Феномен педагагічнай прафілізацыі — у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы”, якая прайшла ў БДПУ імя Максіма Танка. У яе рабоце прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
На канферэнцыі былі ўзняты пытанні стварэння ва ўстановах адукацыі арганізацыйна-педагагічных умоў прафілізацыі, метадычнага суправаджэння дзейнасці профільных класаў і груп, рэалізацыі пераемнасці профільнай педагагічнай падрыхтоўкі.
Па словах рэктара БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Жука, у нашай краіне педагагічная адукацыя носіць бесперапынны практыка-арыентаваны характар і ахоплівае ўсе ўзроўні падрыхтоўкі, пачынаючы ад педкласаў у школах да сістэмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагогаў у сферы адукацыі. У гэтай сістэме менавіта педкласы з’яўляюцца фундаментам якаснай падрыхтоўкі будучых педагогаў.
— Сёння можна канстатаваць, што ў нас склалася зладжаная сістэма па падрыхтоўцы педагагічных кадраў, якая выключае магчымасць пападання выпадковых людзей у сістэму адукацыі, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Сучасны настаўнік, як і раней, павінен любіць сваю прафесію і любіць дзяцей. Ён павінен не проста вучыць матэматыцы, а вучыць дзіця матэматыцы, не павінен любіць Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога больш за сваіх навучэнцаў, для якіх ён адкрывае цудоўны свет літаратуры. Калі такая будзе зыходная прафесійна-асобасная ўстаноўка, то псіхолага-педагагічная і метадычная падрыхтоўка настаўніка — гэта справа часу, практыкі і вопыту.
На думку намесніка міністра, педагагічныя класы — сістэмны дзяржаўны праект з даказанай эфектыўнасцю. “Прэстыжнай прафесію робяць адносіны спецыялістаў да сваёй справы, з аднаго боку, і адносіны грамадства да яе, з другога. І калі чалавек прыйшоў у педагогіку невыпадкова, непамылкова, то ён падрыхтаваны да тых цяжкасцей, ад якіх збягаюць з прафесіі непадрыхтаваныя выпадковыя людзі”, — лічыць А.Кадлубай.
Аналіз эфектыўнасці педагагічнай прафілізацыі сведчыць, што ўстойлівасць вынікаў дасягаецца за кошт рэалізацыі комплексу арганізацыйна-педагагічных умоў: нарматыўна-прававых, вучэбна-метадычнах, арганізацыйна-тэхналагічных і рэсурсных.
У арганізацыйна-тэхналагічных умовах вылучаюцца два этапы: прапедэўтычны (5—9 класы), які мае на ўвазе падрыхтоўку навучэнцаў другой ступені адукацыі да ўсвядомленага выбару педагагічнага профілю, і асноўны (10—11 класы), мэта якога — стварэнне ўмоў для прафесійнага вызначэння навучэнцаў, фарміраванне пазітыўнай устаноўкі на атрыманне педспецыяльнасці. За гады дзейнасці педкласаў сфарміраваўся шырокі спектр эфектыўных форм і метадаў па арганізацыі адукацыйнага працэсу. Педагогі прымяняюць пошукавыя, рэфлексіўныя, праблемныя, праектныя метады, праводзяць усемагчымыя матывуючыя мерапрыемствы: фестывалі, конкурсы. Цудоўны прыклад — праект БДПУ імя Максіма Танка “Студэнт на адзін дзень”.
Вопытам арганізацыі работы па педпрафілізацыі падзялілася дырэктар Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Юлія Саматыга. Пяць гадоў ва ўстанове дзейнічаюць класы педагагічнай накіраванасці. Тут адкрыты міжшкольны факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, які наведваюць вучні са школ раёна. Найбольш эфектыўнымі навучэнцы педкласаў лічаць такія формы і метады работы, як педагагічны батл, кейс-тэхналогія і адзіны дзень. Адной з пераваг адзіных дзён з’яўляецца магчымасць праектнай дзейнасці і правядзенне іх не толькі ў будныя дні, але і ў шосты школьны дзень. Стартап-класы даюць магчымасць навучэнцам распрацоўваць бізнес-ідэі педагагічнай дзейнасці і прадстаўляць іх. Робататэхніка, LEGO-канструяванне і скрэтч-праграмаванне дазваляюць вырашыць праблему гейміфікацыі і ўключыць яе ў адукацыйны працэс. У найбліжэйшай перспектыве плануецца стварэнне на базе гімназіі алеі педагагічных стартапаў, у якіх будуць удзельнічаць установы адукацыі Барысаўскага раёна.
Намеснік дэкана факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў МГІРА Аляксандр Зык падкрэсліў, што існуючая сістэма навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педкласаў, створаная метадычнай службай сталіцы, адпавядае сучасным патрабаванням і выклікам часу. Штогод у працэсе навучання з педагогамі, якія працуюць у педагагічных класах, разглядаюцца пытанні псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, якасці навучання школьнікаў, фарміравання гатоўнасці да выбару прафесіі педагога. Асаблівая ўвага ўдзяляецца тэхналагічнаму аспекту праектавання адукацыйнага асяроддзя, прафесійным ролям педагогаў. Нядаўна адбылося павышэнне кваліфікацыі “Метадычныя падыходы да арганізацыі работы профільных класаў педагагічнай накіраванасці” на базе апорнай пляцоўкі гімназіі № 20.
Першыя педагагічныя класы былі адкрыты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 2015/2016 навучальнага года. Сёлета працуюць 556 класаў і груп, у якіх вучацца 5102 навучэнцы. У мінулым годзе на педагагічныя спецыяльнасці ва УВА паступілі каля 700 выпускнікоў педкласаў, што складае трэцюю частку ад іх агульнай колькасці.
Як паказваюць вынікі маніторынгу, педагогі адчуваюць і пэўныя цяжкасці ў рабоце. Сёння фіксуюцца супярэчнасці паміж патрэбай настаўнікаў у эфектыўнай рэалізацыі педпрофілю і недастатковым узроўнем іх кампетэнтнасці, наяўнасці асобасных прафесійных цяжкасцей, адукацыйных дэфіцытаў, якія патрабуюць дапамогі ў іх пераадоленні. “Гэта звязваецца найперш з вялікай колькасцю педкласаў і далучэннем новых педагогаў да работы ў іх, — лічыць начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Пазняк. — Каб пераадолець гэтыя супярэчнасці, распрацавана мадэль навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў, якая будзе апрабавана ва ўстановах адукацыі”.
Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з выставай дасягненняў педагагічных класаў школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара, дзе былі прадстаўлены лепшыя партфоліа, творчыя работы выпускнікоў, відэаматэрыялы, метадычныя распрацоўкі педагогаў. Так, педкласаўцы сярэдняй школы № 13 Барысава прэзентавалі інтэрактыўны плакат-ка рту “Атрымліваю педагагічную прафесію: #дзе?як?”, які створаны на аснове атласа педагагічных прафесій і роляў і дапаможа вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.
У межах канферэнцыі для педагогаў была арганізавана інтэрактыўная пляцоўка па абмене эфектыўным вопытам, а для навучэнцаў педкласаў — ток-шоу “Дыялог пакаленняў”, “Проба пяра: арганізацыя і правядзенне педагагічных проб”, “Сусветнае кафэ “Zасабой у АДУКАЦЫЮ” і інш.
Былі таксама падведзены вынікі конкурсу для педкласаўцаў, арганізаванага студэнцкім клубам выпускнікоў педагагічных класаў “ПРОФіль+” і цэнтрам развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Асноўнай ідэяй конкурсу была распрацоўка маскота (персанажа-талісмана) і слогана клуба. Усяго было даслана 113 распрацовак. Пераможцай у намінацыі “Лепшы слоган” стала дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны Дар’я Буйко са слоганам “ПРОФіль+: Навучым! Падтрымаем! Натхнім!”, у намінацыі “Лепшы маскот” — дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 Івацэвіч Паліна Радзюк.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.