План-канспект класнай гадзіны для II ступені агульнай сярэдняй адукацыі “Быць патрыётам… Што ж гэта значыць?”  

- 15:04Классный час

Таццяна КАЦІЧАВА,
настаўнік хіміі
ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Рагачова імя В.С.Вялічкі”,
Гомельская вобласць

vorona-tania@mail.ru

 

 

 

 

 

Мэта: фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы навучэнцаў праз далучэнне да сацыякультурных каштоўнасцей беларусаў.

Задачы:

– стварыць умовы для абагачэння ўяўленняў вучняў пра якасці грамадзяніна-патрыёта і адказнасць за іх;
– падахвочваць дзяцей да самааналізу свайго пачуцця патрыятызму і выхоўваць павагу да Радзімы.

Мэтавая ўстаноўка ўрока: Сёння кожны беларус гатовы сказаць, што любіць сваю Айчыну, свой родны край, сваіх бацькоў, але не кожны, на жаль, гатовы на ахвяры і подзвіг у імя інтарэсаў сваёй Радзімы. Таму праблема патрыятычнага выхавання і грамадзянскага станаўлення падрастаючага пакалення – адна з актуальных задач дзяржавы, грамадства і адукацыйных устаноў нашай краіны.

Мэта патрыятычнага выхавання – развіццё ў асобы высокай сацыяльнай актыўнасці, грамадзянскай адказнасці, духоўнасці; станаўленне асобы, якая валодае пазітыўнымі каштоўнасцямі і якасцямі, здольная праявіць іх у творчым працэсе, у інтарэсах Айчыны. Для дасягнення гэтай мэты класны кіраўнік павінен праводзіць гутаркі, дыспуты, класныя гадзіны.

 

Падрыхтоўка да гэтай класнай гадзіны праводзіцца паэтапна. Спачатку праходзіць анкетаванне навучэнцаў, аналізуюцца вынікі, якія арыентуюць педагога на ход далейшай працы з навучэнцамі. На ўроку беларускай мовы вучні пішуць эсэ “Быць патрыётам… Што ж гэта значыць?”. Падчас класнай гадзіны асобныя вытрымкі эсэ зачытваюцца.

На класную гадзіну мэтазгодна запрасіць госця, напрыклад, ветэрана працы, выбітнага спартсмена або ідэолага, які будзе выступаць мадэратарам мерапрыемства.

На заключным этапе класнай гадзіны навучэнцы прыходзяць да высновы: быць патрыётам – задача кожнага грамадзяніна, здзяйсняць высакародныя і сумленныя ўчынкі – абавязак любога з нас.

 

Прэзентацыя Кацічава. План-канспект класнай гадзіны PDF

 

Ход класнай гадзіны

 

I Арганізацыйны момант

Урок пачынаецца ўрыўкам з прадмовы да “Кнігі Юдзіф” Францыска Скарыны (Слайд 1).

Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць.

 

Настаўнік: Радзіма заўсёды займае ў жыцці чалавека ганаровае і важнае месца. Асабліва тады, калі яна побач, калі ёю дыхаеш, п’еш ваду з яе крыніц, бачыш яе прыгажосці, дыхаеш штодня яе паветрам, чуеш родную мову (Слайд 2).

 

II Мэтапалаганне

Настаўнік: Ці лёгка жыць без Радзімы? Гэта залежыць ад многіх рэчаў і, у першую чаргу, ад таго, якія мы патрыёты сваёй Радзімы, наколькі мы любім і шануем родны край. Ці зможаце вы сёння адказаць на пытанне: Я – патрыёт сваёй краіны? Чаму? Хто такія патрыёты? (Слайд 3)

Франтальная бяседа. Аналіз эсэ навучэнцаў

 

III Асноўная частка

Групавая праца. Прыём “Асацыятыўны рад”

Навучэнцам да тэмы або пэўнага паняцця ўрока трэба выпісаць у слупок словы-асацыяцыі з прэзентацыі (Слайд 4). Калі асацыятыўны рад атрымаўся параўнальна правільным і дастатковым, настаўнік можа даць заданне скласці вызначэнне, выкарыстоўваючы запісаныя словы; затым выслухаць, параўнаць са слоўнікавым варыянтам, можна дадаць новыя словы ў асацыятыўны рад.

Калі навучэнцы не спраўляюцца з заданнем або праца ў групе не склалася, гэты асацыятыўны рад настаўнік прапануе пакінуць на дошцы, але ў канцы ўрока вярнуцца да яго, што-небудзь дадаць ці прааналізаваць.

Настаўнік: Якога чалавека мы можам назваць патрыётам? Складзіце ў групе асацыятыўны рад “Патрыёт. Хто ён?” і прэзентуйце сваю сумесную творчую працу.

1. Кожны, хто любіць тое месца, дзе нарадзіўся і вырас.
2. Той, хто любіць і не забывае свой дом.
3. Хто з гонарам усведамляе, што няма краіны ў свеце лепш за нашу.
4. Хто гатовы штодня сваёй працай праслаўляць родны край.
5. Гатовы стаць на абарону Айчыны і аддаць жыццё за свой народ.
6. Адстойвае прэстыж роднай краіны.
7. Ведае дзяржаўную сімволіку.
8. Шануе культурную спадчыну сваёй дзяржавы.
9. Той, хто адстойвае гонар сваёй краіны.
10. Будуе сваю будучыню, звязваючы яе толькі са сваёй Радзімай.
11. Ведае сваю родную мову.
12. Ведае гісторыю сваёй краіны, ганарыцца подзвігамі сваіх землякоў.

 

Пашырэнне інфармацыі па тэме

Каб падкрэсліць важнасць гэтага паняцця, настаўнік прапануе звярнуцца да этымалагічнага слоўніка і ў ходзе прэзентацыі абмеркаваць значэнне слова “патрыёт” (Слайды 6–7).

Патрыёт запазычана з франц. словы pater –»бацька», якое мае значэнне “заступнік, абаронца”. Усе гэтыя словы маюць адзін сэнс і мяркуюць любоў да Радзімы, гатоўнасць падпарадкаваць свае інтарэсы інтарэсам краіны, імкненне абараняць інтарэсы Айчыны і свайго народа.

Патрыятызм – гэта асаблівае пачуццё, якое спалучае любоў і абавязак.

 

Інфармацыйна-дыскусійны батл

Праводзіцца ў форме актыўнай дыскусійнай гутаркі, падчас якой ідзе абмеркаванне некалькіх выказванняў навучэнцаў, урыўкаў з іх эсэ (Слайды 8–10).

Вучань 1. “Патрыёт у маім разуменні – абаронца Радзімы, які гатовы змагацца да апошняй кроплі крыві і памерці за свой народ”.

Вучань 2. “Патрыёт – гэта чалавек, які любіць сваю Радзіму, гатовы яе абараняць, але зусім не абавязкова са зброяй у руках. Ведаць гісторыю сваёй краіны, як бы пра яе не казалі – гэта важна, і асабліва сёння”.

Вучань 3. “Сапраўдны патрыёт, на мой погляд, павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. І ён не стане крычаць на кожным кроку пра сваю любоў да Айчыны. Штодня будзе моўчкі працаваць, і так рэальна дапамагаць Радзіме”.

Запрошаны госць дае асабовы каментарый, тлумачыць навучэнцам паняцце “пачуццё патрыятызму” і распавядае дзецям пра свае дасягненні на карысць Радзімы.

 

Дыдактычная гульня-лато “Сапраўдныя патрыёты”

Праводзіцца ў малых групах (парах) навучэнцаў з мэтай выхаваць пачуццё гонару за дасягненні беларускага народа ў гады вайны і мірны час (Дадатак 1).

Настаўнік: Быць патрыётам – значыць быць гаспадаром на сваёй зямлі, а не госцем. А ў выпадку небяспекі здолець абараніць яе. Асабліва ярка гэта цудоўная чалавечая якасць выявілася падчас вайны. Патрыятызм праяўлялі воіны, якія абаранялі родную краіну, праяўлялі тыя, хто дні і ночы працаваў у тыле, вырошчваў хлеб. Галоўным багаццем любой краіны заўсёды з’яўляецца яе народ. І сёння многія нашы суайчыннікі па праву лічацца сапраўднымі патрыётамі. Давайце ўспомнім іх слаўныя імёны.

 

Рашэнне кейсаў

Абмеркаванне праблемных сітуацый ажыццяўляецца з выкарыстаннем кейс-тэхналогіі (Дадатак 2). Навучэнцы могуць працаваць у парах. Дзеці атрымліваюць кейсы з апісаннем сітуацыі, ім неабходна прааналізаваць яе, разабрацца ў праблеме і выказаць сваё меркаванне.

Настаўнік: Гісторыя нашай Радзімы распавядае нам пра адважных герояў, якія не шкадавалі сваіх сіл для Айчыны. Але праявіць якасці патрыятызму можна і ў паўсядзённым жыцці. Як? Я прапаную вызначыць сваю пазіцыю ў кожнай сітуацыі. Абгрунтуйце свой выбар.

 

Індывідуальная праца “Партрэт патрыёта”

Гэты этап урока праводзіць запрошаны госць. Кожны навучэнец атрымлівае працоўны ліст, у якім дапаўняе сказы (Дадатак 3).

Мадэратар альбо настаўнік: Як вы лічыце, сябры, вас можна назваць зараз патрыётамі? Калі вы добра вучыцеся, дапамагаеце сваёй школе, бацькам, удзельнічаеце ў розных акцыях, напрыклад, віншаванне ветэранаў з Днём Перамогі? Вядома, пакуль юныя, але сапраўдныя патрыёты. Паспрабуйце скласці самастойна партрэт чалавека, якога лічаць патрыётам (вучні запаўняюць працоўны ліст).

 

IV Заключная частка

Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

Настаўнік выкарыстоўвае прыём “Чароўны клубок” і запрашае ўсіх навучэнцаў стаць у кола.

Настаўнік: Я ўпэўнена, што ўсіх нас аб’ядноўвае агульнае пачуццё патрыятызму. І пакуль будзе жыць любоў да роднай зямлі і гонар за нашу Радзіму, Беларусь будзе квітнець. Я трымаю “чароўны клубок”, зараз мы з вамі працягнем ніткі патрыятызму. Для гэтага кожны з вас, хто возьме ў рукі клубок, павінен падумаць і сказаць, што вы будзеце рабіць ці можа быць зрабілі, каб лічыць сябе сапраўдным патрыётам. Затым вы перадаяце клубок аднакласніку і ён таксама адкажа на гэта пытанне.

А зараз падніміце рукі ўверх і паглядзіце, як гэтыя ніткі ператварыліся ў “чароўны дах”, які абароніць нашу краіну ў гэтым свеце ад усіх бед. Затым пакладзіце павуцінку з нітак на падлогу. Бачыце, яна ператварылася ў дарогу патрыятызму, якая ніколі не скончыцца.

Гучыць песня “Любімую не аддаюць…” Музыка і словы Е.Алейніка (https://www.youtube.com/watch?v=-NsTiReUKew).

 

Дадатак 1

Дыдактычная гульня-лато “Сапраўдныя патрыёты”

Гульнявое поле

Беларускі паэт. Аўтар верша “Спадчына”.
   Ад прадзедаў спакон вякоў
   Мне засталася спадчына…

Беларуская біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету

Стваральнік легендарнага ансамбля “Песняры”,
яркі выканаўца, кампазітар.

Герой Савецкага Саюза, пад яго кіраўніцтвам Беларусь дасягнула значных поспехаў ва ўсіх галінах эканомікі, стаўшы адной з вядучых рэспублік Савецкага Саюза
Савецкі і беларускі касманаўт,
двойчы Герой Савецкага Саюза
Беларуская пісьменніца і журналіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

 

 

Дадатак 2

Кейс 1.

Бацькі прапануюць Мішу і Машы паехаць разам з імі на экскурсію ў Хатынь. Але дзецям вельмі не хочацца, так як яны гуляюць на камп’ютары ў цікавую гульню. Правільна паступаюць дзеці? Чаму?

Кейс 2.

Настаўнік працоўнага навучання прапануе школьнікам у выхадны дзень прыняць удзел у пасадцы алеі Славы. Барыс, Мікіта і Максім адмовіліся ўдзельнічаць, патлумачылі гэта тым, што бацькі ім не дазваляюць у гэты дзень кудысьці ісці. Як бы вы паступілі на іх месцы?

Кейс 3.

Класны кіраўнік робіць заўвагу Каці і Карыне, якія на ўрачыстай лінейцы падчас выканання гімна смяюцца і размаўляюць. Дзяўчынкі абураюцца тым, што класны кіраўнік зрабіў ім заўвагу. А як вы лічыце, правы педагог або навучэнцы?

Кейс 4.

Святлана падчас наведвання музея Вялікай Айчыннай вайны засумавала і вырашыла пагуляць на тэлефоне, пакуль астатнія з класа слухалі экскурсавода. Як вы ацэньваеце ўчынак дзяўчынкі.

 

 Дадатак 3

Працоўны ліст

Працягніце сказ: Патрыёт – чалавек, які

любіць ___________________________________________________________

абараняе_________________________________________________________

паважае__________________________________________________________

перажывае_______________________________________________________

ганарыцца_______________________________________________________

памятае_________________________________________________________

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий