Глыбіня памяці. Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

- 15:41Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

На золаку ХХ стагоддзя на Беларусі заззяў вясёлкай цудоўны самародак, славуты сын нашай Айчыны, класік нацыянальнай літаратуры, “першая з вяршынь беларускага Эльбруса паэзіі” – Янка Купала. Ён абраў дарогу пакутніка, справядліўца – народніка, адарваўся ад плуга, каб стаць Песняром роднага краю. Мілагучную, вольналюбівую песню беларускай вёскі ўспрыняў душой і мужна, годна панёс яе па жыццёвай пуцявіне.

Сёлета адзначаем юбілей: яму споўнілася б 140 гадоў з дня нараджэння. Гэта свята паэта. Свята гісторыі. Жыццё чалавечае кароткае, смерць – няўмольна. Забрала яна ад нас і нашу папараць-кветку, што раскрылася цёплым ліпеньскім раннем і асвятліла шлях беларускага народа прыгажосцю свайго паэтычнага духу, паяднанасцю са слыннай бацькоўскай зямлёй, якая не губляецца ў часе, вялікай павагай да гаротніка-мужыка. Адзіны след пра Янку Купалу – у глыбокай памяці нашчадкаў.

Чым жа вабіць і кранае літаратурная сцежка шчырага патрыёта? Якая тэматычная разнастайнасць адлюстравана ў пакінутых кніжках?

Аляксандра Яжохіна, вучаніца 11-га класа дзеліцца сваімі ўражаннямі: “У Купалавым радку бурліць, пеніцца такі светлы аптымізм, такое нястрымнае жаданне стаяць на варце славы Беларусі, што міжволі схіляешся ў зямным паклоне перад подзвігам паэта і грамадзяніна”.

“Яго творчасць – абуджэнне памяці і годнасці народа. Слоўца да слоўца, гук да гука – усюды чуецца голас мінуўшчыны. Гэты шлях пазнання старажытнай гісторыі нялёгкі, атулены смугою сівых стагоддзяў. Ён паказвае, што мы з’яўляемся тым народам, які мае цікавае і самабытнае мінулае” – разважае вучаніца 10-га класа вячэрняй формы навучання Кацярына Селязнёва.

”Мяне па-сапраўднаму прыцягнулі творы, якія вывучаюцца ў школьнай праграме. Ім суджана вялікае даўгалецце, неўвядальнасць, бо яны, як споведзь, як дзённік, поўныя вялікай праўды жыцця, дзе выдатны майстар літаратурнай справы ад старонкі да старонкі аб’ядноўвае ў адзінае цэлае такія ключавыя паняцці, як нацыянальны гонар, шматвяковая гісторыя, родная мясціна, дарагая Бацькаўшчына, гармонія чалавека і прыроды, каханне” – да такой высновы прыйшоў Ігар Брында, вучань 12-га класа вячэрняй формы навучання.

Давайце ж пройдземся Купалавымі сцежкамі і дарогамі, спынімся на некалькі хвілін у тых запаветных мясцінах, дзе гадаваўся, сталеў паэт, назапашваў у працы вопыт жыцця. Падыхаем водарам паэзіі, якая любоўна сабрана нашчадкамі і старанна захоўваецца для наступных пакаленняў.

Фальварак Вязынка – паэтава калыска. Яна прарочыла свайму сыну і доўгі век, і шырокі свет. Тут пачаў круціцца яго жыццёвы калаўрот. Тут нібы лунае дух паэта, усюды адчуваецца яго прысутнасць.

Лёс не песціў вялікага паэта. Ён гадаваўся пад тужлівую песню колаў. Беззямелле бацькоў вымушала сям’ю на бясконцае бадзянне ў пошуках кавалка хлеба.

Тэматычная палітра песняра выявілася ў лірычных вершах, паэмах, драматычных творах, публіцыстыцы.

Свае шчырыя думкі-пачуцці аўтар увасобіў у найлепшыя дзівосы-словы, якія зіхацяць, як найпрыгажэйшыя самацветы і будуць зіхацець на вяршыні народнай памяці. Час не мае над імі ўлады. Чытаеш іх і атрымоўваеш асалоду і задавальненне ад рэдкага паэтычнага скарбу вялікага творцы, якому цаны няма.

На ўроках беларускай літаратуры юнакі і дзяўчаты прачула і натхнёна ўспрымаюць знакамітыя вершы “Спадчына”, “Мая малітва, ”Мой край”, “Бацькаўшчына” і іншыя. Яны кранаюць і ўскалыхваюць дзіцячыя душы праўдзівасцю і цеплынёй. Галоўны лейтматыў – асэнсаванне гістарычнага лёсу беларускага народа, прызнанне ў любові да роднага краю, малітва за Бацькаўшчыну – Беларусь. Вучні ў працэсе аналізу ідэйна-мастацкага зместу твораў адчуваюць дух мінулага, сваю крэўную роднасць з далёкімі продкамі, фарміруюць разуменне павагі да выдатнай постаці айчыннай літаратуры, яго культурна-гістарычнай спадчыны.

Верш-гімн, звернуты ў глыб нацыянальнай памяці, сапраўдная жамчужына сусветнай паэзіі – славуты твор “А хто там ідзе?”. Ён разглядаецца ў 9-м класе.

Верш шматтысячным рэхам адгукнуўся ва ўсіх кутах нашай Радзімы. Гэта прыклад сыноўняга пакланення Беларусі і роднаму слову, вернага служэння свайму народу. У ім раскрываецца трагізм лёсу беларускага вяскоўца-працаўніка. Сялянская цярністая доля з неадчэпнай Бядой, Голадам, Холадам прадуць нітку чалавечага лёсу.

У разгорнутых адказах вучні акрэсліваюць патрыятычнае крэда паэта, які натхнёна і апантана працаваў на літаратурнай дзялянцы, знітаванасць асабістага лёсу з жыццём народа, асэнсоўваюць повязь часоў і пакаленняў.

Мне запалі ў душу пранікнёныя словы рускага класіка Максіма Горкага, які быў у захапленні ад праўдзівасці паэзіі Янкі Купалы, ад яго любові да роднай старонкі: “У Беларусі ёсць два паэты: Янка Купала і Якуб Колас – вельмі цікавыя хлопцы. Проста пішуць так, ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошкі гэтых якасцей. О Божа! Вось бы добра было!”

Як хораша і проста напісана! Вось яна – глыбіня памяці, якая не можа не адгукацца ў сэрцах нашых нашчадкаў.

Усёй сваёй творчасцю паэт сцвярджаў, што сапраўднае мастацтва павінна служыць народу. З найбольшай сілай гэта думка выказана ў паэме “Курган”, якую падлеткі вывучаюць у 7-м класе. Падчас разгляду твора дзеці суперажываюць гусляру, пераконваюцца ў яго бескампраміснасці, непадкупнасці і самаахвярнасці, які загінуў, пакінуўшы сваю песню і славу.

Акопы. Хочацца нагадаць створанае шаноўным майстрам роднай паэзіі там, у святым месцы нашай зямлі, дзе маладому Янку Купалу дыктаваў сам Бог. Гэта мясціна стала духоўным апірышчам. Тут плённа выявіўся творчы дар сапраўднага волата паэтычнага свету: напісаў больш за 80 вершаў, чатыры п’есы – “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Прымакі”, “Тутэйшыя”. Адтуль родам нашы любімыя паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”. Дзеці ўсведамляюць, што за сціплымі радкамі прасочваецца духоўнае гарэнне паэта, яго апантаная праца са словам, творчая самаадданасць.

Напэўна, нельга знайсці беларуса, які б не чытаў, або не глядзеў спектакль паводле камедыі “Паўлінка”, якую называюць жывым тэатральным феноменам. Яна ўвайшла ў залаты фонд сусветнай драматургіі. Вучні сімпатызуюць галоўнай гераіні – Паўлінцы, якая выступае як сімвал маладой Беларусі. Кідаецца ў вочы яркі нацыянальны каларыт, сакавіты народны гумар. Гэта п’еса і па сённяшні дзень карыстаецца нязменным поспехам і любоўю.

На стромкім беразе Дняпра, у вёсцы Ляўкі, знаходзілася Купалава дача. У вясковай цішы, удалечыні ад гарадской мітусні, ён лекаваў душу, зачароўваўся красой навакольных краявідаў. Тут напісаў вядомыя вершы, якія назвалі “Ляўкоўскім цыклам”: “Хлопчык і лётчык”, “Алеся”, “Госці”, “Лён”, ”Вечарынка”, “Сонцу” і іншыя. Дзеці захапляюцца паўнатой і радасцю жыцця, гармоніяй чалавека і прыроды, высакароднасцю кахання. Ажываюць у памяці малюнкі дзяцінства, якія развіваюць пачуццё прывязанасці і адданасці “цяплу роднага гнязда”, грамадзянскасці і патрыятызму, цікавасць да паэта, які меў літаратурнае імя, літаратурную славу.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Купала прысвяціў сваю творчасць абароне Радзімы. У гэтыя трывожныя дні палымяная публіцыстычная прамова выступае як заклік, як наказ, як клятва. Гнеўна і бязлітасна гучыць мастацкае слова вялікага паэта-трыбуна, у якім выказваецца цвёрдая, непахісная вера ў хуткае і немінучае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкай няволі.

Гімнам народных мсціўцаў стаў верш “Беларускім партызанам”, які лебядзіным крылом узмахнуў над усім светам. У выглядзе лістовак твор распаўсюджваўся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, перадаваўся з вуснаў у вусны. Лясныя змагары ведалі верш на памяць, з яго прачулымі словамі ішлі на смяротны бой. Ён выпрацоўвае ў вучняў патрыятызм, пачуццё абавязку стаць на абарону Радзімы, калі ёй пагражае вораг. Спрыяе станаўленню антываеннага настрою і ўдзячнасці за шчасце жыць у мірны час, выхоўвае павагу да ветэранаў вайны.

Янка Купала верыў у перамогу нашага народа над азвярэлым фашызмам. На жаль, дачакацца гэтай радасці яму не давялося, бо 28 чэрвеня 1942 года паэта не стала. Ён загадкава загінуў у гасцініцы “Масква”. Тут назаўсёды абарвалася яго праўдзівая песня. Апошні акт жыццёвай драмы вялікага беларускага творцы да гэтага часу пакрыты таямніцай.

Так адышоў з жывых нястомны барацьбіт, але неацэнная спадчына сапраўднага тытана духу, які атрымаў з рук сваёй Айчыны неўміручасць, жыве.

Сёння чытаем яго творы – і нібы чуем жывы голас паэта, прыглушаны цяжкай дарогай яго вандроўнага жыцця. Ён аддаў народу свой вялізарны паэтычны талент і сваё вялікае чулае сэрца.

Янка Купала – паэт трагічнага лёсу. Прызначаную беларускаму народу чашу пакут ён выпіў да дна.

Праходзяць гады і, чым далей яны аддаляюць нас ад Песняра, тым даражэй і велічней становіцца яго вобраз. Ён будзе жыць у памяці народа. Яго цудоўныя песні будуць пераходзіць з пакалення ў пакаленне.

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий