Захаванне нацыянальнай культуры як сродак выхавання моладзі

- 13:15Воспитательная работа, Опыт

Сістэма адукацыйна-выхаваўчай работы па ажыццяўленні дзейнасці ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”

Ларыса МАЙНГАРД, педагог дадатковай адукацыі
Іна РУСЕЦКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
ДУА “Скрыгалаўская сярэдняя школа імя М.І.Шлягі Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

mozshskryg@mail.gomel.by

 

 

 

Падрастаючаму пакаленню цяжка не разгубіцца ў патоку інфармацыі, якая суправаджае іх усюды: дома, у школе, на вуліцы, у транспарце. Зносіны паміж людзьмі паступова зводзяцца да таго ж інтэрнэту. Маладыя людзі, па сутнасці, перасталі засвойваць нацыянальную культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова: мову, гісторыю, мастацтва, літаратуру, фальклор. Інтэграцыйныя тэхналогіі і свабоды паступова прыводзяць да духоўнага крызісу ў грамадстве. Менавіта таму у нашай Скрыгалаўскай сярэдняй школе імя М.І.Шлягі Мазырскага раёна для вырашэння задачы духоўна-маральнага выхавання ў рамках праекта “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” у 5-х і 6-х класах быў уведзены факультатыў “Святы і традыцыі беларусаў”, а ў гэтым навучальным годзе – факультатыў “Духоўнае і маральнае выхаванне”.

У школе працуе музей “Мой родны кут”, у якім размешчаны наступныя экспазіцыі: “З гісторыі Скрыгалава”, “Сялянская хата і падворак”, “З гісторыі школы”, “Яны змагаліся за Радзіму”, “Знакамітыя людзі нашага рэгіёна”, “Макарый – мітрапаліт Кіеўскі”. Асобна прадстаўлены матэрыялы пра нашых землякоў: героя Савецкага Саюза М.П.Катлаўца, першага дырэктара ДнепраГЭС-2 Н.А.Дубаўца, доктара медыцынскіх навук К.С.Трысцень, Героя Расіі А.Ф.Рафальскага, начальніка палітупраўлення МА СССР М.І.Шлязе. На базе музея праводзяцца як вучэбныя, так і выхаваўчыя заняткі. Штогод першага верасня першакласнікі пачынаюць знаёмства са школай з музея.

Значную ролю ў вырашэнні задач па выхаванні навучэнцаў адыгрывае наведванне вучнямі гуртка “Спадчына”, які ўжо не першы год паспяхова працуе ў школе. У аснову работы яго быў пакладзены краязнаўчы і гістарычны матэрыял нашага рэгіёна. Гэта была карпатлівая праца па вывучэнні і зборы абрадаў, свят і традыцый вёсак Скрыгалаўскага сельскага савета.

Так, на аснове сабранага матэрыялу былі распрацаваны 12 драматычных пастановак сямейна-бытавых абрадаў і свят. Такі від работы дапамагае не парвацца той нітачцы, якая звязвае пакаленні, дапамагае дзецям знаёміцца з жыццём нашых продкаў, правільна размеркаваць прыярытэты ў навакольнай рэчаіснасці, узвысіць сваю духоўнасць, навучыцца адрозніваць дабро і зло, прыгажосць і пачварнасць, гармонію і бескультур’е.

Мы працуем у цеснай сувязі з мясцовай царквой. Гэта сустрэчы і гутаркі на духоўныя тэмы з прадстаўнікамі духавенства, удзел у правядзенні службаў і свят. Сумесна з прадстаўнікамі Тураўскай епархіі ў рамках работы летняга аздараўленчага кругласутачнага лагера амаль штогод адбываюцца экскурсіі ў Тураў да святых месцаў і наведванне этнаграфічнага музея ў Ляскавічах.

На жаль, у цяперашні час існуе імкненне пэўных сіл перапісаць гісторыю, падаць яе ў скажоным выглядзе, вытравіць з нашых душ боль і абурэнне, звязаныя з трагічнымі падзеямі ў гісторыі нашага народа. На гэтым фоне матэрыял пра нашых знакамітых землякоў, пра трагедыю сям’і Аўрама Мішуры, жыхара вёскі Лешня, паказвае, як удзельнікі гуртка могуць данесці праўду таго жудаснага выпрабавання, якое вынес наш народ у гады Вялікай Айчыннай Вайны. Даследчая работа, якую праводзяць дзеці сумесна з кіраўніком, дапамагае ў фарміраванні высокіх маральных якасцей. Для вучняў адкрываецца новая старонка ведаў пра сваю вёску, яе наваколле. Менавіта так пачынаецца фарміраванне духоўнага і маральнага стрыжня чалавека, яго ўнутранага свету.

Мэта такой работы з дзецьмі – паказаць магутную выхаваўчую ролю рэгіянальнага гістарычнага матэрыялу, які з’яўляецца тым падмуркам, на якім засноўваюцца самыя лепшыя чалавечыя якасці: дабрыня, спачуванне, любоў да сваёй малой Радзімы, шанаванне гістарычнай памяці сваіх продкаў. Наша задача – ствараць умовы для фарміравання гэтых якасцей, забяспечыць захаванне будучыні сваёй краіны людзьмі, здольнымі да сапраўдных чалавечых адносін, магчымых толькі на аснове цэласнасці іх духоўнага свету.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий