Галіна ХРЭШЧАНОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць
marina_ya66@mail.ru
Праграмныя задачы: пашыраць уяўленні пра родны край, беларускую мову і літаратурную спадчыну; стымуляваць цікавасць да беларускай мовы і літаратурных твораў; садзейнічаць развіццю слоўнікавага запасу, уважлівасці, хуткасці, актыўнасці; выхоўваць пачуццё сяброўства, павагі да саперніка.
Матэрыял: дошка, карткі з заданнямі, малюнкі (пралескі, слоўнік, дзьмухавец, Францішак Скарына, бабка (страва) і інш.), бланк для журы, грамата пераможцам, падзяка ўдзельнікам, музычны матэрыял (беларуская народная песня “Бульба”, беларускія скокі “Весялуха”).
Удзельнікі: дзве каманды па шэсць чалавек; заўзятары; журы.
Ход гульні-спаборніцтва
1 Арганізацыйны момант
Вядучы: Прывітанне, дзеці! Паслухайце, калі ласка, верш Юрыя Свіркі.
У нас хапае слоў такіх
Чысцюткіх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяшчоту, ласку і каханне…
У нас хапае рэдкіх слоў,
І палюбі ты іх бязмежна,
Яны ад чысціні снягоў
І ад пялёсткаў беласнежных.
Яны ўвабралі звон крыніц,
Шум лесу і дыханне ночы…
Ад ліўняў і ад навальніц –
Грымяць, іскрацца і шапочуць.
Журыцца ўмеюць і звінець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Іх трэба сэрцам разумець
І выслухоўваць у народзе.
Вядучы: А ці любіце вы слухаць, як меладычна гучыць наша родная мова? (Адказы дзяцей). Гэта мяне вельмі радуе. Але слухаць мову мала, трэба яшчэ яе і ведаць. Сёння ў нас адбудзецца спаборніцтва, дзе вам спатрэбіцца ўзнавіць і паказаць усе свае веды па беларускай мове, літаратуры, а таксама веды пра нашу краіну. Каманда-пераможца, якая лепш справіцца з заданнямі, атрымае ганаровую грамату! Вы гатовыя?
Аб’яўляю гульню “Я ведаю” па тэме “Беларусь мая”.
2 Прадстаўленне журы (два чалавекі)
3 Тлумачэнне правіл гульні
“Беларусь мая” складаецца з размінкі і чатырох тэм (па пяць пытанняў у кожнай; усяго 20 пытанняў + пяць пытанняў размінкі). Пытанні размяшчаюцца злева направа, па ўзрастанні ступені складанасці (ад 10 да 50).
На дошцы (ці на экране) размешчана схема:
Сектар пытанняў |
Намінал пытання |
||||
Радзіма |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
|
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
|
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
Вядучы: Гульню пачынае каманда, якая правільна адкажа на больш пытанняў размінкі. Капітан каманды выбірае тэму і намінал пытання. Вядучы зачытвае пытанне. На абмеркаванне даецца адна хвіліна. Капітан каманды адказвае на пытанне.
Калі каманда адказвае правільна, то ёй даецца права выбару наступнага пытання, калі яна адказвае няправільна, то права адказаць на гэтае ж пытанне прадастаўляецца другой камандзе. Хто адказаў правільна, выбірае наступнае пытанне. Калі пытанне засталося без адказу, то выбар наступнага пытання застаецца ў каманды, што выбірала папярэдняе пытанне. Правільны адказ дадае колькасць балаў да агульнай сумы каманды. Няправільны адказ на пытанне не памяншае агульнай колькасці балаў.
Пачынаем гульню з размінкі.
4 Размінка “Назаві адным словам”
Даць агульную назву прапанаваным словам:
Страказа, конік, чмель, аса (насякомыя).
Ружа, рамонак, васілёк, званочак (кветкі).
Грак, ластаўка, верабей, сініца (птушкі).
Кашуля, спадніца, сукенка, паліто (адзенне).
Вавёрка, вожык, лось, заяц (звяры).
Бяроза, клён, дуб, каштан (дрэвы).
“Калабок”, “Рэпка”, “Церамок”, “Чырвоны Шапачка” (казкі).
Мінск, Гродна, Магілёў, Брэст (гарады Беларусі).
Нёман, Прыпяць, Сож (рэкі Беларусі).
Свіцязь, Нарач, Браслаўскія азёры (азёры Беларусі).
Акунь, карась, лешч, шчупак (рыбы).
5 Асноўная частка
Заданні гульні
Сектар “Радзіма”
Назавіце звера – сімвала Беларусі (зубр).
Назавіце Прэзідэнта нашай краіны Беларусь (А.Р.Лукашэнка).
Назавіце дзяржаўныя сімвалы Беларусі (сцяг, герб, гімн).
Назавіце сталіцу Рэспублікі Беларусь (Мінск).
Назавіце абласны цэнтр, дзе знаходзіцца наш горад (Гродна).
Назавіце суседнія краіны Беларусі (Польшча, Літва, Латвія, Расія, Украіна).
Назавіце пушчу Беларусі (Белавежская).
Назавіце віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі (ганчарства, саломапляценне, пляценне з лазы, вырабы з ільну, з дрэва).
Прачытайце прыказкі пра Радзіму (па мадэлі).
Чалавек без Радзімы, як салавей без песні.
Усякай птушцы сваю гняздо міла.
Родная зямля мякчэй чужой пярыны.
У сваёй хаце і вуглы дапамагаюць.
Жыць – Радзіме служыць.
Ад душы працуеш – Радзіму мацуеш.
Сектар “Беларуская мова”
Якія з гэтых слоў беларускія: матуля, василёк, капялюш, девочка, збан, книга, падарунак?
Прыдумайце сказ са словам “пралескі”.
Перакладзіце на беларускую мову словы: рубашка, шляпа, безрукавка, носки, ботинки, платок.
Як называецца кніга, у якой сабраны і размешчаны ўсе словы? (Слоўнік).
Назавіце па-беларуску: што на малюнку (дзьмухавец).
Фізхвілінка
– Ты куды бяжыш, сцяжынка? (Дзеці бягуць на месце).
У лясок, дзе журчыць вясёлы хуткі ручаёк (паказваюць рукамі, як бяжыць ручаёк).
У ляску цяністым птушкі гнёзды ўюць (махаюць рукамі).
І вадзіцу з ручайка ў спякоту п’юць (паказваюць, як птушкі п’юць).
– Не спяшайся так, сцяжынка, пачакай (шагаюць на месцы).
І мяне вядзі ў лясок, у гэты гай (разводзяць рукамі).
Буду я суніцы-ягады збіраць (паказваюць, як збіраюць ягады),
А мне шэрая зязюля – кукаваць (паказваюць, як слухаюць зязюлю).
(А.Дзеружынскі).
Сектар “Беларуская літаратура”
Адкажыце і назавіце жанр твора:
Белы, ды не цукар,
ног няма, а ідзе.
(Снег. Загадка).
Хто выдаў у нас першую друкаваную кнігу? (Францішак Скарына).
Пералічыце знакамітых беларускіх пісьменнікаў (Я.Колас, Я.Купала, В.Вітка, В.Вярба і інш.).
Працягніце радкі верша А. Вольскага “Розныя дзеці” (http://www.vershy.ru/content/dzets%D1%96)
Розныя дзеці
жывуць на планеце –
(белыя, жоўтыя, чорныя дзеці).
Розныя дзеці –
аднолькавы смех.
Смех у хвіліны
(забаў і пацех).
Назавіце беларускія народныя казкі (“Кот Максім”, “Лёгкі хлеб”, “Верабей і мыш”, “Лісіца-хітрыца”).
Сектар “Назвы”
Пра якое возера на Беларусі складзена шмат легенд? Яно яшчэ называецца ў нас “Беларускім морам” (Возера Нарач).
Чаму беларусаў называюць бульбашамі? (Бульба – другі хлеб беларусаў, з бульбы гатуюць самыя любімыя стравы).
Гэта было неабходным атрыбутам шматлікіх звычаяў і абрадаў, з гэтым заўжды сустракалі дарагіх гасцей. Назавіце, што гэта? (Хлеб-соль).
Назва якога месяца прапушчана ў прыкмеце?
У _______ гола ў садзе. (Лістапад).
Адгадайце беларускую страву: Запечаная ў чыгунку бульбяная маса з невялікімі кавалкамі сала. (Бабка).
Фізхвілінка
(пад музыку беларускай народнай песні “Бульба”)
6 Падвядзенне вынікаў. Заканчэнне гульні
Вядучы: Слова журы.
Падвядзенне вынікаў гульні, слова журы.
Узнагароды – пераможцам.
Вядучы: Дарагія сябры! Наша гульня па беларускай мове і літаратуры заканчваецца. І мне хочацца нагадаць вам радкі з верша Івана Муравейкі “Наш родны край – прыгожы самы”.
Наш родны край – прыгожы самы
Вядома ўсім, што вельмі шмат
Куткоў на свеце дзіўных.
Але не менш, а болей, брат,
Іх на тваёй радзіме,
У нашым краі дарагім,
У Беларусі роднай.
Не памяняешся ні з кім
Яе красою годнай.
Вядучы: Я лічу, што ўсе яшчэ больш упэўніліся ў тым, як трэба ведаць, любіць і шанаваць мову і літаратуру свайго народа, сваю Радзіму, і як гэта цікава!
А на развітанне прапаную пагуляць у беларускую народную гульню “Дудка”.
Гульня “Дудка”
Дзеці стаяць у крузе, і пад музыку беларускіх скокаў “Весялуха” перадаюць драўляную дудку адно аднаму і гавораць словы:
Гэта дудка не прастая.
Ад усіх яна ўцякае.
Каму ў рукі пападзе,
Той у круг гуляць пайдзе.
У каго ў руках з’явілася дудка, той выходзіць у круг і выконвае танцавальныя рухі, а ўсе астатнія пляскаюць у далоні.
Вядучы: Да пабачэння, дарагія сябры.