць “33 няшчасці”: манекен прызначаны для адпрацоўкі навыкаў пры траўме. І розных траўм для Антона аж 2 чамаданы — гэта розныя часткі цела і органы з разнастайнымі траўмамі, якія прымацоўваюцца да манекена. Напрыклад, можна прычапіць яму нагу з адкрытым пераломам, шчаку з апёкам, брушыну з ірванай ранай. Так навучэнцы адпрацоўваюць хірургічныя маніпуляцыі пры розных пашкоджаннях: апёках, пераломах, ударах, раненнях, ранах брушной поласці з эвісцарацыяй, некрозах ступняў і траўмах пальцаў.
— Дапамажыце! Мне баліць! — а гэта ўжо крыкі з лабараторыі “Акушэрства і генекалогія”. Такімі гукамі суправаджаюцца роды ў манекена Ніны. А роды ў яе адбываюцца даволі часта — усё для лепшага навучання. Манекен-сімулятар родаў незаменны ў падрыхтоўцы будучых акушэраў. Манекен дазваляе працаваць па самых розных сцэнарыях — калі роды праходзяць фізіялагічна і калі ёсць паталогіі. Можна запраграмаваць розныя віды размяшчэння плода, абвіццё пупавіны вакол шыі, пасляродавы крывацёк і яшчэ безліч сітуацый, якія могуць здарыцца ў родавай зале. Манекен дазваляе дыягнаставаць родавыя анамаліі, адпрацоўваць сястрынскі догляд і дзеянні персаналу пры неадкладных сітуацыях.
А ў наступным модулі лабараторыі — лагічны працяг — “Педыятрыя, сястрынская справа ў педыятрыі”. Тут самыя маленькія трэнажоры — памер цела і прапорцыі манекена аналагічныя целаскладу нованароджанага. Калі ў яго ёсць нейкая праблема — ён плача. Калі навучэнец вызначыў і выправіў праблему, то плакаць малое перастае і ўсміхаецца. Зусім як сапраўднае дзіця! А праблемы яму можна запраграмаваць самыя розныя: голад, паніка, змена падгузніка, увага, зрыгванні, атручэнне лекавымі прэпаратамі.
Ёсць і манекен неданошанага дзіцяці, які дазваляе ажыццяўляць кармленне праз зонд, пальпацыю цемечка і швоў чэрапа, адсмоктваць макроту і праводзіць іншыя маніпуляцыі.
Галіна Уладзіміраўна Саланец, дырэктар каледжа:
—Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж у гэтым годзе адзначыць 90-годдзе. Сёння каледж з’яўляецца шматпрофільным і вядзе падрыхтоўку медыцынскіх работнікаў сярэдняга звяна па спецыяльнасцях “Сястрынская справа”, “Лячэбная справа”, “Медыка-прафілактычная справа”, “Зубалячэбная справа”. Штогод дыпломы ўручаюцца каля 300 выпускнікам, прычым 100 працэнтаў атрымліваюць размеркаванне або накіроўваюцца на першае працоўнае месца. Каледж выпусціў ужо больш за 24 тысячы спецыялістаў.
Асноватворны прынцып падрыхтоўкі кадраў — практыкаарыентаванасць. Рэалізацыі гэтага прынцыпу садзейнічае і лабараторыя адпрацоўкі навыкаў, якая працуе ва ўстанове ўжо год.
Важным новаўвядзеннем у адукацыйны працэс з’яўляецца стварэнне школы каманды ўрача агульнай практыкі — сумеснага праекта каледжа з Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. Яго мэта — адаптацыя будучых членаў каманды ўрача, іх зладжаная работа ў брыгадзе.
У сучасных умовах каледж паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі — удасканаленнем якасці адукацыйнага працэсу шляхам павышэння ўзроўню ведаў і практычных навыкаў медыцынскіх работнікаў праз стварэнне сістэмы практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, бесперапыннай прафесійнай адукацыі, ажыццяўленне пераемнасці паміж тэарэтычнай, навуковай і практычнай падрыхтоўкай спецыялістаў.
Не лялькі, а вучэбныя дапаможнікі
Праз кожны модуль гэтай лабараторыі за час навучання праходзіць кожны навучэнец каледжа. Практычнаму навучанню ў каледжы надаецца значная ўвага, і ў лабараторыю навучэнцы трапляюць вельмі хутка — праз пару тыдняў пасля пачатку заняткаў у верасні. Спачатку яны знаёмяцца з тэорыяй, потым адпрацоўваюць навыкі ў звычайных тэматычных лабараторыях, дзе размешчаны больш простыя трэнажоры, якія даюць агульнае разуменне маніпуляцыі. А потым ужо трапляюць у лабараторыю адпрацоўкі навыкаў, дзе працуюць з амаль рэальнымі пацыентамі. І гэта ўнікальны і вельмі карысны вопыт.
— Лабараторыя па адпрацоўцы навыкаў — гэта імітацыя бальнічнага памяшкання, дзе пацыенты ніколі не скардзяцца і дзе медыцынскаму персаналу дазволена вучыцца на сваіх памылках, — цудоўная магчымасць для будучых медыцынскіх работнікаў. Добра адпрацаваўшы практычныя навыкі і ўменні, яны будуць больш упэўненымі ля ложка хворага, — дзеліцца меркаваннем Галіна Рыгораўна Песенка, загадчыца лабараторыі.
Муляжы і манекены — гэта, па сутнасці, вучэбныя дапаможнікі, і ў педагога ёсць розныя магчымасці, як іх выкарыстаць. Можна ўключаць розныя рэжымы — напрыклад, рэжым навучання, калі трэнажор падказвае, як лепш зрабіць, або экзаменацыйны рэжым, які дапамагае правяраць навыкі. Працуюць у лабараторыі маленькімі падгрупамі па 7—9 чалавек, так што ў кожнага ёсць магчымасць адшліфаваць навыкі. А колькасць разнастайных дапаможнікаў і варыяцыі работы з імі даюць магчымасць атрымаць самыя розныя ўменні. З такім багажом не страшна ісці да сапраўднага пацыента.
Аналагічныя лабараторыі сёння ёсць практычна ва ўсіх медкаледжах краіны. Дарэчы, у іх можна не толькі вучыцца. Зараз творчая група педагогаў медкаледжаў з усёй краіны працуе над распрацоўкай аб’ектыўнага клінічнага структураванага экзамену, які стане часткай выніковай атэстацыі. Практычная частка яго будзе праходзіць на сімулятарах такіх лабараторый.
Дар’я РЭВА