Адукацыйная алея TIBO

- 15:08В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

На XXVIII Міжнародным форуме па інфармацыйна­-камунікацыйных тэхналогіях ТІВО­2022 значнае месца займае экспазіцыя “Адукацыя. Навука. Інавацыі”, на якой нацыянальная сістэма адукацыі прадстаўлена стэндамі 27 устаноў.

— Традыцыйна ТIBO прахо­дзіць вельмі маштабна і з году ў год  набірае абароты. Гэта сведчанне таго, што наша краіна развіваецца ў сучасных лічбавых тэхналогіях. А той факт, што сёння адукацыя, навука і рэальны сектар эканомікі знаходзяцца на адной пляцоўцы, — пац­вярджэнне нашай сумеснай працы, — адзна­чыў міністр адукацыі Андрэй Іванец у час наведвання выставы ведамства. 

Экспазіцыя “Адукацыя. Навука. Інавацыі” ўмоўна падзелена на тры сектары: “Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь”, “Установы вышэйшай адукацыі” і “Рэгіёны”. У першым сектары размешчаны стэнд ведамства і падпарадкаваных арганізацый: Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, Нацыя­нальнага інстытута адукацыі і Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. ГІАЦ прадстаўляе рэспубліканскую аўтаматызаваную сістэму “Электронная адукацыя”, што прызначана для павышэння аператыўнасці збору і апрацоўкі статыстычнай справаздачнасці ў сістэме адукацыі, укаранення дзейсных механізмаў кантролю яе дакладнасці, пашырэння спектра аналітычнай інфармацыі. НІА дэманструе сэрвіс “Інтэрактыўныя дыдактычныя матэрыялы” па вучэбных прадметах “Геаграфія”, “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”. А РІПА арганізаваў анлайн-падключэнне для дэманстрацыі VR-сімулятара ачышчальных збудаванняў, сістэмы дыспетчарызацыі.

“Адукацыйную алею”, дзе размешчаны 15 устаноў вышэйшай адукацыі, адкрывае стэнд БНТУ і яго навукова-тэхналагічнага парка “Палітэхнік”. Студэнты і магістранты факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі дэманструюць свае дыпломныя і курсавыя распрацоўкі, а таксама кансультуюць юных праграмістаў і іх бацькоў па пытаннях паступлення.

Наступны стэнд — БДУІР, які прэзентуе сістэму дыстанцыйнага навучання, інтэграваную інфармацыйную сістэму “БДУІР: універсітэт”. І тут мяне асабліва зацікавіла акадэмія інфарматыкі для школьнікаў, куды запраша­юць вучняў 5—9 класаў.

— Хоць прыходзяць да нас і дзеткі з 4 класа і даюць фору старэйшым. Акадэмія працуе пяты год пад дэвізам “Вучыцца ніколі не рана!”, бо наша галоўная задача — прафарыентацыйная работа і папулярызацыя ІТ сярод школьнікаў. Мы дапамагаем кожнаму дзіцяці паглыбіцца ў свет ІТ, вызначыцца з будучай прафесіяй і ацаніць свае магчымасці ў ролі будучага праграміста, — паведамілі прадстаўнікі ўніверсітэта.

Наведваючы “Адукацыйную алею”, Андрэй Іванец звярнуў увагу, што тут прадстаўлены не проста лічбавыя інфармацыйныя тэхналогіі ў галіне адукацыі, але і распрацоўкі для рэальнага сектара эканомікі:

— Радуе, што нашу мо­ладзь далучаюць да выканання канкрэтных распрацовак, укараненне якіх з’яўляецца вельмі важным аспектам. Тут мы бачым фактычныя аналагі праграмнага забеспячэння месенджараў накшталт Telegram, выдатныя дыстанцыйныя трэкеры з інтэлектуальнымі датчыкамі, якія дазваляюць аўтаматызаваць аўтамабільны рух і рух грамадскага транспарту ў любым населеным пункце. Бачым таксама развіццё адытыўных тэхналогій — гэта 3D-друк не толькі пластыкам, але і металам, што з’яўляецца асабліва перспектыўным. Акрамя таго, тут  прадстаўлены і яркія прыклады супрацоўніцтва нашых рэгіянальных універсітэтаў з мясцовымі прадпрыемствамі. Напрыклад, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт цесна супрацоўнічае з “Савушкіным прадуктам” па ўкараненні інфармацыйных інтэлектуальных сістэм у вытворчасць. Такім чынам, сёння рэальны сектар эканомікі ідзе нам насустрач і інвесціруе не толькі ў распрацоўкі, але і ў абсталяванне для адукацыйнага працэсу. Бо там разумеюць, што без гэтага заўтра не атрымаюць ні тэхналогій, ні кадраў.

