Інавацыі ў лічбах

- 10:00В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова будзе набіраць абітурыентаў на новую спецыяльнасць “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”.

“Адкрыццё спецыяльнасці звязана з сучаснымі тэндэнцыямі, у першую чаргу з развіццём лічбавай эканомікі, — пацвярджае загадчык кафедры эканомікі і ўпраўлення факультэта эканомікі і права МДУ імя А.А.Куляшова Наталля Асіпенка. —  Сёння ўкараняецца шмат розных працэсаў і тэхналогій, для якіх патрэбны кадры, што будуць валодаць навыкамі ўкаранення і выкарыстання інфармацыйных сістэм, праграмнага забеспячэння. Паколькі ў кожнай арганізацыі свая спецыфіка, то і задачы, што будуць стаяць перад спецыя­лістам, які займаецца інфармацыйнымі тэхналогіямі, таксама будуць адрознівацца. Напрыклад, гэта вырашэнне пэўных маркетынгавых задач, фінансавых пытанняў, аўтаматызацыя працы, а таксама дасягненне іншых мэт. Каб праграмнае забеспячэнне было эфектыўным і знайшло сваё прымяненне, яно павінна адпавядаць пэўным патрабаванням. Яны, у сваю чаргу, фармулююцца зыходзячы з задач, якія трэба вырашыць. Акрамя навыкаў праграмавання і распрацоўкі інфармацыйных сістэм, будучым спецыялістам неабходны веды ў галіне фінансаў, маркетынгу і г.д. Наша новая спецыяльнасць, якая называецца “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”, дапаможа авалодаць гэтымі кампетэн­цыямі”.

Прафесійная дзейнасць спецыяліста па кіраванні інфармацыйнымі рэсурсамі знаходзіцца на скрыжаванні сучасных інфармацыйных тэхналогій, электроннага менеджменту, маркетынгу і лічбавай эканомікі.

Падчас навучання студэнты будуць вывучаць прадметы тэхнічнага профілю: праграмаванне, распрацоўка і ўкараненне інфармацыйных сістэм, рэсурсаў і тэхналогій, іх эксплуатацыя. Безумоўна, дысцыпліны, што звязаны з сістэмай кіравання, таксама будуць у раскладзе. 

Пасля заканчэння факультэта эканомікі і права па спецыяльнасці “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі” выпускнікі змогуць працаваць бізнес-аналітыкамі, сістэмнымі і фінансавымі аналітыкамі, спецыялістамі ў інфармацыйна-вылічальных цэнтрах ці ў аддзелах па інфармацыйных тэхналогіях. 

“Таксама яны змогуць знайсці сябе ў галіне маркетынгу, фінансаў, страхавой работы. Працуючы ў гэтых кірунках, яны змогуць займацца і кіраваннем інфармацыйнымі сістэмамі”, — адзначае загадчык кафедры.

Спецыяльнасць: “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”. Кваліфікацыя: “менеджар-эканаміст інфармацыйных сістэм”. Тэрмін навучання: 4 гады.
Сертыфікаты ЦТ: беларуская (руская) мова, замежная мова, матэматыка.

Аналізуючы функцыянал, які будуць выконваць выпускнікі новай спецыяльнасці, можна гаварыць пра магчымыя месцы для працаўладкавання. Гэта прадпрыемствы і арганізацыі розных сфер і кірункаў, дзе ёсць адпаведныя падраздзяленні, якія займаюцца забеспячэннем інфармацыйнага ўзаемадзеяння, а таксама ІТ-кампаніі. 

“Безумоўна, падрыхтоўка такіх спецыялістаў — гэта наша асаблівасць, — сцвярджае Наталля Асіпенка. — Акрамя таго, падчас навучання студэнты будуць мець магчымасць прымаць удзел у рабоце навукова-даследчага аб’яднання, дзе змогуць дадаткова вывучыць аспекты вядзення ўласнага бізнесу і зразумець, як стаць самазанятымі. Новая спецыяльнасць, і гэта відавочна, будзе прывабнай для абітурыентаў. У краіне не многа УВА, якія рыхту­юць такія кадры. Але ў тых універсітэтах, дзе вядзецца навучанне па аналагічным кірунку, ён быў у топе”.

Матэрыялы Наталлі САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий