Марына ВАРАБЕЙ,
настаўнік матэматыкі
ДУА «Бярозавіцкая сярэдняя школа Пінскага раёна»,
Брэсцкая вобласць
Тэма ўрока: Паралельныя і перпендыкулярныя прамыя.
Тып урока: засваенне новых ведаў.
Метад: праблемны.
Формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці: франтальная, групавая, індывідуальная.
Сувязь з папярэднімі ведамі: новы матэрыял грунтуецца на наяўных ведах вучняў (адрэзак, прамень, прамыя вуглы і градусныя меры вуглоў).
Мэта настаўніка: забяспечыць засваенне вучнямі сістэмы ведаў пра паралельныя і перпендыкулярныя прамыя.
Задачы выхавання і развіцця вучняў:
— садзейнічаць развіццю ўменняў самастойнай работы з вучэбным матэрыялам і сістэматызацыі ведаў, развіццю аналагічных уменняў;
— стварыць умовы для развіцця лагічнага мыслення, уяўлення, уменняў аналізаваць, рабіць высновы, абагульняць;
— спрыяць выхаванню арганізаванасці, упэўненасці ў сабе, самастойнасці, калектывізму.
Мэты на мове вучняў:
— даведаюся, якія прамыя можна назваць паралельнымі, а якія – перпендыкулярнымі;
— зразумею, як адрозніваць паралельныя і перпендыкулярныя прамыя;
— змагу паспяхова выканаць заданні выхаднога кантролю.
Крытэрыі поспеху:
1. Змагу адказаць, якія прамыя называюцца паралельнымі.
2. Змагу адказаць, якія прамыя называюцца перпендыкулярнымі.
3. Змагу пабудаваць паралельныя і перпендыкулярныя прамыя.
4. Змагу назваць адметныя асаблівасці паралельных і перпендыкулярных прамых.
Ключавыя пытанні вучням:
1. Што агульнага маюць словазлучэнні: лінія жыцця, лінія электраперадачы, лінія сувязі, лінія гарызонту, лініі вуліц, гарачая лінія?
2. Што агульнага ў следзе ад перагібу аркуша паперы, нацягнутай стужкі, рабра дзіцячага кубіка і следзе алоўка на паперы?
Ход урока
1 Арганізацыйна-матывацыйны этап
Плануемы вынік: гатоўнасць вучняў да ўрока, спрыяльны эмацыянальны фон, прыняцце вучнямі мэты ўрока.
Настаўнік пасля ўступнага слова прапануе вучням адказаць на ключавыя пытанні і тым самым падводзіць іх да таго, што адказаць на гэтыя пытанні дапамогуць веды па новай тэме. Вучні адчуваюць, што яны пакуль не гатовы на іх адказаць. Затым настаўнік прапануе вучням выказаць здагадку адносна тэмы ўрока, даводзіць да іх мэту, канкрэтызуе яе крытэрыямі поспеху, спіс якіх на сцікерах раздае вучням. Яны чытаюць крытэрыі, знаходзяць у іх незнаёмыя словы, удакладняюць іх сэнс у настаўніка.
2 Этап актуалізацыі суб’ектнага вопыту вучняў
Плануемы вынік: канцэнтрацыя ўвагі, актывізацыя мыслення, падрыхтаванасць вучняў да вывучэння новага матэрыялу.
Вучні, працуючы ў парах, выбіраюць на малюнках на экране і высвятляюць, якія прамыя перасякаюцца, а якія – не. Настаўнік з дапамогай тэхнікі “Святлафор” правярае, наколькі вучні правільна выконваюць заданне, пры неабходнасці ўносіць папраўкі.
3 Этап вывучэння новага матэрыялу
Плануемы вынік: вучні будуць валодаць матэрыялам тэмы на рэпрадуктыўным узроўні.
1 Настаўнік дае азначэнне паралельных прамых, а потым паведамляе, што тэма паралельных прамых хвалявала людзей са старажытных часоў. Першы, хто сістэматызаваў веды пра паралельныя прамыя, быў старажытнагрэчаскі вучоны Еўклід (дэманструецца яго партрэт).
Па прапанове настаўніка вучні абмяркоўваюць у парах пытанні пра ролю паралельных прамых у наш час:
Чаму правады ў лініях электраперадачы паралельныя?
Чаму рэйкі чыгункі паралельныя?
Навошта сшыткі ў лінейку?
Пасля абмеркавання вучні адказваюць на пытанні. Потым пасля непрацяглага роздуму прыводзяць іншыя прыклады таго, дзе на будоўлях, заводах, на транспарце назіраюцца паралельныя прамыя.
2 Настаўнік дае азначэнне перпендыкулярных прамых і паказвае на экране адпаведныя. Вучні прыводзяць прыклады перпендыкулярнасці, абмяркоўваюць. Потым называюць прылады, з дапамогай якіх можна дакладна пабудаваць паралельныя і перпендыкулярныя прамыя (лінейка, цыркуль, вугольнік, спецыяльныя інструменты, падручныя прылады).
Вучні ў сшытках будуюць паралельныя і перпендыкулярныя прамыя па алгарытме, які настаўнік паказвае на экране, ці па алгарытме ў падручніку на с. 98.
4 Прамежкавая праверка разумення вучнямі новага матэрыялу
Плануемы вынік: замацаванне вывучанага матэрыялу, стварэнне сітуацыі поспеху, карэкцыя памылак. Збіраем на дошцы гекс.
Вучні, працуючы самастойна, выконваюць заданні № 260, 261, 262, 263 падручніка. Пры неабходнасці звяртаюцца да аднакласнікаў ці настаўніка. Па ходзе работы з дапамогай “Святлафора” сігналізуюць настаўніку пра паспяховае выкананне задання ці праблемах.
Фізкультмінутка
5 Кантрольна-карэкцыйны этап
Плануемы вынік: кантроль і карэкцыя ведаў з дапамогай зваротнай сувязі.
Вучні выконваюць заданні (два варыянты), потым абменьваюцца сшыткамі з суседам па парце і робяць узаемаправерку па ўзоры, які настаўнік дэманструе на слайдзе, а таксама па крытэрыях поспеху, якія на сцікерах атрымалі ў пачатку ўрока.
Варыянт (варыянты розныя)
1. На якім з малюнкаў прамыя, якія з’яўляюцца паралельнымі?
А) Б) В)
2. Знайдзіце на малюнку ўсе прамыя, перпендыкулярныя прамой m. Запішыце іх.
3. Начарціце ў сшытку прамую b і адзначце пункт c па-за прамой b і пункт d на прамой b. Праз пункты c, b, d правядзіце прамыя, перпендыкулярныя прамой b.
4. Начарціце вугал 60°, адзначце на яго баку пункт, правядзіце праз яго прамую, паралельную другому боку гэтага вугла.
5. Пабудуйце трохвугольнік. Правядзіце праз кожную вяршыню па дзве прамыя, адна з якіх паралельная, а другая перпендыкулярная супрацьлегламу баку трохвугольніка.
6 Рэфлексія і падвядзенне вынікаў работы
Плануемы вынік: ацэнка вучнямі вынікаў уласнай дзейнасці.
Настаўнік прапануе вучням звярнуць увагу на крытэрыі поспеху і з дапамогай “Святлафора” паказаць засваенне матэрыялу па кожным з пунктаў.
Вучні адказваюць на ключавыя пытанні, а таксама разважаюць (па жаданні ці па жэрабі), што на ўроку было цяжкім, а што цікавым.
7 Дамашняе заданне: § 11, с. 101, № 271, 272. Дадаткова скласці гекс па тэме.