Мая калега, Наталля Леанідаўна Пекар, настаўнік матэматыкі Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна, звыш за 25 гадоў выкладае дакладную навуку сваім вучням і даўно стала тым педагогам, якога ўважліва слухаюць за партай і з павагай успамінаюць за рабочым сталом.
У кожнага педагога свой шлях у прафесію. У Наталлі Леанідаўны ён прадказальны, бо яна з педагагічнай дынастыі. Педагогамі былі і яе бацькі. Мама, Ірына Міхайлаўна, 40 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру. Мудрая жанчына і таленавіты педагог, яна і сёння параіць сваёй дачцэ і развее яе педагагічныя і жыццёвыя сумненні. А бацька, Леанід Міхайлавіч, хоць больш дзесяці год на заслужаным адпачынку, а ўжо 47 гадоў як настаўнічае і з’яўляецца запатрабаваным матэматыкам на Дзятлаўшчыне. Наталля Леанідаўна і сёння ў спрэчных матэматычных пытаннях у першую чаргу звяртаецца да бацькі і заўсёды можа разлічваць на кампетэнтную дапамогу і словы падтрымкі.
Адным з важных патрабаванняў сучаснасці з’яўляецца выхаванне ў дзяцей самастойнасці, ініцыятыўнасці, умення знаходзіць нестандартныя рашэнні ўзнікаючых праблем. Таму Н.Л.Пекар пастаянна працуе над удасканаленнем структуры вучэбнага працэсу, уносіць у правядзенне ўрока элементы навізны для развіцця асобы, якая зможа лёгка прымяняць прадметныя веды ў самастойным жыцці. На ўроках матэматыкі настаўніца стварае ўнікальную адукацыйную атмасферу, у якой працэс пазнання зусім не нудны, а заўсёды цікавы і асобасна значны для кожнага вучня. Яна аддае перавагу нестандартным праблемным урокам, актыўна выкарыстоўвае магчымасці ІКТ, стымулюе жаданне даследчай дзейнасці, актыўна прыцягвае сваіх вучняў да алімпіяднага руху. Адчувае вялікае задавальненне ад таго, што любы вучань можа дасягнуць поспеху, няхай і нязначнага, і хоча адчуваць сябе ўпэўненым.
Наталля Леанідаўна не ўяўляе сваёй дзейнасці без узаемапаважлівых, талерантных і даверлівых зносін паміж настаўнікам і вучнямі. У кожным дзіцяці яна бачыць асобу, кіруючыся важным выхаваўчым правілам: твары дабро для іншых, калі для гэтага ёсць у цябе магчымасць. І такія магчымасці ў настаўніцы невычэрпныя! Наталля Леанідаўна не толькі прафесіянальны матэматык, але і крэатыўны і творчы чалавек. Яе выхаваўчыя мерапрыемствы, у тым ліку і ў рамках шостага школьнага дня, не толькі пазнавальныя, але і значныя для дзяцей. Настаўніца выхоўвае не толькі зместам мерапрыемства, але і сваім пазітыўным знешнім выглядам, уменнем даверліва трымацца з дзіцячай аўдыторыяй, бачыць у кожным асобу, паважліва і ласкава звярнуцца да дзіцяці і абавязкова ўсміхнуцца.
Наталля Леанідаўна Пекар ужо 17 гадоў з’яўляецца прафсаюзным лідарам нашай установы адукацыі. Яна разумее, што будаваць адносіны з калектывам патрэбна заўсёды на ўзроўні. Сацыяльнае партнёрства, калектыўны дагавор, кантрактная форма найму, вырашэнне працоўных праблем – гэта сучасныя рэаліі, ад якіх залежыць жыццё калектыву, дастойнае ва ўсіх адносінах. Гэтыя паняцці даўно сталі яе ладам жыцця. У 2018 годзе Наталля Пекар дастойна прэзентавала сябе на абласным этапе Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу прафесійнага майстэрства “Беларускі майстар – 2018” і заваявала дыплом ІІ ступені. Настаўніца разумее, што час не чакае і патрабуе. Новыя ўмовы, новыя задачы і планы… Але нязменным застаецца адно: усё на карысць чалавеку-працаўніку!
А яшчэ Наталля Леанідаўна – проста прыгожая жанчына, інтэлігентная, сучасная, стыльная, патрабавальная да сябе і, галоўнае, заўсёды пазітыўная, што сёння дарагога каштуе. Яна разумеючая жонка, ласкавая маці, спагадлівая сяброўка і цудоўная двойчы бабуля! Яе любяць родныя, паважаюць калегі, з яе бяруць прыклад вучні і заўсёды ўдзячныя выпускнікі.
Напэўна, гэта і ёсць прафесіяналізм і простае жаночае шчасце… А наперадзе ў Наталлі Леанідаўны новыя гарызонты, новыя дасягненні, новыя адкрыцці як у асабістым жыцці, так і на адукацыйнай прасторы. Бо мы, як заўсёды падкрэслівае наша калега-паэтка Галіна Жывіца, – асветнікі!
Успомнім, сябры, назначэнне сваё:
Асветнікі мы – ад былых пакаленняў
Нясём да наступных святое свячэнне!
Святлана КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна