Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”
Этнаграфічны музей “Зямля бацькоў”, які дзейнічае ў сярэдняй школе № 22 Гродна, карыстаецца папулярнасцю ў школе і за яе межамі. Наведвальнікі рознага ўзросту знаходзяць шмат цікавага ў краязнаўчай экспазіцыі школьнага музея.
Калі вы хочаце ведаць, як жылі нашы продкі, чым займаліся, які інтэр’ер пераважаў у сялянскай хаце, наведайце школьны этнаграфічны музей “Зямля бацькоў” сярэдняй школы № 22 Гродна.
Менавіта краязнаўчая экспазіцыя паглыбляе веды падрастаючага пакалення па літаратуры, гісторыі, культуры , садзейнічае выхаванню павагі і пашаны да роднага слова, любові і гонару да бацькоўскага краю, да гістарычнай памяці, фарміруе пачуццё нацыянальнай самасвядомасці, патрыятычных пачуццяў.
Дзіяна Конан, вучаніца 11-га класа, дзеліцца сваімі ўражаннямі: “Калі я пераступаю парог музея, думкі віруюць, набягаюць адна на адну. Душу агортвае радасць і незразумелая трывога, таму што ўсе прадметы хатняга ўжытку, цікавыя рэчы і вырабы дыхаюць даўняй казкай”.
“Безумоўна, кожная рэч калекцыі – гэта люстэрка, у якім свеціцца душа селяніна-працаўніка з яго норавамі і звычаямі, з яго думамі і спадзяваннямі”, – лічыць Надзея Стока, вучаніца 10-га класа.
Марта Пераломец, вучаніца 11-га класа, разважае: “Прадметы этнаграфіі і побыту – наша спадчына, найдаражэйшы скарб, як гняздо шчасця, перадаецца ад пакалення ў пакаленне. Ручнікі, абрусы, вышыванкі, прылады працы, посуд, ткацтва, адзенне – усё гэта сведчыць пра лад жыцця нашых продкаў, самабытную народную культуру”.
Па праўдзе кажучы, нас наведала шмат гасцей, нягледзячы на тое, што музей створаны ў верасні 2021 года. Асабліва апошні месяц вельмі багаты і плённы на цікавыя сустрэчы з рознымі людзьмі. Праведзена дзесяць аглядных экскурсій.
Мы з ахвотай сустракалі настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі з інстытута павышэння кваліфікацыі, навучэнцаў і супрацоўнікаў каледжа бытавога абслугоўвання, аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, педагогаў-арганізатараў. Асабліва прыемна, што да нас прыйшлі ў госці маленькія выхаванцы: 80 дзяўчынак і хлопчыкаў з дзіцячых садкоў.
Экскурсіі для іх праводзяцца ў выглядзе гульні-падарожжа па роднай зямлі. Трэба было бачыць, як ажывіліся дзеці, колькі было радасці і захаплення! Кожнаму хацелася даведацца аб прызначэнні разнастайных цікавых прадметаў, патрымаць іх у руках, высветліць, як працуюць. Яны ўважліва слухалі, задавалі шмат пытанняў. Такім чынам дзеці дакрануліся да часцінкі гісторыі.
Спачатку я сумесна з творчай групай экскурсаводаў з задавальненнем і энтузіязмам расказваем гасцям “гісторыю аднаго экспаната”. Гэта Маслабойка. Яна тут на пачэсным месцы, таму што дала жыццё музею, натхніла мяне на творчасць. Варта падкрэсліць, што маслабойка – асноўны ўдзельнік і сведка класных і пазакласных мерапрыемстваў, інфармацыйных гадзін, літаратурных вечарын, конкурсаў. Гэтым самым ствараецца паэтычны каларыт беларускай вёскі.
Усе ведаюць, што нацыянальная вопратка беларусаў – гэта перапляценне гісторыі і культуры народа. Улюбёным колерам быў белы з чырвоным арнаментам. Хачу пахваліцца, што гэтае ўбранне пашылі нашы настаўнікі. Яны ж і вышылі арнамент. Цудоўна і прыгожа выглядае!
Здзіўляе прысутных аповед пра ручнікі як частку жыцця беларусаў, бо суправаджалі і зараз суправаджаюць чалавека ў паўсядзённым жыцці з раніцы да вечара. Госці даведваюцца пра выкарыстанне гэтых шэдэўраў у розных жыццёвых сітуацыях, пра іх здольнасць засцерагаць ад бед, няшчасцяў. Не кожны ведае, што самы высокі статус меў ручнік-набожнік, які ўпрыгожваў Покуць, або Чырвоны кут. Нагадаю, што дзяўчынак ужо з 12 гадоў пачыналі рыхтаваць да замужжа і павінны яны былі выткаць прыблізна ад 25 да 40 ручнікоў.
Наша спадчына наталяе чалавечую душу, дае яму вечныя духоўныя арыенціры, сілы любіць свой родны кут, сваю Радзіму. Печ, дым з коміна выступаюць сімвалам роднага гнязда.
Карысным і запамінальным для наведвальнікаў становіцца знаёмства з “Бабіным кутом” або гаспадарчым кутком – рабочым месцам гаспадыні. Тут змешчана ўсё самае неабходнае для падрыхтоўкі ежы: стаіць бітончык з малаком, можна патрымаць у руках вілкі, патаўчы бульбу таўкачом, дастаць ухватам з печы духмяныя пірагі, паварушыць вуголлі качаргой, зачарпнуць апалонікам у чыгуне, запаліць старажытную лямпу-газніцу, прасеяць муку праз рэшата і замясіць цеста ў дзежцы, заквасіць капусту ў драўлянай бочцы.
Заглядваем мы і ў бабулін куфэрак. Колькі тут прыгожых рэчаў, напоўненых жыццём і любоўю: святочныя абрусы, багата аздоблены вышыўкай, маленькая кашулька – у такіх хрысцілі немаўля, фартухі, незвычайныя ручнікі, саматканыя дываны, адзенне, сурвэткі, якія радуюць вока і цешаць душу. Калі ў сялянскай сям’і расла дзяўчынка, то з маленства ў асобным куфры ёй збіралі пасаг. Разам з гэтым куфрам яна і пераязджала пасля вяселля ў дом мужа.
Ганчарства – адно з найважнейшых заняткаў нашых продкаў. У нашым музеі знаходзяцца розныя збанкі, гарлачы, посуд, дзіцячыя цацкі. Напрыклад, збанок з шырокім горлам прызначаўся для малака, смятаны – малако добра захоўвалася ў такім посудзе, не закісала, мела натуральны пах, – з ім хадзілі на жніво. У гліняным гаршку гатавалі страву, цёрлі мак, замешвалі цеста на аладкі.
Такім чынам, подых гісторыі акрыляе, натхняе юнакоў і дзяўчат захоўваць духоўны скарб сваёй Радзімы, памнажаць прыгажосць бацькоўскай зямлі, каб у сэрцах падлеткаў ніколі не сцёрся прывабны куток Беларусі, каб яны імкнуліся занітаваць тое, што яшчэ жыве, цепліцца ў людской памяці, каб усвядомілі сябе нашчадкамі багатай культурнай спадчыны.