У дзіцячым тэхнапарку Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі людна ў любую пару года. А летам, калі вольнага часу ў школьнікаў становіцца ў разы больш, сучасныя класы тэхнапарка поўныя штодзень.
Навукова-адукацыйны комплекс
“Дзіцячы тэхнапарк “Інапарк” — запатрабаваны цэнтр інтэлектуальнага вольнага часу для дзяцей. У ім створана шматузроўневая, бесперапынная сістэма адукацыі ў галіне электронікі, робататэхнікі, IT-тэхналогій і прыродазнаўча-матэматычных навук. Гэта сучасны навукова-адукацыйны комплекс, які служыць платформай для атрымання дзецьмі інжынернай адукацыі і дае ім магутную базу для паступлення ў тэхнічныя ўніверсітэты”, — пачала знаёмства дырэктар абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік.
Па некаторых напрамках тут паспелі назапасіць пэўны вопыт, які дае прастору для далейшага руху наперад. У прыватнасці, пасля чатырох гадоў развіцця адукацыйнай робататэхнікі стала зразумела, што для выкладання аднайменнай праграмы на прасунутым узроўні неабходна прыцягваць адначасова некалькі вузкапрофільных спецыялістаў па праграмаванні, электроніцы, 3D-мадэляванні і прататыпаванні. У выніку гэты падыход дазволіў павысіць якасць выкладання адукацыйнай робататэхнікі.
Візітнай карткай цэнтра ў сферы адукацыйнай робататэхнікі з’яўляецца правядзенне адкрытага абласнога турніру Roboquest, які на сваёй пляцоўцы аб’ядноўвае каля 400 удзельнікаў з Гомельскай вобласці і суседніх рэгіёнаў. Зразумела, што выхаванцы цэнтра заўсёды ў прызёрах.
Акрамя таго, летам праводзяцца дзве змены абласнога профільнага лагера па робататэхніцы Edutainment. Для школьнікаў вобласці лагер праходзіць на базе цэнтра, а для навучэнцаў Гомеля выбіраецца база загараднага аздараўленчага лагера.
Напрыклад, падчас другой змены хлопцы і дзяўчаты прынялі ўдзел у афлайн-сесіі абласной школы дакладных навук па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, сталі ўдзельнікамі майстар-класаў, азнаёміліся з дзейнасцю некаторых прадпрыемстваў і арганізацый, наведалі ўстановы вышэйшай адукацыі, пабывалі на спартыўных аб’ектах. А яшчэ абаранілі распрацаваныя праекты, атрымалі сертыфікаты аб заканчэнні навучання, граматы і каштоўныя прызы — выдатна правялі час.
Вывучэнне інфармацыйных тэхналогій у цэнтры прадстаўлена шырокім спектрам адукацыйных праграм. У групах IT-профілю вядзецца актыўная інтэграцыя дамашніх заданняў з дапамогай гатовых адукацыйных платформ “HTML Акадэмія” і Stepik.
Адным з самых складаных і цікавых напрамкаў з’яўляецца электроніка. Дзякуючы адкрыццю навукова-даследчай лабараторыі “Кулібінград”, стала магчымым вывучэнне асноў электронікі і фізікі з 6-гадовага ўзросту. Для развіцця інжынернага мыслення ў цэнтры адкрыты аб’яднанні, у якіх дзеці знаёмяцца з фізікай, матэматыкай, біялогіяй, англійскай мовай. Заняткі ў іх накіраваны на паглыбленае вывучэнне гэтых прадметаў, а таксама на падрыхтоўку дзяцей да здачы ЦТ.
Прафесійныя навыкі
“У сувязі з запатрабаванасцю на рынку працы спецыялістаў па сеткавай бяспецы, графічным дызайне, праграмістаў у сферы гульнявой індустрыі, 3D-мадэлістаў па рабоце з віртуальным асяроддзем і анімацыяй у цэнтры стартавалі два курсы комплекснага навучання: GameDEV і “Сеткавая бяспека”. Праводзяцца заняткі і па WebDev”, — працягнула размову Наталля Анатольеўна.
Праз хвіліну мы зайшлі ў клас, дзе падлеткі якраз вучыліся расрацоўваць сайты. Педагог цэнтра Андрэй Макеенка патлумачыў: “Зараз тут праходзяць заняткі па WebDev. Дзеці 12—13 гадоў вучацца ствараць сайты любога тыпу складанасці. Па факце яны атрымліваюць прафесійныя навыкі, якія далей можна развіваць у профільным універсітэце. Дарэчы, за камп’ютарамі працуюць як тыя, хто вучыўся ў нас год, так і абсалютныя навічкі. Апошнія яшчэ толькі ў пачатку вызначэння і разумення сваіх патрэб і схільнасцей, а змешаны склад навучэнцаў дапаможа ім упэўніцца ў сваім выбары або прыняць рашэнне аб змене курса”.
Трэба адзначыць, што Андрэй Сяргеевіч з’яўляецца адным з выкладчыкаў вучэбнага курса па стварэнні камп’ютарных гульняў (GameDEV), а таксама педагогам адной з анлайн-школ цэнтра (іх тут тры). Увогуле, педагогі цэтра рэалізуюць 23 напрамкі, выкладаюць усе мовы праграмавання.
Тыя падлеткі, якія паспяхова адвучыліся на ІТ-профілі два гады (гэта значыць, вынікова паўдзельнічалі ў алімпіядах і розных конкурсах), пераходзяць на новы ўзровень — індывідуальнае навучанне, але ўжо ў межах праекта. Акрамя таго, самых здольных і матываваных чакаюць у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. І школьнікі Гомельшчыны часта становяцца яго навучэнцамі. Прынамсі, цяпер ідзе прыём заявак на чарговую адукацыйную змену.
Выхаванка Гомельскага дзіцячага тэхнапарка Софія Нарыжная многаму навучылася за год. Ёй падабаецца праграмаваць, распрацоўваць сайты. На момант нашага знаходжання ў тэхнапарку Софія заканчвала распрацоўку сайта магазіна бургераў. Думаю, яна дасягне поспеху: мэтанакіраваная дзяўчына.
Педагогі — асаблівая гордасць цэнтра. Сярод іх — уладальнік гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, тры з іх узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Па меркаванні дырэктара цэнтра, самы лепшы паказчык прафесіяналізму, крэатыўнасці і таленту педагогаў — гэта поспехі выхаванцаў. І ў дзіцячым тэхнапарку “Інапарк” іх шмат. Гэта перамогі на Рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы, на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе (секцыя “Інфарматыка”), поспехі ў конкурсных рухах JuniorSkills Belarus, “ТэхнаІнтэлект”. З апошніх — 2-е месца Мікіты Махава (аб’яднанне “Радыёканструяванне”) за работу “Шматфункцыянальная сістэма кантролю пчальніка BICUBE” на маладзёжнай Еўразійскай патэнтнай універсіядзе “Погляд у будучыню”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА