Сёлета ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на факультэце фізічнай культуры ўпершыню будзе весціся набор па спецыяльнасці “Спартыўнапедагагічная дзейнасць (трэнер па баскетболе)”.
На факультэце фізічнай культуры ГДУ імя Ф.Скарыны ў межах спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць” ажыццяўляецца падрыхтоўка трэнерскіх кадраў па 7 відах спорту: лёгкая атлетыка, спартыўная гімнастыка, гандбол, футбол, вольная барацьба, бокс і дзюдо. Сёлета ў гэтым пераліку з’явіцца яшчэ
адзін кірунак — баскетбол. Падрыхтоўка такіх спецыялістаў у першую чаргу звязана з недахопам трэнерскіх кадраў у галіне спартыўных гульняў.
“На трэнерскую работу па баскетболе плануем залічыць 6 абітурыентаў, — расказвае дэкан факультэта фізічнай культуры Сяргей Сеўдалеў. — Мы ўжо прайшлі акрэдытацыю па новай спецыяльнасці, а значыць, будзем яе развіваць. Безумоўна, калі прымалі такое рашэнне, кіраваліся патрэбамі рэгіёна. Увогуле, на спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць” збіраемся набіраць 26 чалавек. У наступным навучальным годзе будзе працягнута навучанне студэнтаў па ўжо традыцыйных для нашага ўніверсітэта відах спорту, такіх як лёгкая атлетыка, гандбол, дзюдо.
Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”, павінны быць прафарыентаваны: займацца спортам і мець першы разрад па тым кірунку, які выбіраюць для будучай прафесіі.
Будучыя трэнеры па баскетболе павінны прадаставіць у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ па біялогіі, беларускай (рускай) мове, а таксама здаць ва ўніверсітэце тэсты па агульнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўцы.
“Такі падыход дазволіць адабраць найбольш падрыхтаваных і прафесійна арыентаваных абітурыентаў, — упэўнены С.Сеўдалеў. — Безумоўна, яны павінны мець добры бал атэстата. У нашым рэгіёне баскетбол вельмі папулярны, таму спадзяёмся, што і попыт на гэты кірунак, і конкурс будуць высокімі. У гэты спіс таксама трэба дадаць валейбол. Трэнераў па гэтым відзе спорту нашаму рэгіёну не хапае. Зараз абмяркоўваем з упраўленнем спорту і турызму Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта магчымасць адкрыцця ў наступным годзе гэтай спецыялізацыі”.
Спецыяльнасць: “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”. Кваліфікацыя: “трэнер па баскетболе. Выкладчык фізічнай культуры”. Тэрмін навучання: 4 гады.
Сертыфікаты ЦТ: беларуская (руская) мова, біялогія.
Сярод абітурыентаў, якія паступаюць на факультэт фізічнай культуры ГДУ імя Ф.Скарыны, заўсёды ёсць спартсмены, якія маюць высокія дасягненні ў спорце. Для іх прадугледжаны шэраг ільгот. Так, удзельнікі Алімпійскіх, Параалімпійскіх і Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы, Еўрапейскіх гульняў, Еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх фестываляў, пераможцы чэмпіянатаў Беларусі па тых відах спорту, якія ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў, залічваюцца ва ўніверсітэт без уступных іспытаў.
“Як правіла, штогод 5—6% абітурыентаў паступаюць без экзаменаў, — заўважае С.Сеўдалеў. — У асноўным яны выбіраюць спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”. Дарэчы, выпускнікі вучылішча алімпійскага рэзерву і пераможцы алімпійскіх дзён моладзі таксама залічваюцца па-за конкурсам, у прыярытэтным парадку. Што тычыцца мэтавай падрыхтоўкі, то, калі рэгіёны заяўляюць такія месцы, для іх рыхтуем спецыяліста, які пасля адпрацоўвае 5 гадоў”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА