94% ветэрынараў нашай краіны скончылі Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Цэнтр ветэрынарнай адукацыі
Многія з нас маюць хатніх гадаванцаў і вельмі часта сутыкаюцца з праблемай, каму ж даверыць здароўе свайго любімца. Асабліва, калі чатырохногі член сям’і захварэе знянацку, ліхаманкава пачынаюцца пошукі доктара Айбаліта. Аказваецца, знайсці добрага спецыяліста — праблема нават для сталіцы. А таму калі сёлетнія абітурыенты раптам яшчэ не вызначыліся з будучай прафесіяй, раім ім звярнуць увагу на ветэрынарную акадэмію.
Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны — прызнаны цэнтр вышэйшай ветэрынарнай адукацыі і навукі Беларусі. Яго выпускнікі настолькі запатрабаваныя, што могуць дазволіць сабе выбіраць першае месца работы, прычым даволі часта з 10 і больш прапаноў ад работадаўцаў.
Сёлета ветэрынарная акадэмія набірае на два факультэты 620 абітурыентаў: 555 бюджэтнікаў і 65 платнікаў, да таго ж 329 з іх — мэтавікі. Факультэт ветэрынарнай медыцыны чакае навучэнцаў на спецыяльнасць “Ветэрынарная медыцына”, а біятэхналагічны факультэт — на спецыяльнасці “Ветэрынарная санітарыя і экспертыза”, “Ветэрынарная фармацыя” і “Заатэхнія”.
У апошнія гады на факультэце ветэрынарнай медыцыны пачалі рыхтаваць ветэрынарных урачоў на платнай аснове па напрамку “Ветэрынарыя непрадукцыйных жывёл”, а на біятэхналагічным — па “Біятэхналогіі ў жывёлагадоўлі”, “Непрадукцыйная жывёлагадоўля (кіналогія)”, “Тэхналогіі прамысловай жывёлагадоўлі”, “Інфармацыйныя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі” і “Эфектыўны менеджмент і арганізацыя вытворчасці ў галіне”.
Сярод найбольш папулярных спецыяльнасцей — “Ветэрынарная санітарыя і экспертыза”, конкурс на якую ў мінулым годзе склаў 3,3 чалавека на месца, і “Ветэрынарная фармацыя”, дзе за адно месца змагаліся 1,4 паступаючых.
— На жаль, у апошнія гады знізілася зацікаўленасць абітурыентаў у спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына”, на якую конкурс у 2020 і 2021 гадах не склаўся, і “Заатэхнія”, дзе ўвогуле назіраўся недабор, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт У.А.Журба. — Хоць мы і стараемся зацікавіць абітурыентаў добраўпарадкаваным інтэрнатам, магчымасцю атрымаць дадатковыя спецыяльнасці на старшых курсах, бясплатным навучаннем у аўташколе пры акадэміі, цікавым насычаным культурным і спартыўным жыццём. Таксама плюс нашай акадэміі ва ўдалым кампактным размяшчэнні вучэбных карпусоў і інтэрнатаў у цэнтры Віцебска, побач з асноўнымі славутасцямі горада.
Урачы, зоаінжынеры, правізары
Урачамі ветэрынарнай медыцыны становяцца пасля атрымання спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” і авалодання навуковымі і практычнымі ведамі, накіраванымі на барацьбу з хваробамі жывёл, ахову людзей ад хвароб агульных для жывёл і чалавека, выпуск дабраякаснай і бяспечнай прадукцыі і вырашэнне ветэрынарна-санітарных праблем аховы навакольнага асяроддзя. Такія ўрачы працуюць у арганізацыях аграпрамысловага комплексу, на мяса- і малакаперапрацоўчых прадпрыемствах, у прыватных і дзяржаўных ветэрынарных клініках, у навукова-практычных цэнтрах і навукова-даследчых інстытутах, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
— Зоаінжынераў рыхтуем на спецыяльнасці “Заатэхнія”. У перакладзе з грэчаскай мовы “зоа” — жывёла, “тэхна” — навука, майстэрства, і атрымліваецца, што заатэхнія — гэта навука аб тэхналогіі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Зоаінжынеры з’яўляюцца кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, буйных жывёлагадоўчых комплексаў, селекцыйна-
гібрыдных цэнтраў, дзяржаўных племянных прадпрыемстваў і іх філіялаў, птушкафабрык, конезаводаў, гадавальнікаў і сабакаводчых клубаў, — паведаміў Уладзімір Аляксандравіч.
Па яго словах, спецыяльнасць “Ветэрынарная фармацыя” цікава тым, што яе навучэнцы набываюць веды па тэхналогіі распрацоўкі, вырабу, стандартызацыі, захоўвання лекавых сродкаў ветэрынарыі. Яе выпускнікі — правізары на фармацэўтычных фабрыках і заводах, у ветэрынарных аптэках, кантрольна-аналітычных лабараторыях, у НДІ, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах і інш.
У ВДАВМ за амаль стагоддзе падрыхтавана больш за 35 тысяч спецыялістаў.
Ветэрынарна-санітарнымі ўрачамі становяцца выпускнікі спецыяльнасці “Ветэрынарная санітарыя і экспертыза”. Такія спецыялісты працуюць на мясакамбінатах, малаказаводах, транспарце і мытні, у лабараторыях, на харчовых рынках, пераапрацоўчых цэхах птушкафабрык, свінагадоўчых комплексах. Там яны займаюцца тэхналогіямі атрымання прадуктаў жывёлагадоўлі і кармоў высокай якасці, аховай здароўя людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, а таксама ажыццяўляюць ветэрынарна-санітарную экспертызу сыравіны і прадуктаў жывёльнага паходжання.
— Нашы выпускнікі размяркоўваюцца на прадпрыемствы і арганізацыі АПК, ветэрынарныя лабараторыі, лабараторыі ВСЭ, мясакамбінаты, фармацэўтычныя прадпрыемствы і інш. Асноўным заказчыкам кадраў выступае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Але мэтавікі могуць самастойна вызначыцца са сваім будучым першым працоўным месцам, папярэдне заключыўшы дагавор з арганізацыяй або прадпрыемствам, на якім у далейшым і будуць праходзіць практыку і адпрацоўку па размеркаванні, — патлумачыў прарэктар па вучэбнай рабоце акадэміі.
Далучыцца да сям’і ветэрынараў
Каб стаць студэнтам ветэрынарнай акадэміі, сёлетнім абітурыентам варта памятаць пра тэрміны падачы дакументаў: на бюджэт з 18 па 26 ліпеня, у адрозненне ад іншых УВА прыём дакументаў падоўжаны на два дні, на платную форму навучання — з 18 па 9 жніўня, у іншыя УВА — па 8 жніўня. Без уступных экзаменаў на спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія” могуць паступаць абітурыенты з залатым або сярэбраным медалём і дыпломам з адзнакай, а таксама тыя, хто мае дагавор на мэтавую падрыхтоўку.
— Нашым абітурыентам неабходна здаць толькі хімію і біялогію. Прычым замест сертыфікатаў ЦТ можна вусна вытрымаць экзамены па гэтых прадметах непасрэдна ў самой акадэміі з 27 па 31 ліпеня, — падкрэсліў Уладзімір Аляксандравіч. — Выпускнікі аграрных класаў, якія маюць мэтавыя накіраванні, таксама паступаюць без экзаменаў на ўсе спецыяльнасці, акрамя “Ветэрынарнай фармацыі”. Ім давядзецца прайсці ўсяго толькі субяседаванне.
У акадэміі вялікая ўвага ўдзяляецца практыка-арыентаванаму навучанню на перадавых прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу і прыватных клініках. Запрашаюцца вядучыя спецыялісты гэтых арганізацый для правядзення лекцый і майстар-класаў. Набываецца сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе праводзіць навуковыя даследаванні і практычныя заняткі інавацыйнага ўзроўню.
За час навучання ў ВДАВМ студэнты праходзяць практычную падрыхтоўку ў клініках на кафедрах хірургіі, тэрапіі, акушэрства, эпізааталогіі, паразіталогіі, хвароб дробных жывёл і птушак, у якіх штогод аказваюць дапамогу звыш 5000 жывёлам і птушкам.
На ўсіх кафедрах акадэміі праводзіцца навукова-даследчая работа са студэнтамі, функцыянуе больш за 35 навуковых гурткоў і 20 навукова-даследчых лабараторый. У Навукова-даследчым інстытуце прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі студэнты, магістранты і аспіранты праводзяць свае даследаванні з выкарыстаннем сучасных метадаў і прыбораў. Большасць работ носіць практычны характар, мае прыкладное значэнне, і вынікі часта ўкараняюцца ў вытворчасць.
Студэнты ўдзельнічаюць у распрацоўцы і апрабацыі новых кармавых дабавак, біялагічна актыўных рэчываў, лячэбных, прафілактычных і дыягнастычных прэпаратаў, вывучаюць сучасныя метады селекцыі, тэхналагічны працэс вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, асвойваюць працэсы атрымання гатовых лекавых прэпаратаў і кантролю на ўсіх этапах перапрацоўкі мяса і малака, а таксама знаёмяцца з метадамі лабараторнага аналізу сыравіны і гатовай прадукцыі.
— Акрамя таго, нашы студэнты маюць усе магчымасці для раскрыцця сваіх творчых здольнасцей. У Доме культуры акадэміі працуе 16 творчых калектываў, і ў кожным заўсёды рады бачыць новых удзельнікаў, зацікаўленых у развіцці свайго патэнцыялу. А вось у спартыўным клубе функцыянуе ўжо 29 секцый па 19 відах спорту. Іх прадстаўнікі штогод выступаюць на розных спартыўных мерапрыемствах і спаборніцтвах, дасягаючы часам высокіх вынікаў, — акцэнтаваў увагу У.А.Журба. — Нам вельмі хацелася б бачыць сярод сёлетніх першакурснікаў юнакоў і дзяўчат, зацікаўленых у атрыманні якаснай ветэрынарнай адукацыі, якая вядома нават за межамі краіны. А таму чакаем мэтанакіраваных абітурыентаў, якія ўсведамляюць значнасць выбранай прафесіі.
Вольга АНТОНЕНКАВА,
Фота з архіва ВДАВМ