Ідзём далей да стэнда БДУ, дзе знаёмімся з адукацыйным напрамкам “Зялёная хімія” Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, праграмным пакетам ORFhunteR для аўтаматычнага вызначэння адкрытых рамак счытвання ў малекулах РНК чалавека. Механіка-матэматычны факультэт таксама дэманструе свой 3D-прынтар, на якім у перыяд пандэміі студэнты друкавалі трымальнікі для медыцынскіх масак, увільгатняльнікі кіслароду, пераходнікі для кіслародных пунктаў і адаптары для снорклаў. Загадчык кафедры тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій ФРФіКТ Юрый Варатніцкі прэзентаваў “Лічбавы факультэт” — адкрытую інтэлек­туальную апаратна-праграмную анлайн-платформу, а таксама — інтэлектуальны студэнцкі білет, сумешчаны з поўнафункцыянальнай банкаўскай карткай, электронную заліковую кніжку, асабістыя кабінеты абітурыента і інш.

Пра БДПУ імя Максіма Танка расказваюць студэнты фізіка-матэматычнага факультэта. Адзін з іх, Ягор Карпенка, акцэнтуе ўвагу на тым, што калі падыходзяць педагогі, то ў першую чаргу пытаюцца пра новыя методыкі і распрацоўкі — пра тое, што можна даць сваім вучням. У сваю чаргу БДТУ прадставіў IT-спецыяльнасці першай і другой ступеней вышэйшай адукацыі, а таксама інжынерныя спецыяльнасці, выпускнікі якіх у сваёй прафесійнай дзейнасці актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі і праграмы. А МДЛУ прадэманстраваў мультымедыйную прэзентацыю вучэбнай літаратуры, у прыватнасці падручніка па беларускай мове, прызначанай для кітайскіх студэнтаў.

Формы лічбавай і дыстанцыйнай адукацыі — гэта толькі дапаўненне да традыцыйнай адукацыі, што базіруецца на канкрэтных ведах, навыках і людзях, якія іх перадаюць.

 Андрэй Іванец.

Трэці сектар адукацыйнай экспазіцыі знаёміць з дасягненнямі і рапрацоўкамі рэгіёнаў. Так, на стэндзе “Адукацыя Мінскай вобласці” дэманструюцца лічбавыя праекты Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, сярэдняй школы № 4 Дзяржынска і негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна. Удзельнікі выставы знаёмяцца тут з праграмным комп­лексам, які аўтаматызуе працэс стварэння вучэбных праграм і раскладу заняткаў, мабільным дадаткам “Даведнік па Пухаўшчыне”, аўтарскімі электроннымі сродкамі навучання і анлайн-комплексамі, а таксама з разумным домам для хатніх гадаванцаў і аўтаномнай сістэмай адсочвання і перапрацоўкі сонечнай энергіі.

У сваю чаргу на стэндзе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, які прадстаўляе праект “Інфарматыка без разеткі”, паказана, як цікава можна выкарыстоўваць канструктар, што дапамагае дзецям зрабіць пуск вады па пэўным алгарытме.

— У нас працуе 5 лакацый. На адной з іх — робат-аркестр, створаны 10—16-гадовымі навучэнцамі на занятках па праграмаванні мікракантролераў. Упор мы робім на STEM-адукацыю ў школе і работу з адоранымі дзецьмі. Усяго ў нашым праекце “Інфарматыка без разеткі” ўдзельнічае звыш 50 устаноў адукацыі. Мы вучым педагогаў, а яны пасля — сваіх вучняў, — патлумачыла прарэктар інстытута Вольга Волкава.

Завершыцца міжнародны форум 10 чэрвеня падвядзеннем вынікаў інтэрнэт-прэміі “TIBO-2022”, конкурсу стартапаў Belarus ICT Startup Award і рэспубліканскага конкурсу па падтрымцы і развіцці маладзёжных ініцыятыў “АГРА 4.0”.

У адным артыкуле немагчыма расказаць пра ўсё цікавае, што ёсць на экспазіцыі “Адукацыя. Навука. Інавацыі”, таму застаецца прапанаваць і вам асабіста наведаць выставу і азнаёміцца з інавацыямі і сучаснымі адукацыйнымі магчымасцямі.

 

***

Экасістэма інавацый

На экспазіцыі “Адукацыя. Навука. Інавацыі” прадстаўлены аўтарскія распрацоўкі фіналістаў і пераможцаў рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, якія запатрабаваны ў розных галінах эканомікі. Сярод іх — “Барацьба з інвазійным пустазеллем з дапамогай дронаў”, “Гідрапонная ферма “Сады Семіраміды”, “Датчык праводкі”, “Ветрагенератар”, “Энергаэфектыўная спецвопратка” і “Жэстабот”.

А на стэндзе БНТУ можна сустрэцца з педагогамі і вучнямі сярэдняй школы № 52 Мінска. Яны дэманструюць свой інавацыйны праект “Укараненне адытыўных тэхналогій на ўроках працоўнага навучання і ў пазаўрочнай дзейнасці для фарміравання тэхналагічнай культуры навучэнцаў 6—9 класаў устаноў сярэдняй адукацыі”.

— У сваёй школе мы адкрылі факультатыўныя заняткі па 3D-мадэляванні. На ўроках інфарматыкі і працоўнага навучання пры дапамозе 3D-прынтара вучні ствараюць 3D-мадэлі. Спалучаючы два напрамкі — інфарматыку і працу, ручную працу і 3D-мадэляванне — мы фарміруем пэўныя інжынерныя задаткі ў дзяцей, — па­тлумачыў настаўнік інфарматыкі Сяргей Юрчанка.

А намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Юлія Бакун дадала, што такім чынам адбываецца фарміраванне тэхналагічнай культуры вучня, які з вялікай верагоднасцю ў будучыні стане інжынерам ІТ. Дарэчы, вучні школы зрабілі міністру адукацыі падарунак — трымальнік для ручкі, які, па словах Андрэя Іванавіча, зойме сваё месца ў будучым музейным пакоі міністэрства.

Стэнд камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама дэманструе распрацоўкі 4 сталічных устаноў адукацыі: сярэдніх школ №№ 30 і 55, гімназій №№ 13 і 50.

— У сферы інфармацыйных тэхналогій мы з’яўляемся перадавымі рэсурснымі цэнт­рамі. Таму сёння тут прадстаўлена сумесная інтэлектуальная творчасць педагогаў і вучняў, якія за апошнія два гады занялі прызавыя месцы як на творчых конкурсах, так і ў алімпіядным руху. Да таго ж мы з’яўляемся ўдзельнікамі эксперыментальнага праекта па 3D-мадэляванні на 3D-прынтарах, вынікі якога таксама можна пабачыць на стэндзе. А яшчэ ў нас ёсць віяр-акуляры, экспанат “Разумны горад”, электронны кіраўнік, штучны інтэлект і многае іншае, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 30 Мінска Таццяна Балуціна.

На палях форуму таксама адбылася канферэнцыя “Экасістэма інавацый: e-Education: лічбавая трансфармацыя сістэмы адукацыі”, а ў межах II форуму “Лічбавая эканоміка” прайшло тэматычнае пасяджэнне “e-Education, Open Science, Innovation Infrastructure: лічбавізацыя ў адукацыі, навуцы і інавацыях”. На іх былі абмеркаваны метадалогія і педагагічныя тэхналогіі лічбавізацыі адукацыі, сучасныя інструменты для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, праблемы і перспектывы выкарыстання дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі, міжнародны вопыт кіравання сістэмай адукацыі, STEM-адукацыя і многае іншае. 

Сёння, 9 чэрвеня, на TIBO-пляцоўцы правядуць дзень абітурыента. На “Адукацыйнай алеі” Міністэрства адукацыі можна будзе азнаёміцца не толькі з інавацыйнымі тэхналогіямі і праграмамі навучання, але і з адукацыйным патэнцыялам краіны: перспектыўнымі спецыяльнасцямі і прафесіямі ў IT-сферы. Прадстаўнікі УВА дапамогуць вызначыцца з прафесіяй і раскажуць, як атрымаць яе. Таму тут чакаюць школьнікаў і іх бацькоў, абітурыентаў, студэнтаў, маладых спецыялістаў і нават наватараў адукацыі, якія выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці. 

Вольга АНТОНЕНКАВА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий