Прысвячэнне Васілю Быкаву

- 12:55Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

Перажытае беларусамі на працягу мінулага ХХ стагоддзя стала гісторыяй. Добрае яно ці дрэннае, але іншага ў пакалення Васіля Быкава не было. Таленавіты празаік, які жыў у гэты час, пакінуў пасля сябе і добрую памяць, і вялікую творчую спадчыну.

Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Народны пісьменнік Беларусі, якога пры жыцці называлі апосталам беларускай літаратуры, духоўным прарокам нацыі. Ён быў для Айчыны літаратурным геніем, які стварыў бліскучыя творы, глыбокую філасофію гуманізму.

Яго кнігі перакладзены больш чым на 50 моў свету. Па творах Быкава меркавалі пра Беларусь ва ўсім свеце. Але непераўзыдзены майстар слова служыў сваёй Радзіме, таму да славы, шматлікіх заслужаных узнагарод ён ставіўся спакойна.

Васіль Быкаў – патрыёт сваёй Бацькаўшчыны. Нягледзячы на тое, што некаторы час ён жыў за межамі Беларусі, але на вечны спачын вярнуўся на бацькоўскую зямлю. Носьбіт памяці, гісторыі, культуры пайшоў з жыцця 22 чэрвеня 2003 года. Гэты дзень у 1941-м стаў трагічнай датай – пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая прадвызначыла жыццёвы і творчы шлях знакамітага чалавека. Рыгор Барадулін, даўні сябар і зямляк, які, на жаль, таксама пакінуў гэты свет, гаварыў, што пасля смерці маці гэта яго самая вялікая страта: “Лёс мой асвячала тройца – Бог, мама, Васіль. Цяпер я застаўся з Богам”.

Успомнім асобныя звесткі пра жыццё і творчасць слыннага літаратара, які сваё пісьменніцкае пакліканне знайшоў на празаічнай сцэне.

Быкаў і яго лёс пачынаюцца з дзяцінства, бо з ім звязаны самыя хвалюючыя і незабыўныя ўражанні. Але жыццё ні ў дзяцінстве, ні ў маладосці, ні ў сталасці не было для яго спагадным. Чорных, цяжкіх дзён аказалася нямала.

Волат празаічнага свету нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі. На долю бацькоў выпала нямала цяжкасцяў і пакутаў, якія неслі з сабой рэвалюцыі, войны, калектывізацыя. Яго дзіцячыя гады прайшлі ва ўмовах нялёгкага даваеннага жыцця. Пісьменнік успамінаў: “Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць… Адзінае, што было радасцю, гэта прырода і кнігі”.

Ён прайшоў дарогамі вайны, якая не адпускала яго, працягвалася ў згадках і душы да апошніх дзён жыцця, зазірнуў смерці ў вочы. “Вайна страляла ў сэрца кожнага з нас”, – гаварыў пісьменнік-франтавік, які востра адчуваў асабістую адказнасць перад памяццю “забітага пакалення”, гісторыяй і будучыняй. Таму ваенная тэматыка стала дамінантай яго творчасці. Усё, што нарадзілася пад пяром Быкава, пазначана пячаткай унікальнасці і сапраўднай таленавітасці.

Васіль Быкаў упэўнена і годна ішоў да вышынь літаратурнай славы. Узыходжанне гэтае было нялёгкім, па-грамадзянску мужным, бо ён не прымаў фальшу ў адлюстраванні ваенных падзей, сцвярджаў высокія маральныя прынцыпы, ідэалы праўды і гуманізму. Заўсёды быў верны жыццёвай праўдзе, паказваў складаныя сітуацыі, дзе раскрываліся мужнасць і подзвіг народнага духу ў гады вайны з фашызмам. У яго творах чуецца індывідуальна-непаўторны пульс радка, яго духоўная глыбіня.

На ўроках беларускай літаратуры, пры абмеркаванні твораў для дадатковага чытання навучэнцы з цікавасцю і душэўным болем аналізуюць аповесці “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Здрада”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Абеліск”, “Аблава”. Гэтыя творы прынеслі пісьменніку сапраўдны поспех, шырокую вядомасць і папулярнасць як у Беларусі, так і за яе межамі. Аўтар паказвае вайну ў яе трагічных праявах, даследуе ўнутраны свет сваіх герояў і выяўляе іх маральнае аблічча ў экстрэмальнай сітуацыі. Бо “абавязак быць чалавекам” тэрміну не мае. За гэта змагаецца пісьменнік, яго героі – “на бестэрміновай перадавой”. Яны разважаюць, хвалююцца, пакутуюць. Успамінаецца аповесць “Трэцяя ракета”, дзе камандзір гарматы з горкім смуткам гаворыць: “Толькі тое і радасці, як падумаеш, што гэтая вайна – ужо апошняя. Даваюем – і баста. Ужо другой такой не будзе. Не павінна быць. Сам я гатовы на ўсё. Але каб апошні раз. Каб дзецям не давялося”.

Гэтыя аповесці дапамагаюць падлеткам зразумець значнасць постаці пісьменніка, абуджаюць цікавасць да яго твораў, садзейнічаюць выхаванню патрыятычных пачуццяў, павагі да лёсу людзей ваеннага пакалення.

З вялікай цеплынёй і замілаваннем сочаць старшакласнікі за развіццём напружанага сюжэта ў аповесці “Альпійская балада”. Вядома, жывое жыццё не спынялася і падчас вайны, маладыя людзі не маглі не кахаць адно аднаго, думалі пра асабістае шчасце, імкнуліся звіць сямейнае гняздо. У полі зроку беларус Іван Цярэшка і італьянка Джулія. Каханне зацепліла ў іх сэрцах надзею на жыццё і выратаванне. Але лёс распарадзіўся інакш. Іван Цярэшка самаахвярна ратуе сваю спадарожніцу, якую шчыра пакахаў. Гэтая трагедыя складае кульмінацыю аповесці, яе самы балючы акорд, апісаны з вялікай эмацыянальнай сілай. Дзеці ў працэсе эўрыстычнай гутаркі пераконваюцца ў высакароднасці кахання, у тым, што ніякія жорсткія абставіны не здольны знішчыць, вытруціць у чалавеку вечнае, чыстае пачуццё. Выкрываюць вайну як найвялікшае, страшнае зло, дзе пераважаюць смерць, слёзы і нясцерпны боль.

Адзінаццацікласнікі выяўляюць ідэйна-мастацкі змест, праводзяць супастаўляльны аналіз галоўных вобразаў-персанажаў, абгрунтоўваюць сваю ацэнку прачытанага ў праграмных мастацкіх аповесцях “Сотнікаў”, “Знак Бяды”. У вачах юнакоў і дзяўчат быкаўскія героі вартыя захаплення, разумення і спачування, бо яны ўсведамляюць трагічнае наканаванне лёсу, захоўваюць пры гэтым чалавечую высакароднасць і гераізм, выяўляюць духоўную моц і ў выніку здзяйсняюць маральны подзвіг. Вучні ўпэўнены, што ва ўмовах смяротнай безвыходнасці, чалавек здольны мужна несці свой крыж да канца.

Такім чынам, аглядаючы жыццёвую і літаратурную дарогу вернага, адданага сына сваёй зямлі, можна смела сцвярджаць, што дзве музы моцна паланілі яго сэрца: першая – гэта проза, другая – гісторыя. Яны дапамагаюць сённяшнім чытачам не траціць аптымізму і веры ў свой народ і яго будучыню, адстойваць высокія ідэалы і сапраўдныя каштоўнасці жыцця.

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий