Інавацыйная дзейнасць, камфорт вучняў і крэатыўнасць настаўнікаў: ці дастаткова гэтага, каб паспяхова кіраваць самай вялікай школай у краіне па колькасці дзяцей — сталічнай сярэдняй школай № 52? Адказ ведае яе дырэктар Аксана Пятроўна Цуран.
— Гэта ўжо другая адукацыйная ўстанова, будаўніцтва якой вам давялося курыраваць. Першай стаў дзіцячы сад. Ці дапамог атрыманы тады вопыт?
— Канечне, другі раз мне было крыху лягчэй. Будаўніцтва — складаны этап, прыходзілася ўносіць істотныя змяненні, бо запраектавалі школу 10 гадоў назад: памянялася і нарматыўная база, і санітарныя правілы. Я ўдзячна кожнаму будаўніку за якасна выкананую работу. Ведаеце, яны вельмі ганарацца тым, што атрымалася. Аднак мне і маёй камандзе неабходна было ператварыць каробку будынка ў сучасную школу. Нам хацелася, каб яна адпавядала запытам маленькіх грамадзян, якія нараджаюцца ўжо з тэлефонамі, каб ім было па-сапраўднаму цікава
вучыцца.
Шмат пытанняў неабходна было вырашыць: як аформіць класы, каб яны сталі прыгожымі і ўтульнымі, як накарміць дзяцей, як стварыць сетку дадатковых адукацыйных паслуг… А яшчэ ж ёсць вялізнае войска бацькоў, якія мелі шмат патрабаванняў да адукацыйнай установы, нават калі яна яшчэ не адкрылася. Першы навучальны год ні я, ні мае намеснікі не мелі ніводнага выхаднога дня. Цяпер работа наладжана.
— Якія поспехі хочацца адзначыць асабліва?
— У супрацоўніцтве з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях мы стварылі клас дапрофільнай падрыхтоўкі МНС, які мае фізіка-матэматычны кірунак. У ім вучацца актыўныя дзеці з высокай паспяховасцю. У наступным годзе плануем адкрыць яшчэ тры такія класы, таму што жадаючых шмат. Сярод пятай паралелі ёсць спартыўны клас “Трыятлон”. Дзеці прымаюць удзел у спаборніцтвах, займаюць прызавыя месцы. Таксама наладзілі супрацоўніцтва з рэспубліканскім клубам “Цмокі-Мінск”, які падтрымлівае нашых вучаніц 6-га спартыўнага класа. Дзяўчынкі паспяваюць добра вучыцца і радуюць нас сваімі перамогамі.
Быць першымі
— Эксперыментальная дзейнасць — ваш канёк. Сад № 149, які вы ўзначальвалі, быў інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па ўкараненні мадэлі музейнай педагогікі для дзяцей дашкольнага ўзросту. А ў школе якія інавацыі ажыццяўляеце?
— Мы з’яўляемся інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Назва сумеснага праекта гучыць так: “Укараненне адытыўных тэхналогій на ўроках працоўнага навучання і ў пазаўрочнай дзейнасці для фарміравання тэхналагічнай культуры навучэнцаў 6—9 класаў устаноў сярэдняй адукацыі”. Наш кансультант — дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і робатабудаўніцтва Андрэй Міхайлавіч Аўсіевіч.
— Чаму менавіта такі кірунак і ў чым сутнасць праекта?
У красавіку адбыўся візіт дэлегацыі Дэпартамента адукацыі і навукі Масквы ў Мінск. Першай установай, якую наведалі госці, стала менавіта сярэдняя школа № 52, дзе яны азнаёміліся з вучэбна-матэрыяльнай базай і асаблівасцямі адукацыйнага працэсу ва ўстанове, якая лічыцца сучасным сацыяльна-культурным цэнтрам. Тут жа адбылося пасяджэнне круглага стала “Аб супрацоўніцтве горада Масквы і Рэспублікі Беларусь у культурна-гуманітарнай і сацыяльнай сферах ”.
— Калі праводзілі анкетаванне сярод школьнікаў, на пытанне “Кім ты хочаш быць?” працэнтаў 80 адказалі, што айцішнікам. Ва ўяўленні вучняў гэта той, хто сядзіць за камп’ютарам і піша праграмы. А мы вырашылі нагадаць дзецям пра прафесію інжынера — спецыяліста, які нешта прыдумвае і потым стварае канкрэтныя аб’екты, якія можна ўзяць у рукі і знайсці ім практычнае прымяненне. Прапанавалі на ўроках інфарматыкі распрацоўваць ідэі, а на занятках па працоўным навучанні ўвасабляць іх у жыццё. Не ўсё можна выпілаваць з дрэва, таму набылі 3D-прынтар, на якім дзеці раздрукоўваюць дэталі з пластыку. Атрымалася такое прадметабудаванне з прымяненнем лічбавага навучання і сучасных тэхналогій. І навучэнцам вельмі падабаецца. Заўважылі, што нават сярэдні бал павышаецца ў тых, хто актыўна прымае ўдзел у праекце.
— Упэўнена, эксперыменты не скончацца.
— Так, мы падаём заяўку на эксперыментальны праект, які збіраемся рэалізоўваць у новым навучальным годзе сярод вучняў пачатковай школы. Гаворка ідзе пра сучасныя STEM-цэнтры, якія адпавядаюць усім стандартам і патрабаванням. Яны будуць уяўляць сабой некалькі розных станцый: напрыклад, на адной школьнік займаецца на камп’ютары дазволеныя 15 мінут, на другой яго чакае канструктар для робататэхнікі. Абавязкова будуць станцыі для спакойнага адпачынку і актыўных гульняў з элементамі скаладрома.
Я заўсёды хацела быць настаўніцай. Прыкладам для мяне была бабуля. А маім першым вучнем стаў малодшы брат, у якога я правярала ўрокі. Шчыра прызнаюся, не было ніводнага дня, каб пашкадавала, што выбрала такую прафесію. Яна няпростая, і часам здаецца, што не хапае гадзін у сутках. Але ўсмешкі дзяцей, асабліва ў малодшай школе, дораць ні з чым не параўнальнае пачуццё радасці і гордасці.
Камфортна і практычна
— Аксана Пятроўна, дзякуй за экскурсію па школе. Шчыра адзначу, вельмі ўтульна, стыльна і прыгожа. Дызайнеры распрацоўвалі інтэр’ер?
— Не, усё зроблена сваімі сіламі. Прычым ніякіх актаў вандалізму за гэты час не адбылося. Дзеці ганарацца сваёй школай і нават вядуць стрымы адсюль, робяць сэлфі ў шматлікіх месцах для адпачынку, дзе яны таксама маюць магчымасць адасобіцца, пасядзець на мяккіх канапах, адпачыць. Усё гэта зроблена для таго, каб вучням было камфортна і цікава ў школе, улічваючы, колькі часу яны тут праводзяць. Хлопчыкі на ўроках працы выпілоўваюць панэлі, якія потым замацоўваюцца на сценах школьных калідораў. Атрымліваецца і практычна, і прыгожа. Каля настаўніцкай знаходзіцца невялічкі музей гісторыі школы — “Стужка часу”, побач — “Кардыяграма школы”. Люстэркі, свяцільні на сценах надаюць установе больш сучасны і сімпатычны выгляд. А яшчэ ў нас шмат кветак — самі вырошчваем і перыядычна праводзім акцыі, падчас якіх расліны прыносяць бацькі і супрацоўнікі.
На момант адкрыцця ў 2020 годзе 52-я школа прыняла адразу 1800 вучняў, а зараз іх амаль 2400. Паміж сабой настаўнікі называюць установу школай маленькіх дзяцей, таму што набралі 10 першых і 12 пятых класаў. У новым навучальным годзе плануюць адкрыць 8 першых.
— Мяне асабліва ўразіў хол мары з прыгожымі лаўкамі і рознакаляровымі крэсламі-мяшкамі.
— Дзеці з задавальненнем праводзяць тут перапынкі. Хол размясціўся побач з выхаваўчым аддзелам. На адной са сцен змешчаны цытаты знакамітых людзей. Вучні чытаюць і запамінаюць. На наш погляд, гэта адыгрывае станоўчую ролю ў матывацыі і самарэалізацыі падрастаючага пакалення. А ў холе МНС, дзе праводзім заняткі з вучнямі малодшай школы, прадстаўлены фатаграфіі ўсёй тэхнікі, якая ёсць у МНС. На стэндах шмат карыснай і цікавай інфармацыі. Дзякучы таму, што ў холах ёсць Wi-Fi, дзеці счытваюць QR-код з вогнетушыцеля і глядзяць мульцікі па пажарнай бяспецы і пра аказанне першай дапамогі.
— Не кожная школа можа выхваліцца наяўнасцю сучаснага басейна з дзвюма чашамі і трэнажорнай залы. Як, дарэчы, і залай памяці.
— Гэта наша задума, якую мы ажыццявілі разам з вучнямі. Мы стварылі невялікую копію помніка “Мінск — горад-герой”. Выкарыстоўвалі папяровыя каробкі і драўляныя паддоны, самы дарагі матэрыял — сапраўдныя люстэркі. Усталявалі шыльду, надпіс на якой адпавядае арыгінальнаму на стэле. Зараз у зале праходзяць урачыстыя мерапрыемствы для малодшай школы. Старшыя ж класы падчас урокаў біялогіі, астраноміі ці гісторыі наведваюць кіназалу, каб паглядзець навуковыя фільмы.
Без права на памылку
— Не сумуеце па рабоце ў дзіцячым садзе?
— Сумую. Я стала загадчыцай дашкольнай установы, калі мне было 28. І тыя 11 гадоў работы на пасадзе лічу залатым часам. Удзячна кожнаму, з кім давялося працаваць. Але, мусіць, стала ўжо цесна, хацелася вярнуцца ў школу, я ўсё ж такі настаўнік пачатковых класаў і беларускай мовы і літаратуры ў старшых класах. Тым не менш падкрэслю, рашэнне аб пераходзе далося мне складана: за мной стаялі людзі і за апошнія тры гады ва ўстанове не было ніводнага звальнення. Я вельмі люблю сістэму дашкольнай адукацыі, лічу, што ў нашай краіне яна самая моцная і самая сучасная на ўсёй постсавецкай прасторы.
Я лічу, што наша прафесія — самая галоўная. Ва ўсіх урачоў, палітыкаў былі настаўнікі. З нас усё пачынаецца, адсюль і вялікая адказнасць. Настаўнік не мае права на памылку.
— Цікава, а колькі настаўнікаў працуе ў самай вялікай школе краіны?
— Прыкладна 155 чалавек. Сярод іх шмат маладых спецыялістаў і 29 мужчын-настаўнікаў, адзін з якіх вядзе ўрокі ў пачатковай школе. Ведаеце, гэта я зараз спакойна і ўпэўнена расказваю пра кадры, а калі адкрывалі школу, сфарміраваць штат было задачай нумар адзін. Чым прывабіць? Зарплата прыкладна ўсюды аднолькавая, таму стаўку зрабілі на ўмовы працы. Хацелася, каб педагогі прыходзілі ў прыгожую ўстанову з адэкватнай адміністрацыяй. Часта кажуць, што кіраўнік павінен быць строгім, я ж лічу, што не строгім, а тактоўна-патрабавальным. І ключавое слова — патрабавальны.
— І як гэта выглядае на практыцы?
— Нельга сваіх супрацоўнікаў заганяць у нейкія жорсткія рамкі. Часам трэба зрабіць крок убок і даць чалавеку магчымасць праявіць ініцыятыву, творчасць, даць права сябе рэалізаваць. Я вельмі люблю такі прыём, як ратацыя кадраў, калі ў рамках адной установы мяняеш паўнамоцтвы і даеш грамадскую нагрузку. Калі ў чалавека з’яўляецца дадатковая адказнасць, гэта надае яму значнасці ў калектыве. Напрыклад, нашага маладога спецыяліста Паліну Віктараўну Стрэльчык калегі выбралі старшынёй прафсаюзнага камітэта. І не памыліліся. У нас цяпер такое насычанае прафсаюзнае жыццё! Днямі 10 нашых настаўнікаў едуць у санаторый выхаднога дня на вучэбны семінар на тэму эмацыянальнага выгарання. Увогуле, сумесныя мерапрыемствы вельмі аб’ядноўваюць калектыў. І гэта дазваляе нам развівацца, а школе — адпавядаць высокаму ўзроўню сталічнай адукацыі. Няхай гэта гучыць з маіх вуснаў не сціпла, але ў нашай школе працуюць самыя лепшыя педагогі. І ўсё, што створана, заслуга каманды. Любога кіраўніка робіць яго асяроддзе.
Запісала Марына ЖДАНАВА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА