Адукацыя ў горадзе атамшчыкаў

- 11:32В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Лета ў самым разгары, але не за гарамі і новы навучальны год. Пра вынікі 2021/2022 навучальнага года, а таксама пра планы на будучыню расказвае начальнік аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Аксана Анатольеўна ЗЕМЛЯКОВА.

— Наш раён невялікі: сістэма адукацыі прадстаўлена 16 установамі агульнай сярэдняй і 10 установамі дашкольнай адукацыі, — пачынае Аксана Анатольеўна. — Калі гаварыць пра дзяцей, то ўстановы дашкольнай адукацыі ў 2021/2022 навучальным годзе наведвалі амаль 1400 выхаванцаў, у тым ліку 330 — у сельскай мясцовасці, а ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вучыліся звыш 3450 навучэнцаў (1127 вучняў — у сельскіх установах адукацыі). 

Мы ганарымся, што больш за палову навучэнцаў на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі вывучалі асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. І гэта дало плён: 11 навучэнцаў сталі пераможцамі трэцяга этапу рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, трое дзяцей узнагароджаны граматамі. З 277 выпускнікоў II ступені навучання 13 атрымалі пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай, а са 165 выпускнікоў сярэдняй школы 11 уручаны атэстаты асаблівага ўзору і залатыя медалі, 39 выпускнікоў узнагароджаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі пры вывучэнні асобных прадметаў. Дарэчы, залатыя медалісты атрымалі прэміі Астравецкага райвыканкама (па 15 базавых велічынь). Пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах таксама ўзнагароджаны прэміямі. Усяго на заахвочванне лепшых нашых вучняў выдаткавана больш за 7 тысяч рублёў.

Не забываем мы і аб прафесійнай падрыхтоўцы моладзі. 160 навучэнцаў 10—11 класаў асвоілі прафесіі аператара ЭВМ, рабочага зялёнага будаўніцтва, афарміцеля гатовай прадукцыі, выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ, сталяра, швачкі на базе ўстаноў адукацыі.

— А як справы з педагагічным складам сістэмы адукацыі раёна, у тым ліку з замацаваннем маладых спецыялістаў?

— У сістэме адукацыі Астравецкага раёна працуюць звыш 660 педагагічных работнікаў, прычым 67,5% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Ёсць у нас і тры настаўнікі-метадысты. Летась узяліся за работу 63 маладыя спецыялісты, у тым ліку 8 мэтавікаў. Працэнт замацавання маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі раёна пасля адпрацоўкі двух гадоў склаў 70,3, што, згадзіцеся, зусім нядрэнна.

Нам ёсць што прапанаваць педагогам, у тым ліку пачынаючым сваю прафесійную дзейнасць. У чэрвені 2021 года на баланс аддзела адукацыі перададзены шматкватэрны жылы дом (на 59 кватэр) з далейшым прадастаўленнем у ім жылля работнікам сістэмы адукацыі раёна на ўмовах арэнды. Таксама на балансе аддзела адукацыі ёсць аднакватэрны жылы дом, размешчаны ў горадзе, у якім пражываюць 9 педагагічных работнікаў, а яшчэ 2 ведамасныя кватэры (у аграгарадку Падольцы і вёсцы Спонды).

Зараз 87 выпускнікоў школ Астравеччыны атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з іх паўсотні — мэтавікі. Чакаем усіх іх на працу.

— Выдатна, калі маладыя спецыялісты вяртаюцца працаваць на малую радзіму. Напэўна, шмат увагі ў раёне ўдзяляецца выхаванню любові да роднай зямлі?

— Зразумела. І нам ёсць на каго абапірацца ў гэтай справе, бо ў раёне вучацца матываваныя і адказныя навучэнцы — нашы сапраўдныя парт­нёры. Створаны раённы маладзёжны парламент пры Астравецкім раённым Савеце дэпутатаў, раённы савет старшакласнікаў.

Калі гаварыць пра патрыятычнае выхаванне, то варта адзначыць Гудагайскую сярэднюю школу, дзе пры падтрымцы камандавання пагранічнай камендатуры “Гудагай” вайсковай часці 2044 Смаргонскай пагранічнай групы функцыянуе ваенна-патрыятычны клас. Таксама на базе класа сфарміраваны клуб юных сяброў пагранічнікаў “Следапыты”, працуе ваенна-патрыятычны атрад “Дазор”. 

Адзначу яшчэ адну ўстанову адукацыі. На базе сярэдняй школы № 3 Астраўца функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні. Пры садзейнічанні камандавання вайсковай часці 7434 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на базе ўстановы адкрыты раённы ваенна-патрыятычны клуб “Адзінства”. 

— Аксана Анатольеўна, падрыхтоўка да 2022/2023 навучальнага года ідзе поўным ходам?

— Так. За кошт бюджэтных сродкаў з прыцягненнем падраднай арганізацыі праводзяцца работы па выкананні капітальнага рамонту Гудагайскай сярэдняй школы (добраўпарадкаванне тэрыторыі), Рытанскага дзіцячага сада — базавай школы (гідраізаляцыя падвальнага памяшкання), дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца (рамонт харчаблока), Гервяцкай сярэдняй школы (замена сістэмы ацяплення).

Мы працягнулі паэтапную замену вучнёўскай мэблі ва ўстановах адукацыі, набылі неабходнае халадзільнае, тэхналагічнае і дапаможнае абсталяванне. Выкананы бягучы рамонт пральні ў Альхоўскім дзіцячым са­дзе, мадэрнізавана сістэма асвятлення спартыўных зал Спондаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і Гудагайскай сярэдняй школы.

Таксама да новага навучальнага года ў тым ліку за кошт пазабюджэтных сродкаў ва ўсіх установах адукацыі выконваецца бягучы рамонт вучэбных кабінетаў. Гэта ўсё робіцца дзеля бяспекі нашых дзяцей, каб у новы навучальны год усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу ўвайшлі з новымі сіламі.

 

Падрыхтавала Наталля КАСТЭНКА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий