Ні дня без задачы

- 13:08В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Двайным асабістым рэкордам адзначаны заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы ў прафесійным партфоліа віцебскага настаўніка­-метадыста Веранікі Лакціной. Вынік яе вучняў (зборная навучэнцаў гімназій №№ 1, 2 і 8, сярэдняй школы № 3 Віцебска) — 12 дыпломаў, прычым роўна палова належыць дзяўчатам.

Як удаецца не проста прыводзіць каманду да алімпіядных вяршынь, але і штогод прымнажаць дасягнутае? Адказваючы на гэтае пытанне, педагог падкрэслівае: аснова асноў — сістэмная работа. Да перамогі большасць з навучэнцаў упарта ішлі з настаўніцай не адзін год, пачынаючы з 5—6 класа. На гэтым шляху ў ідэале не павінна быць ніводнага дня прастою. Звычайны школьны курс — безумоўна. Тым не менш ключавымі з’яўляюцца факультатыўныя заняткі, дзе матэрыял вывучаецца значна шырэй і глыбей. Дзве гадзіны тэорыі на тыдзень, астатні час — пастаянная практыка як непасрэдна ва ўстанове адукацыі, так і дома, на працягу вучэбнага тыдня, у выхадныя, на канікулах.

Акцэнт у сістэме работы Веранікі Лакціной зроблены на развіцці здольнасці да самаадукацыі і мэтанакіраванай самастойнай працы, асабліва ў старшых класах. Настаўніца ўмее вырасціць з першапачатковай, нярэдка павярхоўнай, зацікаўленасці інфарматыкай устойлівую матывацыю да яе вывучэння. Паступова Вераніка Паўлаўна паглыбляе навучэнцаў у прадметнае асяроддзе, раскрываючы іх пазнавальна-камунікатыўны патэнцыял. У фарміраванні кагнітыўных і даследчыцкіх кампетэнцый педагог грунтуецца на двух вядучых прынцыпах: інтэграцыі міжпрадметных сувязей і праблемным, што спрыяе развіццю ў навучэнцаў лагічнага мыслення, вучыць іх не толькі аналізу і класіфікацыі, але і абагульненню і сінтэзу, уменню выходзіць за рамкі прадмета. Такім чынам вучні пад кіраўніцтвам педагога выхоўваюць у сабе ўважлівасць, волю, імкненне да вырашэння праблемы, рэфлексіўнасць. У безумоўным прыярытэце дыялагічнасць. Выказванне і абмеркаванне розных пунктаў гледжання — неабходны складнік супрацоўніцтва з настаўнікам, які спрыяе самарэалізацыі асобы вучня, развіццю камунікатыўных сацыяльных кампетэнцый. Гэта калі падыходзіць з пазіцыі высокай тэорыі і методыкі. На практыцы ж, па словах педагога, усё больш проста і складана адначасова. Універсальныя алгарытмы дзейнічаюць адносна, у любым канкрэтным выпадку неабходны пэўныя карэктывы, індывідуальны падыход. 

— Спачатку дзяцей трэба навучыць і матываваць, вельмі многае ўкласці ў кожнага, — расказвае Вераніка Лакціна. — А ў выпускных класах больш накіроўваць, даваць заданні, кантраляваць і каардынаваць работу. Мы зыходзім з імператыву: ні дня без задачы! Вядзём адпаведны маніторынг. Так, цяпер у нас Цімафей Балюконіс сярод лідараў па рэйтынгу штодзённага рашэння задач. Заканамерны вынік — дыплом заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды І ступені. У працэсе практыкі важна пастаянна актуалізаваць тэорыю. Традыцыйна ўпор на яе робім падчас канікул, паслядоўна паўтараем пройдзены матэрыял. Сістэматызаваць і пашырыць веды, уменні, навыкі дапамагаюць вучэбна-трэніровачныя зборы. У працэсе падрыхтоўкі да рэспубліканскай алімпіяды трэніруемся, выпрацоўваем стрэсаўстойлівасць і засвойваем асновы таго, што аб’ядноўваецца паняццем soft skills на іншых алімпіядах, уключаючы міжнародныя. Што характэрна, рэгулярна ўваходзім у склад пераможцаў і прызёраў. Разлік відавочны: калі гэта проста трэніровачная алімпіяда, то нават пры максімальнай набліжанасці да рэальных умоў усё роўна не тыя настрой і атмасфера. Сярэдняе звяно пачынаю “выводзіць у людзі” на камандных алімпіядах. Тут на старце вырашальнае значэнне мае арганізацыйны кампанент, размеркаванне дзяцей па камандах, каб яны адно ў аднаго вучыліся. Канчатковы выбар за імі, але я стараюся так выбудаваць працэс абмеркавання, каб атрымалася аптымальная камбінацыя ўдзельнікаў. Не менш важна своечасова прывесці вучня да цвёрдага разумення, што некалі ён быў слабейшы ў камандзе і яго падтрымлівалі, а зараз ён вырас, таму хопіць хавацца за спінамі іншых, пара прымаць лідарства і браць на сябе самыя складаныя задачы, дапамагаючы навічкам і пакідаючы для іх тое, што прасцей выканаць.

За перыяд педагагічнай дзейнасці Вераніка Лакціна падрыхтавала 113 пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, 9 пераможцаў Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы (International Olympiad in Informatics) і 18 — Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па інфарматыцы (Казахстан).

Асобная цікавая гісторыя ў Веранікі Паўлаўны з дзяўчатамі-алімпіядніцамі. Сёлета яе вучаніц у фінале алімпіяды па інфарматыцы ўпершыню было шасцёра, і ўсе вярнуліся ў Віцебск з дыпломамі — роўна палова пераможнай каманды. Як з усмешкай каменціруе педагог, гендарная роўнасць у дзеянні. Выпадак унікальны, падобнага на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце раней не было. Хаця настаўніца мае на сваім рахунку міжнародны навучэнскі рэкорд, які ніхто пакуль не паўтарыў. Барбара Кускова — адзіная з беларусак, хто паспяхова прадстаўляў краіну на International Olympiad in Informatics. Двойчы — у Тайвані і Алматы (Казахстан) — таленавітая віцяблянка станавілася ўладальніцай бронзавага і сярэбранага медалёў адпаведна. Дарэчы, дзяўчына паступіла на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Выбіраючы месца для працягу адукацыі, Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту аддаюць перавагу многія вучні Веранікі Лакціной. З нядаўніх прыкладаў з ліку “міжнароднікаў” — Яраслаў Барысаў. Навучэнец дабавіў у скарбонку дасягненняў каманды дыпломы І ступені рэспубліканскай алімпіяды, “бронзу”, а затым абсалютнае першынство і “золата” Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды і, нарэшце, “серабро” і “бронзу” ІОІ ў Баку (Азербай­джан) і Сінгапуры. Цяпер малады чалавек вучыцца на 2 курсе і працуе ў кампаніі  Huawei: пераважна яго работа звязана з даследаваннем ступені сціскання файлаў, пошукам новых спосабаў кадзіроўкі. За час студэнцтва былыя алімпіяднікі хутка вырастаюць у высакакласных спецыялістаў у сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння і потым буду­юць выдатную прафесійную кар’еру.

—У нашай камандзе склаліся свае традыцыі, — працягвае педагог. — Дні нараджэння, значныя даты і падзеі святкуем разам. Зносіны не перапыняюцца пасля атрымання дыплома аб агульнай сярэдняй адукацыі. Па-ранейшаму да нас прыходзяць выпускнікі, часцей на канікулах, і абавязкова штосьці цікавае расказваюць пра студэнцтва, работу, падрабязна аналізуюць перавагі сваіх універсітэтаў, тлумачаць рашэнні задач, дзеляцца сваім вопытам. Гэта сапраўды эфектыўны інструмент як вучэбнай матывацыі ў цэлым, так і фарміравання ўсведамлення ролі настаўніка і павышэння аўтарытэту айчыннай адукацыі, нашай алімпіяднай справы ў прыватнасці. Бо малодшыя на прыкладах з жыцця бачаць, наколькі ўдзячныя іх папярэднікі за навуку, магчымасць удзелу ў алімпіядах і работы ў камандзе, што па вялікім рахунку і прывяло іх да поспеху.

 

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий