Выкарыстанне прыёмаў рэфлексіі як сродак павышэння якасці ведаў вучняў

- 13:41Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Аксана БАРЫСЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Лунінца”,
Брэсцкая вобласць

 

 

Каб дапамагчы школьнікам павысіць якасць ведаў і станоўчую матывацыю да вывучэння беларускай мовы, неабходна прымяняць новыя прыёмы навучання. Рэфлексія дазваляе падтрымліваць увагу да матэрыялу, фарміраваць навыкі самастойнага засваення інфармацыі і асэнсоўваць сваю работу.

У залежнасці ад умоў можна выкарыстоўваць адзін з відаў вучэбнай рэфлексіі, што адлюстроўвае чатыры сферы чалавечай сутнасці: фізічную (паспеў – не паспеў); сенсорную (камфортна – дыскамфортна); інтэлектуальную (што зразумеў – што не зразумеў); духоўную (стаў лепшым – горшым).

У традыцыйнай практыцы выстаўленне адзнак – прэрагатыва настаўніка. У такім выпадку вучню цяжка авалодаць навыкам самаацэнкі. Рэфлексія дазваляе паглядзець на вучэбны працэс вачыма вучняў, заўважыць іх індывідуальныя асаблівасці.

Рэфлексія – неад’емная частка ўрока. Яна дапамагае аптымізаваць вучэбны працэс. Часта выкарыстоўваю яе з мэтай актуалізацыі ведаў, уменняў і навыкаў. Гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў вучэбнай дзейнасці, самааналіз, які дазваляе ацаніць сваю работу.

Вялікую ўвагу ўдзяляю арганізацыі рэфлексіўнай і ацэначнай дзейнасці не толькі ўласнай, але вучняў, групы, класа. Рэфлексія можа складацца з аналізу педагогам дзейнасці вучняў, аналізу педагогам сваёй дзейнасці, аналізу педагогам педагагічнага ўзаемадзеяння, аналізу вучнямі сваёй дзейнасці, аналізу вучнямі дзейнасці іншых вучняў, аналізу вучнямі дзейнасці педагога.

У выпадку цяжкасцей вучні спыняюць сваю дзейнасць, асэнсоўваюць тое, што іх прывяло да гэтых цяжкасцей, крытычна ацэньваюць сваю работу і вызначаюць спосабы яе карэкцыі. Пры неабходнасці вучань можа звярнуцца да настаўніка, аднакласнікаў, падручніка, інтэрнэту.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю розныя віды рэфлексіі: рэфлексію настрою (у пачатку і ў канцы ўрока), рэфлексію зместу вучэбнага матэрыялу (у час вывучэння тэмы) і рэфлексію дзейнасці (у канцы ўрока).

 

Прыёмы эмацыянальнага стану “Смайлік”, “Мой настрой”, “Прыём пытанняў” і “Аратар” рыхтуюць вучняў да ўспрымання новай тэмы. Большую цікавасць выклікае рэфлексія вучэбнага матэрыялу і рэфлексія дзейнасці.

Калі мне хочацца пачаць урок на высокім эмацыянальным узроўні, выкарыстоўваю “Ланцужок пажаданняў”. Кожнаму ўдзельніку па ланцужку прапаную звярнуцца з пажаданнямі да сябе і іншых па выніках узаемадзеяння. Пажаданні могуць быць накіраваны на хуткае ўзаемадзеянне, будучыя справы. Скончыць ланцужок пажаданняў павінен педагог.

Да сваіх урокаў стараюся заўсёды добра прадумаць рэфлексію з боку тэматыкі ўрока і прывабнасці для вучняў. “Ацэначны ліст”, напрыклад, дазваляе вучням ацаніць атрыманыя веды і прапануе выставіць сабе адзнаку за работу. У такім лісце кожны вучань запісвае, што зразумеў ці не зразумеў з прапанаванага матэрыялу на кожным этапе ўрока.

Такі прыём выконваецца добра здольнымі вучнямі. Астатнім цяжка фармуляваць думку. Таму я зрабіла яшчэ адзін ацэначны ліст для дзяцей з запаволеным тэмпам развіцця. Такая дыферэнцыяцыя стварае аптымальныя ўмовы для паспяховага засваення праграмнага матэрыялу.

Ацэначны ліст № 1
Я выканаў тое, што хацеў?_____________________________________________________________
Што было зроблена добра?____________________________________________________________
Што было зроблена дрэнна?___________________________________________________________
Што было выканаць лёгка, а што цяжка?______________________________________________

Ацэначны ліст № 2
Клас___________
Прозвішча вучня______________________________________

На ўроку я працаваў актыўна пасіўна
Сваёй работай я задаволены незадаволены
За ўрок я стаміўся не стаміўся
Мой настрой палепшыўся не палепшыўся
Матэрыял урока быў для мяне зразумелым і цікавым незразумелым і некарысным
Дамашняе заданне мне здаецца лёгкім складаным

 

Прыём “Святлафор” карысны тым, што пасля пэўнага задання зялёным колерам можна паказаць настаўніку, якое заданне зразумела і выканана правільна, жоўтым – абазначыць выкананне з недахопамі, а чырвоны колер паказвае неразуменне тэмы.

Вучні ў пачатку ўрока выбіраюць кругі рознага колеру святлафора і звяртаюцца да іх толькі ў канцы ўрока, каб выказаць сваё меркаванне. Вучань, якому дастаўся круг зялёнага колеру, паведамляе класу пра тое, што на працягу дзейнасці ў яго атрымалася вельмі добра. Пры выбары жоўтага колеру вучні звяртаюць увагу на пэўныя цяжкасці пры выкананні заданняў, пры чырвоным колеры называюць заданні, якія ўвогуле не атрымаліся.

Лiчу важным і мэтазгодным прыём “Знакі на палях”, калі вучні аналізуюць моўны матэрыял з дапамогай знакаў на палях ці ў тэксце. Такім чынам фармiруецца ўменне вылучаць неабходныя прыметы моўнай з’явы, супастаўляць i класiфiкаваць моўныя адзiнкі: + – правільны адказ, ! – не зразумеў, !! – вельмі дрэнна.

Прыёмам “Пажаданне” карыстаюся ў канцы ўрока. З яго дапамогай вызначаю глыбіню разумення новага матэрыялу. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыслоўе” прапаную падабраць прыслоўі да пажадання вашаму суседу па парце і запісаць іх:

________ не хварэць, ________ выглядаць, ______ усміхацца, _______ быць адданым сваёй справе. Словы для даведкі: заўсёды, ніколі, часцей, цудоўна.

 

Пры выкарыстанні прыёмаў “Закончы сказ…”, “Рэфлексійны экран”, “Сцвярджэнне”, “Аргументацыі”, “Ключавое слова” вучні звычайна ацэньваюць змест вучэбнага матэрыялу, сваю дзейнасць і дзейнасць іншых вучняў. Калі звяртаюся да прыёму “Закончы сказ…”, прыводжу незакончаныя сказы: “Сёння я даведаўся”, “Было цікава”, “Было цяжка”, “У мяне атрымалася”, “Я змог”, “Мяне здзівіла”, “На ўроку я гультаяваў” і інш.

“Рэфлексіўны экран” прадугледжвае выбар пачатку сказа з рэфлексіўнага экрана на дошцы і выказванне сваіх меркаванняў.

Прыём “Табліца – фіксацыя ведаў” прымяняю на факультатыўных і стымулюючых занятках для адораных вучняў.

 

Табліца “Фіксацыя ведаў” па тэме “Правапіс прыслоўяў” у 7-м класе

Прыслоўі

Спалучэнні слоў,
блізкія да прыслоўяў,
а таксама ўстойлівыя выразы

пішуцца разам

пішуцца праз злучок

 

 

 

Прыём “Рэфлексіўны круг” можна выкарыстоўваць на факультатыўных ці гуртковых занятках, а таксама ў класе з невялікай колькасцю вучняў. Усе ўдзельнікі педагагічнага ўзаемадзеяння садзяцца ў круг. Педагог задае алгарытм рэфлексіі. Затым вучні па чарзе выказваюцца ў адпаведнасці з зададзеным алгарытмам. Педагог завяршае рэфлексійны круг.

Прыёмы “Ключавое слова” і “Плюс – мінус – цікава” падабаюцца тым, што за кароткі час яны дазваляюць выявіць узровень разумення вучнямі матэрыялу, а таксама іх адносіны да ўрока. Прапаную дзецям на загадзя падрыхтаваных маленькіх аркушах напісаць адно слова, з якім у іх асацыіруецца змест справы, якая адбылася, узаемадзеяння і яго вынікаў. Час на работу – 2–3 мінуты. Затым педагог збірае аркушы з ключавымі словамі і праводзіць кароткі аналіз атрыманых вынікаў ці прапануе гэта зрабіць вучням. Гэты прыём можна рэалізаваць і вусна: кожны з удзельнікаў праз 2–3 мінуты па ланцужку называе ўслых сваё слова.

Прыём “Плюс – мінус – цікава”: у графу “плюс” запісваецца ўсё, што спадабалася, у графу “мінус” – тое, што было сумным ці некарысным, у графу “цікава” – новае і незвычайнае на ўроку. Гэтае практыкаванне можна выконваць як вусна, так і пісьмова. Усё залежыць ад часу.

Вопыт работы паказаў, што калі гэты падыход сістэмны, то ён з’яўляецца моцным імпульсам для інтэлектуальнага, эмацыянальнага і асобаснага развіцця. Рэфлексіўная практыка стымулюе маўленчую дзейнасць вучняў, пабуджае да пошуку ўласных моўных форм, прыёмаў выяўлення думак і пачуццяў, дапамагае ўсвядоміць сістэмны характар мовы, а значыць з’яўляецца эфектыўным сродкам удасканалення моўных і маўленчых уменняў і навыкаў вучняў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий