Літаратурна-музычная кампазіцыя “Вячоркі”  

- 13:16Воспитательная работа, Сценарии

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

 

Мэты: фарміраваць паважлівыя адносіны да сваёй Радзімы, выхоўваць пачуццё гонару і глыбокай павагі да нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры, да мудрасці народа, увасобленай у беларускіх народных песнях, частушках; выхоўваць павагу да чалавека-працаўніка, прывіваць любоў да працы, да хлеба – сімвала жыцця чалавека; даказаць, што каханне – вышэйшае чалавечае пачуццё, выхоўваць у свядомасці вучняў разуменне неабходнасці берагчы гонар каханай.

Абсталяванне: акно, печ, ложак, лавы, лямпа, стол, посцілкі, падушкі, абрус, саган, бульба, снапок жытнёвых каласоў.

 

Ход мерапрыемства

Сцэна завешана.

Вядучая. Была я нядаўна ў вёсцы ў бабулі ў гасцях. Хачу падкрэсліць, што маёй любай бабульцы, ужо пад 90 гадкоў. Глядзелі мы з ёй па тэлевізары мастацкі фільм пра жыццё-быццё… І трэба ж на самым цікавым месцы фільма – электрычнасць прапала. Бабуля і кажа: “Нічога, унучачка, зараз запалім лямпу і перачакаем, пакуль парамантуюць. А ўяві сабе, што калісьці электрычнасці ў вёсках не было!”. І я падумала: “Як жа яны, бедныя, жылі? Без халадзільніка, тэлевізара, інтэрнэта, мабільнай сувязі, дыскатэкі? Чым займаліся вечарамі, дзе маладыя гулялі?”

1-я дзяўчына (выглядае з-за куліс)Хто гэта не ведае як?

Вядучая: Я.

1-я дзяўчына: Ты? (да гледачоў) А вы? А хацелі б паглядзець? (паўза) Дык запрашаем вас на нашыя вячоркі!

 

Адкрываецца сцэна. Дзяўчаты сядзяць, занятыя работай: вяжуць, вышываюць, шыюць, сукаюць ніткі.

 

Вядучая: А што такое вячоркі?

1-я дзяўчына: Хадзі, хадзі сюды! Вось гаспадыня хаты, бабка Альбіна, і раскажа табе пра вячоркі! Праўда, бабка?

Бабка: Чаму ж не, дзеткі, раскажу! Гэта – стары звычай, ад дзядоў-прадзедаў заведзены. Падумайце самі – вось у вёсцы адсеяліся, адкасіліся, усё зжалі і выкапалі – сабралі ўраджай, які Бог паслаў. Палёгка настала. А восенню ды зімой вечары доўгія. Прыйшоў час на жаночую працу: ткаць ды прасці, шыць ды вышываць.

Але ж у хаце, ды з мужыком занудзіцца можна (смяецца). Дый, дзеткі, кампанія, “вопчаство”, патрэбна чалавеку, а як жа?! Вось і збіраліся бабы ў кагосьці: разам і праца лягчэй, і сэрцу весялей. І пагаворыш, і паспяваеш, і пасмяешся – вось і скончыўся доўгі вечар.

Вядучая: А маладыя?

Бабка: А маладыя асобна збіраліся – у іх свае сакрэты-заляцанні, мілаванні. Але і ў маладых – для парадку – хто-небудзь са старэйшых быў. Вось так, дзеткі.

Ай, дзеванькі, чым мяне, старую, слухаць, вы лепш госцейцы песеньку паспявалі б, пахваліліся б, якія вы галасістыя!

 

Песня “Ой, ляцелі гусі з броду…”

 

Вядучая: Якая прыгожая і сумная песня! Дзякуй вам. А чым вы, дзяўчаткі, займаецеся на вячорках?

2-я дзяўчына: А хто чым! Алёна, што ты робіш, раскажы!

Алёна (спявае):

Спрала я кудзельку тоненька,
Нітачкі роўненька.
Рукавічкі міламу звяжу –
Будзе яму цёпленька.
Будзе мілы рукавічкі насіць –
Будзе мяне доўга любіць!

Бабка: Ой, так, дзеткі, правільна робіце! Мяне, дзеванькі, яшчэ бабка мая вучыла: калі каханаму падарунак шыеш-вышываеш, абавязкова пра каханне песнейку складай-спявай. Век твой будзе!

2-я дзяўчына: Чаму, бабка Альбіна?

Бабка: Бо слова гаворанае вялікую сілу мае! І прываражыць, і адваражыць, і нарадзіць, і забіць можа!

Вядучая: Дык вы і варажыць умееце?

Бабка: Умею!

Усе: Паваражыце, калі ласка, бабка Альбіна!

 

Варожаць.

 

1-я дзяўчына: Ну вось, Алёна, ты з нас першая замуж выйдзеш!

Алёна: А я і так гэта ведала. Мы з маім Андрэем пра ўсё ўжо згаварыліся. А маці ў яго – на ўсю акругу вышывальшчыца. Дык вось і я стараюся – вышываю пасаг, каб бачылі, што не абы-каго бярэ, а гаспадыню-майстрыню.

2-я дзяўчына: А дзе ж ты з ім пазнаёмілася, ён жа не з нашай вёскі?

Усе (просяць): Раскажы, навучы…!

Алёна (спявае) “У суботу Яна…”

Усе: Вось як! Ручнікі згубіла – ды хлопца знайшла! Шчаслівіца!

Бабка: І тое праўда. Але глядзі, каб не было з табой, як з той калінай.

Усе: З якой, раскажы!

3-я дзяўчына:

Ажаніла маці маладога сына
Маладу нявесту не ўзлюбіла…

 

Адна з дзяўчат увесь час падыходзіць да акна, углядаецца.

 

Усе (ўздыхаюць): Бедная дзяўчына! Змяя яе свякроў…!

Ціха спяваюць “Ой, рэчанька…” ці “Купалінку”.

4-я дзяўчына(перабівае): Ідуць! Ідуць!

 

Чуецца ціхая, а пасля грамчэй, музыка “Ой, Лявон сваю Лявоніху любіў…”. Усе прыхарошваюцца.

 

Хлопцы (заходзяць):

Добры вечар у хату.
Шчыра вас вітаем.
Добрага здароўя жадаем.
Ці можна да вас на вячоркі?

Бабка: Калі ласка! Праходзьце, праходзьце, сядайце радком, пагаворым ладком. Але ж хлопцы харошыя! Ладныя, прыгожыя.

4-я дзяўчына: Ну, бабка, я зараз вам пакажу, якія яны харошыя.

 

Сцэнка “Ой хацела мяне маці…”

 

4-я дзяўчына: Во, якія яны харошыя!

Бабка смяецца: Глядзі, Сонечка, каб у дзеўках не застацца! Надта ты пераборлівая.

1-ы хлопец: Хлопцы! Вось як нас вітаюць! Вось як пра нас кажуць! А ну, адкажы!

 

Хлопцы і дзяўчаты спяваюць частушкі

Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветцы.
З адной дзеванькай гуляю,
Другая на прыметцы.

Мой мілёнак не цялёнак,
Не карова, не бычок…
А надзене сваю шапку –
Дык сапраўдны дурачок.

Як на рэчцы на руч’ю
Цалаваў не знаю чыю.
Думаў, у сукенцы новай,
Ажно гэта пень хваёвы.

Не глядзіце на дзяўчат,
Што ў дзяўчат за брошкі,
А вазьміце паглядзіце,
Ці памыты ножкі.

Вецер кветачку калыша,
А я песенькі пяю.
Скора міленькі запіша
На фамілію сваю.

Гусі жыта паглумілі,
Хто-та будзе жаці?
Хлопцы дзеўку сцалавалі
Хто захоча ўзяці?

Не дай Божа з такім лёсам
Любіць хлопца з доўгім носам
Каб яго пацалаваць,
Трэба нос адпілаваць.

 

2-і хлопец: Ну, дзяўчаты, здаёмся, здаёмся! Вас не пераспяваць! А вось ці такія вы разумныя, як галасістыя? Загадкі нашы адгадаеце?

 

Па чарзе задаюць загадкі

1. Які год самы кароткі?
2. Што наступае пасля сямі год?
3. Пералічыце пяць дзён па парадку, не называючы лічбаў і назваў дзён.
4. 2 дачкі, 2 мацеры і бабка з унучкай – колькі іх? (3)

Дзяўчаты: Ну, хлопчыкі, досыць! Бачыце, і мы разумныя, ды і вы не дурныя. А можа, павесялілі б нас якімі-небудзь гісторыйкамі?

Хлопец: А чаму ж не! Сцяпан, ты ў нас гумарыст, расказвай.

Гісторыя 1:

Бацькавы штаны кароткія.

— Чаму ты не арэш?
— Бо малы.
— А чаму штаны кароткія?
— Бо бацькавы.

 

Гісторыя 2:

Дзяцей няма…

— Сведка, як ваша імя і прозвішча?
— Мікола Касаты.
— Колькі гадоў?
— Восемдзесят два.
— Дзеці ёсць?
— Нямашака.
— Сакратар, запішыце, што дзяцей няма. Ну, расказвайце, Касаты, што вам вядома ў гэтай справе.
— Іду я, значыцца, са сваім сынам Гаўрылам…
— Пачакайце, вы ж казалі, што ў вас няма дзяцей.
— Але, няма.
— Ну, кажыце далей.
— Іду я з сынам Гаўрылам праз поле…
— З сынам Гаўрылам? Вы ж кажаце, што ў вас дзяцей няма.
— Ну, няма.
— А Гаўрыла?
— Якое ж гэта дзіця? Яму ўжо 50 гадоў стукнула.

Бабка: Дзеткі! Такога файнага гарманіста вы прывялі, а самі больш чубіцеся, чым любіцеся. Патанцуйце, паспявайце пакуль што.

1-ы хлопец: А і праўда? Чаму не станцаваць? Але ў пары будзем падбірацца праз гульню. Згодны?

Вядучая: А мне можна?

1-ы хлопец: А ты хто такая? Гляньце, хлопцы, – дзеўка ў штанах!

2-і хлопец: Во дзіва! Ніколі такога не бачылі!

1-я дзяўчына: Яна – госця з будучыні (смяецца). Калісьці і нашы праўнукі будуць так апранацца! І хацела яна пабачыць нашы вячоркі.

1-ы хлопец: Дзіўная ты, як наш час, незвычайная, але прыгожая…, але, вядома, запрашаем! Ты і будзеш першая выбіраць!

 

Ручаёк. Музыкант іграе, пары выбіраюцца, сціхае музыка – пары становяцца адзін супраць другога.

Танцуюць польку. Танцы

 

Сцэна павольна закрываецца. З-за куліс гаворыць вядучая.

Вядучая: Цяпер я ведаю, што такое вячоркі. Як гэта дзіўна, міла, незнаёма, прыгожа. У нас цяпер зусім не так. Але адно важна і нязменна: там, дзе маладосць, – там жарты, вяселле, смех, музыка, песні, танцы, каханне. Дык няхай жыве вечна маладосць!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий