Ганарыцца і шанаваць

- 11:55Диалоги об образовании

У школах краіны прагучалі апошнія званкі, завяршыліся выпускныя экзамены, летнія канікулы — у разгары. Час падвесці вынікі навучальнага года і намеціць шляхі для далейшага руху. Робім гэта ў размове з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Русланам СМІРНОВЫМ, які расказаў пра стан і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі свайго рэгіёна.

Для дзяцей і моладзі

— Руслан Іванавіч, чым быў адметны ўжо мінулы навучальны год для сістэмы адукацыі Гомельшчыны? 

— Вынікі любога навучальнага года ў першую чаргу — гэта прыступка ў развіцці кожнага дашкольніка, школьніка, навучэнца прафесійна-тэхнічнай сістэмы. Для педагогаў — гэта рубеж, які дазваляе падвесці вынікі працы, парадавацца поспехам сваіх выхаванцаў, намеціць планы на будучыню. Для кіраўнікоў — гэта лічбы і факты, статыстыка і аналіз, магчымасць выбудоўваць будучую стратэгію развіцця галіны.

Мы радуемся будаўніцтву новых аб’ектаў: была ўведзена ў эксплуатацыю доўгачаканая школа № 75 у мікрараёне № 96 Гомеля на 845 вучнёўскіх месцаў. Паспяхова функцыянуе адкрыты ў мінулым годзе дзіцячы тэхнапарк, дзе развіваюцца запатрабаваныя навукова-тэхнічныя напрамкі інавацыйнай творчасці і інтэлектуальнага вольнага часу дзяцей: робататэхніка, электроніка, праграмаванне, графічны дызайн, стварэнне камп’ютарных гульняў, 3D-мадэляванне — усё, што вабіць сучасную моладзь.

На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы школьнікі заваявалі 114 дыпломаў, што дазволіла Гомельшчыне стаць ­ на 2-е месца ў рэйтынгу каманд. На міжнародных прадметных алімпіядах навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці ў 2021 годзе заваявалі 17 медалёў. Акрамя таго, значныя перамогі маем і ў творчых, спартыўных спаборніцтвах, конкурсах рэспубліканскага ўзроўню. За кожнай з іх — асоба дзіцяці і захоплены педагог, таму можна з ўпэўненасцю гаварыць, што 2021/2022 навучальны год быў багаты на перамогі і зладжаную работу. У нас трапяткое стаўленне да адораных дзяцей, таму будзем працягваць работу ў гэтым напрамку. Тым больш перспектывы для развіцця ёсць. 

— Як у вобласці арганізавана летняя аздараўленчая кампанія? 

— Пасля напружанага навучальнага года ўсім школьнікам неабходна перазагрузка. Безумоўна, лепшы адпачынак — гэта адпачынак з бацькамі. Калі не атрымліваецца, то сістэма адукацыі заўсёды гатова падставіць плячо. У гэтым летнім перыя­дзе ў пры­школьных лагерах (дзённых і кругласутачных) пройдзе аздараўленне больш як 23 тысячы школьнікаў. Гэта самая вялікая колькасць за апошнія некалькі гадоў, што свед­чыць пра давер бацькоў. Для таго каб дзеці маглі цалкам абстрагавацца ад вучобы, прадуманы максімальна разнастайны змест дзейнасці лагераў. Распрацаваны і працуюць праграмы культурна-забаўляльнага, спартыўна-аздараўленчага, турыстычна-краязнаўчага, грамадзянска-патрыятычнага, ваенна-патрыятычнага напрамкаў. Дзейнічаюць лагеры для адораных і таленавітых дзяцей, лагеры працы і адпачынку. 

Усе мерапрыемствы рэалізуюцца ў адпаведнасці з зацверджанай міжведамаснай праграмай “Лета на карысць — 2022”. Дарэчы, у межах рэалізацыі праграмы прыдуманы абласныя акцыі: “Лета бяспекі”, “Шэсць граняў лета”, “Лета з інавацыямі”. Цікавыя формы работы прапануюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі як для дзяцей, якія знаходзяцца ў аздараўленчых лагерах, так і для дзяцей, якія наведва­юць аб’яднанні па інтарэсах у летні перыяд. Але ж самая запатрабаваная форма летняй занятасці — працоўная, у тым ліку ў рамках работы лагераў працы і адпачынку (іх запланавана больш за 240), у праектах па другаснай занятасці, у студэнцкіх атрадах. Каля 2000 школьнікаў будзе ахоплена індывідуальным працаўладкаваннем.

У Год гістарычнай памяці асаблівае значэнне набываюць мерапрыемствы пат­рыятычнай накіраванасці. У чэрвені была арганізавана работа трох абласных лагераў: на базе Гомельскага кадэцкага вучылішча дзейнічаў ваенна-патрыя­тычны палатачны лагер “Патрыёт” (для 81 кадэта); на базе КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Сідзельнікі” ў рамках работы палатачнага лагера з кругласутачным знаходжаннем праведзена ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” (для 100 юнармейцаў). Навучэнцы з Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага раёнаў (21 чалавек) аздаравіліся ў абаронна-спартыўным палатачным лагеры “Легіён” на базе ліцэя МНС. 

Каб памятаць

— Якія праекты, што рэалізоўваліся ва ўстановах рэгіёна ў Год гістарычнай памяці, сталі самымі запамінальнымі?

— Выдзеліць нешта адно даволі складана, бо ўсё праходзіла на высокім эмацыянальным уздыме. З апошняга: пераможцай у рэспубліканскім фінале ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня” стала каманда сярэдняй школы № 21 Гомеля. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі праведзены ўрокі памяці “Нам гэты свет завешчана берагчы”, прысвечаныя Вялікай Перамозе, захаванню гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу савецкага народа ў гады вайны. У маштабным V Рэс­публіканскім грамадзянска-патрыятычным марафоне “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!” прынялі актыўны ўдзел установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяль­най адукацыі. Гомельскую вобласць прадставілі навучэнцы Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхніч­нага ліцэя, якія занялі 2-е месца.

Актыўны ўдзел прымалі навучэнцы ў абласным конкурсе “Юны архівіст” (які, дарэчы, праводзіўся ўпершыню!), рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць”, у 15-й Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, рэспубліканскім патрыя-тычным праекце “Кветкі Вялікай Перамогі”, рэспуб­ліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”, ва ўручэнні віншавальных паштовак ветэранам у рамках акцыі “Пасланне ветэрану”. 

У красавіку на пляцоўцы Гомельскага ма­шы­набудаўнічага каледжа з ­удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А.І.Іван­­ца адбылася пашыраная сустрэча прадстаўнікоў органаў адукацыі, ваенных камісарыятаў, пагранічных службаў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні міжведамасных структур па пытанні ваенна-патрыя­тычнага выхавання мола­дзі. У межах семінара-нарады абмяркоўвалася сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі, дзейнасць ваенна-патрыятычных клубаў, прафарыентацыйная работа.

— Руслан Іванавіч, а як, на ваш погляд, можна ўмацаваць сувязь пакаленняў? Як выхаваць патрыёта сваёй краіны? 

— Найперш гісторыяй сям’і. У нашай краіне няма ніводнай сям’і, дзе б не захоўвалі памяць пра родзічаў, якія ваявалі падчас Вялікай Айчыннай вайны або зведалі гора гэтай вайны. Не абышла вайна і маю сям’ю. У мяне вая­валі абодва дзяды (як па мамінай лініі, так і па баць­кавай). Да таго ж бабуля была сагнана на работу ў Францыю. Складаная гісторыя, якая свед­чыць пра вельмі няпростыя лёсы нашых продкаў. Дзед па ліні бацькі ваяваў у 3-й танкавай арміі, быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У яго жонкі, маёй бабулі, родны брат быў партызанам, які загінуў адстрэльваючыся. Пасля бабуля захоўвала яго ўзнагародную кніжку з партрэтам. Мае дзядзь­кі і цёткі, тата, я выхоўваліся на гэтых прыкладах. Дарэчы, баць­ка сваё жыццё звязаў з ваеннай справай, служыў у авіяцыі. Усё гэта я захоўваю ў сваёй памяці і расказваю сваім дзецям, каб ведалі і шанавалі сваіх прадзядоў і прабабуль, разумелі, што ўсё ў гэтым жыцці мае свой кошт.

На жаль, сёння не ўсе гэта разумеюць, таму вялікая роля ў наладжванні сувязі пакаленняў адводзіцца сістэме адукацыі, дзе рэалізуецца многа пошукавых праектаў. Калі дзеці збіраюць інфармацыю пра сваіх сваякоў, якія ваявалі, яны зусім па-іншаму пачынаюць ставіцца як да тых падзей, так і да памяці. Яны ганарацца сваімі продкамі, разумеюць, што цяпер мы добра і мірна жывём менавіта дзякуючы ім, іх любові і адданасці сваёй Радзіме. Таму мы будзем працягваць работу ў гэтым напрамку, развіваць пошукавыя праекты, сетку класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, кадэцкіх класаў.  

Актыўны перыяд

— Лета — самы актыўны перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Што запланавана зрабіць у навучальных установах вобласці?

— Так, лета — самая гарачая пара ва ўсіх сэнсах і звязана з падрыхтоўкай устаноў адукацыі да новага навучальнага года. У пе­рыяд, калі дзеці адпачываюць, дарослыя выкарыстоўва­юць максімальную колькасць сіл і сродкаў, каб установа адукацыі магла годна пры­няць усіх у новым навучальным годзе. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці ў бягучым годзе запланавана накіраваць звыш 15 млн рублёў.

Асноўная ўвага — захаванню ўмоў бяспечнага знаходжання навучэнцаў, умацаванню і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэнню ўмоў працы работнікаў і дзейнасці вучняў, а таксама добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі, спартыўных стадыёнаў. Каб стварыць такія бяспечныя ўмовы і ўзмацніць прахадны рэжым, у асобных установах адукацыі плануецца ўстанавіць турнікеты, відэаназіранне, трывож­ныя кнопкі.

Ва ўсіх установах адукацыі будзе праведзены касметычны рамонт памяшканняў. У першую чаргу стаіць задача прывесці іх стан у адпаведнасць з нормамі супрацьпажарнай бяспекі і санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі. У асобных установах плануецца рамонт дахавых пакрыццяў, фасадаў, замена аконных і дзвярных блокаў на энергаэфектыўныя шклопакеты, а таксама рамонт харчаблокаў, спартзалаў. Дзе трэба, адрамантуюць або ўстановяць сістэмы пажарнай аўтаматыкі, інжынерных сетак. Будуць праведзены работы па паляпшэнні асвятлення. На тэрыторыях устаноў адукацыі таксама будуць праведзены работы па доб­ра­ўпарадкаванні. Акрамя таго, да новага навучальнага года ў шэрагу ўстаноў плануецца абнаўленне тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на харчаблоках, камп’ютарных класаў, вучнёўскай мэблі.

У падрыхтоўцы да новага навучальнага года актыўна ўдзельнічаюць не толькі будаўнічыя арганізацыі, але і калектывы, баць­кі, навучэнцы. Аказва­юць спонсарскую дапамогу арганізацыі і прадпрыемствы, за што ім вялікі дзякуй. Да 1 верасня плануецца абнавіць парк школьных аўтобусаў на 23 транспартныя адзінкі вытворчасці ААТ “Мінскі аўтамабільны завод”. Таксама сёлета плануецца закупіць 7 спецыяльных аўтобусаў для падвозу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і 3 школьныя аўтобусы для падвозу навучэнцаў да месца вучобы і назад у сельскай мясцовасці.

— Ці адчувае вобласць ­праблемы з педагагічнымі кадрамі? Што робіцца для таго, каб маладыя спецыя­лісты замацоўваліся на працоўных месцах?

— Мы пастаянна маніторым гэтае пытанне. Адным з асноўных напрамкаў у рабоце па кадравым забеспячэнні з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне з установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры фарміраванні заявак на маладых спецыялістаў. На пачатак 2021/2022 навучальнага
года нам патрэбны былі 975 маладых настаўнікаў. З іх прыбыло 943 чалавекі, у тым ліку на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — 247 чалавек. 

Аналіз замацавання маладых спецыялістаў паказвае, што пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі застаюцца ў сярэднім па вобласці 79 % маладых педагогаў. За апошнія тры гады для работы ў сістэме адукацыі вобласці накіраваны 2422 маладыя спецыя­лісты.

Для таго каб маладыя настаўнікі заставаліся працаваць (замацоўваліся на першым працоўным месцы), мы імкнёмся ствараць для іх максімальна спрыя­льныя ўмовы. У калектыўных дагаворах устаноў адукацыі замацавана вы­дзяленне маладым спецыя­лістам, якія вучыліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, аднаразовай выплаты пры ўмове працягу работы пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну і заключэння кантракта тэрмінам не менш чым на тры гады. Аказваецца матэрыяльная дапамога на ўладкаванне іншагароднім маладым спецыялістам. Захоўваецца выплата надбаўкі як маладому спецыя­лісту на трэці год работы ва ўстанове адукацыі. 

Акрамя таго, актыўных і ініцыятыўных уключаем у перспектыўны рэзерв кад­раў, імкнёмся да стварэння аптымальнага рэжыму працы і адпачынку з улікам пажаданняў работніка. Пад увагу бярэцца неабход­насць наведвання вучэбна-метадычнага кабінета, работы ў бібліятэцы, вучэбных заняткаў, майстар-класаў больш вопытных калег. Такая падтрымка садзейнічае таму, што Гомельская вобласць не мае асаблівай патрэбы ў педагогах, у тым ліку ў настаўніках матэматыкі, фізікі і інфарматыкі.

— А як педагогі Гомельшчыны павышаюць свой прафесійны ўзровень (у тым ліку і летам)? 

— Цэнтрам павышэння кваліфікацыі педагогаў вобласці з’яўляецца Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Штогод больш за 8 тысяч педагагічных работнікаў вобласці павышаюць узровень свайго прафесійнага майстэрства пры засваенні праграм павышэння кваліфікацыі. Акрамя таго, больш за 9 тысяч нашых калег наведваюць вучэбныя семінары па найбольш актуальных для сістэмы адукацыі вобласці тэмах.

Магутным сродкам удасканалення прафесійнага майстэрства з’яўляецца атэстацыя. У бягучым навучальным годзе 575 педагогаў паспяхова прайшлі экзамен і атэставаліся на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яшчэ 9 настаўнікаў Гомельскай вобласці за гэты перыяд атрымалі кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Гэта педагогі з Жыткавіч, Рагачова, Жлобіна, Рэчыцы, Мазыра, Светлагорска, Гомеля.

Летам метадычная работа прымае іншыя формы, але не спыняецца. Традыцыйна ў чэрвені і жніўні абласны інстытут развіцця адукацыі арганізуе работу летніх школ, дзе вучацца настаўнікі, якія займаюцца падрыхтоўкай навучэнцаў да інтэлектуальных спаборніцтваў. На пазамінулым тыдні за парты летніх школ селі 206 настаўнікаў, у жніўні яшчэ 65 педагогаў павысяць сваё майстэрства ў справе развіцця дзіцячай адоранасці.

Вялікай папулярнасцю ў настаўнікаў карыстаюцца фестывалі і конкурсы прафесійнага майстэрства. У канцы чэрвеня на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі праходзіў абласны фестываль “Педагагічныя надзеі — 2022”, у якім прынялі ўдзел 70 педагогаў — патэнцыяльных удзельнікаў конкурсаў педмайстэрства, іх ужо бывалыя калегі, лаўрэаты і пераможцы конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, “Лепшы класны кіраўнік Гомельскай вобласці”. Падчас фестывалю яны азнаёміліся з асаблівасцямі конкурсных выпрабаванняў, паўдзельнічалі ў квест-гульні “Гісторыя маёй Радзімы — мая гісторыя”. І самае галоўнае — набраліся новых уражанняў
і эмоцый.

— Сапраўды, гэта вельмі важна. Руслан Іванавіч, дзякуй за змястоўную размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий