Выхаванне без слёз – гэта нескладана. Парады псіхолага

- 12:02Психологическая помощь

Алла ЖДАН,
педагог-псіхолаг
ДУА Яслі-сад № 6 г. Новогрудка”,
Гродзенская вобласць


zhdan3alla@gmail.com

 

 

 

У яслі-сад № 6 Навагрудка ўжо прыбылі пачаткоўцы – маляняты 2–3-х гадоў. Вядома, у першы раз расставацца з бацькамі цяжка. Педагогіка дашкольнага дзяцінства тлумачыць, што, для дзяцей ва ўзросце 2–3-х гадоў, слёзы – самы просты спосаб праявы эмоцый, каб паказаць дарослым свой неспакой у новых умовах.

Важна, як пройдзе самая першая сустрэча малога з педагогам. Педагог разам з дзецьмі ўдзельнічае ў гульнях-забавах, гульнях з мячом, а малыя слухаюць вершы і вучаць пацешкі, разам гуляюць у дзіцячых пясочніцах. Пясочная тэрапія, гульні з вадой, гульні ў сухім басейне з шарыкамі, музыкатэрапія дапамагаюць зняць псіхаэмацыйнае напружанне, паляпшаюць настрой дзяцей. Прыцягвае малят удзел у музычных гульнях, выкарыстанне яркіх атрыбутаў (кветачкі, стужачкі, цацкі), якія выдаюць розныя гукі бразготак, маракас, званочкаў зацікаўлівае ў сумеснай з дарослым дзейнасці.

Мы бачым, што дзеці ажыўлена рэагуюць у адказ на добразычлівы, спакойны голас педагога, на яго прывітанне. Каб псіхалагічна дапамагчы малым, перш за ўсё назіраем, як праходзіць працэс адаптацыі, а менавіта: ці маюць зносіны дзеці са сваімі аднагодкамі, з дарослымі, супрацоўнікамі ясляў-сада (выхавальнікамі дашкольнай адукацыі, з музычным кіраўніком, кіраўніком фізічнага выхавання, памочнікам выхавальніка). Вельмі важнымі паказчыкамі паспяховай адаптацыі дзіцяці з’яўляецца добры апетыт, спакойны сон.

Трэба сказаць, што бацькі малых, якія прыйшлі ўпершыню ў яслі-сад, таксама, нейкім чынам, пачаткоўцы, бо многія з іх упершыню вядуць дзіця ў яслі, яны таксама хвалююцца, як будуць абвыкаць дзеці. Праз гутаркі з бацькамі мы даведаліся, што ў хатняй абстаноўцы малыя знешне не выказваюць трывогі, паводзяць сябе як звычайна, у іх пераважае часцей спакойны настрой, часам успамінаюць, як гулялі і спявалі ў яслях-садзе. Многія дзеці, яшчэ знаходзячыся дома, эмацыйна станоўча выказваюць жаданне прыйсці назаўтра ў яслі-сад.

Каб адаптацыя ва ўстанове дашкольнай адукацыі прайшла паспяхова, неабходна шмат зрабіць яшчэ да таго, як малышы стануць нашымі выхаванцамі.

Мы падрыхтавалі рэкамендацыі для бацькоў малых, якія накіраваны на папярэджанне і зніжэнне негатыўных эмоцый і пачуццяў.

Расставайцеся хутка і лёгка, з усмешкай, пры гэтым раскажыце малому, куды вы ідзяце, навошта вам трэба сыходзіць і калі да яго вернецеся. Скажыце ўпэўнена, што ў садку з ім побач выхавальнік, які пагуляе і накорміць, што яго не пакрыўдзяць у групе.

Памятайце параду: не абяцайце купляць нешта ўзамен за добрыя паводзіны, а таксама не лайце малога, калі ён у групе крыху паплача, калі выходзіць мама. Увечары, пры сустрэчы, распытайце дзіця пра яго настрой, пра пражыты дзень, раскажыце пра сябе, пра тое, як вы сумавалі. Будзьце ўпэўненымі, ваш голас павінен быць спакойным. Вы свайму дзіцяці не толькі бацькі, але і шчырыя сябры ў гульнях, гутарках, сумесных прагулках. Можаце самі прыдумаць сістэму знакаў развітання (пацалунак, поціск рукі, абдымкі і інш.).

Большасць дзяцей-навічкоў за некалькі тыдняў знаходжання ў яслях-садзе № 6 Навагрудка ўжо раніцай прыходзіць з добрым настроем, гуляюць з іншымі дзецьмі і выхавальнікам дашкольнай адукацыі, ядуць і спяць у сваёй групе. Гэта азначае, што яны прывыклі да новых умоў, паспяхова адаптаваліся.

Адміністрацыя ўстановы зацікаўлена ў выпрацоўцы адзіных падыходаў да выхавання дзіцяці дома і ў дзіцячым садку.

Для бацькоў малых, якія толькі рыхтуюцца стаць навічкамі ў яслях-садзе, мы хочам даць простыя парады: загадзя, да прыходу ва ўстанову, рыхтуйце сваё дзіця да зносін з новымі людзьмі (дзецьмі і дарослымі) – хадзіце на святы і дні нараджэння, пашыраючы круг зносін, бывайце на дзіцячых пляцоўках. Да прыбыцця дзіцяці ва ўстанову дашкольнай адукацыі даведайцеся ў выхавальніка дашкольнай адукацыі рэжым працы малодшай групы: час прыходу дзяцей, сняданку, абеду, гульняў, час дзённага сну. Абмяркуйце ў сям’і, у якія гульні гуляюць малыя 2–3-х гадоў у яслях-садзе, якія песенькі яны спяваюць там. І самае важнае – не рабіце памылкі, параўноўваючы здольнасці свайго малога і іншых дзяцей.  

Галоўнае ў выхаванні – заўважаць штодзённыя поспехі свайго дзіцяці і своечасова хваліць за дасягнутыя вынікі! Выхаванне характару малога – гэта няпроста, выхаванне без слёз – гэта лёгка!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий