Руплівы гаспадар

- 15:26В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Напрыканцы мая намеснік Прэм’ер­міністра Беларусі Леанід ЗАЯЦ уручыў Падзяку Прэм’ер­міністра Рэспублікі Беларусь дырэктару Слуцкага дзяржаўнага каледжа Барысу БЛАХІНУ за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, важкі асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Мінскай вобласці.

Барыс Браніслававіч Блахін узначальвае Слуцкі дзяржаўны каледж звыш 30 гадоў і ведае ўстанову адукацыі як свае пяць пальцаў. Тым больш што многае ў каледжы з’явілася дзякуючы рупліваму кіраўніку — сапраўднаму гаспадару на слуцкай зямлі. Барыс Браніслававіч па першай адукацыі будаўнік (скончыў Беларускі політэхнічны інстытут), таму да кожнай справы падыходзіць грунтоўна і сістэмна. Для дырэктара не бывае дробязей ні ў арганізацыі вучэбнага працэсу ў каледжы, ні ў выхаваўчай рабоце з навучэнцам, ні ва ўладкаванні іх быту і адпачынку. 

А пачынае мяне знаёміць з каледжам Барыс Браніслававіч… з зімовага саду. Незвычайна? Крыху незвычайна, але ў гэтым уся яго сутнасць: паказаць самае лепшае, падзяліцца самымі станоўчымі эмоцыямі. Ён ведае ў сваім зімовым садзе кожнае апельсінавае дрэўца і, пяшчотна гладзячы лістоту, з гордасцю дэманструе небывалы ўраджай сонечных фруктаў. А побач паспяваюць лімоны, кава, інжыр… У гэты час лаўлю сябе на думцы, як гэты чалавек за тры дзесяцігоддзі дырэктарства не стаміўся радавацца плёну сваіх рук! Як не страціў тонкую душэў­насць і магчымасць быць САПРАЎДНЫМ. Магчымасць быць найперш чалавекам, а пасля ўжо — кіраўніком. 

Усё гэта невыпадкова. Барыс Браніслававіч педагагічную дзейнасць пачынаў у 1985 годзе на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Слуцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 132, якое праз некаторы час увайшло ў склад Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Каб унікнуць у спецыфіку педагагічнай прафесіі, скончыў Мазырскі дзяржаўны педінстытут. Унікальнасць яго жыццё­вай і прафесійнай гісторыі ў тым, што на пасадзе дырэктара Барыс Браніслававіч змяніў свайго бацьку — Браніслава Рыгоравіча Блахіна. Доўгія гады тут працавала выхавальніцай і маці Барыса Браніслававіча — Валянціна Нічыпараўна, родны брат Яўген Браніслававіч працаваў ва ўстанове майстрам вытворчага навучання, а жонка брата Святлана Віктараўна і сёння шчыруе ў каледжы лабарантам. Такая вось сямейная плеяда Блахіных. І трэба трымаць марку. У памяць аб бацьках. І ва ўсведамленні таго, што каледж стаў не проста справай жыцця цэлай сям’і, а сапраўдным домам. 

У нашай размове пра каледж Барыс Браніслававіч прызнаецца, што можа з гордасцю прадэманстраваць усё тое, што дапамагае выпусціць з установы прафесійнай адукацыі дасведчаных спецыялістаў самага высокага ўзроўню. З 2009 года ў каледжы працуе рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” — адзіны такі ў краіне. Тут ёсць 2 вучэбныя лабараторыі, кулінарныя студыі “Гурман” і “Справа густу”, кандытарскі і хлебапякарны цэх, вытворчыя цэхі сталовай і кафэ. Вялікую ролю ў каледжы адводзяць выхаваўчай рабоце.
Тут дзейнічае этнаграфічная майстэрня “Скарбніца”, народны гісторыка-этнаграфічны музей, калекцыі якога разгорнуты ў 6 залах. Сярод экспазіцый ёсць як традыцыйныя — “Гістарычная спадчына”, “Зала баявой славы”, так і ўнікальныя — “Традыцыі ткацтва на Случчыне”, “Музей малака”. 

Апошнюю Барыс Браніслававіч дэманструе з асаблівым пачуццём, раз-пораз падкрэсліваючы, што ў каледжы “рыхтуюць малочнікаў для ўсёй краіны”. І нездарма. Каледж вядзе сваю гісторыю з адкрыцця ў 1948 годзе двухгадовай школы майстроў сыраробства і масларобства, каб паступіць у якую трэба было мець практычны вопыт у гэтай справе і пісьмовую рэкамендацыю. З цягам часу школа перарасла ў ПТВ № 97 перапрацоўчай прамысловасці, а пазней шляхам рэарганізацыі і аб’яднання з ПТВ № 132 перапрацоўчай прамысловасці — у сённяшні Слуцкі дзяржаўны каледж.

Па словах дырэктара, выпускнікі ўстановы адукацыі не маюць праблем з працаўладкаваннем: праз дарогу ад каледжа знаходзіцца Слуцкі сыраробны камбінат, які з’яўляецца адным з самых прэстыжных прадпрыемстваў малочнай галіны, і лепшых выпускнікоў — сыраробаў, масларобаў, апаратчыкаў, наладчыкаў — запрашаюць сюды на работу. А ўсё таму, што навучэнцы прахо­дзяць добрую практыку на базе камбіната. Акрамя спецыялістаў-малочнікаў, у каледжы рыхтуюць кухараў, пекараў, прадаўцоў, слесараў-рамонтнікаў, электрагазазваршчыкаў і электраманцёраў. Каледж цесна супрацоўнічае з 27 арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і 5 базавымі арганізацыямі. 

І за гэтымі сухімі лічбамі — людзі, людзі, людзі. Навучэнцы, да якіх Барыс Браніслававіч Блахін адносіцца з бацькоўскай увагай, а калі навучэнец — сірата, то не толькі з увагай, але і з канкрэтнай дапамогай. Педагогі, кожнага з якіх дырэктар шануе і падтрымлівае, асаб­ліва, калі чалавек перажывае складаны час у жыцці. Калегі ў галіне прафесійнай адукацыі, якіх Барыс Браніслававіч называе не інакш як сябрамі. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія ведаюць будаўнічую жылку Б.Б.Блахіна і яго грунтоўны падыход да любой справы. Вышэйстаячае кіраўніцтва, якое цэніць гэтага чалавека, прафесіянала высокага класа, і адзначае яго падыход да работы шматлікімі ўзнагародамі. 

Барыс Браніслававіч мае ганаровае званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” і ордэнам Пашаны, шматлікімі ганаровымі граматамі. У 2013 годзе яму была прысуджана спецыяльная прэмія Мінскага аблвыканкама “Чалавек года Міншчыны”. Днямі ж, разам з Падзякай прэм’ер-міністра, ён атрымаў яшчэ і юбілейны медаль “100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі”. Б.Б.Блахін — дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання па Слуцкай выбарчай акрузе № 52 і дэпутат Слуцкага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання па Прамысловай выбарчай акрузе № 23.

Дасягненні яго каледжа высока адзначаны ўрадам нашай краіны. 4 разы Слуцкі дзяржаўны каледж заносіўся на рэспубліканскую Дошку гонару, па выніках 2018 года прызнаваўся лепшым ў краіне. А колькі такіх перамог яшчэ наперадзе! І асабіста ў Барыса Браніслававіча Блахіна, і ў яго педагагічнага калектыву.

— Які ён, ваш Барыс Браніслававіч? — задаю пытанне намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце каледжа Надзеі Міхайлаўне Лазоўскай.

— Сапраўдны лідар, чалавек, які вядзе за сабой увесь калектыў, — адказвае Надзея Міхайлаўна. — Вельмі добры і прыстойны чалавек, я не памятаю выпадку, каб ён некага пакрыўдзіў. Адразу прыходзіць на дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Нам лёгка з ім працаваць, бо мы ведаем, што абавязкова знойдзем падтрымку. Наш калектыў як адна вялікая сям’я, а каледж — гэта жыццё Барыса Браніслававіча.

Наталля КАСТЭНКА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий