Фізіка і зоркі 

- 11:51В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Нашы сапраўдныя захапленні пачынаюцца ў дзяцінстве, бо тады мы займаемся выключна тым, да чаго імкнецца наша душа. На жаль, не ўсім удаецца захаваць іх, хоць у Станіслава КАМАРОВА гэта атрымалася. Ён, калі быў яшчэ маленькім хлопчыкам, зацікавіўся космасам і вырашыў, што абавязкова звяжа сваё жыццё з пазнаннем нязведанага. І звязаў.

Цяга да нязведанага

— З самага дзяцінства мяне вабіў космас, усё новае і нязведанае, дзе яшчэ ніхто не быў. Мне і зараз гэта падабаецца, я праз усё жыццё пранёс гэтую цікавасць, і мая прафесія з гэтым якраз і звязана, — расказаў дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі БДУ кандыдат фізіка-матэматычных навук Станіслаў Алегавіч Камароў.

Падчас школьных канікул у бабулі Станіслаў разбіраў старыя тэлевізары і радыёпрыёмнікі, а бацькі тлумачылі яму, для чаго патрэбны кандэнсатар, трансфарматары і г.д. Потым ён захапіўся навукова-папулярнай літаратурай, любіў чытаць пра прыроду. А затым зразумеў, што больш за ўсё яго цікавіць менавіта матэматыка — тое, што можна самому палічыць.

— Доказныя навукі атрымліваліся лепш за астатнія, таму я пайшоў у матэматычны клас у сярэднюю школу № 28 Віцебска. Там мне пашанцавала з настаўніцай матэматыкі — Наталляй Юр’еўнай Плют. Яна праводзіла ў нас факультатыўныя заняткі, і я стараўся іх не прапускаць. Дзякуючы ім, задоўга да заканчэння школы зразумеў, што хачу займацца выключна дакладнымі навукамі — матэматыкай або фізікай, — прыгадаў наш герой.

Пасля Станіслаў Алегавіч даведаўся пра БДУ, з’ездзіў на дзень адкрытых дзвярэй і вырашыў пасту­паць на фізічны факультэт, бо “фізіка больш звязана з нашым навакольным светам”. У час вучобы ён амаль адразу зразумеў, што добра было б стаць выкладчыкам, паралельна займацца навукай і розныя праекты рабіць з іншымі вучонымі. У 2014 годзе скончыў універсітэт, а затым магістратуру і аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю.

— Прафесія мне падабаецца, я іду па тым шляху, па якім хацеў, і шчаслівы ад гэтага. Я заўсёды гавару, што трэба арыентавацца не на тое, што рэкламуюць і што больш грошай прыносіць, а слухаць самога сябе і сваё сэрца, выбіраць менавіта тое, што па душы, тады і поспех будзе гарантаваны, — падзяліўся меркаваннем навуковец. — На наш факультэт, магчыма, ідзе не так шмат людзей, як хацелася б, але зараз ва ўсім свеце праблема з развіццём навукі, бо гэта складана. Да таго ж і пік усіх навуковых адкрыццяў прыпаў на ХХ стагоддзе, тады было шмат ахвотнікаў стаць касманаўтамі, інжынерамі, новыя планеты хацелі каланізаваць. А потым усё супакоілася, і зараз, на жаль, новыя пакаленні менш цікавасці праяўляюць да навуковай дзейнасці.

Хоць, на думку нашага героя, нават мастацкія стужкі часам могуць абудзіць цікавасць да навукі:

— Увогуле, фільмы я мала гляджу, бо зусім не хапае часу. Але некалі ўрыўкамі праглядзеў “Тэорыю вялікага выбуху”, дзе адны з галоўных герояў — геніяльныя вучоныя. Ведаеце, дзякуючы гэтаму серыя­лу, многія людзі пачалі займацца навукай. Як, зрэшты, і тыя, хто захапляўся “Зорнымі вой­намі”, Star Trek глядзеў і савецкія фільмы пра космас. 

Адукацыя, атрыманая на фізічным факультэце БДУ, дазваляе стаць паспяховым ІТ-спецыялістам.

У наваколлі чорнай дзіркі

Сёлета С.А.Камароў быў адзначаны як выбітны малады вучоны за распрацоўку “Рэканструкцыя руху зоркі ў гравітацыйным полі звышмасіўнай чорнай дзіркі па чырвоным зрушэнні спектра яе электрамагнітнага выпраменьвання”. Над ёй ён працаваў з 4 курса пад кіраўніцтвам прафесара доктара фізіка-матэматычных навук Аляксандра Канстанцінавіча Гарбацэвіча, з якім працягвае супрацоўніцтва і сёння.

— Зараз існуе вялікае пытанне, што ж знаходзіцца ў цэнтры нашай Галактыкі, ці знаходзіцца там матэрыяльны масіўны аб’ект альбо чорная дзірка? А можа, там нейкая вялікая зорка ці кратавая нара? Ніхто адказу не ведае, а проста так паляцець туды і паглядзець, што там такое, немагчыма. Таму вучоныя назіраюць за яркімі зоркамі, якія рухаюцца ў наваколлі цэнтра Галактыкі. Па іх руху мяркуюць, як яны паводзяць сябе ў полі пэўнага аб’екта, а пасля спрабуюць зразумець, што гэта за аб’ект, — патлумачыў Станіслаў Алегавіч.

Дарэчы, яго алгарытм рэканструкцыі можна абагульніць і прымяніць да іншых рэчаў, напрыклад, для вызначэння руху ў гравітацыйным полі зямлі і для разліку навігацыі спадарожнікаў, а таксама ўдасканаліць сістэмы навігацыі GPS, ГЛАНАСС.

— Многія аспекты фізікі спачатку былі далёкія ад практычнага выкарыстання, і толькі праз некаторы час іх пачалі ўкара­няць. Тая ж навігацыя завязана на астрафізіку, на дакладнае вызначэнне каардынат, арыентацыю Зямлі ў прасторы. Цяпер распрацоўваюцца многія метады, каб гэтую арыентацыю ў прасторы вылі­чыць, напрыклад, разглядаюць далёкія квазары — міжгалактычныя крыніцы, якія знаходзяцца вельмі далёка ад Зямлі, далей, чым зоркі Галактыкі. Зразумела, што чым далей аб’ект, тым меншая ў яго бачная папярочная хуткасць руху, таму яго можна лічыць фіксаваным у прасторы і такім чынам можна пабудаваць вельмі добрыя навігацыйныя сістэмы, — паведаміў вучоны.

Адкрыты і сумленны

Усімі сваімі ведамі і адкрыццямі ўжо сем гадоў Станіслаў Алегавіч дзеліцца са студэнтамі, выкладаючы самыя розныя курсы: “Тэнзарны аналіз і камп’ютарная геа­метрыя”, “Тэарэтычную механіку”, “Асновы квантавай механікі”, а таксама практычныя заняткі па тэорыі верагоднасці.

— Мая спецыяльнасць “Тэарэтычная фізіка”, таму я менш займаюся лабараторнымі доследамі, затое павінен арыентавацца ў сучаснай тэорыі і навуцы, каб падказаць эксперыментатару, якую тэорыю, дзе і як можна выкарыстаць, як зрабіць вылічэнні альбо як дапісаць праграму, каб вылі­чыць тое, што яму неабходна. Я стараюся маніторыць усю літаратуру, якая з’яўляецца па маёй тэме, — сказаў дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі БДУ.

Зараз ён працягвае займацца сваім алгарытмам і стварае работу, звязаную з выпраменьваннем часціц, якія падаюць у чорную дзірку, а яшчэ працуе са сваімі вучнямі: адзін з іх абараніў курсавую работу, а другі ўжо студэнт магістратуры.

— Я не вельмі строгі выкладчык і прыхільнік адкрытых зносін са студэнтамі, звычайна адразу даю ім нумар свайго тэлефона, хоць, ведаю, многія калегі су­праць такога. Лічу, што, каб прывіць цікавасць да свайго прадмета, трэба быць чалавечным, не саромецца размаўляць са студэнтамі на розныя староннія тэмы і адказваць на іх пытанні. А яшчэ вельмі важна быць сумленным, тады і студэнты адкажуць табе тым жа, — перакананы малады выкладчык.

Зразумела, што паводзіць сябе так са студэнтамі ён навучыўся ў сваіх педагогаў, якія “паўплывалі на яго сваёй асобай і цікавасцю да навукі”.

У маім прыярытэце была і застаецца менавіта астрафізіка. Бо яна дае магчымасць зазірнуць за нязведанае — туды, дзе яшчэ ніхто не быў.

— Я добра памятаю многіх выкладчыкаў. Адзін з іх па тэарэтычнай механіцы — Міхаіл Мікалаевіч Полазаў. Ён любіў прыводзіць розныя зразумелыя ўсім аналогіі, калі тлумачыў параграф. Нават калі ён сухую матэматыку выкладаў, то перыядычна спыняўся і пачынаў надыктоўваць нам сваё бачанне тэмы для яе лепшага ўспрымання. Я зразумеў, што гэта вельмі карысны прыём, і зараз таксама выкарыстоўваю яго, робячы пэўныя нарыхтоўкі, якія пасля надыктоўваю сваім студэнтам у час лекцый, — расказаў С.А.Камароў.

Станіслаў Алегавіч стараецца данесці да сваіх вучняў, што астрафізік, як і любы фізік, павінен добра ведаць матэматыку і заўсёды прытрымлівацца навуковай ісціны, якую можна праверыць доследам. Ён раіць ім заўсёды даследаваць нешта новае і вывучаць фундаментальныя законы фізікі, каб маглі абагульняць іх і знаходзіць новыя, больш карысныя. А яшчэ нагадвае не забывацца глядзець на неба і зоркі, напрыклад, падчас пешых паходаў з сябрамі.

Прафесійных планаў у маладога вучонага багата, але вось мара адна — напісаць сваю кнігу пра астрафізіку. Таму пажадаем яму больш вольнага часу і натхнення і бу­дзем чакаць новую адметную кнігу пра космас і астрафізіку.

Вольга АНТОНЕНКАВА,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва С.А.Камарова

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий