Шосты сезон прымае ўдзел ва ўборачнай кампаніі педагог-арганізатар сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Паліна Сяргееўна Лепяшко. Свой адпачынак яна праводзіць разам з бацькам у кабіне камбайна на палях ААТ “Баравое-2003”.
Водар шчасця
Яна ні кроплі не саромеецца таго, што нарадзілся і вырасла ў вёсцы Баравое. Тут яе карані, тут яе месца сілы. Паліна ўпэўнена: менавіта гэтая зямля шчодра надзяліла яе лепшымі якасцямі — працавітасцю, аптымізмам, смеласцю і адкрытасцю. Гэтыя рысы характару дапамагаюць ёй ісці па жыцці, заставацца сабой, не баяцца памылак і перамен.
У памяці і сёння жывуць самыя цёплыя і шчырыя ўспаміны, калі жнівеньскімі днямі яна з нецярпеннем чакала вечара і, трымаючы ў руцэ далонь малодшага брата, ішла прасёлачнымі дарогамі на гук матораў камбайнаў. Моц і веліч машын заварожвалі яе і прыцягвалі. Бацька сваімі моцнымі напрацаванымі рукамі беражліва падхопліваў дачку з сынам, дапамагаў ім забрацца ў кабіну. У такія моманты шчасце перапаўняла дзяўчынку. Яно пахла зжатым збожжам, якое лавінай сыпалася з бункера камбайна ў кузаў грузавіка… Вось тады і нарадзілася мара далучыцца да бацькі і яго высакароднай справы.
— Я з нецярпеннем чакала, калі мне дазволяць стаць памочнікам камбайнера. У 14 гадоў маё жаданне ажыццявілася. Сёлета — мой шосты сезон. Адзін я вымушана была прапусціць — праходзіла практыку, — удакладняе Паліна Сяргееўна. — Здаецца, усе навокал ведаюць пра тое, што я ўдзельнічаю ва ўборачнай кампаніі. Яшчэ ў маі пачынаюць пытацца, ці буду на жніве. Многія здзіўляюцца і не разумеюць, навошта мне гэта трэба. А ўсё вельмі проста: тут я адпачываю душой, нібыта вяртаюся ў дзяцінства. Побач мой тата Сяргей Мікалаевіч, вопытны механізатар. Мы шмат размаўляем, і не толькі пра работу, увогуле пра жыццё.
Ганаруся тым, што я настаўніца. Ганаруся тым, што я памочнік камбайнера. Для мяне гэтыя дзве прафесіі раўназначныя па сваёй важнасці і патрэбнасці. З аднолькавым запалам займаюся імі. А значыць, магу лічыць сябе шчаслівым чалавекам, які знайшоў для сябе два прызванні і выдатную магчымасць іх сумяшчаць.
З кожным годам Паліна адчувае сябе ў ролі памочніка камбайнера ўсё больш упэўнена. Пачала разбірацца ва ўстройстве камбайна, ведае, які ключ неабходна падаць бацьку. Яе працоўны дзень пачынаецца рана ў гаражы, дзе ёй трэба навесці парадак у кабіне камбайна — вымыць вокны, прыбраць са жняяркі камяні, пясок, пачысціць грохаты, якія могуць забіцца каласкамі і травой.
– У полі надоўга ў кабіне заседжвацца не атрымліваецца. Бацька пачынае жаць, і трэба праверыць, наколькі чыста вымалочваецца збожжа, правяраю кожны валок — каб зерня не заставалася. Часам бывае неабходна вылезці з кабіны прама на хаду, каб падраўняць збожжа. Вядома, мне не даручаюць цяжкую працу, напрыклад, падняць жняярку ці яшчэ што-небудзь. Але чым магу — дапамагаю. Прызнацца, за дзень наскачашся, канечне, стомішся, таму сон ноччу моцны, — з умешкай гаворыць Паліна Сяргееўна.
Сямейны падрад
Бацька з дачкой кожны год у ліку лідараў па намалоце збожжа ў Дзяржынскім раёне. Бункер за бункерам з раніцы да вечара яны праводзяць у палях, нібыта на караблі камбайнам рассякаюць залатыя жытнёвыя, пшанічныя хвалі.
Канечне, імкнуцца да высокіх вынікаў. Перашкодай на гэтым шляху могуць стаць аб’ектыўныя фактары — дажджлівае надвор’е і нізкая ўраджайнасць збожжа. Ад апошняга залежыць, наколькі хутка будзе запаўняцца бункер, які змяшчае шэсць тон. Бывае, да абеду маячок на кабіне машыны, які сігналізуе аб яго напоўненасці, успыхвае 10—12 разоў, бывае — значна менш.
— А бывае, здараецца паломка. Нас гэта засмучае, але рукі апускаць нельга. Тата сам спраўляецца, а мне застаецца аказваць яму маральную падтрымку, бо чыста фізічна ў мяне не хопіць сіл круціць балты і гайкі, — падкрэслівае суразмоўніца.
Пры гэтым сам Сяргей Мікалаевіч прызнаецца, што не дапускае ніякага патурання ў адносінах да Паліны падчас працоўных дзён. Гэта было яе жаданне, таму, як кажуць у народзе: узяўся за гуж — не кажы, што не дуж.
Ёсць у бацькоўскім доме асаблівае месца — там красуюцца ўсе ўзнагароды, якія атрымала сям’я Лепяшко за плённую працу падчас жніва. На шматлікіх — імя Паліны Сяргееўны. З упэўненасцю можна сказаць, што колькасць дыпломаў будзе яшчэ расці.
У Паліны ёсць малодшы брат, які таксама мае вопыт работы памочнікам камбайнера, а яшчэ і малодшая сястрычка-школьніца. Маці працуе ветэрынарным урачом на ферме. Будучы старэйшай у мнагадзетнай сям’і, Паліна заўсёды імкнулася дапамагаць бацькам па гаспадарцы, хутчэй стаць самастойнай.
— Калі пачала зарабляць грошы за жніво, перш за ўсё купляла сабе ўсё неабходнае для школы — адзенне, прылады, потым — для вучобы ў каледжы. Зараз адкладваю сродкі на здзяйсненне сваёй мары — вельмі хочацца пабываць у Грузіі, — дзеліцца Паліна Сяргееўна.
Права выбару
Ёсць у гэтай дзяўчыне моцны ўнутраны стрыжань. Дзякуючы яму, яна цвёрда ўпэўнена, што ўсё да лепшага і любы жыццёвы вопыт можа спатрэбіцца і прынесці карысць. Пацвярджэнне таго — вучоба ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Паступіла пасля дзевяці класаў, выдатна скончыла, атрымала прафесію турагент-экскурсавод. Прайшла практыку, пачала працаваць, але зразумела, што гэта не яе шлях. І вырашыла паспрабаваць сябе ў педагогіцы.
— Тры гады назад працаўладкавалася педагогам-арганізатарам у сярэднюю школу № 4 Дзяржынска. Там я адчуваю сябе на сваім месцы. Вельмі падабаецца праводзіць мерапрыемствы са школьнікамі. Памятаю самае першае самастойнае — гэта быў конкурс “Гуляюць дзеці — гуляем мы”. Ён быў адзначаны дыпломам за 2-е месца раённым упраўленнем адукацыі. Было вельмі прыемна, бо я толькі пачала працаваць. Перамога натхніла мяне, надала ўпэўненасці, што ўсё ў маіх руках. І далей пайшлі дыпломы не толькі раённага ўзроўню, але і абласнога, — дзеліцца малады спецыяліст.
Таксама падчас навучальнага года Паліна Сяргееўна спрабуе свае сілы як педагог дадатковага навучання — кіруе гурткамі па інтарэсах. Са школьнікамі рознага ўзросту займаецца валейболам, выкладае асновы турызму. І не страшна, што часам яе саму прымаюць за школьніцу. А яшчэ яна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, праз два гады атрымае дыплом сацыяльнага педагога. Адміністрацыя школы падтрымлівае маладога спецыліста ва ўсіх кірунках, за што Паліна Сяргееўна вельмі ўдзячна.
Маладой дзяўчыне ўласціва не па гадах сур’ёзнае і адказнае стаўленне да сябе, да жыцця. Вольны час ёй не шкада патраціць на чытанне кніг, прагляд фільмаў з глыбокім сэнсам. Сярод любімых карціны ваеннай тэматыкі — “У бой ідуць адны старыя” і “Па меркаваннях сумлення”. Сярод пісьменнікаў вылучае Эрыха Рэмарка. І, відаць, нездарма: цытата з яго кнігі “Трыумфальная арка” поўнасцю адпавядае таму, як і чым жыве гэтая сціплая і адкрытая дзяўчына: “Нідзе нішто не чакае чалавека, заўсёды трэба самому прыносіць з сабой усё”.
Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА