Покліч душы і памяці

- 16:37Клуб юного журналиста, Проба пера

Вучаніца 11-га класа сярэдняй школы № 22 Гродна Элеанора Стрэшка дзеліцца ўражаннямі ад наведвання школьнага музея “Зямля бацькоў”.

Мяняюцца стагоддзі, прыходзяць і знікаюць людскія пакаленні, над зямлёю праносяцца войны. Але навечна застануцца глыбокія і чыстыя крыніцы народнай памяці, што песняй і казкай звязалі нас з далёкімі продкамі і далі магчымасць даведацца, праз што прайшла наша Радзіма, чаму сведкаю была і што перажылі людзі яе ад часоў, як памятаюць сябе…

Кожны чалавек знітаваны з той зямлёй, дзе нарадзіўся. Так, мы дзеці нашай мілай маці-Беларусі. Я, адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 22 Гродна Элеанора Стрэшка, жыву ў XXI стагоддзі, але, нягледзячы на гэта, так хочацца акунуцца ў даўнія часы, даведацца пра побыт і жыццё продкаў, пра тыя праблемы і клопаты, якімі жылі нашы равеснікі, сэрцам адчуць крэўную еднасць з родным краем.

Школьны музей ”Зямля бацькоў” – гэта ўваход у мінулае. Ён абуджае ў падлеткаў цікавасць да гістарычнай і літаратурнай спадчыны беларускага народа, спрыяе выхаванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця патрыятызму, гонару за сваю Радзіму. Наведванне этнаграфічнай экспазіцыі абудзіла ў мяне прыемныя ўспаміны пра тое, як я ездзіла ў вёску да сваёй любай прабабулі Станіславы Іосіфаўны Сымбула. На жаль, яна ў мінулым годзе назаўсёды пакінула гэты свет. Ёй было 93 гады, але часцінка яе засталася ў роднай вёсцы, у роднай хатцы, у памяці родных і блізкіх.

Як толькі я пераступаю парог музея, уяўляю сваю старэнькую, вясковую хатку маёй дарагой бабулі, у якой мне заўсёды было ўтульна і цёпла. У кутку стаіць стол, пакрыты вышываным абрусам, каля яго – шырокія драўляныя лавы. Захаваўся таксама калаўрот, на якім яна прала ніткі. Ціха круцілася кола і ліліся аповеды пра яе юнацтва. Колькі загадкавасці выклікаюць гэтыя шчымлівыя ўспаміны! Яны грэюць і кранаюць да глыбіні душы. Гэта своеасаблівы роздум пра яе жаночы салодка-горкі лёс: і радасць, і страты, і сумненні.

“Мне было дзесяць год, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Не мінула нашай сям’і боль-бяда: фашысцкі снарад трапіў у хату.У вачах і сёння полымя хаты, што гарэла. Чуліся плач, крыкі, слёзы. Мы засталіся без даху над галавой. Доўгі час жылі ў зямлянцы. Я навучылася хаваць крыўду і слёзы, навучылася цярпець боль, пераносіць голад і холад, спраўляцца з любой бядой. Убачаныя і перажытыя жахлівыя сцэны вайны – цяжкая душэўная траўма на ўсё жыццё.

Вядома, складана было і пасля вайны. Але неяк патрэбна было жыць, залечваць пякельныя раны, кахаць, гадаваць дзяцей. Заўсёды з задавальненнем і асалодай успамінаю, як у доўгія восеньскія і зімовыя вечары вясковыя жанчыны і моладзь збіраліся на вячоркі. Гэта стары звычай, ад дзядоў-прадзедаў заведзены. Яны пралі, ткалі, вышывалі, паведамлялі навіны. Гучалі задушэўныя беларускія песні, іскрыліся вясёлыя народныя танцы, ладзіліся гульні і разнастайныя забавы. Па праўдзе кажучы, як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, а ўсё ж засталася ў людзей любоў да песень, танцаў”.

Іду далей па музеі. Звяртаю ўвагу на гаршкі, чыгункі, бляхі для прыгатавання пірагоў, патэльню і ўспамінаю, як кожную раніцу ў час летніх канікул мяне будзіў смачны пах блінцоў, якія шчодра аздабляліся мёдам, маслам, малінавым варэннем. На святы абавязкова пяклі духмяныя булкі з макам, водар якога ішоў па ўсёй хаце. А якія смачныя дранікі, бабку, клёцкі яна рыхтавала! Сапраўдныя кулінарныя шэдэўры! Гляджу на печ і перад вачыма паўстаюць хатнія каўбасы і сушаная паляндвіца на тонкім кіёчку. Гэтыя прысмакі і ласункі заўсёды ўпрыгожвалі наш Калядны і Вялікодны стол.

У музеі пачэснае месца займае куфар. У бабулінай хаце ён стаіць у каморы. Акрамя адзення там зберагаюцца тканыя дываны, вышытыя ручнікі, святочныя абрусы, шыкоўныя квяцістыя хусцінкі і шмат іншага дабра. Бабуля заўсёды жартавала, што гэта маё прыданае. А вось на сцяне вісяць пранік, качалка для адзення. Іх выкарыстоўвалі для прасавання бялізны і вопраткі.

Вядома, як моцна адрозніваецца наша сучаснае жыццё ад таго казачнага бабулінага: там не было камп’ютара, мабільнага тэлефона, але панаваў дух душэўнага спакою, людской радасці, любові, дабрыні, спагады адзін да аднаго. Хочацца вярнуцца ў тую маленькую, утульную хатку. Так шкада, што ніхто ўжо мяне не сустрэне на падворку. Душу запаўняе матыў тугі і смутку.

Я ўдзячна за тое, што музей прывівае павагу да чалавека-працаўніка, да хлеба – сімвала жыцця чалавека. Мне хочацца зберагчы гэтыя ўспаміны, каб потым расказаць сваім дзецям пра цікавае жыццё нашых продкаў.

 

Элеанора СТРЭШКА,
вучаніца 11-га класа
сярэдняй школы № 22 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий